Віртуознасць і катарсіс

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Яе радзіма — Малдова. Бацькі вядомай актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Анжалікі Баркоўскай (на той час у яе было іншае прозвішча) ніякага дачынення да мастацтва не мелі: мама — акушэр-гінеколаг, тата — хірург…. Саму ж Ліку з дзяцінства займалі кнігі, якія і скіравалі яе ў бок тэатра.

/i/content/pi/cult/631/14039/13-1.jpg

Анжаліка Баркоўская. / Фота прадастаўлена тэатрам

І яна абрала рэжысёрскі факультэт Кішынёўскага інстытута мастацтваў. Там жа ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці артысткі — прымала ўдзел у студэнцкіх урыўках. Потым па размеркаванні трапіла ў Кішынёўскі фальклорны тэатр імя Крангэ. А са сваім будучым мужам рэжысёрам Віталём Баркоўскім пазнаёмілася ў 1990 годзе ў Маскве на фестывалі славянскіх краін “Інтэрнацыянал”. У зале сядзелі толькі двое мужчын — Віталь Баркоўскі і Мікола Трухан (кіраўнік тагачаснага тэатра “Дзе-Я”). Яны здаліся ёй вельмі самавітымі. А праз некалькі дзён у аўтобусе, на якім разам дабіраліся ў гасцініцу, Віталь Міхайлавіч ці то жартам, ці то ўсур’ёз зрабіў дзяўчыне прапанову. Анжаліка, не ведаючы, што адказаць, перавяла ўсё ў жарт. А праз некалькі дзён зразумела, што знайшла роднасную душу. Ну а потым пачалося шчаслівае сямейнае і супольнае творчае жыццё.

“Мы былі сапраўднымі авантурыстамі, — успамінае актрыса. — Спачатку з уласным тэатрам пад своеасаблівай назвай “Таварыш” ездзілі з казкамі па дзіцячых садках. А потым наша кампанія перарасла ў тэатр “Акт”.

Жыццё складвалася па-рознаму. Былі “незабыўныя” 1990-я, калі артыстцы даводзілася працаваць рэкламшчыцай у тэатры, а рэжысёру Віталю Баркоўскаму гандляваць цвікамі на адным з мінскіх рынкаў, каб парадаваць сям’ю найжаданымі на той час белым хлебам і батонам каўбасы. У Мінску Анжаліка грала мала, бо з’явілася дзіця, трэба было яго гадаваць. З буйных роляў таго перыяду можна назваць хіба Бэлу ў “Шагале” (гэта быў зусім іншы спектакль, не той, што Баркоўскі потым паставіць у Віцебску).

Неўзабаве крызісны перыяд адступіў, а наперадзе сям’ю чакалі Віцебск і тэатр імя Якуба Коласа, у які Віталю Баркоўскаму было наканавана ўступіць у якасці мастацкага кіраўніка, а Анжаліцы — артысткай трупы. Па першым часе і на новым месцы муж, у адрозненне ад іншых ягоных калег, не вельмі займаў яе ў сваіх пастаноўках. І гэта была свядомая палітыка. Выключэннем з’явіўся хіба што спектакль “Шагал… Шагал…” па п’есе Уладзіміра Драздова, дзе Анжаліка стварыла вельмі кранальны вобраз Іды — маці славутага мастака. Актрыса выдатна перадала ў простай жанчыне народную мудрасць, дасціпнасць, розум і прыродную далікатнасць, душэўную тонкасць сваёй гераіні. З гэтым спектаклем коласаўцы аб’ездзілі шмат краін: пабывалі ў Англіі, Шатландыі (у 2000-м на Міжнародным фестывалі ў Эдынбургу работа атрымала Гран-пры), Італіі, Польшчы, ЗША. Анжаліка цудоўна ўпісалася ў творчы калектыў коласаўцаў, але разам з тым яе заўсёды вылучыш сярод іншых. Гэта актрыса, якая валодае ўнікальнымі творчымі здольнасцямі і магчымасцямі. Яна здольная віртуозна працаваць у трагедыі, камедыі, мюзікле, псіхалагічнай драме, авангарднай пастаноўцы, на мяжы самай яскравай знешняй формы і паглыбленага псіхааналізу. Выдатна перадае ў лепшых ролях найтонкія нюансы душэўных перажыванняў сваіх гераінь. Часта яна ўвасабляе вобразы жанчын са складаным душэўным светам, ахопленых страсцямі альбо з надламанай псіхікай, з тым моцным душэўным болем, які яны нясуць у сабе. З гэтага шэрагу асабліва вылучаецца і асабіста мне вельмі блізкі вобраз Любы з драматычнай камедыі “І смех, і слёзы, і Любоў” паводле Уладзіміра Набокава.

Кожнае імгненне яе сцэнічнага існавання эмацыйна і псіхалагічна напоўнена. А яшчэ — на дзіва праўдзівае і дакладнае. Існаваць так у даволі сімвалічнай, шматслойнай п’есе, ускладненай падтэкстам, вельмі няпроста. Прасцей — фармальна “іграць” вобраз, куды больш складана ім быць. У пачатку спектакля драматычнае мінулае, гэтая глыбока прыхаваная жарсць да былога каханага, толькі спакваля яе выдае, але потым, пасля фатальнай весткі — “падзеі”, — усё больш авалодвае асобай і амаль зводзіць з розуму. Дарэмна яна спрабуе схавацца ў жыццёвым маскарадзе, дзе існуюць толькі цені людзей, фантомы. Актрыса не проста зачароўвала псіхалагічнай дакладнасцю — яна ўзнімала вобраз да паэтычнага сімвала. Напэўна, такой магла быць Незнаёмка Блока ці донна Анна Пушкіна — загадкавая, містычная, жаноцкая, жарсная і неспасцігальная. Менавіта выкананне Анжалікі Баркоўскай вызначыла канцэпцыю пастаноўкі.

У сатырычнай камедыі або мюзікле актрыса схільная да імправізацыі, гратэску, карыстаецца вострым малюнкам ролі (Прастакова — “Недарасць” Дзяніса Фанвізіна, Марыя  — “Ён. Яна. Акно. Нябожчык” Рэя Куні, Мамаева —“Мудрацы…” Аляксандра Астроўскага, Графіня — “Дыліжанс” Уладзіміра Кандрусевіча).У псіхалагічнай драме альбо мадэрнісцкай прыпавесці (Нёрсі — “Дакрануцца вуснамі да нябёсаў” Тэнесі Уільямса, Марго — “Мадам Боншанс” Уладзіміра Драздова, Людміла ў “Познім каханні” таго ж Астроўскага) узрушвае глыбінёй унутранага, духоўнага свету персанажа. У асобных ролях яна здольная ўзняцца да сапраўднага трагізму — лэдзі Макбет, Морын Фолан. Вобраз апошняй са спектакля “Каралева прыгажосці з Лінэна” Марціна МакДонаха атрымаў высокую ацэнку падчас паказу спектакля ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Гераіня Баркоўскай жыве ў прыдуманым ёй свеце кахання, прыгожых адносінаў, спагады і павагі, а ў рэальным жыцці сутыкаецца са штодзённым брудам і жорсткасцю, якія калечаць яе душу.

У адным з інтэрв’ю актрыса прызналася: “Калі выходзіш на сцэну — аддаеш усё. Бывае, надыходзіць прасвятленне, і ты адчуваеш, што ўвесь свет — твой. А калі да таго ж маеш аддачу і ад гледача, тады настае катарсіс”.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа