І зноў пра міфы нашага кіно

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

З Вячаславам Нікіфаравым (“Беларусьфільм”) — пра айчынную экранную культуру / Частка І
Лёс творцы нагадвае амерыканскія горкі — немагчыма ўявіць, куды жыццёвыя рэйкі накіруюць. Ці спадзяваўся рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, вядомы беларускаму гледачу яшчэ з савецкіх часоў, што праз 15 гадоў працы на расійскім кінарынку ён зноў стане запатрабаваным на “Беларусьфільме”? Але абставіны склаліся так, што з пачатку года майстар займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара па творчых пытаннях (неафіцыйна — мастацкага кіраўніка) кінастудыі. Сам Вячаслаў Аляксандравіч прызнаецца: для яго гэта амаль апошні шанц аддаць талент роднай студыі, Беларусі.

/i/content/pi/cult/632/14054/3-1.jpgНягледзячы на шчыльны працоўны графік, рэжысёр хутка адгукнуўся на наш заклік пракаментаваць міфы пра беларускае кіно, якія былі надрукаваны ў мінулых нумарах “К” №№ 11 і 12, а таксама паразважаць, чаго не хапае айчыннай кінематаграфіі. Размова пачынаецца з найбольш супярэчлівага меркавання пра тое, што сапраўднага беларускага кіно ніколі не існавала.

— Жыццё ўвесь час падкідвае нам гэтыя скажэнні. Да сваёй культуры трэба ставіцца значна больш грунтоўна, разважліва. У нас быў перыяд савецкі, камуністычны. Чаму патрэбна ўзнаўляць толькі дрэннае па ім, давайце казаць пра добрае: была бясплатная медыцына, адукацыя, мова не заціскалася і не давілася — у прыватнасці, мае дзеці яе вывучалі ў школе. Гэта частка нашай гісторыі. Як казаў паэт: “Часы не абіраюць — у іх жывуць і паміраюць”. І беларускае кіно часоў БССР — не аскепак савецкай візуальнай культуры. Гэта была цалкам самастойная і паспяховая кінематаграфія. Доўгі час “Беларусьфільм” па эканамічных паказчыках заставаўся першай кінастудыяй у СССР. Таму адмаўляць існаванне нашага кіно бессэнсоўна. Нельга закрэсліць гэты перыяд, нават калі ён камусьці не падабаецца. Таму я лічу падобнае меркаванне недарэчным. Савецкае кіно Беларусі заставалася беларускім. Да ўсяго, абавязкова рабіліся копіі стужак на беларускай мове, якія агучваліся беларускімі акцёрамі. Так было з некалькімі маімі карцінамі: “Зімародак”, “Душа мая, Марыя”, “Фруза”... Іншая справа, што быў ціск ідэалагічных структур, цэнзары чапляліся да кожнага моманту. У той жа час з’яўляліся сапраўдныя постаці беларускага кіно — пачынаючы з Юрыя Тарыча. Гэта былі таленавітыя людзі, майстры.

— А як вам такі міф: айчыннае кіно не здольнае акупіцца ў пракаце? У савецкія часы гэта быў бізнес, хаця пра гэта не казалі шчыра, але стужкі мелі вялікі поспех у гледачоў. Цяпер у нас такога няма, колькі грошай не выдаткоўвай на здымкі.

— Гэта не міф, а меркаванне — лічу, справядлівае. Я згодны з гэтым пунктам погляду. У нас камерцыйны пракат і інтарэсы нацыянальнага кіно не супадаюць паміж сабой карэнным чынам, хаця кінатэатры кажуць нам “давайце рэкламу, мы заўжды адкрытыя”. Неабходна глыбей у гэта ўнікнуць, каб не пладзіць недарэчныя адгаворкі. Не толькі мы павінны змяняцца, павышаць узровень кінапрадукцыі — трэба ўдасканальваць арганізацыю лагістыкі праката. Іншы бок — выхад у рынкавую прастору СНД і на Захад.

— Відавочна, што здымка стужак за мільёны долараў — не вырашыць пытанне з іх акупляльнасцю. Можа лепш глядзець у бок малабюджэтнага кіно?

— У нас зараз на студыі тэстуецца канцэпцыя малабюджэтнага кіно. Яно матэрыялізавалася ў цалкам выразныя нормы і формы. Мінімум жа фінансавання заклікае нас зрабіць таннейшай кінавытворчасць. Мы выйшлі на план шасці фільмаў у год — той тактыкі, якая дзейнічала да 2013 года.

Але важна ўвесці ў свядомасць: трэба ствараць буйныя праекты, гістарычна важныя ў нацыянальных і дзяржаўных адносінах. Такія амбіцыйныя рэчы павінны з’яўляцца раз на два-тры гады. Вось князь Вітаўт літаральна просіцца на экраны! Мы імкнёмся да таго, каб пачаць экранізаваць гістарычную літаратуру, нашых класікаў (а не пісаць за іх), асвятляючы пэўную вяху ў нашай гісторыі. Магчыма, гэта будзе стужка пра Скарыну. Ці пра атрыманне Магдэбурскага права на нашых землях, пра што мала хто ведае! Не трэба наогул забывацца пра гістарызм у кіно — ён абавязаны задаваць такія пытанні нам усім. Ці Грунвальдская бітва — там гаворка ідзе пра знішчэнне Тэўтонскага ордэна, у гэтым удзельнічалі беларусы, палякі, рускія, літоўцы, татары — сапраўднае яднанне рэгіёна Усходняй Еўропы. Я да таго, што можна добрую стужку зрабіць...

/i/content/pi/cult/632/14054/6-2.jpg— Гэта ўсё прыемна чуць, толькі наш гістарызм зазвычай пільна сочыць за тэмай Вялікай Айчыннай вайны, што ў савецкія гады, што цяпер, з-за чаго “Беларусьфільм” жартам называюць да гэтай пары “Партызанфільмам”...

 — Мне не падабаецца асацыяцыя “Партызанфільм” — “Беларусьфільм” ні цяпер, ні ў савецкія часы. Гэта перадузятасць. Так кажуць недасведчаныя людзі. Каб яны за беларускім кіно сачылі, то багата цікавага пабачылі б. Я ўсведамляю, што ў нас шмат экранізавалася рускай класікі: жыць у савецкай краіне і быць ад яе адстароненым немагчыма — агульнасавецкая культура ў прынцыпе адчувальна на нас уздзейнічала. Нездарма Аляксандр Кузьмін, партыйны дзеяч з кагорты Пятра Машэрава, аднойчы прыехаў з Масквы са словамі: “Так прыемна, Вячаслаў Аляксандравіч, было чуць, маўляў, Белая Русь таму і белая, што мы якасна экранізуем расійскую літаратуру”. Ён меў на ўвазе драму “Бацькі і дзеці”, за здымкі якой я атрымаў Дзяржпрэмію СССР. Гэта таксама ўнёсак у беларускае кіно, у скарбонку айчыннай кінакультуры.

А якія стужкі зрабіў Валерый Рубінчык, узгадайце! Яго потым адсюль, лічыце, выжылі, а ён, па сутнасці, абнаўляў нашу кінамову фільмамі “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Культпаход у тэатр”... Тое ж самае рабіў і Віктар Тураў у стужках “Я родам з дзяцінства”, “Праз могілкі” ў 1960-я. Гэта пазней пайшла кандовая, агульнасаюзная кінамова, якая падтрымлівалася на самым версе тым жа класікам Туравым. У тую пару Барыс Паўлёнак, наш зямляк, быў намеснікам старшыні Дзяржкіно. І ён з Масквы сачыў, каб у Беларусі ваенная тэма адсочвалася. Дый я сам зайграўся з такімі праектамі са сцэнарнага партфелю, пакуль мне не далі зняць “Фрузу” па быкаўскай “На сцежцы жыцця”. Было адчуванне, што заказныя ідэалагізаваныя стужкі замучалі. Асабіста я перажыў вялікі творчы крызіс праз тое і толькі праз 10 —12 гадоў вярнуўся да адчування, што з'яўляюся рэжысёрам.

Але відавочна, што ваенныя стужкі раней і цяпер здымаюцца ў немалой колькасці. Таму “Партызанфільм” — абразлівая па форме, але ў некаторай ступені справядлівая ацэнка беларускага кіно. Тое, што нас так дражняць — гэта нават добра: значыць — пазнаюць. Але трэба ўмець з мінулым працаваць на новым узроўні, а са старым бачаннем яго развітвацца.

— Праз пільную увагу “Беларусьфільма” да тэмы вайны вынікае, што іншыя кірункі нас не турбуюць. І на гэтай падставе з’яўляецца новы міф: ці існуе наогул асэнсаваная стратэгія развіцця кінематографа ў дзяржаве?

— Пытанне больш да Міністэрства культуры, таму магу казаць толькі ў тых рамках, якія адчуваю. Я заражаны пэўным аптымізмам, без якога нельга брацца за справу. Я прыйшоў працаваць на студыю не толькі таму, што было патрэбна “прытуліцца”. Я асэнсавана ішоў, мне, перафразуючы знакаміты выраз, “за беларускае кіно крыўдна”. Здымаецца часам такое, што раней прафесіяналы не прапусцілі б. У гісторыі для фільма мусіць быць сапраўдны, нявыдуманы канфлікт. Патрэбна высокая якасць сцэнарнага матэрыяла. І якраз Міністэрства культуры пачало шукаць свежыя ідэі — я гэта пабачыў на нядаўнім перадпітчынгу. Там ёсць класіка, гістарычная тэма, камедыя, дзіцячае кіно і гэтак далей. А гэта значыць, ідзе працэс дыферэнцыяцыі — шукаюцца новыя ідэі, якія акажуцца запатрабаванымі ў публікі. А задача крэатыўнага "крыла" кінастудыі, якое я ўзначальваю, шукаць і генераваць якасць задум будучых карцін. Раней гэтаму аддзелу не надавалі такога значэння. Дык вось, пералічаныя мной тэматычныя кірункі з’яўляюцца арыенцірамі і своеасаблівай стратэгіяй дзейнасці Міністэрства культуры ў галіне кінематаграфіі. Цяпер пачынае выбудоўвацца дыялог, у межах студыі пачалося адраджэнне маркетынгавай службы, якую ўзначаліў прадзюсар Юрый Ігруша. Кінапрадукцыя 2017 — 2018 гадоў знаходзіцца пад нашай пільнай увагай. Мы заклікаем на “Беларусьфільм” нашых рэжысёраў, якія зараз працуюць у Расіі, здымаюць там серыялы ці рэкламу: Канановіча, Субоціна і іншых. Хацелася б вярнуць у строй Валерыя Рыбарава, акурат для яго ёсць варты матэрыял. І гэта будзе наш першы крок па сапраўдным абнаўленні.

Працяг гутаркі — у наступных нумарах "К".

Фота  Дар'і АМЯЛЬКОВІЧ і Юрыя ІГРУШЫ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік