Пра харызму,“Арт-мажор”, Скарыну і мажарэтак

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Музычна-адукацыйны праект “Беларусь-тур” паспрыяў таму, што ў Бабруйску, культурнай сталіцы 2017 года, прайшоў канцэрт беларускага віртуоза-акардэаніста Ігара Квашэвіча. Пра гэта паведамляе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Бабруйскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Яўгена Цікоцкага Таццяна Сінькова. Потым музыка правёў сярод вучняў і педагогаў майстар-клас.

/i/content/pi/cult/630/14000/11-1.jpgТэму культурнай сталіцы бягучага года працягвае навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Ларыса Цімашэнка. Яна распавядае, што “сталічны” сакавік — тэатральны, бо гэтымі днямі ладзіцца акцыя “Тэатральныя сустрэчы ў Бабруйску”. Музей жа правёў цыкл заняткаў для школьнікаў “Батлейка запрашае”.

19 сакавіка ў Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў стартаваў VII Міжнародны фестываль-конкурс “Славянскі карагод”. Больш за 300 удзельнікаў з Бранска, Цвяры, Калугі, Наваполацка і Магілёва спаборнічаюць у намінацыях “Эстрадны вакал”, “Інструментальнае выканальніцтва”, “Народныя спевы”, “Харэаграфія”, “Акадэмічныя спевы”. Мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры Наваполацка Святлана Трубіна напісала, што эстрадную студыю яе ўстановы прадстаўляла на фэсце салістка Ксенія Вашчанка. Яна стала лаўрэатам першай ступені.

Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская распавядае: “У нашай установе ў другі раз адбыўся конкурс “Цудоўная пяцёрка-2017”. Сярод удзельнікаў — харызматычныя і таленавітыя прадстаўнікі прадпрыемстваў ды арганізацый раёна. Ім трэба было давесці, чый калектыў самы творчы. Перамагла каманда Пятрэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа”.

Пры Талачынскім гарадскім доме культуры цягам трыццаці гадоў дзейнічае народны клуб “Ветэран”, якім кіруе Людміла Ваўчок. Намеснік дырэктара Талачынскага РЦК Таццяна Спаткай напісала, што пры клубе дзейнічаюць хор, вакальны калектыў “Залаты ўзрост”, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Майстрыха”, танцавальны гурт “Другое дыханне”.

21 сакавіка ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў стартаваў XXV Фестываль мастацтваў “Арт-мажор” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Як паведамляе дырэктар Прадзюсарскага цэнтра “Арт-мажор” Святлана Анісько, фестываль ладзіцца ў рамках Рэспубліканскай праграмы “Год навукі” і святкавання 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Фестывальныя мерапрыемствы будуць доўжыцца да чэрвеня на сцэнічных і выставачных пляцоўках сталіцы. Мэта мерапрыемства — захаванне і развіццё нашай культурнай спадчыны.

У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася сустрэча з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці, аўтарам серыі кніг пра Францыска Скарыну Алесем Сушам. Мерапрыемства прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Аўтар допісу Таццяна Салаўёва паведамляе: “Суша вывучае жыццё і творчасць нашага першадрукара. Вынікам гэтага стаў трохтомнік “Францыск Скарына”, які прэзентаваў аўтар. Выданне, падрыхтаванае “Беларускай энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі”, атрымала дыплом І ступені на 56-м Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”. Па словах А. Сушы, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання запланавана мноства мерапрыемстваў: пленэры, навуковыя канферэнцыі, сустрэчы з творцамі. У верасні Нацыянальная бібліятэка Беларусі стане месцам правядзення Міжнароднага кангрэсу, прысвечанага знамянальнай даце”.

21 сакавіка ў Мастоўскай раённай бібліятэцы, як распавядае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ўстановы Вольга Коршун, адбылося свята паэзіі “Купала і Колас — наш гонар, сумленне і слава”. Акцыя прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння Песняроў. “Удзельнікі свята паказалі інсцэніроўку купалаўскай “Паўлінкі”, — піша аўтар. — Гучалі ўрыўкі з коласаўскай паэмы “Сымон-музыка”.

Вядучы метадыст Віцебскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка паведамляе: 22 сакавіка ў Цэнтры культуры “Віцебск” прайшоў абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў ансамбляў барабаншчыц і мажарэтак устаноў культуры і адукацыі. Такіх калектываў на Віцебшчыне — 17. Гаворка ішла пра далейшае іх развіццё… Яшчэ ў студзені была распачата акцыя “Падары музею экспанат”. Скончыцца яна ў маі, калі Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей прэзентуе новую выставу з падораных фотаздымкаў, дакументаў, карцін, прадметаў адзення… У аграгарадку Акцябрскі дзейнічае выстава работ сябра Беларускага саюза дызайнераў, мастака Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Наталлі Ярмолавай.

8 красавіка сталічная філармонія збярэ ў вялікай зале сяброў і прыхільнікаў кампазітара і педагога Алеся Рашчынскага, дзякуючы якому ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Міхаіла Глінкі ў 1973 годзе адкрыта аддзяленне “Народна-харавыя спевы”. Пра гэта піша арганізатар канцэрта і выпускніца згаданага аддзялення Юлія Юхно-Тарасевіч.

Бібліятэкар Лішкаўскай сельскай бібліятэкі (Бераставіцкі раён) піша пра экскурсію пагранічнікаў заставы “Сямёнаўка” ў Музей Вавёркі і ў раённую бібліятэку.

Музей-сядзіба “Пружанскі палацык” арганізаваў сустрэчу з творчасцю земляка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, літаратара, гісторыка, археолага, этнографа, грамадскага дзеяча, музыканта, мастака і аднаго з пачынальнікаў беларусазнаўства, творчая спадчына якога налічвае каля 600 тамоў. Пра гэта піша галоўны захавальнік фондаў установы Наталля Пракаповіч.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"