НАЗВАНЫ ЛАЎРЭАТЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПРЭМІІ БЕЛАРУСІ

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні падпісаў Указ “Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 года”, паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

/i/content/pi/cult/632/14044/7-1.jpgУ галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў асобах Аксаны Волкавай, Настассі Масквіной, Станіслава Трыфанава, Сяргея Франкоўскага, Ніны Ламановіч, Аляксандра Касцючэнкі за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле твора Уладзіміра Караткевіча.

За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета «Мефісто», мюзіклаў “Шклянка вады”, “Джулія”, “Соф’я Гальшанская”, “Байкер” прэміі таксама ўдастоены кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.

Названыя работы з’яўляюцца адлюстраваннем важнейшых і найлепшых дасягненняў нашай краіны ў сферах навукі і тэхнікі, мастацтва і культуры. Яны прызнаны беларускай і міжнароднай грамадскасцю, характарызуюцца навізной, эканамічнай эфектыўнасцю або сацыяльнай значнасцю.

Нагадаем, 6 сакавіка падчас творчай сустрэчы з намінантамі на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года Прэзідэнт краіны адзначыў: неабходна больш актыўна папулярызаваць нацыянальныя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі. “У нас ёсць людзі, якія сапраўды заслугоўваюць і пашаны, і ўвагі, і матэрыяльнага заахвочвання, і падтрымкі“, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сёння прапануем увазе чытачоў спектр творчых тэм, вылучаных на Дзяржаўную прэмію рэспублікі гэтым разам.

Опера з “…Легендай”

Опера “Сівая легенда” знакамітага беларускага кампазітара Дзмітрыя Смольскага не ўпершыню ўзносіць да славы тых, хто да яе спрычыньваецца. Пастаноўка першай рэдакцыі 1978 года таксама мела вынікам суцэльнае суквецце оперных салістаў, якія сталі праз яе лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Такі ўжо гэта жыватворны музычны матэрыял, што не скоўвае выканаўцаў, а дае ім магчымасць найбольш поўна рэалізаваць свае творчыя магчымасці.

/i/content/pi/cult/632/14044/7-2.jpg

У цяперашняй другой рэдакцыі оперы сусветна знакамітая прымадонна Аксана Волкава спявае Любку — папраўдзе ракавую жанчыну, чые каханне, рэўнасць, помста, сплеценыя ў адну неўтаймоўную жарсць, здольныя прывесці да вялікага кровапраліцця і гістарычных катаклізмаў. Уладальніца сакавітага, хвалюючага мецца, яркай знешнасці і багатых акцёрскіх здольнасцей, спявачка скарыла лепшыя сусветныя сцэны, уключаючы “Covent Garden” у Лондане, міланскі “La scala”, Каралеўскі оперны тэатр у Мадрыдзе, “Metropolitan Opera” ў Нью-Ёрку і іншыя. Выконваючы прапанаваныя тымі ці іншымі рэжысёрамі мізансцэны, у кожную сваю партыю яна прыўносіць і часцінку ўласнай трактоўкі сваіх гераінь — невыпадкова, нягледзячы на ўсю сваю зорнасць і шчыльны спеўны графік, пайшла вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі нанова, каб атрымаць яшчэ і рэжысёрскую прафесію. Так што ёсць усе падставы называць артыстку калі не сучаснай Ларысай Александроўскай, дык яе пераемніцай, здольнай патэнцыйна пераўзысці легенду беларускай опернай сцэны.

Не менш узнёслымі словамі можна ахарактарызаваць усіх вылучаных салістаў, кожны з якіх даўно заслугоўвае самых высокіх узнагарод. Настасся Масквіна — уладальніца бездакорнага, папраўдзе боскага лірычнага сапрана. На долю такіх галасоў звычайна выпадаюць не самыя тэмпераментныя гераіні — больш спакойныя, часам сарамлівыя. Але спявачка ўмее падкрэсліць у кожнай з іх унутраную моц, развіццё вобраза. Яе Ірына ў “Сівой легендзе” — менавіта такая: знешне мяккая, ды з глыбокім духоўным стрыжнем. А колькі за плячыма артысткі іншых партый — у тым ліку, у найскладаных сусветных прэм’ерах на лепшых сцэнах свету.

Аб’ездзілі паўсвету, паўсюль знаходзячы прызнанне, і мужчыны. Барытон Станіслаў Трыфанаў здольны пераўвасобіцца ў любога героя — ад камічнага да трагічнага, ад сімвала высакароднасці да апошняга мярзотніка. І не толькі знешне, да непазнавальнасці, але і вакальна, надаючы тэмбру голасу то аксамітную ўтульнасць, то жорсткія агрэсіўныя адценні, то бляск, то напружаную “сцішанасць”, што праймае наскрозь. Такое ж суквецце тонкіх псіхалагічных фарбаў — у ягонага Кізгайлы ў “Сівой легендзе”.

Сяргей Франкоўскі доўгі час быў адзіным драматычным тэнарам на ўвесь тэатр і, падобна міфалагічнаму Атланту, трымаў на сваіх плячах небасхіл практычна ўсяго опернага рэпертуару. Яркі, тэмпераментны, непахісны ў сваіх памкненнях сэрца — такім ён паўстае і ў “Сівой легендзе”.

Хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч — сам па сабе “жывая легенда”, ды не толькі “ў квадраце” сцэны, але і на больш высокіх прыступках, часта нябачных. Артысты нашага опернага хору апошнім часам выступаюць у спектаклях і як спрактыкаваныя танцоры, і як артысты міманса, не толькі рухаючыся па сцэне, але і выконваючы ўсе прыдуманыя рэжысёрам амаль акрабатычныя трукі. Іншымі словамі, працуюць, у тым ліку, як салісты, ператвараючы безаблічны натоўп у збор яркіх “эпізадычных роляў”. Невыпадкова некаторыя з артыстаў хору так і выходзяць у салісты. Але ў сумесных спевах Ніна Ламановіч дабіваецца той роўнасці гучання, што нагадвае марыністыку пэндзля Айвазоўскага: пры ўсёй безлічы асобных мазкоў і дробных вадзяных кропляў мы ўспрымаем найперш агульны настрой марской стыхіі. Ну, а тое, што майстэрства нашага хору нязменна атрымлівае самае высокае прызнанне замежнай публікі і прафесійных крытыкаў, і так зразумела. Дададзім толькі, што ў “Сівой легендзе” хор і ў бойках удзельнічае — пры ўзброеным штурме сярэднявечнага замка-крэпасці, і нябожчыкаў адпявае — у стылістыцы царкоўных песняспеваў, і песні-танцы, блізкія да фальклорных, выводзіць.

За “карцінку” ў “Сівой легендзе”, а таксама многіх іншых операх, балетах, канцэртных праграмах нашага тэатра адказвае яго галоўны мастак Аляксандр Касцючэнка. Відовішча звычайна захапляе нават самых далёкіх ад тэатральных колаў гледачоў, робячы апошніх прыхільнікамі Вялікага тэатра. Сцэнаграфія “Сівой легенды” — адна з лепшых творчых прац мастака, наперадзе ў якога — безліч новых.

Надзея БУНЦЭВІЧ


Той, хто вяртае імёны…

У 1980-х гадах я вучыўся ў аспірантуры, дзе рыхтаваў дысертацыю па гісторыі беларускага мастацтвазнаўства. У час працы над ёй я не аднойчы пашкадаваў, што ўзяўся за гэтую тэму. Некаторыя дзесяцігоддзі глядзеліся як белая пляма: бракавала не тое што аналітыкі, але інфармацыі, паводле якой можна было б зразумець, што адбывалася ў галіне культуры. Стаміўшыся блукаць па бібліятэчным каталозе, гартаць часопісы і газеты, я зразумеў, наколькі меў рацыю Мікола Гусоўскі, кіруючыся ў творчасці тэзай “Scripta manent” — “Напісанае застаецца”. Калі падзея ці з’ява не занатавана, не трапіла ў летапісы, хронікі, перыёдыку ці ў кнігі (сёння сюды трэба дадаць і электронныя носьбіты інфармацыі), дык іх нібыта і не было. Дасведчаныя людзі, праўда, кажуць, што веданне прынцыпаў кампенсуе няведанне фактаў. Але колькі тых дасведчаных…

/i/content/pi/cult/632/14044/7-3.jpg

Калі з розных прычын не застаецца матэрыяльных сведчанняў часу ці яны маладаступныя, толькі пісьмовыя крыніцы дазваляюць мець больш-менш аб’ектыўнае ўяўленне пра гісторыю. У дадзеным выпадку я кажу пра гісторыю культуры. Да таго ж, дбаючы пра культурную асвету, варта браць да ўвагі звычайную чалавечую ляноту. Пагартаць кнігу ці прабегчы вачыма газетны артыкул значна лягчэй, чым выправіцца ў музей, выставачную залу. Тым больш калі гэты музей ці выставачная зала ў іншым горадзе ці нават краіне. Не сакрэт жа, што гісторыка-культурная спадчына беларускага народа рассеяная па свеце, і толькі малая яе частка знаходзіцца на радзіме.

Гэты доўгі ўступ патрэбны, каб была зразумелай роля слова ў захаванні і ўзбагачэнні культурнага патэнцыялу нацыі. Я абсалютна ўпэўнены, што беларускае выяўленчае мастацтва апошняй чвэрці мінулага стагоддзя і пачатку бягучага нашы нашчадкі будуць вывучаць найперш па тым, што напісаў Барыс Крэпак. Ёсць і іншыя крытыкі, мастацтвазнаўцы, але менавіта яму выпала сказаць важкае слова пра сучаснае яму мастацтва ў кантэксце і перспектыве вялікай гісторыі. З сярэдзіны 1970-х ён працуе на ніве культурнага асветніцтва і навуковага мастацтвазнаўства. Дзякуючы добраму веданню матэрыялу і жыццёваму досведу, ён можа лёгка кантактаваць, узаемадзейнічаць з якой заўгодна чытацкай аўдыторыяй. Ягоныя публікацыі — гэта не толькі аналітыка твораў мастацтва, але і развагі пра лёс творцаў як у часы гістарычных узрушэнняў, так і ў адносна ціхамірную пару. Такія тэксты вярэдзяць думку, падводзяць чытача да асэнсавання ўласнага жыцця, уласнай шкалы каштоўнасцей. Яны цікавыя і прафесіяналу культурнай сферы і звычайнаму чалавеку, але — неабыякаваму да мастацтва.

Чытач глядзіць на творы Леаніда Шчамялёва, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Анікейчыка, Андрэя Бембеля, Віталя Цвіркі, Мая Данцыга, Аляксандра Кішчанкі, Заіра Азгура і іншых знакамітых мастакоў вачыма мастацтвазнаўцы і крытыка Барыса Крэпака. Праз яго ж інтэрпрэтацыю чытач успрымае іх як асоб. Я маю на ўвазе шматлікія нататкі, артыкулы, манаграфіі і даследаванні, што выйшлі з-пад пяра Барыса Аляксеевіча за апошнія сорак гадоў. Асобна варта сказаць пра ягоны манументальны мастацтвазнаўчы твор — двухтомнік “Вяртанне імёнаў”, матэрыялы якога спярша прайшлі “апрабацыю” чытачоў і шырокай грамадскасці праз старонкі “К”. На старонках цыкла разгортваецца, лічы, нацыянальная драма нашага народа. Аўтар распавядае пра творцаў, чые імёны ў віры часу згубіліся для Бацькаўшчыны і былі хутка “прыватызаваныя” суседзямі Беларусі і сёння ўпрыгожваюць іх пантэоны. А таксама пра тых, каго свядома замоўчвалі і ігнаравалі ў нашай афіцыйнай гісторыі за савецкім часам, бо іх біяграфіі і творчая спадчына не адпавядалі ідэалагічнаму канону. У такой кнізе Беларусь мела патрэбу даўно, але створана яна магла быць толькі з набыццём дзяржаўнага суверэнітэту, бо толькі ў незалежнай краіне паўстала пытанне пра фармаванне культурнага чынніка нацыянальнай ідэі. І добра, што мы маем аўтара, чый інтэлект і веды адпавядаюць узроўню такой задачы.

Не ставячы пад сумнеў плён працы іншых мастацтвазнаўцаў і крытыкаў, скажу, што Барыс Крэпак працуе адзін як цэлы навуковы інстытут. Гэта відаць па сукупнасці зробленага. Найперш дзякуючы яму, мы вярнулі ў наш культурны кантэкст мастакоў — ураджэнцаў Беларусі, што зрабілі немалы ўнёсак у культурны феномен ХХ стагоддзя — так званую Парыжскую школу. А гэта, дарэчы, пацвярджэнне факта, што нашы зямлякі сур’ёзна спрычыніліся да глабальных працэсаў у сусветнай культуры. Яно працуе на прэстыж дзяржавы і нацыі не горш за паспяховыя эканамічныя праекты. Барыс Аляксеевіч як крытык першым адкрыў грамадзе многіх на той момант маладых творцаў, якія зараз лічацца мэтрамі, а іх творчасць — залатым фондам беларускай культуры.

І галоўнае, Барыс Крэпак па-ранейшаму захоўвае творчую актыўнасць, штодзённа пацвярджаючы ісціну, што “напісанае застаецца”.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

 

Квэст спасціжэння

У вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна на дзясятак апусцелых хат засталося толькі два жыхары. Яе чакаў бы лёс многіх выміраючых мястэчак, каб не адна шчаслівая акалічнасць: тут рос будучы пісьменнік Міхась Пазнякоў. Таму пачуць шматгалоссе вясковага жыцця далёкай пары зараз можа любы школьнік, варта толькі ўзяць у рукі кнігі лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій, намінанта на Дзяржаўную прэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
/i/content/pi/cult/632/14044/7-4.jpgПрозвішча старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўвайшло і ў школьныя падручнікі. Адны тэксты прапануюцца ў якасці практыкаванняў падчас працы на ўроках роднай мовы і літаратуры, другія творы ўнесены ў спіс пазакласнага чытання. Каб разабрацца, у чым сакрэт такой запатрабаванасці ў настаўнікаў і вучняў, я выправілася ў цэнтральную сталічную дзіцячую бібліятэку па вылучаныя на саісканне Дзяржпрэміі кнігі “Гульняслоў”, “У родным краi” і “Серабрыстыя чайкi”.

Першае, што разумееш на парозе кніжніцы: Міхась Пазнякоў — аўтар сапраўды пазнавальны. Бібліятэкары імгненна рэагавалі на назвы твораў, адразу згадвалі аўтара і пераглядалі толькі што здадзенае — гэтыя выданні не залежваюцца на паліцах. Да слова, два зборнікі адшукаліся хутка, а вось “Гульняслоў” патрапіў да мяне не з першага разу, бо быў на руках у малых чытачоў.

Занурыўшыся ў чытанне, хутка разгадваеш сакрэт, чаму ў паслужным спісе аўтара налічваецца тузін перамог у літаратурных спаборніцтвах і больш за дзясятак медалёў за творчыя дасягненні. Спадар Пазнякоў прапануе тое, што так неабходна школе: вершы і апавяданні са зразумелымі, дакладна акрэсленымі тэмамі. Тут ёсць пра родны край і любоў да малой радзімы, пра каштоўнасць сяброўства, маляўнічасць прыроды, неабсяжнасць матулінага кахання і адказнасць за нядобрыя ўчынкі. Любая школьная лінія знойдзе адлюстраванне ў творчасці пісьменніка, што робіць яе сапраўдным скарбам як для дзяцей, якім звычайна ў кароткі тэрмін неабходна знайсці калейдаскоп тэкстаў па дакладна азначаных кірунках, так і для настаўнікаў у час падтрыхтоўкі да ўрокаў. У Байнэце, між іншым, можна пабачыць нямала медыяпрэзентацый і разгорнутых планаў адкрытых урокаў, што базуюцца на тым жа “Гульняслове”.

Чаму менавіта названая кніга стала такой папулярнай? Вядомая ісціна, што любы матэрыял лепш засвойваецца ў гульні, чым у правілах, даўно засвоена ў іншых дысцыплінах, роднай жа мове такіх пацех бракавала. Пісьменнік узяў за аснову раздзелы школьнага падручніка — “гукі і літары”, “слова”, “сказ”, “тэкст”, “часціны мовы” — і прапанаваў дзецям адчуць, што мовазнаўства можа быць сапраўдным квэстам. Сапраўды, бярэ азарт, калі круціш слоўца туды-сюды, замяняючы літары, перастаўляючы націскі, каб вырашыць моўную загадку. Падобныя рэбусы можна адшукаць і ў зборніку “У родным краі”. Пазнякоў узбагачае беларускамоўную скарбніцу шарад і метаграм, прапаноўвае цікавыя хуткапрамоўкі для ўдасканалення маўлення, вершаваныя прыклады на разуменне сутнасці паронімаў і амафонаў, прапануе варыяцыі загадак — ад звыклых да галаваломак на амонімы і антонімы (апошнія, як сцвярджае анатацыя, у беларускай літаратуры створаны ўпершыню). У дадатак — смяшынкі, лічылкі, калыханкі, небыліцы.

У “Серабрыстых чайках” пісьменнік збірае перапрацаваныя народныя казкі, айчынныя паданні і арыгінальныя апавяданні. Немудрагелістыя сюжэты ствараюць у дзіцячым уяўленні дакладную карціну свету: што ёсць дабро і зло, якія ўчынкі сумленныя, а якія — брыдкія. Што да мяне, то леглі на сэрца дзіцячыя ўспаміны спадара Міхася. Просценькія аповеды пра купленыя без дазволу цукеркі, чый смак пад засмучаным мацярынскім позіркам набыў горкае адценне, пра ўратаванне патрэбнай вяскоўцам палявой дарогі ад неадольнай лужыны, пра паранены клён і такое ж надсечанае сумленне — яны дыхаюць шчырасцю і жыва перадаюць душэўны боль, які назолай застаецца ў чалавека на ўсё жыццё.

Кніга нечакана скончваецца чатырма замалёўкамі “З маміных аповедаў”. Успаміны пра вайну і адразу прыведзеныя аўтарам высновы-разважанні раптам надаюць гэтаму ўсталяванаму светаўяўленню палітру адценняў. Напрыклад, у “Зычлівым немцы” паказана, што і ворагі могуць мець сумленне: менавіта салдат з арміі праціўніка дапамагае беларускай сялянцы забраць з хаты, што рыхтавалася да спальвання, ежу і цёплыя дзіцячыя рэчы...

Незалежна ад вынікаў узнагароджвання Дзяржпрэміяй Міхась Пазнякоў застанецца на алімпе запатрабаваных дзіцячых пісьменнікаў. Пра гэта гавораць нават самі кнігі: з крыху замятымі ад частага перагортвання лістамі, з шматлікімі “птушачкамі” (школьнымі адмецінамі “да абавязковага прачытання”), “дадатковага” зместу, складзенага чытачамі з пазначэннем месцазнаходжання самых неабходных вершаў, і алоўкавымі падкрэсліваннямі. Так прыдзірліва і падрабязна чытаць простыя словы пра вечныя ісціны — маці, шчасце, радзіму — можна толькі ў бясхмарным дзяцінстве.

Настасся ПАНКРАТАВА

 

Дакументалістыка пошуку

Вось ужо колькі гадоў рэжысёр Анатоль Алай няспынна даследуе малавядомыя старонкі ваеннай гісторыі. Ад несанкцыянаванай сустрэчы савецкіх і амерыканскіх салдат у нямецкім Торгау ў 1945-м — да лёсу лётчыка-легенды, камандзіра штрафбата, Героя Савецкага Саюза Івана Фёдарава… Лаўрэат шматлікіх фестываляў, спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў Анатоль Іванавіч з’яўляецца і заслужаным аператарам, у чыім актыве — больш за сто карцін.

/i/content/pi/cult/632/14044/7-5.jpgВось гэта вока аператара, якое шукае героя, сапраўдную постаць, падаецца мне, і ёсць метадам, які задае рэжысёру Алаю яго тэматычны гарызонт. Раскрываць і адкрываць тое, што схавана, пра што варта распавесці не толькі суседу, але ўсяму свету. Угледзецца ў чалавека — і зрабіць бачнай яго гісторыю.

У інтэрв’ю Анатоль Іванавіч прызнаецца, што яго бацька, які служыў урачом на Вялікай Айчыннай вайне, трапіў у палон і знік без звестак. І след яго мастак шукае ўжо 75 гадоў, праводзячы лінію “чалавека на вайне” праз усю творчасць. У стужках рэжысёра звычайныя людзі, трапіўшы ў жорны катастроф, ліхалеццяў, вымушаны дзейнічаць у абставінах, якія склаліся, змагацца за свае жыццё, перакананні, асабісты погляд. Гэты пошук роднага чалавека на перакрыжаванні лёсу і стаў персанальным крэда творцы — яго светапоглядам і адчуваннем герояў.

Таму, мяркую, і прыцягнула ў свой час Анатоля Іванавіча постаць фатографа Уладзіміра Шарнікава, які таксама шукаў свайго бацьку, які прапаў без звестак на вайне. Герой аб’ездзіў на ровары 800 савецкіх воінскіх могілак ва Усходняй Германіі. Так нарадзілася стужка “Яго зарылі ў шар зямны” пра салдат, якія прапалі без звестак, якую агучваў Інакенцій Смактуноўскі. Таму рэжысёр не здолеў прайсці міма Івана Фёдарава, камандзіра паветранага штрафбата, які падчас вайны збіў больш за 100 нямецкіх самалётаў. Таму не пакінула абыякавай Анатоля Алая і гісторыя Анджэла Кавацца з Вероны, што адмовіўся супрацоўнічаць з гітлераўцамі ў карніцкіх экспедыцыях на тэрыторыі Беларусі, гісторыя мінчанкі Ады Наркевіч, якая захавала сваё каханне  — фільм “Салдаты Італіі”.

Гісторыя Уладзіміра Сапрыкіна, Героя Савецкага Саюза, які, нягледзячы на здзейснены подзвіг, быў вымушаны эміграваць з роднай краіны з-за стаўлення спецслужбаў (“Адрынуты”)…

Анатоль Іванавіч усё жыццё крочыць па слядах бацькі, але раскрывае і лёсы, якіх было мноства, адкрывае факты ды звесткі, якія толькі зараз пачынаюць больш шырока абмяркоўвацца, выходзячы ў публічнае поле, дэманструючы вайну як суплёт самых розных гісторый.

У гэтым кантэксце можна ўзгадаць і стужку “Бумеранг”, дзе аўтар, адштурхнуўшыся ад вядомай ваеннай фатаграфіі казні мінскіх падпольшчыкаў, спрабуе ідэнтыфікаваць нямецкага афіцэра, які накідвае пятлю на шыю Машы Брускінай у кадры. Тут гісторыя абарочваецца іншым бокам: не толькі героі маюць імя, але і каты. І злачынства аказваецца блізкім да сённяшніх дзён праз сувязь з нашчадкамі забойцаў. Чалавека на фатаграфіі апазнае дачка афіцэра — нямецкая журналістка, якая ўбачыла фота на выставе “Злачынства Вермахта” ў 1997 годзе. Новая праўда пераверне лёс жанчыны — яна публічна прызнае віну роднага чалавека ў інтэрв’ю “Мой бацька, ваенны злачынец”. І, не вытрымаўшы ціску грамадства, скончыць жыццё самагубствам. Камера кінематаграфіста тут дзейнічае як сведка, але сведка, які бачыць нечаканую адплату за злачынствы мінулага.

Фільмы Анатоля Алая, па сутнасці, — няўрымслівы пошук справядлівасці, той самай персанальнай “праўды”, якая дасць магчымасць схаванаму, нарэшце, выплыць на паверхню, быць прамоўленым — і супакоіцца.

Гэта дакументалістыка, якая мае на ўвазе архіўную працу, персанальнае паглыбленне ў матэрыял, сустрэчы, дарогі ды часам — адкрыты фінал, бо пакуль яшчэ не ўсе архівы адкрытыя, не ўсе “белыя плямы” гісторыі запоўнены, не ўсе сустрэчы вядуць да адказаў.

Літаральна летась стала вядома, што Анатолю Іванавічу Алаю ўдалося атрымаць згадку пра свайго бацьку ў архівах “Саксонскіх мемарыялаў” Дрэздэна. Былі апрацаваныя даныя ў рамках адмысловага праекта па вывучэнні гісторыі Другой сусветнай вайны з нямецкага боку — і імя Івана Аляксеевіча Алая выявілася сярод ваеннапалонных, якія загінулі ў канцлагерах. Сёння яно занесена на памятную дошку мемарыяла ў Цайтхайне.

Анатоль Алай без перабольшання ўсё жыццё чакаў гэтай гісторыі — сустрэчы з бацькам і, нарэшце, заканчэння вайны, якая, аказваецца, не толькі для яе ўдзельнікаў можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі. Акурат зараз дакументаліст працуе над стужкай “Чорная дарога-2”  — першая частка, прысвечаная трагедыі савецкіх ваеннапалонных, была зроблена ў 1992 годзе. “Чорная дарога-2” мусіць быць скончана ў чэрвені гэтага года.

Але вернемся да самай першай карціны рэжысёра, якая зрабіла імя вядомаму аператару. Дэбютны фільм Анатоля Алая “Не плачце па мне” прысвечаны постаці рэчыцкага мастака Аляксандра Ісачова. Нататка ў газеце, якая прывабіла вока кінематаграфіста, — і рэжысёр паспеў зрабіць фільм, што, лічыцца, стаў самым касавым у гісторыі беларускага кіно.

Толькі і застаецца пажадаць новым працам слыннага дакументаліста такога ж поспеху.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ


Беларускі мюзікл — гучыць!

Уладзіміра Кандрусевіча можна па праве назваць заснавальнікам беларускага мюзікла — так бы мовіць, “беларускім Бернстайнам”, адным з жывых класікаў гэтага жанру. Музычнае мысленне кампазітара зрушыла нашы тэатральныя далягляды: на драматычных сцэнах і ў тэатрах лялек сталі з’яўляцца адметныя музычныя спектаклі, уключаючы адаптаваныя оперы. Яркія, арыгінальныя кампазітарскія канцэпцыі Кандрусевіча змянілі аблічча беларускага драматычнага тэатра, надаўшы яму музычную энергетыку сучасных рытмаў і гармоній.

/i/content/pi/cult/632/14044/7-6.jpg

Шлях беларускай музыкі да жанру мюзікла быў няпростым. Асобныя “подступы” да сучаснай эстрадна-джазавай стылістыкі сустракаліся ў беларускіх кампазітараў і раней, але толькі ў творчасці Кандрусевіча мюзікл атрымаў свой завершаны, цэласны выгляд, склаўся як нацыянальная форма аднаго з распаўсюджаных і вельмі папулярных у свеце жанраў. У той час, як у некаторых нацыянальных школах пад мюзіклам часта разумелі звычайны драматычны спектакль з песнямі (нават тэрмін дзіўнаваты ўзнік — “песенны мюзікл”), Уладзімір Кандрусевіч, добра знаёмы з лепшымі прыкладамі жанру, арыентаваўся на сусветныя здабыткі і найноўшую сучасную класіку ў гэтай галіне.

У сваіх мюзіклах ён прытрымліваецца полістылістыкі, спалучае прынцыпы джазавага выкладання матэрыялу і сімфанічнага развіцця, удала выкарыстоўвае ў музыцы асаблівасці не адно песеннай, але і канцэртнай, опернай, тэатральнай, кінематаграфічнай драматургіі. Імя кампазітара сёння ўспрымаецца ледзь не адным з сінонімаў тэатра, а яго музыка нават у звычайных драматычных пастаноўках часцяком становіцца тым “цэнтрам прыцягнення”, вакол якога групуюцца іншыя складнікі спектакля.

Мюзікл “Джулія”, пастаўлены ў 1990-м на знакамітую Наталлю Гайду ў галоўнай партыі, меў цікавую перадгісторыю. Першая рэдакцыя партытуры, напісаная кампазітарам больш як дзесяцігоддзем раней, не дачакалася святла рампы. А калі ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры нарэшце ўзгадалі пра яе і звярнуліся да кампазітара з прапановай сцэнічнага ўвасаблення, той сказаў, што зробіць новую рэдакцыю. Але насамрэч напісаў… зусім іншую музыку — усё на той жа сюжэт. Бо разумеў, што час не стаіць на месцы, асабліва ў гэтым жанры, непасрэдна звязаным, хочам мы таго ці не, з шоу-індустрыяй.

Менавіта пасля “Джуліі” даследчыкі загаварылі не проста пра засваенне жанру мюзікла на беларускай зямлі, а непасрэдна пра беларускі мюзікл — пры тым, што “Джулія” была створана не паводле ўласна беларускага літаратурнага твора, а на сюжэтнай аснове рамана Моэма “Тэатр”. Але пошукі кампазітарам уласна беларускай тэмы працягваліся — і прывялі яго да “Соф’і Гальшанскай”. Звернем увагу, што прыцягальнасць для музычна-тэатральнай сцэны незвычайнага лёсу гэтай шляхцянкі, а потым каралевы Вялікага Княства Літоўскага адкрыў кампазітар. У тэатры ж да гэтай задумы паставіліся спачатку насцярожана: а ці акупіцца падобны праект? Пакуль разважалі ды падлічвалі, песня Соф’і “Белая ластаўка” загучала з эстрадных пляцовак, прынесла Алене Ланской Гран-пры “Славянскага базару ў Віцебску”. Сёння ёсць дакладныя лічбы, што дазваляюць упэўнена канстатаваць: мюзікл не толькі акупіўся, але і прынёс значны прыбытак.

А колькі яшчэ ва Уладзіміра Кандрусевіча задуманых і напісаных, ды пакуль сцэнічна не рэалізаваных музычна-тэатральных твораў! Кампазітар працуе ды працуе, не зважаючы на абставіны. Сціплы, засяроджаны на ўласнай творчасці, ён ніколі не займаўся і не займаецца яе “раскруткай”. Замест гэтага — піша ўсё новыя творы. І якімі б рознымі тыя ні былі, іх аб’ядноўвае найперш талент аўтара: меладычная шчодрасць, запамінальнасць інтанацый, вельмі добрая аркестроўка, чым могуць пахваліцца літаральна адзінкі (проста ён сам валодае многімі інструментамі — ад гітары да трамбона, нават на некаторых паказах “Джуліі” садзіўся ў аркестр, каб сыграць тую ці іншую партыю ў джазавай, а не акадэмічнай манеры). Сёння, калі роля прафесійнага кампазітара ў драматычным тэатры значна прыніжана (падборка класікі ці камп’ютарныя саўндтрэкі абыходзяцца больш танна), Кандрусевіч не здае пазіцый. Кожная яго новая праца — гэта чарговы крок усёй беларускай музычнай культуры на шляху спасціжэння самых перспектыўных мастацкіх працэсаў і ўкаранення іх на нацыянальнай глебе.

Надзея БУНЦЭВІЧ

 

Закаханыя ў Пане Каханку

Народны артыст Беларусі, народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі — гонар нашай нацыянальнай культуры. Яшчэ пры жыцці ён быў уганараваны ўсімі магчымымі прэміямі і знакамі прызнання, даўно ўвайшоў у гісторыю тэатра і кіно (дарэчы, не толькі ўласна беларускага). Увайшоў як выдатны Акцёр — менавіта так, з вялікай літары. А да ўсяго, як старэйшы з трох братоў і галава разгалінаванага акцёрскага роду, вялікай сямейнай дынастыі Янкоўскіх.

/i/content/pi/cult/632/14044/7-7.jpgСтвораныя ім вобразы не блякнуць, не сыходзяць з памяці некалькіх пакаленняў гледачоў. Але на цяперашнюю Дзяржаўную прэмію (ранейшую ён атрымаў у 1998-м) былі вылучаны менавіта апошнія ролі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, дзе Расціслаў Іванавіч працаваў з 1957-га і да самай смерці — без малога 60 гадоў на адной сцэне, з традыцыйнымі для яго “выхадамі” на кіна- і тэлеэкран, з 15-гадовым старшынствам на Міжнародным кінафестывалі “Лістапад” — з 1995-га па 2010-ы. Штогод выходзячы на адкрыцці “Лістапада” ў ролі гэткага “капітана” ў моры кінастужак, які перад “адплыццем” б’е талерку, ён штогод знаходзіў нейкія новыя разыначкі. А чым запомніліся яго апошнія буйныя тэатральныя працы?

У “Сунічнай паляне” Інгмара Бергмана Расціслаў Янкоўскі, іграючы Ісака Борга, быццам пражываў-аглядаў на сцэне яшчэ і сваё жыццё (хаця насамрэч там паралеляў ніякіх не было), асэнсоўваў уласныя жыццёвыя каштоўнасці. Спектакль меў складаны лёс. Пастаўлены, ухвалены, а потым зняты з-за нявырашаных пытанняў з аўтарскімі правамі, пасля смерці Бергмана ён быў адноўлены — і паказаны ў Маскве ў рамках пазаконкурснай праграмы “Залатой маскі”. І калі наконт самой пастаноўкі меркаванні крытыкаў былі рознымі, часам увогуле палярнымі, дык Янкоўскі ў цэнтральнай ролі выклікаў выключна захапленні.

А якім каларытным быў у яго Сіла Ерафеіч у спектаклі “Праўда — добра, а шчасце лепш” паводле Аляксандра Астроўскага! Нечаканым паўставаў Фамусаў у “Горы ад розуму”. У гэтым героі Аляксандра Грыбаедава раптам узнікалі трагічныя рысы, нейкая ўнутраная мудрасць. А Пане Каханку ў аднайменным спектаклі ўвогуле можа лічыцца яго кароннай роляй апошніх гадоў. П’еса была замоўлена драматургу Андрэю Курэйчыку самім тэатрам — з тайным разлікам на тое, што цэнтральную ролю знакамітага магната роду Радзівілаў мог бы выканаць Расціслаў Іванавіч. Галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык расказваў, як завершаны тэкст прынеслі ў лечкамісію, дзе ў той час ляжаў Янкоўскі: можа, пачытае ў вольны час? Той пагадзіўся. Але больш за ўсіх былі ўзрушаны супрацоўнікі шпіталя. Ледзь сышлі наведвальнікі, Расціслаў Іванавіч кінуўся чытаць. Перагарнуўшы апошнюю старонку, пайшоў прагуляцца — ды не вакол лячэбнага корпусу, а ў… Нацыянальны мастацкі музей, што непадалёку... вывучаць партрэты Радзівілаў.

— Разумееце? Ён адразу пачаў працаваць над роляй, — гаворыць Сяргей Кавальчык. — Гэта быў найвысокі майстар! Неяк у час рэпетыцый я тлумачу, што трэба зрабіць, а ён усміхаецца. Я працягваю тлумачыць — ён усміхаецца яшчэ больш: “Я зразумеў, давайце паспрабуем”. Ды як ён будзе спрабаваць, думаю, я ж яшчэ не растлумачыў да канца! А ён пачаў іграць той эпізод і зрабіў усё — і тое, пра што я казаў, і тое, пра што я толькі падумаў, а сказаць не паспеў. У яго была такая акцёрская інтуіцыя, што ён мог дамаляваць сваю ролю за рэжысёра — не насуперак, а менавіта ў тым ключы, як і задумвалася. А тое, наколькі ён любіў наш тэатр і хваляваўся за яго, пацвярджае той факт, што ўсе свае апошнія працы ён адразу пачынаў рэпеціраваць з дублёрамі. І заўсёды на гэтым настойваў: “А раптам я захварэю? Я ж ужо ва ўзросце. Што вы тады рабіць будзеце — спектакль адмяняць?..”

Пэўна, такі клопат пра тое, што будзе “пасля сябе”, — таксама талент. Не толькі акцёрскі — чалавечы.

Надзея БУНЦЭВІЧ

 

Пераспяваць Мулявіна і пайсці далей

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча больш за сорак гадоў узначальвае народны артыст краіны Міхаіл Казінец. У час яго кіравання калектыў узняўся да дзвюх кульмінацый. Адной з іх стала далучэнне аркестра народных інструментаў да жанру сімфоніі, што спраўдзілася яшчэ ў 1984-м у партытуры “Памяць зямлі” Андрэя Мдзівані. Другой кульмінацыяй можна назваць стварэнне “ўнутры калектыву” оперных твораў, якімі сталі аднаактовыя “Апокрыф” і “Люцыян Таполя” Ларысы Сімаковіч. А пачаўся гэты шлях да оперы (пра оперныя спектаклі з народным аркестрам марылі яшчэ ў даваенны час) з мулявінскіх пераспеваў: былыя “песняроўскія” праграмы-спектаклі “Гусляр” і “Песня пра долю” набылі новае жыццё менавіта ў гучанні аркестра народных інструментаў.

/i/content/pi/cult/632/14044/7-8.jpgЧатыры згаданыя музычна-тэатралізаваныя пастаноўкі злучыліся ў творчы праект “Святое, незабыўнае…” Яднае іх зварот да высокай беларускай паэзіі — твораў нацыянальных класікаў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка. А галоўнае — да тэмы роднай Беларусі, яе гісторыі і лёсу, што складаліся з лёсаў і ўчынкаў яе сыноў і дачок.

Ці можна “перакласці” адметную мулявінскую мову? З яе акцэнтаваннем сакавітага мужчынскага вакалу, пранізлівым голасам электрагітары, што часта лідзіраваў у інструментальным ансамблі, галасамі скрыпкі, флейты, своеасаблівым “рэпам” ударных — і сола рэдкіх на той час “аўтэнтычных” фальклорных інструментаў накшталт колавай ліры. Гучанне цяперашняга народнага аркестра, дапоўненае эстрадна-джазавымі фарбамі (а калектыў даўно практыкуецца ў гэтай сферы, на стыку з сімфаджазам), не толькі не “сапсавала” ранейшы каларыт, а ўзбагаціла яго, дадаўшы новыя інструментальныя адценні. Усе аркестроўкі рабіў Аляксандр Крамко — выдатны музыкант-мультыінструменталіст, які аднолькава добра адчувае прыроду народных, акадэмічных, эстрадных інструментаў, умее іх удала спалучаць, дасягаючы гармоніі, а не канфлікту паміж імі.

Што ж да кампазітара Ларысы Сімаковіч, дык яна паўстае сапраўднай асобай Адраджэння — і цяперашняга беларускага, і сусветна знакамітага колішняга італьянскага. Бо менавіта ў эпоху Рэнесансу на першы план вылучыліся не проста таленавітыя творцы, якія адкрывалі новыя далягляды, а, так бы мовіць, “мультытворцы” кшталту Леанарда да Вінчы — людзі, адораныя ў розных, часта супрацьлеглых галінах навукі і мастацтва. Тая ж Ларыса Сімаковіч — хормайстар паводле першай адукацыі, знаўца беларускага фальклору, якая імкнецца адрадзіць яго традыцыі, заснаваныя на спалучэнні музыкі, пластыкі, сакральнасці. Прафесійная вакалістка, якая ў выразнасці выканання можа даць фору многім вядомым спевакам. А яшчэ (не паверыце!) — цікавы харэограф: адна з яе пластычных пастановак, звязаная са старадаўняй фальклорнай абрадавасцю ў новым прачытанні, была ўганаравана на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Нешараговы літаратар, крытык, паэтэса. І, да ўсяго, рэжысёр, здольны мысліць канцэптуальна.

Усе цяперашнія вылучаныя філармоніяй на Дзяржаўную прэмію працы былі ажыццёўлены ў яе тэатралізаваных пастаноўках, багатых на сімволіку, метафарычнасць вобразаў, спалучэнне музыкі з пластыкай і яркімі візуальнымі вобразамі. Яе ўласныя кампазітарскія творы — “Апокрыф” і асабліва “Люцыян Таполя” — гэта новае слова ў жанры оперы і беларускім нацыянальным музычным мастацтве. Шмат у чым яны сталі працягам яе ранейшага праекта — “Сымон-музыка”, прызначанага для сімфанічнага складу, а таксама многіх камерных твораў, задуманых як сінтэз аўтэнтычных спеваў, акадэмічных аркестравых фарбаў, разнастайных форм апрацоўкі гуку, візуальных эфектаў, адметнай пластыкі. І абавязкова беларускасці — у яе самым шырокім сэнсе, ад фальклорна-абрадавай дзейнасці да сучасных прафесійных здабыткаў.

Дарэчы, ці не гэта было галоўным прызначэннем Уладзіміра Мулявіна? Яго творчай спадчынай, якая ў засваенні народнага аркестра прывяла да стварэння новых адметных твораў і закладання новых традыцый — у працяг ранейшых.

На здымках: Міхаіл Казінец дырыжыруе Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Іосіфа Жыновіча; Ларыса Сімаковіч падчас прэзентацыі праекта "Yan Zhanchak"; Аляксандр Крамко падчас канцэрта акампаніруе Пятру Ялфімаву.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ


Знакі памяці на памежжы

Пакаленні беларусаў успрымалі Вялікую Айчынную вайну як падзею, якая зрабіла найвялікшы ўплыў на фарміраванне нацыянальнай свядомасці. Але час ідзе, і многае забываецца. Гэта цалкам натуральна: нельга жыць мінулым, — трэба глядзець у будучыню. Але ж вядома і іншае: той, хто забывае гістарычныя драмы, у перспектыве рызыкуе перажыць іх нанова. Мы ганарымся 1945 годам, але быў і трагічны 1941-ы…

/i/content/pi/cult/632/14044/7-9.jpgНездарма сярод мемарыялаў, якімі суверэнная Беларусь ушаноўвае сваіх лепшых сыноў, ёсць і помнікі тым, хто ў чэрвені 1941 года першымі прынялі ўдар ворага. Мне падаецца, што гэтыя мемарыялы варта ўспрымаць не толькі як знакі прызнання заслуг перад Радзімай салдат і афіцэраў канкрэтнага роду войск, але і як напамін пра неабходнасць заўжды быць вернымі прысязе і маральнаму абавязку, носіш ты на плячах пагоны ці не. У гэтых знаках памяці на канцэптуальным узроўні ўвасоблена думка, што кожны грамадзянін, незалежна ад прафесіі, з’яўляецца абаронцам Айчыны і нацыянальных інтарэсаў на давераным яму ўчастку — хай тое будзе прамысловасць ці навука, эканоміка ці палітыка, культура ці мастацтва.

За час незалежнасці беларуская манументальная пластыка ўзбагацілася двума помнікамі абаронцам межаў. Адзін паўстаў у Гродне, другі — дапоўніў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Аўтары гродзенскага помніка — скульптар Генадзь Буралкін і архітэктар Сталін Федчанка. Для Брэста парупіўся Валянцін Занковіч. Ён, як вядома, архітэктар і скульптар у адной асобе, і ўдала спалучае гэтыя іпастасі.

Яднае абодва помнікі тое, што яны выкананы ў стылістыцы, характэрнай для беларускай школы савецкай манументальнай пластыкі. Ёй уласцівая высокая ступень выяўленчай канкрэтыкі, гістарычная дакладнасць у дэталях. Пры гэтым творчы почырк у кожнага скульптара свой — запамінальны і непаўторны. Помнік работы Валянціна Занковіча прысвечаны не толькі памежнікам, жанчынам і дзецям Брэсцкай крэпасці, якія таксама былі героямі абароны. Гэта адна са скульптурных кампазіцый, што паводле пачатковага праекта мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” мусілі дапаўняць галоўны манумент. З пэўных прычын яны не былі зроблены. У нашы дні, у суверэннай Беларусі, Валянцін Занковіч, адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу, атрымаў магчымасць вярнуцца да зыходнай канцэпцыі і хоць бы часткова яе рэалізаваць. У параўнанні з дамінантамі мемарыяла гэтая скульптурная кампазіцыя ўспрымаецца як невялікая. Але яе маштаб адпавядае прасторы, да якой яна ўдала прывязана. Тут скульптар насамрэч праявіў сябе як прафесійны архітэктар.

У адрозненне ад Валянціна Занковіча, які, робячы помнік, быў вымушаны ўлічваць ужо сфарміраванае асяроддзе, Генадзь Буралкін і Сталін Федчанка рабілі манумент па-за межамі гістарычнай забудовы. Іх манумент сам мусіў фарміраваць асяроддзе ў якасці архітэктурна-пластычнай дамінанты. Адсюль адпаведны маштаб і дынамічная пластыка. Дарэчы, хоць прысвечаны ён пагранічнікам Беларускай ваеннай акругі, праз свой вобразны лад успрымаецца як знак пашаны ўсім байцам у зялёных фуражках па ўсім перыметры атакаванай фашыстамі граніцы.

У Беларусі, у адрозненне ад некаторых нашых суседзяў, не збіраюцца адмаўляцца ні ад культурнай, ні ад гістарычнай спадчыны Савецкага Саюза. Згаданыя помнікі ўвасабляюць наша разуменне гісторыі як няспыннага працэсу. І ў Расійскай імперыі, і ў складзе Савецкага Саюза Беларусь усё адно заставалася Беларуссю. Усе дасягненні, якія мы прыдбалі, і страты, якія панеслі на сваім шляху праз стагоддзі, — сёння спадчына нашай суверэннай дзяржавы. Гэта наўпрост датычыць і такой лёсавызначальнай падзеі як Вялікая Айчынная вайна. Згаданыя помнікі задумваліся дзеля асэнсавання гісторыі, але ўжо самі сталі часткай беларускай гістарычнай прасторы.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"