Кошт “палявання” на Альгерда

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Не сакрэт, што краўдфандынг — збор сродкаў пад фінансаванне сваіх праектаў у прыватных асоб на спецыяльных электронных пляцоўках — сёння ў пашане і ў знакамітых музыкантаў, і некаторых раённых установах культуры, і ў асобных работнікаў сферы. Днямі ж шэраг прыхільнікаў краўдфандынгу папоўніўся яшчэ адной установай культуры, гэтым разам — агульнарэспубліканскага значэння.

Гаворка — пра Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Яшчэ ў пачатку сакавіка ўстанова культуры зарэгістравала на краўдфандынгавай платформе праект па набыцці калекцыі з дзевяці раннелітоўскіх манет XIV стагоддзя. Прадстаўленыя срэбраныя грошы маюць намінал пенязь (дэнарый), і чаканіліся яны яшчэ ў часы Альгерда і Ягайлы.

Як патлумачылі “К” у музеі, артэфакты часоў станаўлення Вялікага Княства Літоўскага — даволі рэдкія рэчы, якія вельмі слаба ці ўвогуле не прадстаўлены ў айчынных музеях. Між тым, як вядома, ВКЛ аказала моцны ўплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці, культуры і мовы, таму набыццё ды наступная дэманстрацыя такіх манет наведвальнікам вельмі важныя як у гістарычным, так і ў культуралагічным аспектах.

Дарэчы, у зборах Нацыянальнага гістарычнага музея краіны сёння ёсць усяго толькі дзве раннелітоўскія манеты. Справа ў тым, што, па-першае, даваенныя нумізматычныя зборы музея былі амаль цалкам страчаны падчас акупацыі Мінска ў часы Вялікай Айчыннай вайны, а па-другое, “эмісія” такіх манет была сама па сабе не надта вялікай нават у тыя часы эпохі Сярэднявечча. Таму натуральна, што музейшчыкі адразу ўхапіліся за прапанову прыватнага калекцыянера прадаць гэтыя артэфакты.

Паколькі збор сродкаў адбываецца праз краўдфандынгавую платформу, кожнаму, хто ахвяруе грошы на праект, музейшчыкі абяцаюць “бонусы” і падарункі. Гэта можа быць паштоўка, згадка чалавека ў якасці спонсара на сайце музея, экскурсія па музейнай экспазіцыі і нават доўгатэрміновы абанемент на бясплатнае наведванне ўстановы культуры. Але з апошнім “бонусам” сёння яшчэ існуюць пэўныя нюансы.

— На сайце цяпер змешчана інфармацыя пра двух і нават пяцігадовыя абанементы для тых, хто ахвяруе значную колькасць грошай на набыццё калекцыі, але гэтая інфармацыя не зусім слушная, — адзначыў “К” дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў. — Мы пакуль спыніліся на адным варыянце — гадавым абанеменце, які будзе прадастаўляцца ў якасці бонусу для буйных ахвярадаўцаў. І гэта цалкам наша рашэнне, якое не трэба ўзгадняць з Міністэрствам культуры краіны (як таксама не зусім слушна адзначана на сайце), бо мы прынялі яго згодна з нашым правам уласніка і паводле нядаўна прынятага “Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры”.

Да слова, кошт калекцыі, якую хочуць набыць музейшчыкі, складае даволі важкую суму ў 7 тысяч 200 рублеў. На саму ж акцыю на краўдфандынгавай пляцоўцы адведзена ўсяго толькі 60 дзён. І, на жаль, як вынікае са статыстыкі, за 39 дзён да завяршэння кампаніі сабрана толькі 10 % ад сумы — 755 рублёў ад 18 неабыякавых асоб. Але Алег Рыжкоў гэтым фактам надта не засмучаецца.

— Па-першае, час у нас яшчэ ёсць: магчыма, за наступны месяц уся неабходная сума будзе ўрэшце атрымана, — сказаў дырэктар музея. — Акрамя таго, не варта забывацца, што “Талака.бай” прадастаўляе магчымасць працягнуць праект у часе. Таму ў гэтай сітуацыі я бачу два варыянты развіцця падзей: або пасля завяршэння тэрміну акцыі мы забіраем атрыманую суму (хай сабе і не поўнасцю тую, якую нам хацелася б мець), дадаём свае грошы ці грошы спонсараў і набываем калекцыю, або працягваем збор сродкаў яшчэ на некаторы час, скажам, на 2 — 3 месяцы. Так што я ўпэўнены, што старадаўнія манеты часоў ВКЛ застануцца ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў любым выпадку, і пасля іх зможа ўбачыць кожны наведвальнік нашай установы культуры.

Што ж, паглядзім, як будуць развівацца падзеі далей. Але што ні кажы, а тэндэнцыя набыцця музейных артэфактаў талакой спонсараў, якую, калі не памыляюся, запачаткаваў у Беларусі яшчэ колькі гадоў таму Музей гісторыі Магілёва, паспяхова працягваецца і надалей. І калі да гэтага музейнага спонсарскага і краўдфандынгавага мэйнстрыму цяпер далучаюцца нават буйныя нацыянальныя музеі, у выйгрышы, відаць, застаюцца ўсе: і музейшчыкі, і наведвальнікі, і, натуральна, прыватныя калекцыянеры, якія, мяркую, цяпер з большай ахвотай будуць прапаноўваць свае артэфакты ўстановам культуры, а не выводзіць іх на “шэры” рынак. Прынамсі, хацелася б на гэта спадзявацца.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"