Падарожжы ў пейзажы і не толькі

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Выстава ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, прысвечаная 145-годдзю з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, адкрывае юбілейны год класіка, народнага мастака Беларусі, народнага мастака Расіі.

/i/content/pi/cult/629/13982/8-4.jpgУ экспазіцыі, дзе прадстаўлены розныя віды і жанры выяўленчага мастацтва, у асноўным дамінуе рэалістычны пейзаж. У ім паспяхова працаваў наш знакаміты зямляк, мастак пейзажа настрою. А прынялі ўдзел у праекце маладыя беларускія творцы. Так, пейзажны жывапіс прадставілі Васіль Пяшкун, Уладзіслаў Пятручык, Антон Вырва, Раман Коршунаў і Ганна Конанава. Кожны з іх па-свойму паказаў вобраз беларускай прыроды. Катэгорыя “асаблівага” праявілася ў тым ліку і праз індывідуальную манеру аўтараў, якая надае работам непаўторнасць.

Творчасць Васіля Пешкуна характарызуе смелае выкарыстанне фарбы, пастозная, эскізная манера пісьма. Падкупляе насычаная каляровая з інтэнсіўным гучаннем палітра мастака, якая перадае настрой прыроды. Работы “Госць прыехаў”, “Цёплы дзень лютага”, “Бабіна лета”, “Будзе дождж”, “Адліга” — не проста свет пераканаўчай рэальнасці, але і паэзія жыццесцвярджальнай прыгажосці ў штодзённым.

Пранікнёная палітра каляровых сугуччаў характэрна для работ Антона Вырвы. Ягоныя пейзажы перадаюць паэзію тонкай, летуценнай і лірычнай душы. Антон здольны дакрануцца да чагосьці больш сакральнага — адчуць сутнасць прыроды. Смелая варыяцыя з кампазіцыйным фарматам, пачуццё колеру і праніклівыя адносіны да наваколля нараджаюць разнастайную гаму пачуццяў. Паэтычнасцю і мелодыяй радасці адзначана жывапіснае палатно “Пара квецені”. У рамантычнае аблічча яблыневага сада арганічна ўпісаны карункавы ажур галін яблынь, якія расцвітаюць і перадаюць жывое дыханне паветра.

Выразнай кампазіцыйнай і колеравай інтэрпрэтацыяй адзначана і жывапіснае палатно “Крычаў”. Па ўнутраным гучанні адначасова лірычнае і эпічнае, яно сведчыць пра абвостранае ўспрыманне мастака ў працэсе яго стварэння. Панарамнае ў сваёй кампазіцыі і пабудаванае на рамантычнай гульні святла і цені, яно набыло высокае мастацкае абагульненне “малой радзімы”, дзе і пачаўся шлях творцы. У некаторых работах (“Крыгаход”, “Дзяды”, “Ветраны дзень”, “Адліга”, “Зацішша”, “Ціхі дзень зімы”, “Восень. Ляцяць жураўлі”) Антон мэтанакіроўваецца да эмацыйнага і філасофскага напаўнення.

Выразным ды трапяткім мастаком паўстае ў сваёй творчасці Раман Коршунаў. Яго работы “Восень”, “Змярканне”, “Апошні снег”, “Лодкі”, “Разводдзе”, “Свежы вецер”, “Лютаўская шэрань”, “Апошняе дыханне восені” адзначаны лірычнасцю, душэўнай цеплынёй. У карцінах мастака — разнастайныя матывы, адначасова звыклыя, пазнавальныя, але і па-свойму непаўторныя, пранікнёныя па ўнутраным гучанні.

Пераемнасць рэалістычных традыцый уласцівая і творчасці Уладзіслава Пятручыка. У ягоных работах “Вясновая вада”, “Від на Слабодку”, “Від на Друцкі касцёл”, “Полацкі дворык” выразныя рэалістычнасць вобразу і лёгкасць выканання.

Пэўную своеасаблівасць унесла дэкаратыўная, гучная танальнасць пейзажаў Ганны Конанавай. Вобразная структура яе работ, абагульненая па форме і колеры, прыўносіць адценне яскравай святланоснасці і жывапіснай экспрэсіі.

Асаблівае ажыўленне ў экспазіцыю ўнеслі работы партрэтнага і нацюрмортнага жанраў Яўгеніі Зайцавай, Васіля Чатненцава, Аксаны Еўдакіменка.

Далікатны па колеры і арганічны ў перадачы прасторы і святла, “Нацюрморт з півонямі” Аксаны Еўдакіменка нараджае асацыятыўную інтэрпрэтацыю. У карціне ўдала судакранаюцца ўнутраная і знешняя дынаміка, відавочнае перапаўненне пачуццём любові і радасці. Жыццё чалавечага духу — галоўная тэма творчасці мастачкі, што раскрываецца ў розных аспектах. Тэматычная работа “Падарожжа” — адна з варыяцый на міфалагічную тэму. Створаная пад уплывам філасофскага падтэксту знакамітай карціны рускага мастака другой паловы ХІХ стагоддзя Валянціна Сярова, яна цікавая сваёй мастацкай індывідуальнай трактоўкай і інфармацыйным напаўненнем. Работа адлюстравала разважанні Аксаны пра лёс мастацтва, пра галоўную яго місію і актуальнасць у нашым сучасным свеце, пра няпростае прызначэнне мастака быць пасрэднікам паміж Богам і людзьмі.

Яскрава заявілі пра сябе скульптура і кераміка Сяргея Каледзюка і Антона Ціханаўца. Іх творчасць адзначана арыгінальным вобразным мысленнем, трансфармацыяй форм і гратэскнасцю. Так, у вобразнай структуры твораў Сяргея адначасова паядналіся метафарычнасць, сімвалічная ўмоўнасць і глыбіня думак ды пачуццяў, што надае яго работам манументальнае гучанне. Работы “Дрэва”, “Каўчэг”, “Сузіранне” здольныя ўпрыгожыць не толькі экспазіцыйныя залы, але і навакольнае асяроддзе.

Любоў БАГАМ’Я, мастацтвазнаўца