“ЧытайГорад” у замку

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

У Навагрудскім раёне юбілейныя дні нараджэння адсвяткавалі Любчанская інтэграваная гарпасялковая, Ацмінаўская, Ваўкавіцкая, Гарадзечанская, Кашалёўская, Пятрэвіцкая, Уселюбская, Харосіцкая сельскія бібліятэкі. 70-годдзе адзначыла і Навагрудская раённая бібліятэка.

Гістарычнае ўчора

У 1946 годзе тут працавалі два бібліятэкары, абслугоўвалася 1080 чытачоў, з іх 350 — дзяцей. Кніжны фонд налічваў 3100 экзэмпляраў. Праз год установе прысвоена імя Максіма Багдановіча. У розныя часы бібліятэкай кіравалі Рахель Бондар, Соф’я Хмялеўская… Павялічваўся фонд, пашыралася чытацкае кола.

15 студзеня 1979 года была ўтворана Навагрудская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Раённая бібліятэка атрымала статус цэнтральнай раённай. У склад ЦБС увайшлі 75 бібліятэк. 1980-я гады вызначыліся стварэннем клубаў па інтарэсах. У абласным туры рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы бібліятэк па экалагічнай адукацыі і інфармацыі насельніцтва ў 1998 — 1999 гады Навагрудская ЦРБ заняла другое месца, была ўзнагароджана. На прызавыя грошы набылі камерцыйны фонд, які і паклаў пачатак платным паслугам. 1990-я таксама запомніліся і рэарганізацыйнымі працэсамі.

1996 год стаў надзвычай цяжкім. Наш будынак быў прызнаны аварыйным. Падчас рамонту бібліятэкары працавалі па розных месцах. Канчаткова пытанне з будынкам вырашылася толькі ў 2004-м. Кажуць, дарэчы, нашай камяніцы — каля 200 гадоў. У адпаведнасці з гістарычнымі крыніцамі, яшчэ ў 1812-м уладальнікам дома быў Камінскі. Тут з ваколіц Навагрудка збіралася шляхта, у двары танцавалі паланэз, кракавяк, мазурку. На другім паверсе знаходзілася зала, дзе ў 1922 годзе 13 мая сустракалі сына Адама Міцкевіча Уладзіслава, які ехаў з Крыма ў Вільню… Потым тут былі крама, нарыхтоўчы пункт. Пасля Вялікай Айчыннай вайны размясцілася паліклініка, якая праіснавала да 1991 года.

Праектнае сёння

Пачатак новага стагоддзя прынёс кардынальныя новаўвядзенні, якія абумовіла аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. Пачала працаваць электронная пошта. У 2007 годзе ў ЦРБ былі створаны лакальная сетка, наш сайт (а пасля і дзіцячы сайт), што значна пашырыла магчымасці работнікаў. Адкрылася і школа камп’ютарных ведаў. Графік заняткаў садзейнічаў таму, каб кожны сельскі бібліятэкар прайшоў падрыхтоўку па набыцці іх. Работнікі ЦРБ пачалі актыўна ствараць электронныя прэзентацыі, бібліяграфічныя агляды і гульні.

З 2009 года ЦРБ рэалізоўвала праект “Стварэнне інфармацыйных рэсурсаў аб прадпрыемствах горада Навагрудка і Навагрудскага раёна”. Ёсць прыклад міжнароднага супрацоўніцтва: праект “Бібліяграфаванне літаратуры аб Навагрудчыне”, які бібліятэка рэалізавала пры падтрымцы нашага ўраджэнца Мікалая Нікалаева, доктара філалагічных навук, загадчыка аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.

У 2009 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё ў бібліятэцы міні-галерэі “Імгненне”, дзе арганізоўваюцца выставы мясцовых ды іншагародніх мастакоў і народных умельцаў. Міні-галерэю, зрэшты як і інфармацыйна-краязнаўчую дзейнасць, можна лічыць сапраўдным брэндам Навагрудскай раённай бібліятэкі.

Бібліятэка — у ліку арганізатараў навуковых краязнаўчых чытанняў, такіх як Шчорсаўскія. Іх знаходкай стаў фота-рэтра-праект Шчорсаўскай сельскай бібліятэкі “Шчорсы ў рэтра-аб’ектыве”. 2013 год адметны адкрыццём летніх чытальняў. У 2014 — 2015 гадах у летнія чытальні запісалася 145 чытачоў. У 2015-м на базе Навагрудскай ЦБС створана юрыдычная асоба — Дзяржаўная ўстанова культуры “Навагрудская раённая бібліятэка”. Нашы бібліятэкары ствараюць станоўчы імідж кнігі і бібліятэкі. Так нарадзілася бібліяпляцоўка “ЧытайГорад”, якая размясцілася ў чашы Навагрудскага замка. А на пачатку лета, калі на знакамітым возеры Свіцязь адкрыўся эколага-забаўляльны цэнтр “У гасцях у 12 месяцаў”, Навагрудская раённая бібліятэка запрашала наведаць сваю “Літаратурную пляцоўку”, на якой чытачоў сустрэлі персанажы ў вобразах Адама Міцкевіча і Марылі Верашчака. Запамінальным стаў рэкламны фотапраект “Літаратурны персанаж”. Чытачы бібліятэкі, а гэта ў асноўным моладзь, увасаблялі герояў беларускай літаратуры. Летась прайшоў адборачны этап конкурсу чытальнікаў “Гучанне слоў жывых”. Бралі мы ўдзел і ў абласной акцыі “Чытаем разам”. Вершы нашых Песняроў гучалі ля помніка Коласу побач з аўтавакзалам…

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай ЦРБ