Моршчымся ад мэйнстрыму, але ж…

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Міфалогія нацыянальнага кіно: праўда і міфы
Найноўшая беларуская культура за чвэрць стагоддзя свайго існавання не пазбегла зменаў. За крызіснымі дзевяностымі прыйшлі стабільныя нулявыя, і, нарэшце, няпэўныя для гэтай сферы дзясятыя. Усе гэтыя гады змены няспынна пераследавалі “найважнейшае з мастацтваў” — кінематограф — які паспеў абрасці ўласнымі аблудамі, пра якія так любяць гаварыць журналісты, культуролагі, чыноўнікі. Перад вамі — папулярныя міфы (8 у гэтай частцы і 8 — у наступнай), якія былі прапанаваныя прадстаўнікам кінасферы, каб разабрацца, што з іх праўда, а што выдумка. Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі, адмысловыя агляды якога пра Індустрыяльную пляцоўку “Лістапада”, фестываль мабільнага кіно “velcom Smartfilm”, атрымалі водгук у чытача, зрабіў “вялікую апытанку” айчыннай кінасупольнасці пра міфы нацыянальнага кіно. Скарочаная версія гэтага матэрыяла, якая атрымала форму тэста, была апублікавана на вэб-рэсурсе Sputnik.b". Поўная ж версія апытання са згоды ўсіх бакоў — сёння да ўвагі чытачоў “К”.

/i/content/pi/cult/629/13984/4-1.jpgМіф першы. Беларускае кіно ніколі не існавала: ні ў савецкі, ні тым больш у постсавецкі час

Максім КАРПІЦКІ, кінакрытык, каардынатар фестывалю “Cinema Perpetuum Mobile”:

— Калі чую, што беларускага кіно няма ці не было, цягнуся па браўнінг, якога ніколі не меў. Такое сцвярджэнне ўжо некалькі гадоў як згубіла актуальнасць, палемічную вастрыню і стала пустой рыторыкай. Адмаўленне беларускасці фільмаў, створаных у БССР, звязанае са скептыцызмам пэўнай часткі грамадства ў дачыненні да савецкай спадчыны, але сапраўднай яго прычынай з’яўляецца неабазнанасць у кінематографе. Дастаткова толькі прыгледзецца, каб убачыць: значная частка тагачасных фільмаў была як савецкай, так і беларускай. Наконт цяперашняга кіно — хтосьці лічыць: пакуль беларусы не атрымаюць “Оскар” ці “Залатую галіну” на Канскім фестывалі, кіно ў нас не існуе. Няма пра што казаць, пакуль за нас гэтага не адкрылі іншыя. Але ж фільмы ствараюцца, кожны з іх так ці інакш распавядае пра Беларусь. І самае важнае, што з’яўляюцца незалежныя малабюджэтныя праекты. Менавіта гэты сегмент кіно сёння найбольш цікавы. Пакуль мы не заўважым беларускае кіно, яго не ўбачаць астатнія.

Міф другі. У Беларусі здымаць кіно нерэнтабельна — яно не здольнае акупіцца ў пракаце

Сяргей КОЗЫРАЎ, дырэктар кампаніі “Інтэрфільм Дыстрыб’юшн”:

— Карціны, якія здымаліся (і працягваюць здымацца) на дзяржаўныя грошы, рэальна ніколі не акупаліся, паколькі іх уладальнікі не задумваліся аб іх пракатным лёсе. Задача ў іх адна — асвоіць сродкі і зрабіць справаздачу. Таму фільмы, натуральна, не прыносяць грошай, паколькі суадносіны стратаў і прыбытку ніхто не аналізуе. Калі такі падыход не зменіцца, вынік застанецца тым, што і быў. Ёмістасць беларускага кінарынку невялікая, і калі прадукт ствараецца выключна для ўнутранага карыстання, значыць, трэба здымаць малабюджэтныя праекты, каб грошы, якія збіраюцца, вярнуліся назад. Зразумела, што “Беларусьфільм” за малыя грошы здымаць не ўмее, таму што ў студыі з савецкіх часоў не змяняўся парадак (лад) кінавытворчасці і яго да гэтай пары прытрымліваюцца. Яны не могуць здымаць па-іншаму, яны закладнікі сітуацыі, якая склалася. Выхад з яе адзіны — сумесны ўдзел у міжнародных, капрадукцыйных праектах, альбо здымкі малабюджэтных стужак, здольных акупіцца ў лакальным пракаце. Па гэтым прынцыпе паспяхова працуе Андрэй Курэйчык.

Міф трэці. Беларускае кіно — суцэльныя карціны пра Вялікую Айчынную вайну, подзвігі партызан і чырвонаармейцаў

Канстанцін ВАРАБЕЙ, прадзюсар “Майстэрні сацыяльнага кіно”:

— Дадзенае сцвярджэнне — міф, але не беспадстаўны. Ён сфарміраваўся на тле доўгай манаполіі студыі “Беларусьфільм”, якая займалася пераважна такімі праектамі. Калі нацыянальная студыя і здымала штосьці на іншыя тэмы, то гэта інфармацыя магла проста не дайсці да гледачоў. З піярам у дзяржаўнага сегмента сферы кіно пакуль усё дрэнна. Я сам узгадваю, што ў школьныя гады нас вадзілі на кіналекторыі, прысвечаныя тэмам вайны. Гэта дэталь фарміруе прадстаўленне пра кінематограф, і не акажыся я сёння ў сістэме кінавытворчасці, лічу, што наўрад ці меркаванне змянілася б. Дзякуючы незалежнаму руху і прыватным кампаніям, тэматыка беларускага кіно пашырылася. Мала хто прыменіць тэрмін “партызанфільм” да фільмаў нашага праекта “Kinosprint”, фільмаў нацыянальнага конкурсу фестывалю “Лістапад” і іншых беларускіх кінафорумаў.

Міф чацвёрты. Завяршэнне рэканструкцыі “Беларусьфільма” пераўтворыць нацыянальную студыю ў прыбытковае прадпрыемства, а працэс кінавытворчасці ў краіне стабілізуецца

Юрый ІГРУША, генеральны прадзюсар студыі “BFG”:

— Рэканструкцыя “Беларусьфільма” не з’яўляецца вырашальным фактарам у працэсе нацыянальнай кінавытворчасці. Гаворка ідзе пра рэканструкцыю карпусоў і павільёнаў — гэта толькі сегмент дзейнасці, звязаны больш з эканамічнымі працэсамі на прадпрыемстве (арэнда і гэтак далей). Насамрэч, асноўнымі фактарамі роста кінавытворчасці з’яўляюцца творчая і вытворчая стратэгія нацыянальнай кінастудыі, яго асэнсаваная маркетынгавая палітыка. Тут патрэбная не толькі тэхнічная рэканструкцыя, але і перабудова на кадравым узроўні, пошук сучасных шляхоў развіцця, новыя ідэі і падыходы да выбару цікавых для гледачоў кінапраектаў — як ігравых, так і дакументальных. Галоўнае — не рабіць гэта для справаздачы і лічбаў на паперы, а з творчай і адкрытай душой мастакоў. Важным складнікам таксама з’яўляецца празрыстая вочная абарона будучых кінапраектаў — гэта важны крок для дыялога, паказчык стану спраў у галіне.

Міф пяты. Мясцовая кінасупольнасць не здольная на адэкватную самакрытыку і развіццё. Яе ўдзельнікі добра ведаюць адзін аднаго, таму баяцца сапсаваць стасункі, сказаўшы лішняе

Гоша БЕРЛІНСКІ, кінакрытык:

— Культурнай актыўнасцю займаецца тысяча мінчан, якія ведаюць адзін аднаго праз два поціскі рукі (гэта самае вялікае). А людзей, якія займаюцца кіно (здымаюць, паказваюць, пішуць пра яго), мала настолькі, што іх можна сабраць у зале кінатэатра “Масква”. І ўсе ўсё ведаюць і разумеюць. Гэтаксама, як усе ведаюць, што не варта сварыцца з людзьмі, якія з табой у адной лодцы.

Іншая справа, што ў Беларусі грамадства нярэдка мяркуе ў савецкім рэчышчы. Шукаем сваю культурную ўнікальнасць, свой уласны шлях, ушаноўваем эксперыментатараў, даючы парады: “Зрабі як Таркоўскі!” Моршчымся ад мэйнстрыму, але не кідаем спробаў капіраваць Галівуд. І калі кагосьці пахвалілі на заходніх фестывалях, то потым прымаем гэтых людзей за герояў. Малайчыны! Вось нашы паказалі! А што вы зрабілі для іх? А ці ведалі вы пра іх да гэтай пары? Хутчэй за ўсё, не. Нават калі гэта быў агульны агляд у Канах, куды за грошы бяруць усіх, а не асноўны конкурс, у нас усё роўна за такое далучаюць да майстроў. І гэтыя местачковыя комплексы, вядома, перашкаджаюць супольнасці пасталець і стаць часткай глабальнага кінематографа.

Ну, і канешне, як у кожным закрытым грамадстве, тут усе разбітыя на групіроўкі, любяць інтрыгі, робяць дробныя прыкрасці, пляткараць і зайздройсцяць. Таму з кіно ў нас хутка будзе, як з гульнямі: беларускія распрацоўшчыкі сімулятара “This is the Police” прынцыпова не мелі зносінаў з беларускай прэсай. Не таму, што гульня дрэнная (рэйтынг замежнай крытыкі ў гульні высокі), але не хацелі, каб хтосьсці далучаў сабе чужыя поспехі.

Міф шосты. Запрашэнне ў беларускі праект галівудскіх кінематаграфістаў здольнае зрабіць яго паспяховым

Сяргей ФІЛІМОНАЎ, стваральнік медыябрэнда “Відзьмо-Нявідзьмо”:

— Такога кшталту меркаванні выклікаюць у асноўным адны пытанні. Прычым без адказаў. Першае пытанне: навошта сюды прыязджаць іншаземцам? Чым іх здольныя сюды прывабіць? Другое пытанне: ці атрымаюць яны выгодныя магчымасці для працы? Гэта наўрад ці. Ва Усходняй Еўропе дастаткова кінастудый з куды больш аптымальнымі прапановамі: ад Бухарэста да Прагі. І такія пытанні можна задаваць бясконца. Калі пастаўленая мэта захаваць студыю “Беларусьфільм” і зрабіць яе прыбытковай, тады мае сэнс мяняць эканоміку краіны. І маліцца, каб знайшліся бізнесмены, якія здолелі б праспансіраваць падобны праект. І нават калі ўявіць сабе фантастычную карцінку з галівудскімі майстрамі, якія робяць беларускі кінапраект, то на выхадзе нас напэўна чакае вялікая лухта. Таму што такія кіношнікі фізіялагічна не разумеюць нацыянальных нюансаў, якія маюць вялікі сэнс для беларускага гледача.

Міф сёмы. Годныя аўтары і акцёры з’ехалі за мяжу, а прызнанне ў Беларусі можна атрымаць, адбыўшыся "там"

Алеся ГРЫБОК, кінаактрыса, трэнер па прасоўванні акцёраў:

— Не магу сказаць, што ведаю шмат беларускіх акцёраў, якія з’ехалі за мяжу, таму што не запатрабаваны ў Беларусі. Мы геаграфічна не можам дазволіць сабе ахоп такой аўдыторыі. Беларусь — гэта краіна, у якой школа кіно мусіць быць пабудавана. Павінна прайсці 10 — 20 гадоў, і тады можна будзе казаць, запатрабаваны беларускія кінематаграфісты альбо не.

За апошнія два гады маё меркаванне ніколькі не змянілася — пра прафесіяналаў, напрасткі звязаных з беларускім кіно, мала пішуць, іх рэдка паказваюць па тэлебачанні. У краіне працуе шмат цудоўнейшых акцёраў, якіх не лічаць вартымі ўзгаднення. Хоць у нас ёсць свае зоркі — пачынаючы ад Паўла Харланчука, заканчваючы Іванам Трусам, які стаў вядомы з часоў выхада серыяла “Вышэй за неба”. Сёння беларускія СМІ прасоўваюць расійскіх, амерыканскіх, еўрапейскіх артыстаў. Чаму так адбываецца — добрае пытанне. І я ўсёй душой хварэю за тое, каб нашы кінематаграфісты станавіліся вядомымі за межамі краіны.

Міф восьмы. Незалежнае кіно — гэта суцэльная кустаршчына, кіно, “злепленае на каленцы”, і прызначанае толькі для фестывальных эстэтаў

Вольга РАМАНАВА, культуролаг (ECLAB), кандыдат філалогіі:

— Галоўны міф пра беларускае нацыянальнае кіно, на мой погляд, заключаецца ў тым, што існуе нацыянальны глядач, якому і патрэбна адрасаваць фільмы (пажадана, з выхаваўчымі і патрыятычнымі элементамі).

Рэальная карціна выглядае зусім інакш: існуюць розныя групы гледачоў-беларусаў з рознымі інтарэсамі. І акурат незалежнае кіно актыўна занялося сегментацый аўдыторыі. Яно адрасавана далёка не толькі фестывальным эстэтам. Ёсць фільмы, блізкія да фестывальнага арт-хауса (“Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага, які і перамог у нацыянальным конкурсе апошняга фестываля “Лістапад”), ёсць жанравая поп-прадукцыя ад Андрэя Курэйчыка, ёсць маладзёжныя драмы (“Граф у апельсінах” Улады Сеньковай), ёсць эксперыментальна-правакатыўнае відэа Мікіты Лаўрэцкага, ёсць эксперыментальныя праекты Андрэя Кудзіненкі і так далей.

Якасць у гэтых фільмаў розная, але тут трэба адрозніваць мастацкую якасць і якасць карцінкі. Кінаэксперыменты могуць быць моцнымі па мастацкім напале і пры гэтым знятыя на тэлефон, карцінка можа быць высокабюджэтнай, а фільм правальным і пустым.

Акрамя таго, усе незалежныя фільмы так альбо інакш працуюць з беларускімі рэаліямі, часцей паднімаюць актуальныя праблемы і часцей выклікаюць дыскусіі. Таму “незалежныя” абмяркоўваюцца і падвяргаюцца крытыцы нашмат актыўней, чым “вялікае кіно” ад нацыянальнай кінастудыі.

Фота прадастаўлены аўтарам

 

Заканчэнне — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік