Прыгоды беларускіх бібліятэкараў за акіянам

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Дэлегацыя айчынных бібліятэкараў пабывала ў ЗША. Нататкі ад візіту — ад адной з яго ўдзельніц.

/i/content/pi/cult/631/14030/14-2.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 7 — 9, 12)

Чарговы культурны шок (у добрым сэнсе гэтага слова) адчула, калі нас прывезлі ў Цэнтральную бібліятэку горада Мінеапаліса.

Чатырохпавярховы шкляны будынак, які займае плошчу гарадскога квартала! Яму 10 гадоў. Каб яго пабудаваць, у свой час сабралі рэферэндум, на якім узнялі пытанне аб павелічэнні падатку на нерухомасць. Грамадзянамі было прынята станоўчае рашэнне. І зараз Мінеапаліс ганарыцца сваёй бібліятэкай!

Але бібліятэка захапляе не толькі экстэр’ерам і інтэр’ерам, але і паслугамі, якія аказвае. Тут прадугледжаны ўмовы для абслугоўвання ўсіх груп насельніцтва: дзяцей, падлеткаў, дарослых, у тым ліку інвалідаў па зроку, слыху і якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам.

Ёсць нават пакой з гукаізаляванымі сценамі, у які любы ахвотны можа прыйсці і абсалютна бясплатна 2 гадзіны пазаймацца на раялі. Паслуга вельмі запатрабаваная, таму зрабіць гэта можна толькі па папярэднім запісе.

Асабліва ўразіў цэнтр для падлеткаў “Best Buy Teen Tech”. Чаго тут толькі няма! Пачынаючы ад швейных машын, 3D- і шырокафарматнага прынтара, абсталявання для вырабу наклеек, нанясення малюнкаў на майкі, кубкі і да таго падобнага, і заканчваючы студыяй гуказапісу! Зразумела, што тут заўсёды поўна дзяцей!

Не перастаю захапляцца, як добра ў бібліятэках ЗША наладжаны фандрайзінг: цэнтр гэты створаны і існуе ў асноўным на сродкі сеткавай крамы “Best buy” і грамадскай арганізацыі “Сябры бібліятэкі”. Дарэчы, пра апошнюю мы чуем практычна ў кожнай бібліятэцы ЗША, якую надведваем. Прычым у кожнай з устаноў “Сябры…” свае.

Ну і напрыканцы — маленькая лыжачка дзёгцю. У гэтай бібліятэцы мы сустрэлі картачныя каталогі на замежныя выданні пачатку — сярэдзіны ХХ стагоддзя. Даныя аб гэтых выданнях не ўключаны ў электронны каталог, бо яны не запатрабаваныя карыстальнікамі і абгрунтаваць неабходнасць рэтраканверсіі для атрымання фінансавання на гэтыя працы не ўяўляецца магчымым. Вось дык вось!

Уявіце сабе сітуацыю: у бібліятэку прыходзіць падлетак, садзіцца ў крэсла і кажа бібліятэкару: “Мне сумна!” Як вы думаеце, што зробіць бібліятэкар?

У публічнай бібліятэцы Сэнт-Пола гэта — звыклая сітуацыя, бо тут функцыянуе “Createch studio” — творчая прастора для дзяцей і падлеткаў, дзе прысутнічае ўсё, каб дзеці не толькі цікава бавілі свой вольны час, але і навучыліся нечаму карыснаму. Швейныя машынкі, музычныя інструменты, розныя навучальныя гульні, наборы для рукадзелля і нават студыя гуказапісу.

Мне падалася ўнікальнай методыка працы, абраная ў гэтым цэнтры. Тут няма гурткоў у звыклым для нас сэнсе слова з канкрэтнай групай для навучання, няма фармалізаванай праграмы заняткаў. Разам з бібліятэкарамі працуюць валанцёры, якія займаюцца з дзецьмі ў вызначаныя дні па пэўнай тэматыцы. Дзіця можа прыйсці пазаймацца з настаўнікам альбо самастойна. Калі падлетак хоча дасягнуць пэўнага выніку, напрыклад запісаць песню, з ім будуць займацца да таго часу, пакуль яно не дасягне поспеху. Калі дзіця хоча папрацаваць дома на камп’ютары, яму выдадуць на дом лэптоп з усталяванымі на яго навучальнымі праграмамі. І ўсё гэта абсалютна бясплатна!

Мне вельмі спадабалася ідэя зваротнай сувязі з наведвальнікамі ў гэтым цэнтры. На сцяне вісіць дошка, дзе дзеці пішуць, чаго ім не хапае для ідэальнага баўлення часу. Па меры таго, як пажаданні выконваюцца, запісы сціраюцца. Як сказалі супрацоўнікі, звычайна гэты перыяд складае два тыдні.

А яшчэ вельмі здзівіла, як у раскладзе заняткаў паказана мэтавая аўдыторыя для аднаго з мерапрыемстваў: “All self-identified women welcome” (“Запрашаюцца ўсе, хто лічыць сябе жанчынай”).

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі