Дзе знакі прагрэсу?

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Мастакі, дызайнеры, музейшчыкі ды іншыя прадстаўнікі арт-сферы ведаюць Пятра ВАСІЛЕЎСКАГА найперш як журналіста, які мае ўласны погляд на тое, што адбываецца ў нашай культурнай прасторы. З мінулага ж года ён з’яўляецца старшынёй секцыі крытыкі Беларускага саюза мастакоў. Таму гэтае інтэрв’ю менавіта пра ўсім нібыта вядомае, але, магчыма, не зусім зразумелае, а таксама пра тое, чаго можна чакаць ад мастацкай крытыкі ў перспектыве, зыходзячы з нашай культурнай рэчаіснасці.

/i/content/pi/cult/630/14009/4-2.jpgБез куражу і без “птушачак”

— Што саюз дае крытыку, мастацтвазнаўцу?

— Каб разважаць пра выгоды і зручнасці, якія дае сваім сябрам творчы саюз, трэба найперш разабрацца, якія ўвогуле функцыі ён выконвае ў культурнай прасторы нашай дзяржавы. А потым ужо меркаваць пра канкрэтныя структуры саюза, пра секцыю крытыкі ў прыватнасці. Па жыцці атрымліваецца так, што перш чым сказаць “дай!” трэба сказаць “на!” Выгоды, якія мелі сябры творчых саюзаў у савецкі час, былі зыходна аплочаныя працай на імідж сацыяльнага ладу, на прэстыж дзяржавы. Саюз даваў мастаку (і мастацкаму крытыку) высокі статус і сацыяльную абароненасць. Мастак мог афіцыйна прэтэндаваць на майстэрню ці паляпшэнне бытавых умоў, на пуцёўку ў дом творчасці, дзе было зручна сумяшчаць творчую працу і адпачынак, на дзяржаўную замову.

Сёння ж саюз ужо не праваднік ідэалогіі, не інструмент дзяржаўнай культурнай палітыкі, а грамадская арганізацыя, пры тым што ў маральным сэнсе і паводле патрыятычнага паклікання Саюз мастакоў адказвае за беларускую культурную прастору.

Крытыка ж яшчэ да сацыялістычнага рэалізму выконвала ролю інфарматара грамады ў культурнай сферы. І не толькі грамады ўвогуле, а канкрэтных патэнцыйных спажыўцоў культуры, замоўцаў на мастацкі твор. Напачатку функцыя крытыка абмяжоўвалася напісаннем каталога твораў таго ці іншага салона, той ці іншай галерэі. Потым з’явілася крытыка, якая ў большай ці меншай ступені дапамагала людзям арыентавацца не толькі ў коштах на творы мастацтва, але і ў мастацкіх кірунках. Асабліва крытыка як сістэма ўплыву на грамадскую думку спрацоўвала, як я мяркую, у Расіі на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Былі такія асобы як Уладзімір Стасаў, Ігар Грабар, Максіміліян Валошын... Пры тым, што не было ні саюза мастакоў, ні секцыі крытыкі пры саюзе.

Зараз нічога падобнага і блізка няма. Іншы час, іншыя сацыяльныя і культурныя рэаліі. Я яшчэ толькі ўваходжу ў справу, знаёмлюся са сваімі калегамі ў Мінску і рэгіёнах, спрабую вызначыць, чым займаецца і чым на карысць агульнай справы мог бы займацца кожны з іх. Хтосьці выкладае, хтосьці вядзе курсы, чытае цыклы лекцый, працуе па выдавецкіх планах. Ёсць сярод крытыкаў музейшчыкі, журналісты. Ёсць, так бы мовіць, і вольныя мастакі, якія нідзе на працы не лічацца. На тых сходах секцыі, дзе мне раней даводзілася прысутнічаць, гаворкі пра творчасць не памятаю. Сур’ёзнай праблемай было проста сабраць людзей, каб быў кворум. Складваецца ўражанне, што секцыя — гэта фармальнае аб’яднанне прынцыповых індывідуалістаў, якіх вельмі цяжка настроіць на нейкую агульную справу. Пры тым, што ў кожнага свая справа ёсць. Мабыць, гэта трэба прымаць як дадзенасць: творчыя людзі шыхтамі не ходзяць.

Іншая справа і рэальная праблема  — тое, што крытыкаў, якія пішуць прафесійна і якасна, адносна мала — без сацыяльнага і творчага вопыту няма і ўмення працаваць сістэмна. Прычым няма ў людзей, што пішуць пра мастацтва, і матэрыяльнага стымулу для плённай працы. Сышлі ў нябыт (спадзяюся не назаўсёды) запал і кураж, якімі сілкавалася друкаванае слова 1990-х. Не скажу, што людзі ў тыя гады былі абыякавымі да грошай і выгод, якія грошы даюць, але творчая самарэалізацыя ў шкале каштоўнасцей стаяла вышэй за матэрыяльныя даброты. Прэстыжна было зрабіць нешта сваё, такое, што не ўпісвалася ва ўсталяваную сістэму, не адпавядала звыклым рэаліям. Тады ўпершыню з’явілася разуменне “нефармальнага мастацтва”, знайшліся людзі, якія насамрэч прапаноўвалі “эстэтычную альтэрнатыву”. Зараз гэты кураж, паўтаруся, знік. Хаця, можа, я той час крыху ідэалізую.

Мо сітуацыю ўзрушыў бы, стымуляваў бы станоўчыя змены сур’ёзны праект дзяржаўнага маштабу, для выканання якога спатрэбіліся б высілкі ўсіх кваліфікаваных крытыкаў і мастацтвазнаўцаў краіны. Напрыклад, распрацоўка асветніцкай праграмы, даследаванне пэўных з’яў нацыянальнай мастацкай культуры, зрэшты — проста мэтанакіраваная занатоўка найбольш важных з’яў і падзей культурнага кшталту, напісанне хронікі мастацкага жыцця сталіцы і рэгіёнаў. Патрэбны праект, у якім маглі быць задзейнічаны як мага больш нашых крытыкаў і мастацтвазнаўцаў. І каб трапіць у каманду гэтага праекта аказалася прэстыжна.

— Можа, варта зрабіць школу маладога крытыка на базе саюза, дзе моладзь вучылася б пісаць якасныя, чытэльныя тэксты?

— Гэтаму навучыць практычна немагчыма, калі няма ўнутранага паклікання, матывацыі. Балазе мастак сёння лічыць, што яму патрэбны менеджар, маркетолаг, а не крытык. Роля ж прафесіяналаў слова ў прасоўванні культурнага прадукта сёння відавочна недаацэньваецца.

— Але секцыя ўсё ж такі ёсць…

— Так, пра новае мастацтва павінны гаварыць новыя людзі — моладзь. І магчыма, варта праводзіць нейкія сумесныя акцыі, скажам, маладых мастакоў і маладых крытыкаў. Калісьці, памятаю, я сам яшчэ маладым мастацтвазнаўцам удзельнічаў у падрыхтоўцы рэспубліканскай выставы маладых мастакоў. Сябры маладзёжнай секцыі саюза хадзілі па майстэрнях аднагодкаў-мастакоў і адбіралі работы ў экспазіцыю выставы. Цяпер таксама да месца прыйшоўся б мастацкі праект, дзе крытыкі зыходна бралі б чынны ўдзел. Так, у групе мастацтвазнаўцаў адзін працаваў бы як менеджар, другі пісаў бы тэксты, трэці займаўся б піярам…

— З якімі праблемамі вы сутыкнуліся як старшыня секцыі крытыкі?

— Я па-сапраўднаму яшчэ ў справу не ўвайшоў. Маю шмат працы як журналіст. Не паспяваю наведаць цікавыя асабіста мне і, мяркую, маім чытачам выставы. Цікавыя з’явы адбываюцца і ў рэгіёнах. Каб была магчымасць, з камандзіровак не вылазіў бы. Не хапае ў краіне прафесіяналаў слова і думкі, не хапае людзей, якія могуць працаваць на канцэптуальным узроўні. Як выстава ці якая іншая падзея ці з’ява ўпісваецца ў культурную палітыку нашай краіны? Яна дапамагае вырашыць нейкія праблемы альбо “ўводзіць” ад іх у бок? Выстава — з’ява, якая прагучыць, або яна зроблена дзеля “птушачкі”? Менавіта гэтыя пытанні павінны ўздымацца ў матэрыялах журналістаў ды крытыкаў.

Чалавеку заўжды цікавы другі чалавек

— Некаторая частка зацікаўленай культурай грамады спецыяльна не чытае крытычныя артыкулы: суб’ектыўнае меркаванне крытыкаў ім не патрэбнае. Галоўнае — вольны ўваход у музей, а прааналізаваць выставу можна і без дапамогі арт-журналістаў. Як вы ставіцеся да гэтай тэндэнцыі?

— Грамадства проста не адчувае патрэбы ў інстытуце мастацкай крытыкі на дадзеным этапе. Іншая справа, калі нас дзесьці не заўважаюць і не шануюць, значыць, мы штосьці робім не так. Каштоўнасць жа мастацтва вызначаецца толькі тады, калі збольшага ўсё ёсць. Вось куды вешаць карціну, калі няма дома?

Што да вольнага ўваходу… Мастацтва ў нейкай ступені ўжо раскоша. І калі на гэтую раскошу прапускаюць зусім бясплатна, мяркую, тое — не зусім нармальна.

— Якія змены, па вашым меркаванні, чакаюць крытычныя матэрыялы ў будучыні? Якія формы і жанры знікнуць? Што з’явіцца?

— Пісаць трэба добра і чытэльна — гэта апрыёры. Мяркую, стылістыка зменіцца. Тэксты будуць больш кароткімі і больш канкрэтнымі. Іншы раз гляджу фільмы 1950 — 1960-х гадоў, якія лічацца класікай. Разумею, ставілі вялікія рэжысёры, граюць вялікія акцёры, але ў гэтым кіно іншая стылістыка, “расцягнутая” прастора, і мне сумна іх глядзець. Мне бліжэйшае дынамічнае ды яркае кіно. Так і з матэрыяламі крытыкаў. Доўгія тэксты не надта запатрабаваныя, акрамя вузкага кола зацікаўленых, пэўна.

Я хацеў бы сёння пісаць пра мастакоў, якія пайшлі з жыцця, як кажуць, на “ўзлёце”. Мастацтва — гэта не толькі карціны і скульптуры, гэта найперш людзі, якія іх ствараюць. І іншым разам біяграфія мастака бывае больш цікавая за ягоны твор. Думаю, гэта перспектыўны кірунак у нашым мастацтвазнаўстве і журналістыцы. Асабліва зараз, на зломе эпох, які зацягнуўся. Бо чалавеку заўжды цікавы другі чалавек. Скажам, драматычны лёс Амедэа Мадзільяні (гэта адзін з маіх любімых мастакоў) “падсвечвае” ягоныя карціны. Зрэшты, гэта можна сказаць пра любога творцу. Проста не пра ўсіх ведаем.

Мне цікава не проста прайсціся па выставе, а пагутарыць з мастаком і зразумець ягоную асобу. Зараз шкадую, што з некаторымі творцамі пры іх жыцці так і не меў сапраўднага сумоўя.

— Як вы лічыце, ці існуюць пэўныя падыходы, спосабы да напісання матэрыялаў пра сучаснае актуальнае мастацтва?

— Канешне. Пра яго нельга пісаць так, як мы пішам пра класічныя творы. Мяркую, якраз гэтым напрамкам магла б заняцца маладая плынь крытыкі. Праўда, на тое, што зараз робіць моладзь, гляджу вачыма чалавека, які атрымаў іншую адукацыю, выхаваны ў іншай сістэме. Дзесьці ў 1990-х скончылася цэлая эпоха ў сацыяльнай, палітычнай гісторыі — і ў гісторыі культуры ў тым ліку. Зараз ідзе пабудова чагосьці новага.

— На вашу думку, ці можа мастацтвазнаўца называцца “прафесіяналам”, калі ён з-за складанага матэрыяльнага становішча не выязджаў за межы Беларусі, а творы класікаў ведае па кнігах і па сеціве?

— У мастацтва свая геаграфія. Для мастакоў Парыж — другая радзіма. Для паўнаты адчування прафесіі варта на свае вочы ўбачыць творы мастацтва. Але, скажам, Эндру Уайет ніколі не выязджаў са свайго штата. І я разумею чалавека, які выпрацаваў адпаведнае стаўленне да жыцця. Той жа крытык, літаратар цалкам можа жыць у сваім даволі шчыльным коле, і яму гэтага будзе дастаткова.

— Ці можа мастацтвазнаўца быць на “беларускім узроўні”?

— Ёсць проста мастацтвазнаўца, і не мае розніцы беларускі альбо не. Гэта прафесія. Проста сваё асяроддзе ведаеш лепей, чым астатнія.

— Колькі краіне патрэбна крытыкаў, каб “узбагаціць” глебу?

— Рыхтаваць трэба багата. Прычым варта разумець, што палова “адсеецца”. Потым, скажам, пэўная частка з тых, хто застанецца, будзе займацца гэтым ад часу да часу. І толькі некалькі чалавек зоймуцца крытыкай па-сапраўднаму.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст