Эстамп: ад нуля і да… нуля?

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Чаму майстэрня захавала традыцыйную тэхналогію літаграфіі і сталася непатрэбнай?
Пра жыццё, майстэрню і мастацтва разважае Дзмітрый МАЛАТКОЎ. Ён з тых людзей, што маюць непасрэднае дачыненне да вялікіх спраў, але знаходзяцца “за кадрам”. Накшталт спецыялістаў, што рыхтуюць да старту касмічныя караблі. Зразумела, ёсць такія і ў мастацтве. Значныя дасягненні беларускай графікі і яе высокі ў недалёкім мінулым прэстыж былі абумоўленыя сярод іншага і высокай якасцю друку, які забяспечваў легендарны майстар Малаткоў. Праўда, вызначэнне “за кадрам” у дачыненні да спадара Малаткова не зусім пасуе. Прынамсі, паводле аўтарытэтных меркаванняў тых творцаў, якім пашчасціла з ім працаваць, ён лепшы друкар Савецкага Саюза. Пра такіх гавораць, што ён адмысловец ад Бога. Але як маланка ў навальніцу б’е па самых высокіх дрэвах, так і радыкальныя змены ў грамадстве найбольш балюча адбіваюцца на лёсе менавіта знакавых постацяў. Пасля распаду адзінай культурнай прасторы, унікальны талент Дзмітрыя Малаткова аказаўся незапатрабаваным у суверэннай Беларусі, яго слава не стала брэндам нашай краіны, здабытак ягонага жыцця — майстэрня з унікальным абсталяваннем і каштоўным матэрыялам для творча-вытворчага працэсу, гібее на вачах стваральніка.

/i/content/pi/cult/629/13975/3-1.jpgДрукам мэтр займаецца больш як пяцьдзясят гадоў. Але паваротным пунктам у ягоным лёсе стаў 1962 год, калі ён атрымаў пасаду друкара ў Мінскіх мастацка-афармляльніцкіх майстэрнях Саюза мастакоў БССР. У 1965 — 1970 гадах ён вучыць тэхналогіі эстампа студэнтаў Тэатральна-мастацкага інстытута. У 1971 годзе зноў вяртаецца ў майстэрні, якія ператвораны ў Мінскі мастацкі камбінат.

— Скажыце, Дзмітрый Васільевіч, ці так ужо сёння актуальна захаванне ў мастакоўскім арсенале традыцыйнай тэхналогіі эстампа? З’явілася ж новая тэхніка, новыя магчымасці…

— Літаграфію тэхнічны прагрэс не надта закрануў. Застаўся літаграфскі камень, традыцыйны станок. Кожны майстар прыдумляе нешта сваё ў межах тэхналогіі. Я сваё знайшоў. Яго скарыстоўваюць і іншыя. У мяне атрымліваецца, у іх — не. Можна перавесці малюнак у камп’ютар, алічбаваць выявы, але фактуру літаграфскага каменя камп’ютар не паўторыць — гэта проста розныя тэхналогіі для розных мэтаў. Вось адсканаваць і зрабіць рэпрадукцыю ўжо гатовай літаграфіі цалкам магчыма. Але прынтарны адбітак гэта па якасці зусім не тое, што атрымліваеш метадам традыцыйнага эстампу.

Вось зараз у Мінску прадаюць літаграфіі Напалеона Орды. Вядома, гэта не літаграфія, а адмыслова састараная каляровая ксеракопія, зроблена ў Польшчы: дасведчаны чалавек адразу заўважыць розніцу паміж унікальным адбіткам і зробленым праз камп’ютар тыражом!

— Атрымліваецца, усё ўпіраецца ў майстра і залежыць ад ягонага досведу?

— Менавіта. Сам працэс стварэння літаграфіі на словах апісаны. Але на справе ўсё залежыць ад нюансаў, разуменне якіх прыходзіць з досведам. Крыху інакш апрацаваны камень, інакш скарыстана хімія — і будзе іншы вынік. Да прыкладу, на адным адбітку зваротны бок чысты, а на другім фарба прабілася. Дылетант мо і ўвагі не зверне, а прафесіянал адразу адзначыць. Бо справа тут не толькі ў эстэтыцы: адбітак, дзе фарба прайшла наскрозь, будзе горш захоўвацца. Я паклаў жыццё, каб дамагчыся найтанчэйшага слою фарбы. Прыйшоў да ўсяго праз практыку. Мне даводзілася працаваць са студэнтамі, ад якіх на стадыі навучання ніхто не патрабуе глыбокіх ведаў і высокага прафесіяналізму. Дастаткова, каб мелі ўяўленне пра тэхналогію, арыентаваліся ў вытворчым працэсе. Але тэхнічная неахайнасць, якая даруецца ў часе навучання, у творчай рабоце недапушчальная. Увогуле, пра крытэрыі ў нашай справе можна гаварыць толькі тады, калі вызначана мэта. Калі мастак ведае, чаго ён хоча, і шукае адпаведныя сродкі для дасягнення мэты. Мне цікава працаваць менавіта з такімі мастакамі. Майстар-друкар — вельмі важнае звяно паміж мастаком і ягоным творам.

— Вы сказалі, што да ўсяго дайшлі ўласным розумам. Праз практыку. Вас самога ніхто не вучыў?

— Не было каму! Друкаром я стаў праз збег шматлікіх абставін. Я не збіраўся звязваць з гэтай прафесіяй жыццё — працаваў там, дзе друкавалі газету “Правда” і іншыя перыядычныя выданні, але сышоў на радыёзавод. Прайшло два-тры месяцы, і выклікаюць мяне да дырэктара завода. У кабінеце нейкія незнаёмыя мне людзі. Кажуць, што збіраюцца ладзіць літаграфскую майстэрню, каб друкаваць партрэты членаў Палітбюро, і для гэтага ім патрэбны менавіта я. Вось так мяне сюды і прыцягнулі ў пачатку 1960-х. Майстэрню арганізавалі, а спецыялістаў дасведчаных няма. Усе задзейнічаныя ў гэту справу былі такія, як і я: ніхто нічога не ведаў. Ну, бачыў я калісьці тыя літаграфскія камяні — і што з таго? Але неяк справа пайшла, а з тых партрэтаў членаў Палітбюро фактычна распачаўся беларускі эстамп.

— Атрымліваецца, вымушана вынаходзілі тое, што недзе даўно было вядома?

— Можна і так сказаць. Давялося па-новаму вынаходзіць. Так атрымалася. Мы шмат чаму вучыліся, калі наведвалі ўсесаюзныя выставы. А надрукаваныя намі работы беларускіх графікаў сталі нашай рэкламай. Прафесіяналы бачылі, на што мы здольныя, і замаўлялі нам такую ж якасць. Я працаваў з мастакамі з усяго Савецкага Саюза, а яшчэ з французамі, палякамі, немцамі. Бывала, пад маім уплывам яны змянялі творчы почырк.

Для розных эфектаў скарыстоўваюцца розныя сродкі. Мы можам рабіць увесь спектр эстампу, але засяроджваемся на высокатэхналагічных тэхніках. Скажам, афорты, мы імі таксама займаемся, можна друкаваць, пракатаўшы праз валікі. А можна з дапамогай прэса, як тое рабіў Скарына. Ёсць і іншыя прыёмы. Выбар залежыць ад таго, што аўтар хоча мець у выніку. Сярод літаграфскіх камянёў, што сабраныя ў гэтай майстэрні, ёсць такія, якім па сто гадоў. Да прыкладу, стары баварскі вапняк, каб працаваць па камені алоўкам ці тушшу, ён мусіць быць ідэальна роўным. Каштоўнасць гэтага каменя ў тым, што яго можна да такога стану адшліфаваць. У прыродзе яго ўжо няма, увесь выбралі, а хімічным шляхам яго не створыш. Я магу распавесці гісторыю кожнага з гэтых камянёў — яны самі па сабе ўжо гістарычная каштоўнасць. Ад французскіх мастакоў я чуў, што ў Парыжы на аўтэнтычных камянях, аналагічных нашым, працуе толькі адна літаграфская майстэрня. Ім па класічнай тэхналогіі больш выгадна працаваць у Чэхіі ці ў якой іншай краіне, але не дома. Так што наша майстэрня, дзе захавалася традыцыйная тэхналогія, магла б і грошы зарабляць, і працаваць на імідж краіны.

— Калі для вашай майстэрні пачаліся сённяшнія відавочныя праблемы?

— Разам з развалам усталяванай сістэмы, ад якой сілкавалася мастацтва. Мяне часам вінавацяць у тым, што я не падрыхтаваў пераемніка. Дык яго ж трэба вучыць! А як вучыць, калі настаўніку грошы не плоцяць? Быў час, калі на свой заробак я мог хіба кавалак хлеба купіць. Але я захаваў майстэрню. І што? Адзін высокага рангу чыноўнік наўпрост сказаў: зараз не да эстампу — майстэрню трэба закрываць. Кажа, магчыма калі-небудзь, праз гадоў пяць-шэсць з’явіцца майстар, які гэту справу працягне. Можа, з часам гэта майстэрня каму-небудзь спатрэбіцца.

Дагэтуль майстэрня існуе толькі таму, што ёсць я. Але я пенсіянер. Сюды трэба маладзейшы майстар. Дзе яго ўзяць? Шэсць гадоў тут знаходзіліся студэнты. Ідэя была такая: яны працуюць, а я кансультую. “Нацягваю” на прафесію, выпраўляю іх памылкі, тлумачу, што правільна, а што не. У працэсе вытворчасці з’явіцца ў іх пэўны вопыт, і вылучыцца нехта, здольны майстэрню ўзначаліць. Не з’явілася, аднак, майстра… Я мяркую, што маладыя людзі бачаць сітуацыю і не імкнуцца ўблытвацца ў бесперспектыўную справу, не хочуць марнаваць час, патрэбны на творчасць і ўладкаванне ў жыцці.

Майстэрня знаходзіцца на тэрыторыі парэштаў мастацкага камбіната. Увогуле гэта ўласнасць саюза мастакоў. Як грамадская арганізацыя саюз можа зрабіць тут хіба касметычны рамонт. А каб справа пайшла, каб колішнюю славу аднавіць, трэба зусім іншыя грошы. Дзяржаўныя. А хто мусіць звяртацца па дапамогу, хто мае на гэта паўнамоцтвы? Паўстае шэраг незразумелых арганізацыйна-прававых пытанняў… Я не ведаю, хто іх мусіць вырашаць і ці магчыма ўвогуле штосьці зрабіць.

Тым часам у свеце пра нас, пра нашы дасягненні паспяхова забываюць. Што да мяне, дык мае калегі, што кантактуюць з маімі сябрамі ў замежжы, распавядаюць наступнае. Калі тыя чуюць прозвішча Малаткоў, дык здзіўляюцца: а ён што, яшчэ жывы? Ну дык прывітанне Васілічу! Мы з ім у Сенежы (ці яшчэ ў дамах творчасці савецкай пары) перасякаліся. І ў Расіі, і ў Еўропе думаюць, што ўсё ў нас страчана, разваравана. І нікога з тых, хто варты іхняй павагі, няма сярод жывых. Такі маем імідж…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"