Тэст на сімвал

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Разважаеш пра горад — думай пра краіну
Магілёўскі гарвыканкам зацвердзіў лагатып святкавання 750-годдзя Магілёва. На ім скампанаваны выявы найбольш вядомых архітэктурных аб’ектаў горада. Кожны з іх сімвалізуе пэўны перыяд у гісторыі Магілёва, а разам яны ўвасабляюць шлях праз стагоддзі. Гэты прыём у рэкламнай і прапагандысцкай графіцы не новы, але ўсё адно часта скарыстоўваецца, дзякуючы высокай інфармацыйнасці і лёгкасці ўспрымання гледачамі. Нацыянальны чыннік знака падкрэсліваецца стылістыкай малюнка, якая нагадвае беларускую вышыўку крыжыкам. Гэты знак ужо існуе і працуе, таму крытычна абмяркоўваць яго не мае сэнсу (хоць з’явіліся і такія прэцэдэнты). Што ёсць, то ёсць.

/i/content/pi/cult/628/13961/4-1.jpgПра знак-лагатып і слоган святкавання юбілею горада думаюць і ў Брэсце. Праз два гады горад над Бугам будзе святкаваць 1000-годдзе. Парупіцца пра варты юбілею знак вырашылі ўжо сёння. Прайшоў конкурс ідэй, у якім мог прыняць удзел кожны, хто адчуваў сябе здольным зрабіць унёсак у святкаванне і меў пэўныя мастацкія навыкі. Творчыя прапановы можна было пабачыць на сайце Брэсцкага гарвыканкама. І пабачанае дае падставы для разваг пра тое, як мы разумеем нацыянальную гісторыю, што лічым яе сімваламі.

Бадай пра кожны беларускі горад можна сказаць, што ён мае насычаную гісторыю, у якой шмат драматычных, а часам і трагічных старонак. Гэта акалічнасць абумоўлена нашым геапалітычным становішчам у цэнтры кантынента, на скрыжаванні Захаду і Усходу Еўропы. Калі-нікалі Беларусь выконвае ролю культурнага маста, але даволі часта яна з’яўлялася прасторай, дзе, паводле слоў паэта, “схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць”. У нашай нацыянальна-гістарычнай міфалогіі Брэсту якраз і адводзіцца роля вартавога заходніх межаў. У гэтым сэнсе гораду пасаваў бы рэкламны слоган Інстытута пагранічнай службы РБ — “Мы — першыя, за намі — Радзіма”. Не дзіва, што самымі папулярнымі выявамі ў прапанаваных на конкурс праектах лагатыпа былі агульнавядомыя сімвалы Брэсцкай крэпасці — сілуэт Холмскай брамы і ўваход у мемарыял у выглядзе пяцікутнай зоркі. Далей ідзе будынак вакзала, які мае выразны сілуэт і ў вачах гасцей, што перасякаюць мяжу ў Брэсце, можа сімвалізаваць не толькі горад, але і ўсю краіну. Брэстчане па праве ганарацца гэтым шэдэўрам сталінскага ампіру. Ёсць прапановы лічыць сімвалам, адпаведным маштабу тысячагоддзя, некаторыя атрыбуты найноўшага вулічнага дэкору.

Слоганы ўвогуле не надта цікавыя. З іх для далейшай распрацоўкі я вылучыў бы наступныя — “Брэст — горад вялікіх сэрцаў” (ён спалучаны з выявай канструкцыі ў выглядзе сэрца, што аздабляе адну з вуліц горада), “Запалі зорку ў сваім сэрцы” (выява — пяцікутная зорка ўваходу ў мемарыял), “Брэст. Першая тысяча” і “Горад — гэта мы”.

Часу, каб зрабіць справу добра, яшчэ хапае. І арганізатары свята, крытычна асэнсаваўшы вынікі конкурсу ідэй, могуць на падставе гэтага тэсту выпрацаваць комплекс канцэптуальных патрабаванняў да графічнага знака тысячагоддзя. Найперш, на маю думку, трэба адысці ад выпрацаваных дзесяцігоддзямі адпаведнага выхавання, адукацыі і прапаганды стэрэатыпаў. Трэба давесці да свядомасці брэстчан і не толькі іх той просты факт, што гораду менавіта тысяча гадоў. А значыць, распачаўся Брэст не з крэпасці, пабудаванай у ХІХ стагоддзі, а з таго горада, які быў свядома знішчаны Расійскай імперыяй у мірны час, каб на ягоных руінах стварыць ваенны фарпост. Брэст, дарэчы, горад славутай рэлігійнай уніі. Горад, дзе ўпершыню паспрабавалі мірна паразумецца Праваслаўе і Каталіцызм. І гэта толькі адзін з эпізодаў багатай на падзеі глабальнага маштабу гісторыі горада. З часам, зразумела, і сама крэпасць стала часткай гісторыі горада. Але, зноў падкрэслю, не з яе ўсё пачалося. Яна можа быць толькі фрагментам гістарычнай панарамы па аналогіі з магілёўскім лагатыпам, на якім прадстаўлены знакі розных эпох гісторыі горада, але дамінуе над усім будынак ратушы. Я ні ў якім разе не падказваю мастацкага рашэння, толькі звяртаю ўвагу на тое, што падаецца прынцыпова важным.

На маю думку, тысячагадовы юбілей Брэста — гэта добрая нагода, каб распачаць адбудову (няхай сабе пакуль толькі віртуальную) таго самага горада, што існаваў да з’яўлення крэпасці. Гэты патрыятычны праект мусіць духоўна аб’яднаць не толькі брэстчан, але і ўсю Беларусь. Бо гэта праект нацыянальнага маштабу. А знак святкавання тысячагоддзя горада якраз бы і мусіў гэты праект прапагандаваць, уводзіць у свядомасць грамады.

Гэта адзін магчымы шлях. Другі — шукаць вобраз, у якім адсутнічаюць рэаліі, якія лёгка пазнаць, але выяўлена сутнасць падзеі і закладзена ідэя з патэнцыялам часовай трансфармацыі. Тут варта звярнуцца да досведу распрацоўкі лагатыпаў і слоганаў сталіц і славутых гарадоў свету. Матэрыялу напрацавана шмат, ёсць ад чаго адштурхнуцца.

І галоўнае. Малюеш зямлю, глядзі на неба. Разважаеш пра горад, думай пра краіну. Робіш справу для Брэста, трымай у галаве і сэрцы Беларусь.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"