А хор жыве ў ёй!..

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі 20 сакавіка прагучаў урачысты канцэрт, прысвечаны юбілею народнай артысткі Беларусі, галоўнага дырыжора і кіраўніка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы Людмілы Яфімавай.

/i/content/pi/cult/630/14001/2-1.jpgКанцэрт, на які сабраліся калегі, сябры, вучні Людмілы Барысаўны, харавыя калектывы дзіцячых музычных школ, адкрыўся віншавальным адрасам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які зачытаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Віншаванні прагучалі ад генеральнага дырэктара Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандра Гарбара і яе мастацкага кіраўніка Юрыя Гільдзюка, а таксама калег Людмілы Барысаўны — мастацкага кіраўніка, галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча Міхаіла Казінца, галоўнага дырыжора Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандра Анісімава ды іншых.

У праграме канцэрта прагучала знакамітая музыка: беларуская песня “Зорка Венера” ў апрацоўцы Анатоля Багатырова (салісты Людміла Аляксандрава, Іван Бурак), марш з оперы “Аіда” Джузэпэ Вердзі (Кацярына Петрыкава — фартэпіяна, дырыжор Дзмітрый Сопат), марш “Вена-Вена” (апрацоўка Дзмітрыя Хлявіча, ён жа і дырыжор).

І, нарэшце, Сяргей Рахманінаў і ягоная частка “Літургіі Іаана Златавуста” — “Слава Айцу, і Сыну”. Дырыжыруе Людміла Яфімава. Тут — дакладны штрых і адгаданая эмоцыя, нявольная сляза на шчацэ, калі скаланаецца зала, жывая прастора, якая спявае, і ўносіць “у купал” думкі і пачуцці. Адчуваецца, наколькі суладны калектыў жэсту Людмілы Яфімавай — з вастрыні дырыжорскай палачкі паводле правіла ейнага настаўніка Ільі Мусіна злятае найдрабнейшы нюанс, які надае музыцы элегантнасць ці тонкасць, вытанчанасць ці пампезнасць, іронію ці жартаўлівасць. Хор гучыць зладжана, дэманструючы дзіўнае паразуменне, якое заўсёды ўласцівае калектыву, у якога ёсць вопытны кіраўнік, прафесіянал сваёй справы.

Хор для спадарыні Яфімавай — гэта сама музыка: “Паміж хорам і гледачом існуе прастора, у якой нараджаюцца гукі, сугуччы, фарбы — або тое нябачнае, што мы называем натхненнем”.

— Працаваць са спевакамі — сапраўднае задавальненне, але і тытанічная праца. Бо хор — гэта той калектыў, у якім “начыста” адпрацаваная артыкуляцыя і спеўны гук, што з’яўляецца “візітнай карткай” прафесійнага хора. Ён павінен разумець дырыжора, адгадваць і ведаць найменшы жэст, таму што жэст — аснова ў дырыжорскім мастацтве. Іншымі словамі, “жыць і дыхаць” разам з дырыжорам”, — зазначае Людміла Барысаўна. — Тады ўзнікае тое дзіўнае адчуванне агульнасці, судакранання, такое каштоўнае і ў калектыве, і ў міжасобасных адносінах. Для мяне тое, ці праспяваны прафесійна твор, — важны крытэрый у ацэнцы маёй працы і працы калег. Можна “закрыць вочы” на нейкія дробныя “чалавечыя” пралікі, якія бываюць ва ўсіх, але майстэрства павінна быць найвышэйшым!

Людміла Барысаўна кіруе калектывам капэлы з 1987 года. Яна прыйшла, калі ў краіне ўжо склаліся традыцыі акадэмічнага харавога спеву. Яфімава ж прыўнесла на беларускую сцэну дух і майстэрства ленінградскай школы дырыжыравання, стваральнік якой якраз Ілья Мусін.

— Я паважаю традыцыі! Але люблю ісці наперад, эксперыментаваць, спяваць рознастылёвыя творы. Музыка — жывы Сусвет, дзе кожная нота гучыць унікальна. Таму мы спяваем Вэрдзі і Моцарта, Шумана і Брукнера, Дворжака і Берліёза, Гайдна і Кабалеўскага, Баха, Пучыні, Шастаковіча, Пракоф’ева і, вядома ж, музыку беларускіх кампазітараў! Капэла ўдзельнічала ў шматлікіх фестывалях, мы спявалі на грандыёзных канцэртных пляцоўках свету! Калектыў запрашалі на гастролі ў Германію, Іспанію, Італію, Аўстрыю, Галандыю, Данію, Францыю ды іншыя краіны, прымалі мы ўдзел у культурнай праграме Алімпійскіх Гульняў у Барселоне. А летам прымем удзел у музычным фестывалі “Tiroler Festspiele Erl”. Гэта заслугі ўсіх маіх спевакоў, іх сапраўднай творчай садружнасці, а самае галоўнае — любові да музыкі! — кажа Любоў Барысаўна.

А таксама дырыжор лічыць, што чалавечаму голасу падуладна тое, што непадуладна інструменту, хоць менавіта інструмент імітуе голас: “Бо менавіта ён перадае разнастайнасць адценняў гуку, мае ўнікальны каларыт, нараджае саборнасць паміж людзьмі, дзякуючы таму, што мы ўсе спяваем, а значыць, адчуваем голас як нешта роднае…”

У фінале святочнага канцэрта прагучала харавая капэла імя Рыгора Шырмы. Уся зала ўстала і заспявала “Многая лета!” ды ўбачыла, адчула любоў, захапленне, якія іскрацца ў вачах Людмілы Барысаўны, калі яна жыве ў цэнтры цудоўнага свету, імя якому хор. А хор жыве ў ёй. Так… За гэта мы і любім капэлу. Яна як струна — дакраніся, і зазвініць на патрэбнай частаце.

— Што я хачу сёння пажадаць? — задаецца пытаннем Людміла Барысаўна. — Канешне, вясновага настрою, пазітыўных эмоцый, радасці! Але самае галоўнае, напэўна, каб паміж людзьмі нараджалася калегіяльнасць, узаемапавага і, канешне ж, любоў адзін да аднаго. Бо менавіта ж такім чынам, на гэтых “кітах” чалавечых адносін вырасла і я, і мой калектыў — у прафесійным асяродку нашай Айчыны. Людзі (дырыжоры), якія вакол мяне, заўсёды спрыяюць росту, новым адкрыццям і новым дасягненням. Я вельмі ўдзячная ўсім сваім калегам!

Марына МДЗІВАНІ, музыказнаўца

Фота Аліны САЎЧАНКА