Пра кнігі з чамаданаў, полацкага Джагера і “пагранічны” валейбол

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

У сацыяльных сетках праскочыла навіна: расіянам збіраюцца раздаваць спісаныя бібліятэчныя кнігі для таго, каб працягнуць іх жыццё. Ідэя, на мой погляд, выключна слушная: які ўжо год, да прыкладу, не магу знайсці па букіністыках усе дэтэктыўныя раманы Віктара Проніна. Інакш кажучы, я ў спісаным парыўся б. Патэлефанаваў спецыялістам: “Наколькі лёгка ўзяць дый раздаць такія кнігі?” Аказваецца, проста немагчыма: “Спісанае неабходна здаваць у макулатуру ці можна па акце перадаць нейкай установе: школе або турме…” Карацей, быць мне без Проніна.

/i/content/pi/cult/632/14048/11-1.jpgЗ Дзятлаўшчыны прыйшла навіна пра майстра вышыўкі Таццяну Загорцаву. Яна перадае рамесніцкае ўменне дзецям з гуртка “Чараўнікі”. Гурток працуе пры аддзеле культуры і дасугу “Наваельнянскі дом культуры” Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Гурток дзейнічае на платнай аснове.

Днямі адзначыў сямідзесяцігоддзе народны тэатр Ашмянскага раённага цэнтра культуры. На юбілейным вечары былі паказаны сцэны са спектакля Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа”. Прэм’ера адбудзецца напрыканцы красавіка.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч напісала пра бібліятэчную акцыю на мясцовым аўтавакзале “Кніга ў дарожным чамадане” (дарэчы, ужо не першую ў такім фармаце ў гэтага звышактыўнага прафесіянала). Ахвотныя пасажыры атрымалі ад бібліятэкараў літаратурна-мастацкія часопісы з архіва райбібліятэкі.

Паведамляе прэс-служба Полацкага райвыканкама. У стадыі разгляду знаходзяцца два праекты гараджан: тыднёвае свята вулічнага мастацтва (рок-музыка і спорт) “Move like Jagger” ды “Моладзь за духоўнае адраджэнне. Не словам, а справай!” (узнаўленне храма). Будзем спадзявацца, што ідэі творчай моладзі знойдуць увасабленне.

Нашы пастаянныя аўтары з Бераставіцкага раёна бібліятэкар Лішкаўскай сельскай бібліятэкі Зоя Хлебнікава і кіраўнік філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Макараўцы Вікторыя Бажко распавядаюць: “На пагранічнай заставе “Сямёнаўка” прайшлі спартыўныя спаборніцтвы па валейболе паміж удзельнікамі аматарскіх аб’яднанняў “Юны сябар пагранічніка” і ваеннаслужачымі. Перамагло, як і заўжды, сяброўства”.

Супрацоўнікі Мёрскай райбібліятэкі прапаноўваюць зайсці на сайт miory-biblioteka.by. Усё зразумела: бібліятэкарам карціць падзяліцца радасцю ад набыцця новай літаратуры!

Сёння ў Гродне праходзіць свята-кірмаш “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. У мерапрыемстве бяруць удзел майстры раённых дамоў (цэнтраў) рамёстваў.

У Цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка” адбылося пасяджэнне Клуба цікавых сустрэч, прысвечанае Сусветнаму Дню тэатра. Пра гэта паведамляе метадыст установы Валянціна Яргольская.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў бібліятэках Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працуюць кніжныя выставы, што распавядаюць пра жыццё і творчасць Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага… Пра гэта піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай РЦБС Таццяна Маляўка. Больш падрабязна аўтар спыняецца на выставе, арганізаванай загадчыкам Малькавіцкай бібліятэкі-музея Любоўю Дзямчук. У цэнтры экспазіцыі — драўляны чамадан. У ім — кнігі пачатку мінулага стагоддзя.

Пісьменніца Наталля Батракова завітала ў Горкі. Пра сустрэчу з ёю паведамляе намеснік загадчыка бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Галіна Мядзведзева. У чытальнай зале сабралася больш за сотню чытачоў. Пісьменніца адказвала на пытанні, чытала свае вершы.

У Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў працуе жывапісная выстава, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. А юныя музыканты школы бралі ўдзел у ІІ Міжнародным конкурсе мастацтваў “Зорныя кветкі”, што праходзіў у сталіцы і сабраў адораных дзяцей з 15 краін Еўропы. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі ўзорны інструментальны ансамбль “Мелодыка” (кіраўнік Наталля Каспяровіч) і цымбалістка Вольга Астаневіч (настаўнік Наталля Трот).

Навіна з аграгарадка Белагурна, што ў Дзятлаўскім раёне. Супрацоўнікі сельскага клуба-бібліятэкі адрадзілі абрад “Выкуп вясельнай брамы”. Абапал дарогі, па якой рушыў вясельны поезд, укапалі ўпрыгожаныя бярозкі, паставілі паміж імі столік з хлебам-соллю і не пускалі той поезд, пакуль сват з маладым не далі годны выкуп. Не абышлося, натуральна, і без вясковага гумару, без якога і абрад — не абрад. Карацей, атрымалася ўсё па-белагурнаўску.

Пра XIV Абласное свята гумару ”Смяяцца не грэх” піша вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. Адбылося яно ў Шуміліне і сабрала 17 тэатральных калектываў. Цэнтрамі свята сталі сцэнічныя пляцоўкі ў Обалі і аграгарадку Мікіціха. Гран-пры атрымаў народны тэатр мініяцюр “Свае хлопцы” Мёрскага раённага дома культуры. Дыпломам І ступені быў узнагароджаны народны тэатр “Балаган” з Лепеля. У той жа дзень у Шумілінскім раённым цэнтры культуры прайшлі конкурсныя выступленні 18 аўтаклубаў вобласці. Лепшым аказаўся аўтаклуб з Браслава.

У Полацкім раённым цэнтры культуры, распавядае Андрэй Струнчанка, прайшоў адкрыты маладзёжны конкурс, у якім прынялі ўдзел 14 маладых выканаўцаў і чатыры вакальныя ансамблі з Гарадка, Дуброўна, Оршы, Глыбокага, Лепеля, Наваполацка і Полацка. Гран-пры атрымаў Уладзіслаў Вінсковіч з Наваполацка. Дыпломы І ступені — Кацярына Баравік з Оршы і вакальнае трыа народнай студыі эстраднага майстэрства “Тандэм” з Полацка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"