“Санеты” і новае “…Возера”

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Балетныя прэм’еры заўсёды выклікалі асаблівы ажыятаж публікі і прыцягвалі ўвагу спецыялістаў. Некаторы час таму ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі з’явіўся новы аднаактовы балет “Санеты” ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай, уладальніцы медаля Францыска Скарыны. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прэзентаваў класіку — “Лебядзінае возера”. Якімі ж атрымаліся гэтыя творчыя працы?

/i/content/pi/cult/628/13964/8-1.jpgГавораць, некалькі гадоў таму жаданне паставіць балет паводле санетаў Шэкспіра было ў Вольгі Костэль — яшчэ аднаго балетмайстра нашага Вялікага тэатра. Не будзем гадаць, чаму тая задума не рэалізавалася. Бо сама па сабе ідэя звароту да гэтай літаратурнай асновы надзвычай цікавая і перспектыўная. І вырашаць яе можна ў безлічы розных варыянтаў, адштурхоўваючыся ад любоўнай тэматыкі, што мае свой паварот у кожным шэкспіраўскім шэдэўры, ад эпохі позняга Рэнесансу, дасягненні якой застаюцца актуальнымі, ад творчасці Шэкспіра, поўнай неразгаданых загадак, нарэшце, ад формы-структуры паэтычнага жанра, бо тую можна паспрабаваць перанесці на пластыку.

Для новага балета былі абраны два санеты: 25-ы і 27-ы, абодва ў перакладзе Самуіла Маршака. Яны гучаць у выразным выкананні мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Якуба Коласа, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, прафесара Валерыя Анісенкі, прыгадваючы мінулыя часы і яго ўдзел у якасці чытальніка ў шматлікіх філарманічных канцэртах, асабліва калі там гучалі беларускія кантаты і араторыі. Паэтычнай аснове, пра якую нагадваюць і спісаныя лісткі паперы, што сыплюцца зверху, пасуе стылізаваная музыка англійскіх кампазітараў першай паловы ХХ стагоддзя: Пітара Уорлака і Ральфа Воана-Уільямса. А што ж харэаграфія? Там ёсць намёк на старадаўнія побытавыя танцы, злёгку рамантызаваныя класічным балетным выкананнем. Ёсць намёк на філасофію, асабліва добра выяўлены ў аўтарскім лібрэта, шматлікіх выказваннях балетмайстра, наяўнасці ў спектаклі, акрамя ўласна Паэта, такіх дзеючых асоб, як Любоў, Мара, Белы і Чорны анёлы. Але пры ўсім гэтым новая аднаактоўка выклікае адчуванне адсутнасці харэаграфіі ў яе акадэмічным разуменні, са схільнасцю ці да класікі і неакласікі, ці да contemporary і мадэрну. Асновай балета, на мой погляд, сталі побытавыя танцы, а часцей — проста рухі, часам спалучаныя з элементамі балетнага ўроку ці вучэбных экзерсісаў. Урэшце, такая сцэнічная пластыка, вядома, мае права на існаванне, як і любая іншая. Але дакладна: нашы артысты з іх высокім майстэрствам здольныя на куды большае!

“Балетнасць” класічнага, а не мадэрнізаванага “Лебядзінага возера” з апорай на харэаграфію Пеціпа і Льва Іванова не выклікае сумневаў. Пры гэтым кожны з тэатраў спыняецца на пэўнай далейшай рэдакцыі, а яшчэ часцей робіць сваю ўласную, улічваючы лепшыя здабыткі папярэднікаў. Так адбылося і ў Музычным тэатры, дзе пастаноўшчыкам выступіла галоўны балетмайстар класічнай трупы Кацярына Фадзеева. Народная артыстка Беларусі, да гэтага балета яна звярнулася не ўпершыню, але — у новай творчай якасці, бо калісьці была адной з лепшых Адэт-Адзілій у нашым Вялікім, дзе ў той час “Лебядзінае…” ішло ў рэдакцыі Валянціна Елізар’ева (дарэчы, тая версія, акрамя апоры на харэаграфію Асафа Месерэра ў апошнім акце, вылучалася пераканаўчай логікай у развіцці сюжэтнай лініі і надзвычай трапнымі псіхалагічнымі дэталямі ў паводзінах герояў).

Ды ўсё ж, ці не з’яўляецца такі зварот Музычнага тэатра да вышэйшай харэаграфічнай класікі ўсяго толькі “вытворчай” неабходнасцю, скіраванай на падтрымку належнага прафесійнага ўзроўню? Ці ёсць у гэтым папраўдзе мастацкія знаходкі? Ці можна ўвогуле адаптаваць “Лебядзінае…” да не самай вялікай сцэны? Ды яшчэ так, каб пры гэтым захаваць ягоную масавасць, адчуванне неабсяжнай прасторы і, адначасова, яе запоўненасці? Як аказалася, усё магчыма. І ўсё, уключаючы мастацкасць, атрымалася. Вядома, штосьці скарацілася, але не надта заўважна для недасведчанага гледача, бо самыя вядомыя фрагменты засталіся некранутымі і, пры зробленых купюрах, акцэнтуюцца яшчэ больш. Узніклі і некаторыя новыя дэталі. Так, святкаванне паўналецця Зігфрыда нагадвае не баль, а мілую, крыху побытавую хатнюю вечарынку, дзе жыўчык-блазан імкнецца хоць неяк развесяліць зусім засумаваўшых гасцей.

Апынуўшыся ў больш зручных для выканання ўмовах, вельмі годна выглядае кардэбалет, утвараючы папраўдзе роўныя лініі. А што ж салісты? Ці ёсць у нашым Музычным сапраўдныя прымы, здольныя ўвасобіць не толькі складанасці балетнай тэхнікі, уключаючы праславутыя 32 фуэтэ, але і два прынцыпова кантрасныя жаночыя характары? Сапраўды, ёсць, што для многіх, шчыра кажучы, было нечаканасцю. Больш за тое, розныя выканальніцкія склады ўнеслі ў спектакль новыя адценні. Міку Сузукі ўжо паводле сваёй канстытуцыі выглядала не ганарліва статнай лябёдкай, а маленькай, кранальна даверлівай, пяшчотнай, зусім не “заморскай”, а “сваёй роднай” птушачкай-сінічкай, якую так і хацелася прылашчыць, сагрэць — і сагрэцца ад яе самому, настолькі акуратна, вытанчана і, галоўнае, асэнсавана выконвала артыстка ўсе балетныя па. Дый фуэтэ круціла — можа, і не як “цвічок”, затое падвойныя. Яшчэ адна “лябёдачка” Алена Германовіч праецыравалася на вобраз упэўненай бізнес-лэдзі, якая ведае сабе кошт. А ў фуэтэ ўкладала адценне сцярвознасці, часам уласцівае падобным дамам. Хлопчыкам-салістам гэты балет увогуле даў магчымасць засвоіць адразу некалькі розных партый: і Уладзіслаў Жураў і Цімафей Вайткевіч паўстаюць не толькі прынцамі, але і выканаўцамі па-дэ-труа, апошні танцуе таксама Блазна.

Асобнага разгляду заслугоўваюць характарныя танцы, пастаўленыя заслужанай артысткай Беларусі Нінай Дзьячэнка, якая ўзначальвала балетную трупу гэтага тэатра раней, а цяпер выкладае ў харэаграфічным каледжы. Ёмістыя, яркія, запамінальныя па пластыцы нумары выконваліся з такой адданасцю і сапраўдным запалам, што было відавочна: артыстам яны падабаюцца не менш, чым гледачам.

Што ж да аркестравага складніку, дык на тых паказах, што я глядзела, цудоўныя, за рэдкім выключэннем, інструментальныя сола спалучаліся з асобнымі туційнымі хібамі. А некаторая запаволенасць, гэткая “тумановасць” тэмпаў (дырыжор — Юрый Галяс) дыктавалася, пэўна, не толькі прыстасаваннем да харэаграфіі, але і агульнай беларускай ментальнасцю.

Спектакль вабіць адметным колеравым каларытам, які ўзнікае і праз светлавыя эфекты, знойдзеныя мастаком па святле Сяргеем Азеранам, і праз сцэнаграфічныя дэталі накшталт вітражоў у сцэне другога балю, і, канешне, праз сцэнічныя строі, розныя нават у артыстаў, што танцуюць світу (мастак — Любоў Сідзельнікава). Прыцягваюць да сябе ўвагу спалучэнні аранжавага з ружова-малінавым, бардовага з блакітным. Свая разыначка ўзнікла нават у лебядзіных касцюмах, дзе, здавалася б, няма чаго прыдумляць да традыцыйнага белага пачаку. Ажно не — пачакі вылучаюцца асаблівай “пухнатасцю”, што асацыюецца з мяккасцю і пяшчотай, а ўверсе карсетаў бачны жоўта-залаты кавалачак, бы нейкі азначаны медальён у выглядзе дзюбы. Дый у Адзіліі — традыцыйна чорны строй дапаўняецца пробліскамі чырвані, што адразу яднае гераіню з Ротбартам.

Дададзім, што спектакль рыхтаваўся для заходнееўрапейскіх гастроляў — шмат у чым па замове гаспадароў пляцовак. І вельмі натуральна ўпісаўся ў бягучы рэпертуар “на стацыянары”, упрыгожыўшы афішу не толькі гэтага тэатра, але і ўсяго горада. Ну, а калі “Лебядзінае…” ёсць і ў рэпертуары нашага Вялікага тэатра, дык у публікі ўзнікае цудоўная магчымасць паглядзець абедзве версіі — і, зразумела, іх параўнаць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"