Меморыя Курапатам

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Абвешчаны конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мемарыяла) “Курапаты”.

/i/content/pi/cult/631/14016/2-1.jpgМэта яго — пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобраза ўрочышча “Курапаты” як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння. Арганізатар конкурсу — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі ж могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.

Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне памятнага знака (мемарыяла) павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва, адлюстроўваць галоўную ідэю — увекавечанне памяці ўсіх бязвінна загінулых ахвяр XX стагоддзя ў гісторыі Беларусі. Памятны знак павінен быць усталяваны ва ўрочышчы “Курапаты” і лаканічна ўпісвацца ў ландшафт. Дакладнае месца размяшчэння знака можа быць прапанавана ўдзельнікамі конкурсу з улікам асаблівасцей праекта і яго архітэктурна-пластычнага рашэння, уключаючы прапановы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол знака.

Заяўкі для ўдзелу прымаюцца па 26 красавіка 2017 года па адрасе: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 11, каб. 308, тэлефоны + 375 17 203 91 31. Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены ўдзельнікамі конкурсу 26 красавіка 2017 года не пазней за 17.00 па адрасе: г. Мінск, вул. Някрасава, 3, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Конкурсныя матэрыялы разглядаюцца журы на закрытым пасяджэнні не пазней за 1 мая 2017 года. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры (рубрыка “Конкурсы і мерапрыемствы”). А ў бліжэйшы час будзе забяспечана адкрыццё дабрачынных рахункаў у рублях і замежнай валюце для збору сродкаў на стварэнне знака.

А 25 сакавіка ва ўрочышчы "Курапаты" адбыўся суботнік, ініцыяваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА