“Аддам роднаму гораду ўсё…”

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Бабруйск — культурная сталіца Беларусі-2017
Мастацкая спадчына Абрама Рабкіна перададзена яго роднаму Бабруйску.

/i/content/pi/cult/631/14040/13-2.jpgЗ 88 гадоў, падораных лёсам Абраму Рабкіну, каля сямідзесяці з іх ён пражыў у Ленінградзе. Там атрымаў мастацкую адукацыю. Там і стаў заслужаным мастаком Расіі. Несумненна, гэты горад — адзін з сусветных цэнтраў высокай культуры — шмат у чым сфармаваў яго як майстра і чалавека. Асоба гэтага творцы ўнікальная не толькі шматграннасцю яго адоранасці, але яшчэ і тым, наколькі неаддзельным аказаўся ён ад сваёй зямлі, сваіх каранёў, вытокаў бабруйскіх — беларускіх, якія сталі асноватворнымі ў ягоным лёсе.

“Кожны раз, праходзячы па знаёмых вуліцах старога Бабруйска, я іду да таго месца, дзе быў да вайны Дом піянераў, кланяюся памяці маіх загінулых таварышаў, кланяюся памяці майго першага настаўніка, мастака Яўгена Ермалкевіча, закатаванага фашыстамі. Затым іду па Мінскай шашы да таго месца, дзе пахаваны мой бацька”, — пісаў мастак у аўтабіяграфічных нататках.

Пра даваеннае дзяцінства Абрам Ісакавіч стварыў своеасаблівы гімн гораду — “Уніз па Шашэйнай”, сэрцам якой стаў вобраз роднага Бабруйска з незлічонай разнастайнасцю яго жыхароў: цырульнікаў, гадзіншчыкаў, камінараў, пажарнікаў… Але светлая рытміка дзяцінства была падарваная ранняй трагедыяй, перажытай у “чорным” трыццаць сёмым. Дванаццацігадовы падлетак страціў самага галоўнага і самага любімага чалавека — бацьку, і гэтая ранняя страта пакіне глыбокі след у яго душы назаўсёды.

Сямнаццацігадовым юнаком у 1943 годзе ён сыходзіць на фронт. І не дзіва, што дзве тэмы стануць скразнымі ў ягонай творчасці — родны горад, яго людзі і Вялікая Айчынная вайна. На апошнюю ён напісаў палатно “9 мая. Беларуская сям’я” (1967), затым з’явіліся “Чалавек з 41-га года”, “Бацькі” (з цыкла “Салдаты”), кампазіцыя “Якія сталі на смерць” (з таго ж цыкла), апошняя работа 1995—2000 гадоў “Рака” і многія іншыя творы, а яшчэ каля дваццаці партрэтаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай (большую частку з іх мастак падарыў Бабруйскаму краязнаўчаму музею, у экспазіцыі якога яны “жывуць” і зараз).

Тэма ж горада ў Рабкіна прадстаўлена ва ўсіх варыяцыях: гэта і першы ў Бабруйску кінатэатр “Пралетарый”, і даваенная аптэка Разоўскага на роднай мастаку Шашэйнай, і разнастайнасць дамкоў, упрыгожаных разнымі аканіцамі, і зялёныя дворыкі з нізкімі рыпучымі брамкамі, і скрыжаванні, асветленыя сонцам на захадзе, і ходнікі ў каштанах… Усё кранае жывым, трапяткім адчуваннем, якое напаўняюць работы аўтара. І нават калі мастак жыў у горадзе на Няве, ён усё роўна знаходзіў натхненне толькі тут, на радзіме.

“Давайце вернемся… туды, на Шашэйную, дзе старая ліпа, і сад, і дзверы, якія адчыняюцца з лёгкім надтрэснутым звонам, што падобны на ўдар старадаўняга гадзінніка. Туды, дзе лопухі і ліловыя сполахі калючак… Цудоўная вуліца гэта Шашэйная, і душа мая, змучаная болем, які набег, зноў і зноў прыпадае да яе… Якую вялікую каштоўнасць вяртае мне Шашэйная!” — пісаў Рабкін.

…Выставу яго твораў “Горад майго дзяцінства” бачылі жыхары маленькага пасёлка Стрэшын Гомельскай вобласці, самога Бабруйска, а таксама Мінска, Ленінграда, Масквы, Амахі (ЗША). Жывапісная манера мастака вытрыманая і паэтычная. Два — тры дамы ўздоўж дарогі, плот, брама, галінастае дрэва, старая вулачка — і перад намі Шашэйная ў кастрычніку. Але не архітэктурная пераканаўчасць цікавіць мастака, а непаўторны вобраз дома, які ў творцы адухоўлены. Абрам піша дом як партрэт добра знаёмага чалавека, шукае пластычнай дакладнасці (але гэта — не пратакольная сухасць) і дасягае амаль псіхалагічнай вастрыні характарыстыкі. Мастак памятае, што палатно можа застацца апошнім сведкам, і хлусіць на ім нельга. У той жа час ён шукае і знаходзіць паэзію ў немудрагелістых формах аблічча старога горада, таму работы Рабкіна, акрамя эмацыйнага і жывапіснага складніка, нясуць у сабе гісторыка-мастацкую каштоўнасць.

У адным з інтэрв’ю Абрам Ісакавіч сказаў: “Я хачу пры жыцці перадаць роднаму гораду калекцыю сваіх карцін. Патрэбна памяшканне, і я аддам усё — ад маленькага малюнка да апошняй карціны…” Пры жыцці (ён пайшоў з жыцця 5 снежня 2013 года) Рабкіну здзейсніць сваю задуму не ўдалося. І толькі нядаўна яго родны горад прыняў у дар калекцыю работ ад спадчынніцы, якая выканала волю бацькі.

А каб воля Абрама Рабкіна здзейснілася, шмат працы прыклалі канкрэтныя людзі. Я хачу падзякаваць шчыра і сардэчна Ірыне Роскач — намесніку начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама, Святлане Прывалавай — дырэктару Бабруйскага мастацкага музея, Генадзю Благуціну — яго навуковаму супрацоўніку.

Ніна КАРАЛЁВА, удава мастака