Клубная саната для саламянай скрыпкі

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Бабірова і Калацічы: “саліруюць” дуэты
Працягваем знаёміцца з культурай Глускага раёна. У полі зроку — вёскі Бабірова і Калацічы. Цікавіла, як і заўжды, літаральна ўсё, але ў першую чаргу — асобы, на якіх і трымаецца сельская культура. І, натуральна, мы іх сустрэлі ды папоўнілі “калекцыю” неабыякавых людзей.

/i/content/pi/cult/630/13999/10-1.jpgПрызнаемся, некалькі гадоў таму мы праязджалі па гэтых мясцінах. Таму аб’екты наведвання гэтым разам стараліся, так бы мовіць, сартаваць: калі раней, да прыкладу, перавагу аддавалі бібліятэцы, дык цяпер увагу канцэнтравалі на клубе, і — наадварот.

“Сельскі тэатрал” — гэта традыцыя

У вёсцы Бабірова нядаўняя аптымізацыя “ўдасканаліла” сельскія ўстановы культуры ў клуб-бібліятэку. Мы ўжо шмат разоў пісалі пра тое, што такая “мадыфікацыя” — першы крок да канчатковага скасавання вясковага цэнтра духоўнасці. І ягоны сённяшні сэнс у тым, колькі тых крокаў засталося… Кіруе культурнымі працэсамі ў Бабірове пенсіянерка Любоў Арцёмчык. Парадаксальна, але менавіта пенсіянерства дапамагае жанчыне працаваць спакойна, мэтанакіравана і стабільна. Раней тут больш за сорак гадоў загадваў муж Любові Васільеўны — Уладзімір Ільіч.

Высветлілі, што аб’яднанне ўстаноў адбылося ў кастрычніку мінулага года. Любоў Васільеўна дагэтуль шмат часу працавала дырэктарам мясцовай школы — да яе закрыцця, пасля  — два гады кіраўніком бібліятэкі.

Раней у Бабірове быў славуты на ўсю ваколіцу інструментальны ансамбль. Цяпер няма тут ні акампаніятара, ні касіра, ні мастацкага кіраўніка — мерапрыемствы, асабліва платныя, праводзіць вельмі цяжка. Дапамагаюць нешматлікія валанцёры, сярод асноўных ужо згаданы Уладзімір Арцёмчык, які хоць і на пенсіі, але не губляе цікавасці да культуры. Сужэнцы і цяпер — вельмі зладжаны творчы дуэт, здольны на многае.

Аднак не ўсё так сумна. У вёсцы больш за 200 чалавек, а таму сцвярджаць, што яна з ліку неперспектыўных, не падымаецца рука, хоць большасць жыхароў тут — перадпенсійнага веку. Здавалася б, ні школы, ні гаспадаркі, але культура сярод мясцовай супольнасці ў пашане: на навагодняе прадстаўленне было прададзена 65 білетаў. А з улікам удзельнікаў самадзейнасці на свята прыйшла ці не палова вёскі. Любоў Васільеўна пераканана, што мясцовым жыхарам патрэбна пастаянная камунікацыя, без яе счэзне не толькі вёска як тэрытарыяльная адзінка, але і вясковец.

Каб прэзентаваць культуру на годным узроўні, даводзіцца нечым ахвяраваць. У канкрэтнай сітуацыі — грашыма на паліва. Справа ў тым, што пры клубе-бібліятэцы дзейнічае жаночы ансамбль “Бярозка”, куды ўваходзяць чатыры настаўніцы з макавіцкай школы. Каб іх прывезці, Уладзіміру Ільічу часцяком даводзіцца выкарыстоўваць уласны аўтамабіль. Відаць, праз такую самаахвярнасць і адданасць культуры мерапрыемствы тут адбываюцца адно за другім. Актыўна далучаюцца мясцовыя дзеці, якія з радасцю ўдзельнічаюць у пастаноўках драматычнага гуртка “Сельскі тэатрал”, работа якога налічвае не адно дзесяцігоддзе.

Ідучы ў бібліятэчнае аддзяленне ўстановы, звярнулі ўвагу на новыя дзверы. Зрабіў іх усё той жа Уладзімір Ільіч. Аказалася, што першапачаткова ўваход у бібліятэку быў асобны, што не вельмі зручна ў сённяшняй сітуацыі, калі працуеш на дзве ўстановы.

Праўда, і чытачоў тут не вельмі багата: ад аднаго да дзесяці. Такая колькасць чытачоў штодзённа прыходзіць у бібліятэку. Яно і не дзіўна: новых паступленняў практычна не было. Усяго за мінулы год прыбавілася толькі чатыры кнігі. Не выпісваецца на ўстанову і “Культура”...

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

Слова “саната” ўтворана ад італьянскага дзеяслова “санарэ” — “гучаць”. Дык вось, “гучаць” клубы на Глушчыне чыста, без фальшу. Нездарма начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глускага райвыканкама Наталля Гулевіч запэўнівала нас па тэлефоне, што асаблівых праблем установы культуры ў раёне не адчуваюць і працуюць з аддачай. Вось толькі на нашу газету грошай не стае.

Як яечка па ручніку…

У Калацічах сустрэлі мы чарговы дуэт: дырэктара СДК Зою Сіраж і мастацкага кіраўніка ўстановы Наталлю Юрчанка. Апошняя — колішняя дырэктарка суседняга дома культуры, які трапіў пад аптымізацыю. Заспелі работнікаў культуры за рэпетыцыяй — ішла падрыхтоўка да свята 8 Сакавіка. У адрозненне ад папярэдняй установы культуры ў Калацічах вельмі прасторна і … цёпла.

У кабінеце дырэктара звярнулі ўвагу на шматлікія ўзнагароды, у тым ліку, Міністэрства культуры, а таксама на адмысловую саламяную скрыпку: аказалася, падарунак Дому культуры за яркія выступленні ад калег з Гродзеншчыны. Ужо толькі гэта прымусіла грунтоўна пацікавіцца сакрэтам поспеху ўстановы і яе кіраўніка.

Пачалі здалёк. Зоя Сіраж распавяла, як пасля дзесяцігодкі вучылася ва Універсітэце культуры. Праўда, толькі 8 дзён, бо з шмат якіх прычын пачувала сябе не на сваім месцы. У выніку кардынальна змяніла прыярытэты: выйшла замуж, скончыла вучылішча будаўнікоў. І тым не менш культура не адпусціла. Сёння Зоя Міхайлаўна не ўяўляе сваёй працоўнай дзейнасці ў іншай сферы. А па страчанай магчымасці набыць вышэйшую адукацыю шкадуе страшэнна.

Стварыла Зоя Сураж жаночы вакальны ансамбль “Азярынка”, які ўжо дзесяць гадоў мае званне народнага. Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Любанскі раёны — такая геаграфія выязных канцэртаў калектыву. У апошнім раёне істотны прыбытак прыносяць выступленні на сцэне санаторыя “Рассвет-Любань”. Чаму часта запрашаюць? Бо “фішка” калектыву — жывая інструментальная музыка, а не “мінусоўка”.

Дзейнічае пры СДК 13 клубных фарміраванняў, большая частка з якіх — дзіцячыя, куды прыходзяць займацца 73 школьнікі.

Словам, ад дзяцей няма адбою. Шчыра кажучы, даволі дзіўна гэта назіраць пры ўсіх сучасных магчымасцях баўлення вольнага часу, якое дае інтэрнэт. Чым жа заваблівае дзяцей СДК? Наталля Юрчанка тлумаць гэта яркімі прадстаўленнямі на народныя святы і цікавымі, арыгінальнымі пастаноўкамі, у якіх задзейнічана шмат дзяцей. Апошняе — “Муха-цакатуха на новы лад”, дзе тэатральнымі здольнасцямі здзіўляюць публіку 12 дзяцей. Папулярнае сярод іх і аматарскае аб’яднанне “Кудзесніца”, дзе школьнікі робяць сувеніры, у тым ліку з валянай воўны. А вось з-за адлегласці не ў адзін дзясятак кіламетраў супрацоўніцтва з Раённым домам рамёстваў няма. Спраўляюцца сваімі сіламі. Не абыходзіцца і без дадатковай адукацыі — у вольны ад працы час Зоя Сіраж вучыцца народным танцам у Глуску.

Можа, праз уласны прыклад работнікаў культуры дзеці з цікавасцю займаюцца адраджэннем народных абрадаў у межах аматарскага аб’яднання “Скарбніца”. Яскравы паказчык такой зацікаўленасці — сэлфі ў народных строях, якія з захапленнем робяць дзяўчаты.

Цяпер вось рыхтуюцца да Вялікадня. Да гэтага свята ў кожнай навакольнай вёсцы сваё абрадавае дзейства. У Калацічах ужо аднавілі абрад поснай куцці, а таксама так званы “Зялёны куст”. Сёлета ў СДК будзе дэманстравацца новая (а больш дакладна — добра забытая народная) гульня з фарбаванымі яйкамі, якія клаліся на два ручнікі і рухаліся з дапамогай… насоў мясцовай малечы. На гэты год запланавана і экспедыцыя па запісе валачобных песень. Для такой дзейнасці, відавочна, не хапае відэакамеры — для фіксацыі абрадаў ды святаў земляробчага календара.

Адзначым, што мясцовая публіка ходзіць не толькі на аўтэнтычныя прадстаўленні, у якіх задзейнічаны іх дзеці ды ўнукі. Пры СДК ёсць філарманічная пляцоўка. І людзі з задавальненнем наведваюць канцэрты класічнай музыкі. Запыталіся, што, маўляў, заможныя вяскоўцы? На тое нам адказалі: не, проста тут багата інтэлігенцыі. Публіка ўжо даўно прывучаная да платных мерапрыемстваў.

Пацікавіліся, ці дапамагае мясцовая гаспадарка. Аказалася, што так, але па такім жа прынцыпе, як у Завалочыцах. Бо спонсар — адзіны на некалькі аграгарадкоў.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

За час нашых аўтатураў даводзілася назіраць супрацьлеглыя тэндэнцыі: у адных установах культуры моладзь ні ў якую не хоча пераймаць народныя традыцыі, а ў іншых, як у Завалочыцах, — мясцовыя абрады і спевы з вялікай ахвотай спазнаюцца школьнікамі. З гэтай нагоды прыгадаліся любанскія “Таўкачыкі” і міханавіцкая “Калыханка”, для якіх прыцягненне да народнай творчасці дзяцей самы галоўны і актуальны трэнд. Такая сітуацыя, мяркую, наўпрост залежыць ад кіраўнікоў клубных фарміраванняў і саміх устаноў культуры. А таму не моладзь трэба падштурхоўваць і выхоўваць, а работнікаў культуры. Вось толькі як?

Слова — начальніку

Напрыканцы дня сустрэліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глускага райвыканкама Наталляй Гулевіч. Абмежаваныя ў часе, літаральна подбегам паразмаўлялі пра аптымізацыю, выкарыстанне пазабюджэтных сродкаў, магчымасці праектнай дзейнасці, якой пакуль у раёне няма. Наталля Уладзіміраўна мяркуе, што без дапамогі з першым праектам не справіцца. Так, нядаўна ад Інстытута культуры Беларусі прыходзілі прапановы на вучобу па праектнай дзейнасці. Вось толькі не хапіла сродкаў, каб камандзіраваць супрацоўніка аддзела. Закранулі і пытанне брэндавасці. Так, летась упершыню ў Глуску адбыліся Дні вулічнай музыкі. Пад праект тады вылучылі некалькі пляцовак, дзе было прадстаўлена піяніна, баян, цымбалы, дзіцячая творчасць. Падобныя праекты ведаем мы і ў іншых раёнах, у тым жа Слонімскім ды Любанскім. А вось пра дзіцячае Купалле, якое адбылося ў згаданых намі Завалочыцах — ніколі раней не чулі. Якраз гэта і можа стаць сапраўдным брэндам. Пры пэўнай раскрутцы, безумоўна.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Дзве вёскі і дзве абсалютна супрацьлеглыя сітуацыі. У адной усё сведчыць пра непазбежнае знікненне асяродка культуры, у другой — пра яго рознабаковае развіццё і перспектывы. Нягледзячы на гэта, у кожнай з устаноў культуры працуюць людзі, адданыя сваёй прафесіі, якія шукаюць адказу не на пытанне “хто вінаваты?”, а на запыт “што зрабіць?” І самае галоўнае, знаходзяць дзейсны адказ.

Мінск — Глускі раён Магілёўскай вобласці — Любанскі і Слуцкі раёны Мінскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"