Хто хоча ў Віцебск?

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Сёння вызначацца беларускія прадстаўнікі на XXVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017” і XV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2017”. У Маладзёжным тэатры эстрады пройдуць фіналы адбораў, у якіх за два месцы пад віцебскім спеўным сонцам пазмагаюцца 20 прэтэндэнтаў.

У дарослым “спаборніцтве” прымуць удзел дзесяць суіскальнікаў — гэта Марына Бараноўская, Кірыл Ермакоў, Ірына Замулка, Ніна Жукоўская, Злата Ларчанка, Настасся Лушчык, Алеся Сяргейчык, Дар’я Правашынская, Кацярына Сычэўская, Ягор Шаранкоў. Столькі ж чалавек будуць змагацца ў дзіцячым: Алеся Вiтолс, Марыя Дудар, Марыя Жыліна, Ангеліна Ламака, Марыя Магiльная, Кірыл Машэўскі, Арына Пехцерава, Арцём Скароль, Стэфанія Смірнова, Анфіса Хмялеўская.

Пераможцаў абяруць прафесійныя журы. Сярод тых, хто ўваходзіць у склад “дарослага” — зоркі айчыннай поп-музыкі Ірына Дарафеева, Алег Елісеенкаў, Вольга Рыжыкава, Аляксей Хлястоў ды іншыя. А ўзначаліў “калегію” народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг. У “дзіцячым судзейскім корпусе” (старшыня — народны артыст Беларусі Васіль Раінчык) — спявачка і педагог Вольга Вронская, мастацкі кіраўнік узорнага тэатра эстрады “Кропелька” Мірскага дома культуры Ларыса Довят, кіраўнік хору хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі Павел Шэпелеў...

“Адценіць” не абы-якую барацьбу канцэрт, дзе выступяць Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Пётр Елфімаў, Аляксандр Сухараў, Васіль Раінчык і ансамбль “Верасы”, а таксама юныя таленты, лаўрэаты конкурсаў і шоу-праектаў, такіх як “Еўрабачанне”, “Голас. Дзеці” і іншых.

Тэлеверсіі фіналаў 25 і 26 сакавіка ў 12.10 пакажа “Беларусь-3”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"