Праўдзівыя купалаўцы

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Малады артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Максім Карасцялёў дастае са сваёй скураной сумкі цераз плячо вялікага памеру светла-карычневы канверт і кладзе яго на стол. “Унушальны пачак!” — кажу яму я. У канверце — аддрукаваныя на шчыльнай паперы кадры з акцёрамі-купалаўцамі розных пакаленняў, каго Максім здымае цягам тых некалькіх гадоў, што працуе ў трупе.

/i/content/pi/cult/630/13998/9-1.jpgУ купалаўцаў няма закулісных праектаў, якія выкладваліся б сістэмна ў сацыяльныя сеткі ці на сайт, як у некаторых іншых тэатрах. Так, стае прафесійных фота са спектакляў, фотарэпартажаў з прэм’ерных паказаў у медыя. Але не так і шмат здымкаў акцёраў у нефармальнай абстаноўцы. Да ўсяго, фота, якія робіць Максім, фіксуюць пэўны момант жыцця тэатра. Дагэтуль падобных здымкаў ніхто не рабіў, кажуць яго калегі. Наогул, іх падтрымка і натхняе Максіма. У калектыве, дарэчы, яму раз-пораз кажуць: ты ствараеш гісторыю, гэтага ніхто не робіць. Некалі ў грымёрцы пачуў наконт сваіх здымкаў: “Мы ўсе памром, а ў цябе будуць кадры”.

— Мне вельмі падабаецца, што я знаходжуся “ўнутры”, бачу падзеі зусім іншым вокам. Наогул, трэба ведаць гэтых людзей, чуць, пра што яны кажуць, што для іх важна. Я ведаю іх позіркі, іх галасы, ведаю, з якога боку іх абліччы на здымку, магчыма, зайграюць.

Праўда, лічыць Максім, на ягоных кадрах — не акцёры “без грыму” ці акцёры “ў жыцці”: “Яны бачацца людзьмі захопленымі. Ад таго і праўдзівымі”. Наш герой рабіў некалькі спробаў сістэматызаваць свае стужкі. У час адной з іх адчуў нейкую повязь тэатральных кадраў: вось партрэт Зоі Белахвосцік у Акадэміі мастацтваў пасля заняткаў са студэнтамі, а на іншай — Крысціна Дробыш выйшла пасля спектакля і ўзяла на рукі сваё дзіця…

— Ведаеш, дзе яшчэ “карані” гэтай серыі? Прыходзіш ты ў “курылку” тэатра і слухаеш, пра што гавораць артысты, іншыя супрацоўнкі, дазнаешся пра іхнія інтарэсы. Скажам, Мікалая Кучыца можна “прачуць”, калі ён смажыць катлеты, калі ён квасіць капусту і калі ён шые лялькі. Я мару пра такія здымкі Мікалая Мікалаевіча і спадзяюся некалі іх зрабіць. А Георгій Маляўскі? Гэта заўсёды пра аўтамабіль, пра ягоную “дзявятку”, дзе ён увесь час нешта “пракачвае”. Дамовіўся я з ім акурат на такой “глебе”: “Георгій Рафаілавіч, а вы ў гараж збіраецеся?” — “Так, трэба прагрэць машыну. А што ты хочаш?” — “Дык я паздымаў бы вас…” — “Ну, давай…” Зінаіда Зубкова таксама знятая ў штодзённай завядзёнцы: яна любіць каву, дома ў яе ўсё ў кветках, яна грае на піяніна, а пасля ідзе карміць птушак. Іншая справа з Аляксандрам Падабедам. Гэта той артыст і чалавек, хто мне ўяўляецца дэндзі, моднікам, якому пасуе здымка ў студыі. Не кожны ў ягоным веку пагадзіўся б на такі эксперымент і каліва “хуліганства”, пра якое Аляксандр Станіслававіч казаў не аднойчы падчас фотасесіі. Так, гэта пастаноўка, але пастаноўка наўмысная. Нездарма я адкрываю ў кадры кавалак прасторы студыі, каб было зразумела, што чалавек якраз “хуліганіць”. Дарэчы, многія іншыя кадры, хоць і выглядаюць у пэўнай ступені пастановачна, але ад моманту натхнення, скажам так, да моманту здымкі праходзіць некалькі імгненняў. Ды і не камандую я, якім позіркам глядзець у камеру…

Яшчэ адно натуральнае пытанне да Максіма: “Чаму стужка?”

— У нашым жыцці стае “лічбы” — яна паўсюль. Таму стужка, мне падаецца, — гэта больш натуральна і шчыра, сапраўдна, як і самі артысты-купалаўцы. Стужка супадае з тым, што я бачу. Тыя працэсы, што адбываюцца пры здымцы на яе, пры праяўцы, для мяне падобныя на цуд. У ёй прысутнічае патрэбная мне пластыка, бачны аб’ём. Па-другое, не люблю я выбіраць. Тут у мяне 36 кадраў, а не тысячы, і максімум, што я змагу выбраць, — гэта пятнаццаць, а з іх ой як складана вылучыць адзін.

Стужка — гэта пэўная філасофія, эксперымент і працэс. А яшчэ гэта ўсё агорнута сапраўдным цудам. Надоечы зразумеў, чаму я такі шчаслівы. Я ж часта раблю сабе падарункі! Якія? Прыкладна два разы на тыдзень я выключаю святло па ўсёй хаце, закрываюся ў прыбіральні і пачынаю з лаянкай (каб дакладна атрымалася!) загортваць стужку ў савецкі бачок (на імпартны пакуль яшчэ не назбіраў), потым пачынаюцца цуды з рэактывамі, градуснікамі, замацавальнікамі, роўна 20 градусаў Цэльсія, 11 хвілін (залежыць ад стужкі) і — цуд! А далей — прышчэпка! Цуд вешаецца на яе, і пачынаецца разгляд негатыву ды неўтаймоўнае жаданне хутчэй бегчы яго сканаваць.

Чаму яшчэ стужка? Пэўна да лічбы яшчэ не дарос. І лічу, што трэба прайсці ўсе стадыі развіцця, ад вытокаў і каранёў, так бы мовіць. Для мяне важнае гэта ўменне, механічнае, можа, для каго непатрэбнае і даўно забытае (я пра праяўку). Ды і як ты можаш лічыцца фатографам, калі не ўмееш сам праяўляць стужку? Я вось умею, але фатографам сябе не лічу. Зараз гэта вельмі проста — быць фатографам. Набыў больш-менш добры лічбавы фотаапарат і пайшоў “бамбіць”. Яшчэ і грошы будуць плаціць! Вопыт такі я часткова маю, таму і не хачу.

У стужцы ж больш мастацтва, як мне падаецца, зараз ніхто не будзе выкарыстоўваць яе ў камерцыйных мэтах. Мне гэта падабаецца. Адзінае, што ёй застаецца — бясконцы мастацкі эксперымент і ўласцівая толькі ёй непаўторнасць. А неад’емнай часткай любога эксперыменту, як мне падаецца, з’яўляецца магчымы правал. Так і тут. Асабліва калі вам пашанцавала знайсці якую-небудзь неверагодную савецкую стужку 1978 года з дзедавых антрасоляў. Будзьце гатовыя да таго, што нічога не атрымаецца, але галоўнае ўмець гэта прымаць. Мабыць, у тым і філасофія. Не! Яшчэ ў назіранні, чаканні... І толькі потым “пстрык” затвору.

Чым яшчэ здзівіць погляд Максіма Карасцялёва?

— Ва ўсіх жа ёсць гародчыкі, лецішчы — і ў акцёраў таксама. Улетку хацеў бы паездзіць па загарадных дамках, паздымаць сады, парнікі і іх гаспадароў. Толькі здымаць ужо на каляровую стужку, каб буянне фарбаў кідалася ў вочы. Асобная серыя, багаты сюжэт можа атрымацца! Ведаю нават, як назаву яе: “Kupala in colour”.

Пакуль паглядзець работы Макса можна на ягонай старонцы ў “Фэйсбуку”. Аздабляе ён іх сціслымі тэкстоўкамі, што вельмі выразна пры гэтым пашыраюць межы сказанага ў кадры. Наперадзе ж — адмысловыя акаўнты для купалаўцаў паводле Карасцялёва ў іншых сацыяльных сетках, а мо і спецыяльны сайт.

— У маіх здымках, — дадае ён, — не трэба шукаць рэзкасці ці нейкай асаблівай, неверагоднай якасці. Гэтыя ўласцівасці закладзены стужкай пэўнага года вытворчасці. А далей — цуд, магія і ўсё астатняе. А яшчэ я не апрацоўваю здымкі, амаль. Адзінае, што магу зрабіць, — кантраснасць, але тое натуральна і для самога фотапрацэсу — з фотапавелічальнікам і чырвонай лямпачкай.

Зоя Валянцінаўна і шмат добрага

Так атрымалася, што здымаць купалаўцаў я пачаў менавіта з Зоі Белахвосцік, і гэта невыпадкова. Зоя Валянцінаўна была мастацкім кіраўніком майго курса ў Акадэміі мастацтваў. Ды і наогул: шмат добрага ў маім жыцці пачалося менавіта з яе.

Бальзам ад Зінаіды Пятроўны

Завітаў у госці да Зінаіды Зубковай. Пілі каву з бальзамам, елі бяльгійскія цукеркі, глядзелі старыя фотаздымкі. Зінаіда Пятроўна грала вальс на фартэпіяна, расказвала пра стары тэатр, гастролі, маладосць, прыбалтыйскі стыль у адзенні і пра новую ролю ў кіно. Потым паказала нейкі вычварны карчак, які вылавіла ў Балтыйскім моры гадоў сорак таму, надта ўпадабала і паставіла ў сервант. Падарыла металічную бірульку. У акно пагрукалі, і Зінаіда Пятроўна пайшла карміць вераб’ёў. Кульмінацыяй пасядзелак стала дружнае паленне ў прыбіральні. Там, дарэчы, усталяваны сапраўдны танкавы вентылятар — каб не смярдзела. У нашай тэатральнай курылцы такога не хапае.

Дарэчы, згаданы бальзам пад каву падаецца Зінаідай Пятроўнай у адмысловай чарачцы з адпаведнай назвай “Начны госць” (пэўна, таму, што сава намалявана). Мяркую, мне пашанцавала, бо хоць я быў зусім і не начны госць, але Зінаіда Пятроўна пачаставала мяне менавіта з гэтага кілішка.

Джэнтльмен Аляксандр Станіслававіч

Частка І

Тры кепкі, капялюш, два гальштукі і дзве камізэлькі, тры пары сонцаахоўных акуляраў, пінжак і парасон — з такім сціплым джэнтльменскім наборам Аляксандр Падабед сустрэў мяне ля станцыі метро “Пралетарская”, і мы разам рушылі на студыю. За паўкіламетра шляху я даведаўся пра так званы “Шанхай” (раён, што каля “Камунаркі”) — нібыта адзін з самых крымінальных у другой палове мінулага стагоддзя ў Мінску, пра будаўніцтва завода “Планар” і касмічныя ракеты, а таксама пра нейкага загадкавага сябра Аляксандра Станіслававіча, які кальсці жыў недзе тут непадалёк.

Частка ІІ

Акрамя згаданых аповедаў пра шанхаі, планары, касмічныя ракеты і сяброў-суседзяў, Аляксандр Станіслававіч па дарозе ў студыю некалькі разоў паўтарыў: “Трэба будзе ПАХУЛІГАНІЦЬ!” А хто працуе з Аляксандрам Станіслававічам у тэатры, той напэўна ведае, што ён той яшчэ хуліган. Я вось ведаю. Перад самай здымкай тэлефануе: “Прывітанне, дарагі, гэта Падабед, слухай, а давай я вазьму некалькі пар акуляраў і зробім здымак, кшталту “мартышка і акуляры”. Той здымак мы чамусьці так і не зрабілі, а шкада.

З драбінамі ж усё выявілася прасцей, і прапаноўваць нават не давялося. Я іх яшчэ раней прыкмеціў, а Аляксандр Станіслававіч мяне не расчараваў — і нават апярэдзіў. Ён адразу ж ускочыў на іх са словамі: “Давай жа ўжо хуліганіць!” — і раскрыў парасон.

Мне падаецца, паэзія Аляксандра Станіслававіча, а ён і да яе датычны, патрабуе пэўнага візуальнага шэрагу. Тут жа — акурат сам аўтар з парасонам ды на драбінах.

Видеть в дьяволе светлого ангела очи,

Быть растерзанной страстью демона ночи,

Опьяневши от сладостных гимнов пиита,

Осознать, что любовная чаша разбита.

Самара-Дзявятачка Георгія Рафаілавіча

1 верасня споўніцца 30 гадоў вернай “спадарожніцы” Георгія Рафаілавіча Маляўскага. Ён з пяшчотай называе яе Самарай, або Дзявятачкай.

— А ў чым розніца, Георгій Рафаілавіч?

— Мая Дзявятачка — трохдзверная, і называлася яна “Спадарожнік”, а пяцідзверная — “Самара”. Але ведаеш, у той час было столькі гэтых розных спадарожнікаў, венераў, юпітэраў і мне гэта ўсё страшэнна не падабалася, а горад Самара падабаўся, таму я ўзяў і пераставіў бірачку.

Здымка ў гаражы цалкам адпавядае маёй задумцы — паказаць чалавека ў яго натуральных умовах. Уявіць Георгія Рафаілавіча без дзявятачкі і гаража гэтак сама складана, як Аляксандра Падабеда без гальштука і капелюша. А яшчэ Георгій Рафаілавіч выявіўся суседам майго бацькі па гаражным кааператыве “Усход”. Вельмі зручна, бо хутка пойдзем разам колы мяняць.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура"