Парабалічны компас лёсу

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Неапублікаванае пра Сяргея Селіханава
“К” працягвае публікацыю пра выбітнага беларускага скульптара Сяргея Селіханава, якога ўвесь свет ведае па знакамітай скульптуры “Нескаронага чалавека” ў Хатынскім мемарыяле. У гэтым нумары газеты распавядаецца пра селіханаўскіх сяброў і настаўнікаў па Віцебскім мастацкім вучылішчы.

/i/content/pi/cult/631/14031/15-2.jpg(Працяг. Пачатак у № 12.)

…Павінен падкрэсліць, што ў сярэдзіне 1930-х, апроч наведвання заняткаў, пры Віцебскім мастацкім вучылішчы існавалі і розныя пазакласныя гурткі, якія з задавальненнем наведваліся практычна ўсімі студэнтамі. Выпускалася насценгазета “За пралетарскае мастацтва”, якую рэдагаваў Віктар Ждан, будучы вядомы наш графік і цікавы карыкатурыст. Сёння, на жаль, яго мала хто помніць. Добра была наладжана мастацкая самадзейнасць, працавалі тэатральны калектыў “Сіняя блуза” (кіраўнік — Людміла Галубок, дачка Уладзіслава Галубка), фотагурток і струнны аркестр. Аднак даводзілася студэнтам выязджаць і на палявыя работы — на збор бульбы, буракоў. А развейвалася творчая моладзь хто як: Дом культуры на вуліцы Леніна, клубы, кінатэатры “Спартак” і “Пралеткіно”, гастрольныя цыркавыя прадстаўленні, тэатр аперэты на Канатнай вуліцы, купанне ў Дзвіне. Сам Сярожа любіў з Віктарам Жданам і Натанам Воранавым па суботах хадзіць на танцы ў Губернатарскі сад, дзе граў духавы аркестр.

Пра сваё жыццё, вучобу ў вучылішчы і пра сваё каханне з будучай жонкай Раісай Савельеўнай Сяргей Іванавіч падрабязна паведаў мне ў пачатку 1970-х, завітаўшы да мяне ў госці з Віктарам Іванавічам Жданам і Уладзімірам Мінейкам. Жыў я на вуліцы Камуністычнай, у двухпавярховым драўляным доме №39, які пасля вайны пабудавалі палонныя салдаты вермахта. Да майго ўсялення ў гэты дом тут спачатку жыла мастачка Валяр’яна Жолтак, потым сям’я Георгія і Наталлі Паплаўскіх. З майго акна другога паверха цудоўна аглядаўся бераг Свіслачы, увесь у хмызняках, стары драўляны масток праз раку, Палац спорту і дзве высокія вежы Свята-Духава Кафедральнага сабора. Аднак гэты маляўнічы “кавалак” вуліцы Камуністычнай даўно знік — з’явіўся сучасны навабуд, і толькі засталася пра яго ціхая памяць у тых, хто там калісьці пражываў.

Але тады ўсё было па-іншаму. Селіханаву так спадабаўся панарамны від з акна, што ён адразу ў мяне папрасіў фламастары, кавалак белага ватману і стаў маляваць пейзаж. І ўспамінаў-успамінаў-успамінаў, як у першыя віцебскія студэнцкія гады марыў стаць класным жывапісцам, якія цудоўныя настаўнікі былі ў яго. Асабліва цёпла казаў пра Яфіма Мініна, братоў Даркевічаў і Гаўрылу Шульца. Вось фрагменты некаторых маіх алоўкавых накідаў, якія цудам захаваліся ў хатнім архіве. Падобныя запісы, па студэнцкай звычцы, як правіла, я рабіў у час гутарак з мастакамі і іншымі творчымі персонамі, найбольш цікавымі мне як гісторыку і мастацтвазнаўцу.

Селіханаў пра Хрыстафора Даркевіча: “Хрыстафор Яўгенавіч быў унікальным педагогам, таленавітым каларыстам, рысавальшчыкам і суразмоўцам-энцыклапедыстам; да пары яму быў і яго брат — мастацтвазнаўца Пётр Яўгенавіч, які ў нас таксама выкладаў: чытаў курс гісторыі сусветнага мастацтва. А яшчэ ён лічыўся адзіным на Віцебшчыне жывапісцам-манументалістам. Ад яго я ўпершыню спазнаў, што ёсць фрэска: аказалася — гэта дзівосны жывапіс фарбамі па вільготнай тынкоўцы, які пры засыханні стварае далікатную празрыстую плеўку карбанату кальцыя і замацоўвае фарбы, што дае неймаверную прыгажосць. Дзякуючы настаўніку я ўпершыню пазнаёміўся з Джота, Мазача, П’ерам дэ ла Франчэска і Мікеланджала. Памятаю, як нас — мяне, Ждана, Явіча і Масленікава — уразіла фрэска, выкананая нашым настаўнікам па ўзоры старадаўніх майстроў у фае будынка Чыгуначнага вакзала непадалёк ад пасёлка Сіроцін — гэта прыкладна 40 кіламетраў ад Віцебска. Мы спецыяльна туды ездзілі, каб палюбавацца гэтым шэдэўрам. А як ён любіў ладзіць абмеркаванні нашых вучнёўскіх работ! І разам з намі спецыяльна выстаўляў і ўласныя пейзажы і партрэты, каб мы іх “параўноўвалі” са сваімі эксперыментамі. Тут аўтарытэт педагога не адыгрываў ніякай ролі — можна было гаварыць усё, што думаеш: і пра недахопы твора, і пра тое, як іх паправіць. І калі што, Даркевіч не крыўдзіўся, наадварот, даваў крытыку-вучню пэндзаль у руку і казаў: “Давай, дружа, пакажы, на што ты здольны, выправі мае памылкі…” Запомнілася яго каронная фраза: “Правільна пабудуеш галаву — атрымаеш шуканае падабенства”. І калі я пачынаў ужо займацца партрэтнай скульптурай, заўсёды прыгадваў гэтую сентэнцыю майго настаўніка.

Яго брат таксама быў асобай апантанай: заўсёды ў руху, амаль штодзённа ён чытаў лекцыі пра мастацтва ў самых розных установах горада. І, памятаю, увесь час жэстыкуляваў правай рукой з патухлай люлькай, цытаваў на памяць цэлыя фрагменты класічных мастацтвазнаўчых твораў. Мы часта бачылі яго і ў нашай бібліятэцы, якая ў той час валодала, мабыць, самай багатай ва ўсім горадзе калекцыяй кніг і мастацкіх альбомаў. Для нас Пётр Яўгенавіч здаваўся чалавекам, які прыйшоў быццам бы з іншай эпохі, з невядомага для нас “прекрасного далёка”. Памятаю яго ўлюбёнае выказванне: “Лепш быць добрым шаўцом, чым дрэнным мастаком”… Палка выступаў Даркевіч у абарону храмаў, помнікаў гісторыі і архітэктуры, якія ў тыя часы падлягалі бязлітаснаму знішчэнню альбо прыстасоўваліся пад гаспадарчыя склады. Ён на памяць мог пераказаць Біблію, па яго словах, “кладоўку народнай мудрасці і народнай эстэтыкі”, якая дасталася яму яшчэ да рэвалюцыі ад бацькі-млынара. Вось за гэтую Біблію, за тое, што на сваіх лекцыях Даркевіч выкарыстоўваў з яе розныя прымаўкі і вобразныя выразы, яго не аднойчы жорстка ганьбілі як “абаронцу рэлігійнага цемрашальства”.

Незадоўга да майго заканчэння вучобы, здаецца, у сакавіку 1937-га, абодва браты раптоўна былі арыштаваны як “ворагі народа”, іх судзілі і “прыпаялі” кожнаму па 10 гадоў “без права переписки”. Мы, канешне, тады не ведалі, што гэта азначала насамрэч адно — расстрэл. Неяк мой педагог Фёдар Адольфавіч Фогт у “курылцы” ціха кінуў фразу, маўляў, братоў Даркевічаў, хутчэй за ўсё, арыштавалі за тое, што яны быццам бы схавалі ад НКУС “праўду” пра бацьку. Аказваецца, ён, былы багаты ўладальнік млына пад Веліжам, быў раскулачаны ў канцы 1920-х, сасланы ў Сібір, дзе і згінуў з голаду. Але мы, хаця і “зялёныя”, разумелі, што справа не толькі і не столькі ў гэтым. Хіба ад усюдыісных карных органаў такія факты можна было схаваць?”

А вось згадкі Селіханава пра Яфіма Мініна: “Яфім Сямёнавіч, вучань Пэна, выкладаў у нас малюнак і тэхніку гравюры. У час адсутнасці Пятра Даркевіча чытаў (прытым цудоўна) лекцыі па гісторыі мастацтва. Быў і добрым жывапісцам з тонкім пачуццём колеру. Валодаў вясёлым і жыццярадасным характарам і да нас, студэнтаў, ставіўся па-бацькоўску. У кулуарах пагаворвалі, што ён калісьці сябраваў з забароненым у наш час “эмігрантам” Шагалам і што быццам бы менавіта Шагал запрасіў Мініна ў Віцебскі мастацка-практычны інстытут. Але пра тое Мінін нам ніколі не расказваў. Затое мы з гордасцю казалі сваім сябрам, што наш Яфім Сямёнавіч — першы выдатны майстар ксілаграфіі, якому ў савецкай Беларусі не было роўных. Памятаю, у вучылішчы працавала нават спецыяльна абсталяваная лабараторыя літаграфіі з друкарскімі машынамі і капіравальнымі станкамі. Там Яфім Сямёнавіч друкаваў свае гравюры з краявідамі ўлюбёнага старажытнага Віцебска, а таксама экслібрысы з нацыянальнымі прыкметамі. Аднак, помню, ужо ў сярэдзіне 1930-х стаў падпадаць пад жорсткую крытыку за “архітэктурныя” урбаністычныя пейзажы; яго абвінавачвалі за “класава чужы рэтраспектывізм”, за “любаванне трухлявай, аджылай даўніной” і гэтак далей. Многія тонкасці ў падобнай крытыцы мы тады, канешне, не ўсведамлялі, але такія былі факты… У канцы таго ж 1937-га даведаўся, што рэпрэсавалі і Мініна. Што сказаць? Тады мне, дваццацігадоваму хлопцу, сумленна прызнаюся, было страшна, урэшце, як і іншым, хто быў побач са мной. На тэму арыштаў мы наогул баяліся размаўляць. Баяліся даносаў, пазбягалі незнаёмцаў, падазраючы ў кожным ці то чэкіста, ці то шпіёна, стараліся больш сядзець дома ці ў залах клубаў і кінатэатраў, аднак усё ж у душы верылі, што, магчыма, адбылася бязглуздая памылка мясцовых органаў НКУС, і хутка там, у Маскве, разбяруцца, справядлівасць пераможа. Хаця сярод нас — і вучняў, і настаўнікаў, і суседзяў — большасць было тых, хто шчыра верыў у існаванне “ворагаў працоўнага народа, якіх трэба выпальваць гарачым жалезам”… Жудасны быў час…”

…І сапраўды, час быў жудасны, калі на фоне штодзённага, звычайнага жыцця актыўна ішло выяўленне “нацдэмаўшчыны”, розных польскіх шпіёнаў і дыверсантаў; калі “чорныя варанкі” забіралі і адвозілі перапалоханых віцябчан “куды трэба”. Аднойчы я адшукаў цікавы дакумент 1940 года, у якім беспартыйны Міхаіл Керзін пісаў: “У 1928 годзе нацдэмы былі разгромлены, але далёка не ўсе. Ацалелыя падлюгі: трацкісты, бухарынцы і буржуазныя нацыяналісты, падманваючы давер партыі, прабіраліся на адказныя пасады і працягвалі сваю агідную справу: пад выглядам барацьбы з паслядоўнікамі нацдэмаўшчыны яны імкнуліся знішчыць тое здаровае, што было створана клопатамі партыі і ўлады”.

Незразумела, каго меў на ўвазе першы дырэктар Віцебскага мастацкага тэхнікума, бо ў 1928 годзе яшчэ ні адзін мастак, наколькі я ведаю, не пацярпеў. Толькі пачынаючы з 1930-х, па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, усебаковая палітызацыя мастацтва і ўсёй нацыянальнай палітыкі БССР прыняла нябачаныя да таго часу памеры. Найбольш жорстка прыгняталася ўсё, што мела непасрэдныя адносіны да гісторыі, традыцый і нацыянальнага характару народа Беларусі. Гэта, зразумела, тэма асобная, але тыя “перабудаваныя” падзеі якраз праходзілі на вачах маладога Селіханава і надоўга засталіся ў яго памяці, хаця пра іх ён мала з кім дзяліўся.

Сяргей Іванавіч расказваў і пра іншых сваіх настаўнікаў, але, на жаль, частка запісаў у мяне недзе знікла, і зараз цяжка па памяці іх аднавіць. Аднак яго апавяданне пра Гаўрылу Шульца ў сваіх архівах я ўсё ж знайшоў. І гэта вельмі важна: Шульц аказаўся менавіта тым чалавекам, дзякуючы якому Селіханаў у сярэдзіне вучобы кардынальна і назаўсёды змяніў пэндзаль на разец.

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"