Джаз-правілы

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Дзіцячы конкурс “Я граю джаз”, што адбыўся ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі — асаблівая з’ява ў беларускай музычнай культуры. У ім бралі ўдзел салісты і ансамблі розных музычных школ ды школ мастацтваў сталіцы. Але як джаз заваяваў у Мінску маладую аўдыторыю?

/i/content/pi/cult/629/13989/13-2.jpgУ названым кірунку музыкант выхоўваецца як саліст, здольны ў любы момант “уліцца” ў калектыў. Кожны, хто пачаў засвойваць джазавы інструмент, спазнае праз тэхніку магчымасці яго выразнасці, навучаючыся паралельна не толькі ўласна джазавай грамаце, але і спазнаючы музычную культуру наогул. Мо таму джаз і славіцца адкрыццямі? Прынамсі, арганізатар і нязменны натхняльнік конкурсу Васіль Коназ лічыць, што джаз як дэмакратычная музыка здольны згуртаваць людзей, падарыць ім тыя эмоцыі шчасця, задавальнення, якіх так не хапае ў паўсядзённым жыцці.

Нараджэнне ідэі

Калі на нашай музычнай прасторы панавала папулярная эстрада, малады трубач захапіўся джазавай музыкай, якая несла іншы музычны код. У Амерыцы да таго часу ўжо сфарміраваліся багатыя джазавыя традыцыі, гісторыю джаза напісалі знакамітыя Дзюк Элінгтан і Луі Армстронг, Білі Холідэй і Дзізі Гілеспі... Так, тая заакіянская музыка натхняла выканаўцаў. Але яны таксама добра імправізавалі на сцэне і пісалі ўнікальныя творы. Не дзіўна, што біг-бэнды ствараліся бы “па ўзмаху чарадзейнай палачкі”... Расла і мацнела маладая прагрэсіўная джаз-культура. Так і з’явілася ідэя выхаваць пакаленне маладых музыкантаў, якія змогуць выканаць і класічны джаз Глена Мілера, і ф’южн ХХІ стагоддзя.

Джазава мысліць

У згаданым Палацы дзяцей і моладзі з’явілася майстэрня музыканта ды педагога Васіля Коназа. Для пачатку быў абраны ўлюбёны ім кірунак традыцыйнага амерыканскага джаза кшталту мілераўскага аркестра. Так з’явіўся біг-бэнд пад кіраваннем Васіля Іванавіча, які граў сапраўдны “залаты фонд” гэтага кірунку. Прыйшлі педагогі па класах медных духавых, струнных і ўдарных інструментаў, падцягнуліся і дзеці. Ну хіба ж не цікава адчуць сябе джазістам: ведаць, як нараджаецца тэма, “раскручваецца” імправізацыя… Практычна ўсе педагогі былі класічнымі інструменталістамі, а для таго, каб граць джаз, трэба было вучыцца джазава мысліць! Васіль Іванавіч прыдумаў сістэму навучання школьніка, дзякуючы якой дзіця, якое прыйшло “з вуліцы”, магло праз пару заняткаў “сесці ў аркестр”. А значыць, ведаць ноты, рытмы і працягласці… Сапраўды, патрэбны немалы энтузіязм, цярплівасць і вынаходлівасць, каб граць джаз з дзецьмі... Але гэта атрымалася!

Закіпае энергія

Конкурс “Я граю джаз” задумваўся Васілем Коназам шмат гадоў таму як штогадовая канцэртная пляцоўка для маладых талентаў. Правобразам задумы выступіла знакамітая растоўская Джазавая школа імя Кіма Назарэтава, дзе ўлічаны складнікі джазавага выхавання: школа — кансерваторыя (джаз-кафедра) — канцэртная дзейнасць. Менавіта ў такім рэжыме, як бачыцца, выхаванне юнага музыканта адбываецца найбольш плённа. Растоў-на-Доне нездарма лічыцца адным з “джазавых” гарадоў Расіі: праходзяць дзіцячы і дарослы міжнародныя джазавыя фэсты, існуе ўнікальная аўтарская методыка навучання джазу. Тут выраслі вядомыя выканаўцы — барабаншчык Роберт Галсцян, бас-гітарыст Ігар Убілава, піяніст Міхаіл Баланаў...

Тут, у Мінску, у Васіля Коназа вырасла і ўздужала джаз-студыя, якая, вядома, імкнецца вырасці да ўзроўню школы. З’явіўся Дзіцячы ўзорны джаз-аркестр, у якім граюць выхаванцы Палаца дзяцей і моладзі. Васіль Іванавіч сабраў велізарную калекцыю пласцінак, цяпер яны сталі рарытэтамі, а таксама літаратуру па гісторыі выканальніцтва джаза, партытуры, многія з якіх Коназ аранжыраваў для дзіцячага бэнда. У пошуках метаду вывучыў педагагічны вопыт многіх краін, у тым ліку Вялікабрытаніі. Цэлы год хлопцы рыхтуюцца да конкурсу: рэпеціруюць аркестравыя п’есы, сольныя нумары з лепшых джазавых калекцый. Тут і Чарлі Паркер, і Бэні Гудман, і Дзюк Элінгтан... Не так даўно былі арганізаваныя майстар-класы па імправізацыі. І хаця хлопцам імправізаваць складана, ды ўсё ж яны атрымалі імпульс да творчасці... Ці да стварэння сябе ў джазе.

“Калі граеш з дзецьмі джаз, бачыш, як “іскрацца” іх вочы, як закіпаюць эмоцыі... Вядома, неабходная папулярызацыя джаза, і тое, што ў нас ёсць штогадовы конкурс у палацы — выдатна! Безумоўна, патрэбныя педагогі для працы з таленавітай моладдзю, а таксама — кантакты для сумесных праектаў з музыкантамі свету”, — кажа кіраўнік ансамбля “Акустык Бэнд” Уладзімір Міхновіч.

У адзінае цэлае

За многія гады працы ў Васіля Коназа сфармавалася правіла: ён шукае і запрашае маладых таленавітых педагогаў, якія жадаюць зрабіць свой унёсак у джазавую культуру нашай музычнай супольнасці. Педагогі з розных школ складаюць адзінае цэлае: яны падбіраюць джазавы рэпертуар для маладога выканаўцы, ацэньваюць яго творчую дынаміку. “Вядома, дзецям няпроста граць джаз, калі яго “на слыху” не так і шмат. Ім патрабуецца час для таго, каб услухацца і палюбіць гэтую музыку ўсёй душой, прывыкнуць да гучання джазавых гармоній, а таксама прывыкнуць да сцэны і поўнай залы”, — лічыць выкладчык па класе бас-гітары Пётр Каліноўскі. “Хочацца, каб у дзіцячай музычнай школе вывучалася, напрыклад, джазавае фартэпіяна! Бо менавіта па нашым прадмеце ёсць вялікая колькасць дапаможнікаў айчынных аўтараў, напрыклад, Юрыя Чугунава”, — дзеліцца выкладчык па класе фартэпіяна Настасся Багалюбская.

Нядаўна ў калектыў юных джазмэнаў уліліся і “Зялёныя кракадзілы” — ансамбль саксафаністаў на чале з Настассяй Пенкрат. Малады гурт ужо паспяхова выступіў на фестывалях у Італіі і Латвіі. Хлопцы граюць досыць складаную класіку — Джордж Гершвін, Луі Армстронг, а таксама творы ў стылях свінг і лаціна. А Васіль Коназ марыць аб дзіцячым музычным руху, які аб’яднаў бы маладых джазмэнаў. І раз пачуўшы Дзіцячы ўзорны джаз-бэнд на канцэртнай пляцоўцы, многія дзівяцца: адкуль у Мінску гучанне класічнага амерыканскага бэнда 1950-х з яго адгалоскамі гумару або лёгкага суму рэтра-эпохі. Сапраўды, дзіцячы джаз-бэнд, які рэгулярна пацвярджае званне “ўзорнага” — гучыць выдатна!

Марына МДЗІВАНІ, музыказнаўца