Пра ветэранаў, Ляльку Цільда і звонкія струны

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

На Беларусі няма помніка чытачу! Пра такі істотны недахоп прымусіла задумацца Клімавіцкая цэнтральная бібліятэка, якая выставіла ў сацсеткі наступную інфармацыю: “У Таганрогу, ля бібліятэкі імя Антона Чэхава, усталяваны помнік юнаму чытачу. Дарэчы, бібліятэка была пабудавана на грошы Антона Паўлавіча. Яе архітэктарам стаў сябра пісьменніка Фёдар Шэхцель”. Дык і бібліятэкі ў нас з такой гісторыяй няма (калі памыляюся, папраўце). А помнікі літаратурным героям?! Выявы Шуры Балаганава ў Бабруйску ды коласаўскія ”выхаванцы” на аднайменнай сталічнай плошчы — як кропля ў моры. Словам, ёсць над чым разважаць, ёсць над чым працаваць.

/i/content/pi/cult/629/13968/12-1.jpg15 сакавіка, як паведамляе прэс-служба Полацкага райвыканкама, у Сафійскім саборы адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Іх атрымалі 50 школьнікаў горада і раёна. Падарункам ім стаў канцэрт арганнай музыкі.

Мастацкая галерэя “Вільнюс” сталічнай бібліятэкі № 18 прэзентуе выставу вышываных карцін “Мелодыя вясны”. Работы выканалі ў розных стылях майстрыхі клуба “Сузор’е”, што дзейнічае пры грамадскім аб’яднанні “Беларускі саюз жанчын”.

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка распавядае пра вынікі абласнога конкурсу метадычных выданняў “Народныя інструменты, музыка і музыкі Віцебшчыны”. Лепшымі прызнаны работы, выкананыя Наталляй Нікіфаровіч з Глыбокага, спецыялістамі Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры і Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна, Вольгай Букіс з Браслава і Святланай Марозавай з Паставаў. “Усяго на конкурс было прадстаўлена 13 работ, скіраваных на вывучэнне, зберажэнне і папулярызацыю музычнай спадчыны Віцебшчыны”, — піша аўтар.

Бібліятэкі Свіслаччыны ладзяць дні інфармацыі і рэкламы. Такія акцыі прыцягваюць новых чытачоў і папулярызуюць перыядычныя выданні. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Шпак паведамляе пра мерапрыемства “Перыёдыка ў нашым жыцці” ў Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства. З чытачамі тут сустрэліся мясцовыя журналісты. Аналагічныя сустрэчы прайшлі ў аграгарадках Новы Двор і Ханявічы.

Намеснік загадчыка бібліятэкі імя Дзям’яна Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Галіна Мядзведзева напісала пра тое, што 21 сакавіка спаўняецца 90 гадоў ветэрану бібліятэчнай працы, педагогу, празаіку, публіцысту, краязнаўцу Віктару Арцем’еву. Ён працаваў у Парычах загадчыкам бібліятэкі, быў інспектарам ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама, загадчыкам Чэрыкаўскага раённага аддзела культуры, загадчыкам метадычнага аддзела Магілёўскай абласной бібліятэкі, выкладчыкам Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума і па сумяшчальніцтве — карэспандэнтам-арганізатарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР… “Наша бібліятэка, — піша аўтар, — актыўна супрацоўнічае з Віктарам Іванавічам. Ягонай творчай актыўнасці можна пазайздросціць, ён асвоіў камп’ютар і карыстаецца інтэрнэтам”.

Ветэранаў шануюць і ў Касцюковіцкім раёне. Намеснік дырэктара тутэйшай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Дробышава напісала пра ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю ўтварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У раённым цэнтры культуры працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аўтары работ з газетнай паперы і ў тэхніцы “Лялька Цільда” — пацыенты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Касцюковіцкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А ў святочным канцэрце прынялі ўдзел народны вакальна-інструментальны ансамбль “Этыкет”, народны гурт народнай песні “Калініца”, хор ветэранаў працы і салісты РЦК.

Яшчэ адзін прыклад супрацоўніцтва з ветэранамі. У Макараўскім доме-інтэрнаце “Манарх” (якая назва незвычайная!), што ў Бераставіцкім раёне, прайшла дабрачынная акцыя-віншаванне “З павагай да Вас!” Гурткоўцы філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці разам з настаўнікамі мясцовай сярэдняй школы-ясляў-сада ўручылі ветэранам салодкія падарункі і сімвал акцыі — нагрудны знак “Настрой у падарунак”. Фінансава падтрымала арганізатараў свята тутэйшая сельскагаспадарчая арганізацыя.

Зноў пра аграгарадок Макараўцы. Сюды днямі завіталі фальклорны ансамбль “Вясёлка” з аграгарадка Малая Бераставіца і народны тэатральны калектыў ”Вяскоўцы” з аграгарадка Алекшыцы. Канцэртную праграму вялі мастацкі кіраўнік філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці Антон Бажко і бібліятэкар філіяла “Лішкаўская сельская бібліятэка” Зоя Хлебнікава (яны, дарэчы, сталі арганізатарамі вышэйзгаданага мерапрыемства ў доме-інтэрнаце “Манарх”). Паколькі Макараўцы размешчаны непадалёк ад дзяржаўнай мяжы з Польшчай, у мерапрыемстве бралі ўдзел не толькі аматарскія аб’яднанні “Юны сябар пагранічніка” з бліжэйшых устаноў культуры, але і афіцэры пагранічнай заставы ”Сямёнаўка”. Такія сумесныя творчыя акцыі даўно сталі ў раёне традыцыйнымі.

Выкладчык Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 у Барані Наталля Латышава распавядае: “Год таму фартэпіяннае аддзяленне школы адзначала юбілей кампазітара і аўтара шматлікіх эцюдаў ды практыкаванняў Карла Чэрні. Юным піяністам гэта так спадабалася, што мы стварылі праект “Віртуозы, наперад!” па спаборніцтве ў асваенні розных відаў тэхнікі ігры. Цяпер школьнікі выконваюць эцюды многіх кампазітараў, знаёмяцца з іх біяграфіямі, адточваюць музычныя ўменні. Цікава было паслухаць Паліну Пасмтаногаву, Марыю Маскалёву, Антаніну Панчук, Захара Зубоўскага і многіх іншых. Арыгінальна, нечакана, віртуозна. Да прыкладу, трэцякласнік Мікіта Русяцінскі выканаў на электронным фартэпіяна эцюд у эстраднай апрацоўцы”.

І яшчэ адна інфармацыя ад Наталлі Латышавай. У дзіцячай школе мастацтваў № 1 Оршы адбыўся VI Гарадскі адкрыты фестываль-конкурс “Звіняць струны звонкія”. У склад журы ўвайшлі вядучыя выкладчыкі Віцебскага музычнага каледжа імя Івана Салярцінскага і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Навучэнцы ДШМ № 3 горада Барань цымбалісткі Ганна Мамантава і Ганна Карповіч, гітарысты Анатоль Гатоўкін і Глеб Боханаў атрымалі лаўрэацкія дыпломы. У намінацыі “Ансамблевае выканальніцтва” лаўрэатамі сталі інструментальныя дуэты: “АніВікс” Ганны Мамантавай, Вікторыі Лапцінскай і “Сувенір” Настассі Віслагузавай і Ганны Карповіч.

Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай райбібліятэкі імя Цёткі Таццяна Сосна піша пра выставу “Кніжны свет праваслаўя”. Падчас яе адкрыцця Благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк перадаў у дар бібліятэцы 9-томны “Збор прац Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла”.

Абласная выстава народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства-2017” — чарговы этап праекта Віцебскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці па папулярызацыі народнага адзення Віцебшчыны. Пра гэта паведаміла вядучы метадыст установы Ала Лялькіна. На выставе экспануюцца тканыя вырабы (хусткі, андаракі, саяны), рэчы з лямцу (магеркі, валёнкі, рукавіцы), са скуры (абутак, сумкі), арнаментальнае вязанне (шкарпэткі, панчохі).

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці паведамляе, што 25 сакавіка ў Іўі і 26 сакавіка ў Ваўкавыску адбудзецца абласны фэст “Не старэюць душой ветэраны”; 31 сакавіка Слонімскі цэнтр культуры і дасугу стане месцам правядзення XI Абласнога фестывалю ўзорных тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы”; 8 красавіка ў Гродне на Савецкай плошчы запланавана рэгіянальнае свята-кірмаш “Гродзенскія традыцыі да Вялікадня”; 29 — 30 красавіка Палац культуры Ліды запросіць на XI Абласны фестываль народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"