Зусім не пра жаночае

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Стэрэатыпы свядомасці вылучылі жаночаму мастацтву трывалы дыяпазон тэмаў — ад легкадумнай лірычнасці і “мілаты” да няўрымслівага змагання за права “людзьмі звацца”. Выстава “Чысціня і гігіена”, што адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў напярэдадні прафесійнага свята прадаўцоў цюльпанаў, не проста нязмушана, але рашуча абвяргае гэтыя ўяўленні — яна іх увогуле ігнаруе. Праект атрымаўся грунтоўным і прадуманым, глыбокім і прачулым, праблемным і сацыяльным у самым лепшым сэнсе слова. І хаця ўдзел у ім прынялі выключна прадстаўніцы “найлепшай паловы”, ён зусім не пра “сваё жаночае”. Хутчэй, пра чалавечае, калі на тое пайшло.

/i/content/pi/cult/630/14011/7-1.jpgСупастаўляючы і амаль што супрацьпастаўляючы чысціню (нешта дзіцячае, адпрыроднае, натуральнае) ды гігіену (дарослае, рэпрэсіўнае, але… часам непазбежнае), куратарка праекта Марта Шматава задае выставе належны інтэлектуальны камертон, дазваляючы кожнай з удзельніц самой расшыфроўваць гэтыя паняцці, грунтуючыся на ўласных мастацкіх ідэях і жыццёвым досведзе.

Выстава рыхтавалася болей за год, дзякуючы чаму амаль усе мастачкі змаглі прапанаваць не проста новыя творы, але цэласныя канцэптуальныя праекты, прычым для многіх гэта быў дэбют — дасюль яны працавалі пераважна з больш традыцыйнымі медыямі. Балазе, і сама прастора НЦСМ, падзеленая на невялічкія ўтульныя залы, правакуе памкненне пераўтварыць кожную з іх у нешта кшталту татальнай інсталяцыі.

І паколькі новы досвед сыходзіў з нетраў творчых практык аўтарак (а не з меркаванняў, напрыклад, кан’юнктуры), ва ўсіх без выключэння выпадках ён атрымаўся плённым ды карысным. Прыкладам, змешчаныя ў “канцэптуальную плацэнту” карціны Алены Шлегель — яны прысвечаныя балючым і кантраверсійным тэмам нявінных пакутаў, якія суправаджаюць біблійнае ачышчэнне, — не толькі не згубіліся, але і набылі новае вымярэнне. У сваю чаргу, жывапісныя творы Таццяны Радзівілка такой плацэнты не патрабуюць — яны ўжо самі па сабе з’яўляюцца шматузроўневымі герметычнымі тэкстамі, у якіх кожны з гледачоў можа расчытваць самыя розныя сэнсы.

Кацярына Сумарава, у актыве якой ёсць свая ўласная, надзвычай выразная і пазнавальная за кіламетр манера абстрактнага жывапісу, гэтым разам дзеля раўнавагі дадала да яе другі элемент, надзвычай канкрэтны — ваду з розных вадаёмаў Беларусі. І абодва яны працуюць бы дзве паловы лёгкіх. Памежныя тэрыторыі экалогіі і мастацтва натхняюць таксама і віцебскую мастачку Алену Толабаву, якая ў сваёй інсталяцыі задзейнічала падлогу, засыпаўшы яе тымі пластыкавымі шарыкамі, што выкарыстоўваліся дзеля “ўтылізацыі” забруджанага амерыканскага вадаёма. Перанесены ў галерэйную прастору, гэты прыём губляе свае функцыянальныя ўласцівасці — але затое атрымалася “проста прыгожа”.

Вольга Сазыкіна разам са студэнткамі БДАМ Ганнай Маршавай і Кацярынай Міхнюк балансуюць на іншым памежжы — мастацтва і традыцыйных рытуальных практык, якія ўсё болей натхняюць сучасных аўтараў. Кашуля, зробленая з крапівы — гэта не проста дзіўны твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але сродак ініцыяцыі і ачышчэння. Як гэта зазвычай і бывае ў такіх выпадках, рытуал успрымаецца тут не ў этнаграфічным або, тым больш, рэлігійным вымярэнні, але як цікавы і ў нечым правакацыйны ідэйны субстрат для ўласнай творчасці.

З міфам, эпасам і наогул калектыўнай свядомасцю працуе і Жанна Капуснікава, чые вялікія фантасмагарычныя палотны — неверагодны кактэйль з ідэалістычных вобразаў народнага светапогляду (аўтарка ўдала цытуе знакамітыя маляванкі) і прыземленых да агіды побытавых тэмаў. Як вынікае з экспліцыі мастачкі, ужыванне ўнутр гэтай візуальнай “Крывавай Мэры” можа мець ачышчальны, катарсічны эфект, вызваляючы нашу свядомасць ад таго, што рызыкуе стаць непазбыўным берамем у вечнасці.

Зусім іншым паводле свайго эмацыйнага пасылу атрымаўся праект Таццяны Кандраценка — гэта класічны рафінаваны канцэптуалізм, які не радуе ні вока, ні пачуцці. Зрэшты, мэта тут цалкам апраўдвае і вызначае сродкі. Адклаўшы на час пэндзаль, мастачка звярнулася да паняцця “доксы” — набору аксіяматычных уяўленняў, якія не ставяцца нікім пад сумнеў. Экспазіцыя — прыклады такіх “доксаў” і аднайменнае турэцкае мыла, купленае ў бліжэйшым гіпермаркеце. Яго пах, які пануе ў той зале, цудоўна дапаўняе аўтарскі “мэсідж”.

Адразу дзве мастачкі прысвяцілі свае праекты даследаванню мяжы паміж працэсам, які звычайна не выносіцца на суд публікі, і, уласна, артэфактам. Жывапісец Зоя Луцэвіч рэканструявала ў выставачнай прасторы ўласную майстэрню: напоўненую дарагімі для сэрца рэчамі сферу бытавання мастака, далёкую ад стэрыльнасці ва ўсіх сэнсах слова. Аніматарка Галіна Раманава вываліла на падлогу выставачнай залы змесціва ўласных шафаў — графічныя аркушы, якія не прызначалася для экспанавання, але так ці іначай знітаваныя з жыццём аўтаркі. Не дзіўна, што гэтая інсталяцыя папоўніла ладны спіс твораў сучаснага мастацтва, якія пацярпелі ад прыбіральшчыц. Але на гэтым анекдатычнасць сканчаецца: твор артыкулюе надзвычай важныя праблемы “санітарнай” рэвізіі не толькі творчых набыткаў, але таксама і ўласнай памяці.

Але бадай самы ўражвальны праект прадставіла сама Марта Шматава. Яна вядомая як аўтарка па-магрытаўску адстароненых жывапісных палотнаў, а гэтым разам выкарыстала сваю фірмовую выяўленчую манеру ў якасці медыя для твора канцэптуальнага мастацтва. Першая, нябачная для гледачоў частка яе праекта, — апытанне бамжоў, якіх аўтарка папрасіла распавесці пра ўласнае дзяцінства (іх галасы сталі часткай экспазіцыі). Другая, бачная — карціны, што выяўляюць запазычаныя з тых расповедаў пастаральныя сцэнкі, аднак да дзіцячых цельцаў прылепленыя цяперашнія твары пашкуматаных жыццём герояў. Назва праекта — “Людзі нараджаюцца чыстымі” — вычарпальна тлумачыць яго ідэю, але менавіта дасканаласць выяўленчай мовы пераўтварае гэты неаспрэчны пастулат у глыбокае і кранальнае мастацкае выказванне.

…Не выпадае здзіўляцца таму, што разлічаная на сур’ёзнае ўспрыняцце выстава займела ў гэтым павярхоўным свеце куды меншы рэзананс, чым, напрыклад, акцыя феміністак супраць рэкламы бялізны. Хаця ў той гендарнай дыскусіі, якая даўно стала пастаянным інтэлектуальным фонам нашага мастацкага і не толькі жыцця, гэты праект мог бы стаць папраўдзе пераканаўчым аргументам.