Парабалічны компас лёсу

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

Неапублікаванае пра Сяргея Селіханава
…А той трагічны дзень 28 верасня 1976-га я добра помню. Гэта здарылася ў памяшканні будынка Саюза мастакоў БССР (дом № 23), які тады размяшчаўся на рагу Кастрычніцкай плошчы і Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці, зараз там уваход у станцыю метро “Кастрычніцкая”). Ішло пасяджэнне Выставачнага камітэта па заключэнні дагавораў з мастакамі да наступнай выставы, прысвечанай 60-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. На чале выстаўкама быў Міхаіл Савіцкі, а я як мастацтвазнаўца і сакратар праўлення Саюза мастакоў БССР — членам гэтага камітэта.

/i/content/pi/cult/630/13997/8-1.jpgДык вось, мастакі, як было заведзена, у парадку чаргі паказвалі свае эскізы будучых твораў, і ў выпадку ўдачы з імі заключалі дагаворы. І дзесьці ў канцы пасяджэння прыйшла чарга і да Сяргея Іванавіча Селіханава (ён таксама быў членам выстаўкама). Скульптар, не спяшаючыся, устанавіў на загадзя падрыхтаваны станок невялічкі эскіз кампазіцыі ў пластыліне, у якой быў адлюстраваны першы арганізатар мінскай міліцыі Міхаіл Фрунзэ побач з канём. Я ведаў, што гэтая тэма даўно прываблівала Селіханава, бо ён ужо працаваў над праектам помніка Фрунзэ для Юбілейнай плошчы горада Мінска (адну з рабочых мадэляў можна пабачыць таксама ў экспазіцыі, што цяпер працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны), але пасля скону майстра помнік так і не быў узведзены… Як і не былі рэалізаваныя іншыя яго праекты, у тым ліку помнікі “Вызваленню Магілёва”, Кастусю Каліноўскаму, піянеру-герою Валодзю Шчарбацэвічу.

…Эскіз усім спадабаўся, і практычна не выклікаў у членаў камітэта ніякіх сур’ёзных заўваг. Справа была толькі ў вызначэнні прыкладнай цаны будучага твора ў бронзе. І калі аўтар стаў паварочваць станок для лепшага кругавога агляду эскіза, адбылося неймавернае: Сяргей Іванавіч уздрыгануўся і раптам паваліўся на падлогу. Тут жа выклікалі хуткую дапамогу, але — усё было скончана. Не вытрымала сэрца. Праз пяць месяцаў ён мог бы адзначыць свой 60-гадовы юбілей. Аднак — не лёс…

…Горад Віцебск. Побач з гарадской ратушай, ля сцяны старадаўняга будынка з купалам на рагу вуліц Суворава і Маякоўскага, месціцца Дзіцячая мастацкая школа №1, а з 1923 па 1941 год тут знаходзіўся знакаміты Віцебскі мастацкі тэхнікум, перайменаваны ў 1934-м у вучылішча. На будынку — мемарыяльныя дошкі: народнаму мастаку Беларусі, народнаму мастаку СССР Заіру Азгуру, народнаму мастаку Беларусі Андрэю Бембелю, народнаму мастаку Беларусі Паўлу Масленікаву, народнаму архітэктару СССР Уладзіміру Каралю і народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву, які тут таксама пачынаў вучыцца на скульптурным аддзяленні.

І яшчэ адна дошка, прысвечаная сённяшняму герою маіх успамінаў — народнаму мастаку Беларусі Сяргею Селіханаву. Так, таму самаму Сяргею Іванавічу, які стаў адзіным з мастакоў Беларусі лаўрэатам Ленінскай прэміі. Амаль на працягу дзесяці гадоў я меў цесныя зносіны з гэтым таленавітым скульптарам, чалавекам няпростага лёсу, які “ад званка да званка” прайшоў усю Вялікую Айчынную. Ён быў удастоены высокімі баявымі ўзнагародамі за храбрасць і мужнасць: ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, “Чырвонай зоркі”, медалём “За адвагу”. Але ніколі, прынамсі са мною, не выхваляўся сваімі ўзнагародамі і вельмі скупа расказваў пра свае цяжкія франтавыя шляхі-дарогі, якія завяршыліся толькі ў пачатку мая 1945-га на Эльбе і потым — у Празе. І яшчэ год капітан Селіханаў праслужыў у горадзе Праскураў начальнікам штаба дывізіёна артпалка пры Кіеўскай ваеннай акрузе. Угаворвалі застацца ў арміі, але, па яго словах, за гады вайны столькі назбіралася ўражанняў пра ваенныя “саракавыя-ракавыя”, што нельга было яму, скульптару па прызванні, не ўвасобіць іх у гіпсе, бронзе, граніце.

І гэтую тэму — тэму вялікага народнага подзвігу — Селіханаў увасобіў у поўнай меры, пачынаючы з першай пасляваеннай спробы разца 1947 года — “За гонар сцяга”, і заканчваючы сусветна вядомай манументальнай хатынскай бронзай 1969-га — “Няскораны чалавек”. А паміж гэтымі датамі — дзясяткі станковых кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў, натурных эцюдаў, статуй, праектаў помнікаў і манументаў. Многія з гэтых твораў, большую частку з якіх сучасны глядач не бачыў, у тым ліку малюнкі, жывапіс, эскізы і мадэлі помнікаў, шматлікія архіўныя фатаграфіі з жыцця мастака сёння прадстаўлены ў згаданай мемарыяльнай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння славутага творцы.

А галоўная лінія творчага жыцця мастака пачыналася ў Віцебску. Падрабязнасці гэтай “лініі” ніколі і нідзе не былі “агучаны” ў сродках масавай інфармацыі, і такім чынам, гэта першае друкаванае “прадстаўленне” Сяргея Селіханава, асабліва віцебскага перыяду, пра які ён мне распавёў сам. Трэба падкрэсліць, што пасля заканчэння Грамадзянскай вайны перспектывы для здольных юнакоў творчага складу адкрываліся даволі шырокія. Менавіта Віцебск у 1920 — 1930-я гады стаў своеасаблівай культурнай Меккай для ўсёй Беларусі, дзе зараджалася новае савецкае пралетарскае мастацтва. І ў гэтым выдатную ролю адыграў мясцовы мастацкі тэхнікум. Першапачаткова школа прызначалася для абслугоўвання ўсяго заходняга рэгіёна Савецкай дзяржавы: у краіне дзейнічалі толькі чатыры падобныя школы. А калі ў красавіку 1924 года Віцебск разам з шэрагам паветаў Віцебскай губерні ўвайшоў у склад БССР, новая вучэбная ўстанова атрымала назву “Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум”.

І што б пра яго не казалі і не пісалі ультра-крытыкі тых часоў, іранічна называючы тэхнікум “нейкім аскепачкам малевічаўска-ермалаеўскага Віцебскага мастацка-практычнага інстытута”, ён стаў у поўным сэнсе слова сапраўднай кузняй нацыянальных кадраў жывапісцаў, скульптараў, графікаў, сцэнографаў, афармляльнікаў і прыкладнікоў нашай Беларусі ды не толькі яе. І ў гэтай кузні кавалася тое мастацтва, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стала “візітоўкай” сучаснай беларускай выяўленчай творчасці з усімі яе выдатнымі ўзлётамі і крыўднымі падзеннямі. Без традыцый гэтай школы пасляваеннае мастацтва Беларусі было б зусім іншым…

Дык вось, для юнака Сярожы Селіханава вучылішча стала тым сапраўдным фундаментам, на якім адразу ж пасля вайны цалкам сфарміравалася творчае нутро Майстра. Аднак адзначу, што калі Селіханаў паступаў у тэхнікум, яго старэйшыя калегі па разцы — Заір Азгур, Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, Аляксандр Арлоў, Абрам Жораў, Раман Семашкевіч — ужо даўно пакінулі сцены гэтай установы і раз’ехаліся хто куды ў пошуках сваёй “сіняй птушкі”. І мастацтву скульптуры, практычна самастойна, на працягу 1930-х, вучыліся літаральна адзінкі, ды і прафесійных педагогаў па скульптурным рамястве амаль не засталося, бо галоўны настаўнік гэтага пакалення першых савецкіх беларускіх скульптараў Міхаіл Аркадзевіч Керзін у 1932-м з’ехаў у Мінск. І з выхаванцаў-скульптараў эпохі будаўніцтва сацыялістычнага рэалізму засталіся вядомымі ў культурнай гісторыі Беларусі, па маіх падліках, толькі тры: Селіханаў, Сяргей Адашкевіч і Акім Курачкін, які, дарэчы, яшчэ ў 1934-м атрымаў дыплом, калі Сяргей Іванавіч, вучань жывапісна-педагагічнага аддзялення, перайшоў толькі на другі курс.

Такім чынам, пачатак 1930-х… Дарэчы, узрост тых, хто паступаў у тэхнікум, быў строга акрэслены: ад 14 да 25 гадоў. Абітурыенту Сяргею ў верасні 1933-га — час паступлення — пайшоў сямнаццаты. Бязвусага хлопчыка пасля абавязковай і пільнай праверкі сацыяльнага становішча (а тут ніякіх праблем з сынам петраградскага рабочага-беларуса Івана Канстанцінавіча Селіханава і пскоўскай сялянкі Пелагеі Іванаўны не ўзнікла) дапусцілі да ўступных экзаменаў па спецыяльнасці. Малюнак, жывапіс і кампазіцыю прымалі педагогі Іван Ахрэмчык, Фёдар Фогт, Хрыстафор Даркевіч і Леў Лейтман. Па ўспамінах Сяргея Іванавіча, ён прыйшоў на іспыты, але мала верыў у поспех, бо адчуваў сябе не вельмі ўтульна з-за недастатковай падрыхтоўкі, хаця паспеў трошкі пазаймацца на вячэрніх курсах рысавання, якія існавалі ў якасці падрыхтоўчай ступені да паступлення на першы курс. Праўда, яшчэ калі жыў у дзіцячым доме ў Оршы і вучыўся ў сямігодцы, пазнаёміўся са студэнтам Віцебскага мастацкага тэхнікума Міхаілам Калішэвічам, які аказаў добры ўплыў на юнака, і з лёгкай рукі якога Сярожа апынуўся ў Віцебску.

…Тым не менш першыя іспыты прайшлі гладка і ніякіх прынцыповых пытанняў з боку экзаменатараў не ўзнікла. Асабліва ім спадабалася кампазіцыя на вольную тэму: ён выбраў “Пахаванне Уладзіміра Ільіча Леніна”, у аснову чаго, па словах аўтара, была пакладзена фотарэпрадукцыя з часопіса “Красная нива” пачатку 1924 года. Пасля гэтага Селіханаў быў дапушчаны да здачы экзаменаў па агульнаадукацыйных прадметах.

Так пачалася новая старонка ў жыцці будучага мастака. Але пакуль думкі пра тое, каб стаць менавіта скульптарам, не існавала. Вось жывапісцам, як яго настаўнікі Ахрэмчык, Дзежыц ці Хрусталёў, — гэта іншая справа: дзіўныя фарбы на палітры, чыстыя зярніста-белыя палотны, пэндзлі, эцюднікі, пленэры на беразе Дзвіны… І Сяргей, як і марыў, аказаўся на жывапісна-педагагічным аддзяленні, дзе вучняў бясплатна забяспечвалі неабходным метадычным матэрыялам. Фарбы і пэндзлі былі і айчынныя, у асноўным ленінградскія, і купленыя ў Галандыі, Францыі, Германіі. Інтэрнат для прыезджых на рагу вуліц Суворава і Леніна, адразу за ратушай, побач са скверам, быў таксама бясплатны.

З кім тады сябраваў Селіханаў? Уласна, са сваёй групы ён, акрамя Віктара Ждана і Пятра Дурчына, мала каго памятаў. А вось добрых знаёмых з іншых курсаў, асабліва курсаў малодшых, тых, хто заканчваў вучылішча ўжо пасля Селіханава, было шмат: Адольф Гугель, Міхаіл Зялёнкін, Уладзімір Кухараў, Павел Масленікаў, Міхаіл Блішч, Зянон Паўлоўскі, Іван Салавей, Іван Пешкур, Пётр Раманоўскі, Пётр Явіч, Аляксандра Паслядовіч. З некаторымі быў у блізкіх адносінах, з іншымі — трымаў дыстанцыю…

Асабліва цёпла, з чалавечага пункту погляду, адгукаўся пра Ждана, Явіча і зусім маладога Зялёнкіна, які прыйшоў у вучылішча тады, калі Селіханаў прайшоў ужо трэці курс. Праўда, Зялёнкін вучылішча не закончыў: нястрымная мара стаць лётчыкам перамагла жаданне маляваць палотны. І самую апошнюю перадваенную сустрэчу з Міхаілам Міхайлавічам Сяргей Іванавіч таксама добра запомніў. Расказваў, як яны ўдвух, у вакзальным буфеце, так шумна і з ліхімі песнямі адзначылі ад’езд Зялёнкіна на вучобу ў Батайскую школу лётчыкаў-знішчальнікаў, што іх забрала міліцыя, і яны ноч вымушаны былі правесці ў каталажцы. А наступная сустрэча адбылася ўжо ў 1946-м у Мінску: тут Сяргей абмываў з сябрам Зорку Героя Савецкага Саюза, якую Зялёнкін атрымаў за подзвігі ў баях за Радзіму. І сябравалі яны, былыя франтавікі, доўга і моцна… Але так адбылося, што Зялёнкін, які ўсё пасляваеннае жыццё прысвяціў афармляльніцкаму мастацтву, перажыў скульптара на 15 гадоў…

Працяг — у наступных нумарах “К”.
Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"