Аскепак Горада Сонца ўжо страчаны?..

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Лёс “Трактарагорада” ў меркаваннях экспертаў
Лёс пасёлка Трактарнага завода даўно вісіць у паветры, але ўрэшце крытычная сітуацыя стала схіляцца да фатальнага зыходу. Ужо ў сакавіку запланаваны знос першай часткі ансамбля — адзінаццаці двухпавярховак. На іх месцы маюць паўстаць сучасныя жылыя гмахі. Як часта бывае ў такіх выпадках, пік грамадскага клопату пра аб’ект спадчыны назіраецца акурат наконадні прыезду спецтэхнікі. Публікацыі і рэпартажы ў найбуйнейшых СМІ і экскурсіі, якія збіраюць сотні людзей, прыцягнулі да “Трактарагорада” немалую ўвагу. Але ці паўплывае гэта на яго будучыню, сказаць пакуль цяжка. Без сумневу, аб’ект вельмі складаны — і сваімі маштабамі (гэта не адзін будынак, але… сапраўды цэлы гарадок, прычым каштоўны ён менавіта ў комплексе), і геаграфічным становішчам (далёка ад цэнтра) і, вядома ж, фізічным станам саміх пабудоваў. Што ж рабіць у дадзеных варунках, калі і захаваць цяжка, і страціць шкада? Гэтае пытанне мы вырашылі адрасаваць экспертам у сферы аховы спадчыны.

/i/content/pi/cult/628/13952/7-1.jpg“Другі пасля праспекта”

На думку старшыні рады Беларускага добраахвотнага таварыства помнікаў Антона Астаповіча, на цяперашні момант змаганне за “Трактарагорад” ужо бадай бессэнсоўнае: рупіцца пра наданне яму афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці трэба было значна раней. А на сёння старыя дамы — гэта не больш, чым адрузлы жыллёвы фонд. Прынамсі, дэ-юрэ.

І сапраўды, вестка пра іх знос — не раптоўная навіна, але чаканы ход падзей. Накіраваўшы запыт у Адміністрацыю Партызанскага раёна сталіцы, на тэрыторыі якога размешчаны “Трактарагорад”, аўтары матэрыялу атрымалі адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкаму Андрэя Жайловіча: грамадскае абмеркаванне праекта дэталёвага планавання прайшло яшчэ ў ліпені 2007 года, пасля чаго Мінгарвыканкам яго зацвердзіў, і праект стаў абавязковым для выканання. Адпаведна, рашэнне аб “зачыстцы тэрыторыі” было прынятае ажно дзесяць гадоў таму — проста рукі пакуль не даходзілі. Што адметна, у тым адказе няма ні слоўца пра гісторыка-культурную каштоўнасць!

— Часта мы ацэньваем дзеянні чыноўнікаў з пункту гледжання маралі, не разумеючы, што насамрэч яны кіруюцца нарматыўнымі актамі, — працягвае Антон Астаповіч. — І ў гэтым ёсць свая рацыя: уяўленні пра мараль могуць быць суб’ектыўнымі. Менавіта таму наша таварыства прызвычаілася весці дыялог з афіцыйнымі ўстановамі выключна на мове заканадаўства. А калі яно ў дадзеным выпадку не парушаецца, бо аб’ект не ўключаны ў Дзяржспіс, дык няма і на што наракаць.

Варта адзначыць, спробы надаць “Трактарагораду” статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рабіліся неаднаразова, колькі гадоў таму пытанне нават разглядалася на пасяджэнні Навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Але выніковы вердыкт экспертаў быў адмоўным. Здавалася б, гэта дзіўна: Трактарагорад паспеў сабраць мноства кампліментаў з боку знаўцаў архітэктуры.

— Гэты помнік горадабудаўніцтва ў Мінску — другі паводле сваёй значнасці пасля цэнтральнага праспекта, — перакананы былы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. — Безумоўна, архітэктура завадскога пасёлка не мае такога параднага характару, але… нават у гэтым праяўляецца яе каштоўнасць — як прыкладу стварэння ідэальнага жыццёвага асяроддзя не для эліты, але для простых грамадзянаў. Іншыя падобныя кварталы, што з’явіліся ў сталіцы БССР у паваенны час (напрыклад, тая ж Асмалоўка, праект якой так і не быў рэалізаваны поўнасцю), з пункту гледжання архітэктурнай ідэі падаюцца куды менш цікавымі.

І тым не менш, у наданні статусу было адмоўлена. Па словах аднаго з ініцыятараў уключэння “Трактарагорада” ў Дзяржспіс, намесніка старшыні Беларускага бюро ICOMOS Цімафея Акудовіча, вырашальным стаў аргумент, агучаны прадстаўнікамі Мінгарвыканкама: унікальныя мастацкія асаблівасці будынкаў былі паступова страчаны падчас рамонтаў.

У пэўнай меры, з гэтым цяжка не пагадзіцца: многія арыгінальныя элементы дэкору ўжо зніклі пад тэрмафутрам, не дажыла да нашага часу і большасць тых мілых напаўкітчавых скульптур ды малых архітэктурных формаў, якія сёння маглі б стаць сапраўднай “фішкай” “Трактарагорада”. Аднак усё адно цяжка спрачацца з тым, што пацыент хутчэй жывы, чым… наадварот. Захавалася ўнікальная планіроўка, ацалелі самі будынкі, урэшце, нікуды не знікла і непаўторная аўра… А тэхнічны стан дамкоў, на думку Ігара Чарняўскага, не павінен ставіцца ў галаву кута пры вырашэнні іх будучыні.

— Каб мы падыходзілі да помнікаў спадчыны з такіх пазіцый, той жа Нясвіжскі замак рацыянальней было б проста знесці — прыводзіць ён адзін з мноства магчымых прыкладаў. — Але замест гэтага яго адрэстаўравалі і цяпер з гонарам паказваюць сотням тысяч турыстаў.

А тыя ж скульптуркі, якія ствараюць адмысловы каларыт эпохі, не так складана будзе і аднавіць. Галоўнае — каб было разуменне, навошта яны патрэбныя. З гэтым, падобна, таксама праблема.

Без бізнес-плана

Антон Астаповіч агучвае і іншую, нават больш істотную прычыну адмовы ў наданні статусу: разам з неабходнымі дакументамі, ініцыятары не прадставілі дэталёвага бачання далейшага выкарыстання гэтай забудовы. Рада цяпер на гэта асабліва звяртае ўвагу, не надта жадаючы папаўняць і без таго немалы лік праблемных помнікаў спадчыны. Яшчэ менш такога жадання ва ўласніка “Трактарагорада” — мінскіх муніцыпальных уладаў.

— Прыкладам, цяпер наша таварыства ўдзельнічае ў распрацоўцы канцэпцыі ўпарадкавання гістарычнага раёна Магілёва Школішча, і рыхтуючы свае прапановы, мы ўлічваем і горадабудаўнічыя і эканамічныя фактары, — дадае Антон Астаповіч.

Як сведчаць выказванні ў СМІ прадстаўнікоў грамадскасці, уяўленне аб новым абліччы “Трактарагорада” і дасюль даволі расплывістае. Звыклыя прапановы пераўтварыць яго ў чарговую турыстычна-рэкрэацыйную зону не падмацаваныя ніякімі канкрэтнымі разлікамі. Якой мае стаць функцыя кожнага з мноства будынкаў, ці варта высяляць адтуль жыхароў, за чый кошт павінны прайсці рамонтныя работы, якім чынам будзе ажыццяўляцца агульнае кіраванне тэрыторыяй?

Варыянты адказаў на гэтыя і многія іншыя надзвычай складаныя пытанні пакуль зусім не артыкуляваныя. Замест канкрэтыкі, мы ў чарговы раз чуем пра тое, як файна здымаць фільмы ў натуральным асяроддзі эпохі. Усё так, але трымаць стацыянарную натурную пляцоўку ў выглядзе немалога архітэктурнага комплексу — гэта занадта накладна.

На думку начальніка аддзела Інстытута культуры Беларусі Алы Сташкевіч, найлепшы спосаб пераканаць гарадскія ўлады ў мэтазгоднасці захавання “Трактарагорада” — гэта пакласці на стол адказнага чыноўніка прывабны, але рэалістычны праект менеджмент-плана па рэвіталізацыі і далейшым выкарыстанні пасёлка МТЗ. У тым, што “састарэлую забудову” можна эфектыўна выкарыстоўваць, эксперт не сумняецца:

— Трэба пазбаўляцца ад савецкай парадыгмы мыслення і шукаць інвестараў пад канкрэтныя праекты, — лічыць яна. — Пасёлак можа стаць цэнтрам культурнай ініцыятывы, калі сёння атрымаецца дбайна выбудаваць канцэпцыю і давесці яе жыццяздольнасць.

Вядома, задача гэтая зусім няпростая для энтузіястаў, і таму Ігар Чарняўскі раіць ім не толькі аб’ядноўваць уласныя намаганні, але і шукаць магчымасці супрацоўніцтва з прафесіяналамі.

— Я хоць ужо і на пенсіі, але вы не першыя, хто цікавіцца маім меркаваннем наконт пасёлка МТЗ, — кажа ён. — Нядаўна вось быў званок ад галоўнага архітэктара буйной праектнай арганізацыі. Паверце, людзям у кабінетах таксама зусім неабыякавае гэтае пытанне.

На думку Алы Сташкевіч, першым крокам у наладжванні сумоўя можа стаць круглы стол, за які сабраліся б і грамадскія актывісты, і архітэктары, і прадстаўнікі ўладаў. Вядома, ён не дасць канкрэтных адказаў на злабадзённыя пытанні, але, магчыма, дазволіць прыйсці хаця б да нейкага кансэнсусу. Бо пакуль нехта называе гэты ансамбль унікальным, а нехта (як, напрыклад, галоўны архітэктар Мінска) — тыповым ды малавартасным, плёну не будзе. У выніку дыскусіі экспертаў добра было б прыйсці да адной роўніцы.

Ігар Чарняўскі выказвае надзею, што да меркавання многіх архітэктараў і грамадскіх актывістаў мясцовыя ўлады ўсё ж прыслухаюцца, і прыезд спецтэхнікі будзе ў чарговы раз адкладзены. Зрэшты, нават той варыянт развіцця падзей, пры якім атмасферны дзіцячы садок ды іншыя “вырачаныя на смерць” камяніцы знікнуць, не спыніць грамадскай ініцыятывы.

— Без сумневу, гэта будзе істотная страта, ансамбль зменшыцца ў сваіх маштабах, але казаць па яго поўнае знішчэнне не выпадае, — лічыць Цімафей Акудовіч. — Таму мы ў кожным разе працягнем свае высілкі па ўключэнні Трактарагорада ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Адна з версій “фішкі”

Сёння задума пераўтварыць Трактарагорад у прэзентабельную і рэнтабельную турыстычную зону з савецкім каларытам многім падаецца не надта рэальнай. Сітуацыя можа змяніцца пасля глабальнага пераасэнсавання вартасці савецкай архітэктурнай спадчыны наогул і асабліва галоўнага яе помніка — цэнтральнага мінскага праспекта. Балазе, рух у гэтым кірунку ўжо ідзе — разам з падрыхтоўкай дасье транснацыянальнай намінацыі ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Без сумневу, Мінску яшчэ наканавана вынайсці свае ўласныя турыстычныя “фішкі” — бо спрабаваць завабіць заходнееўрапейцаў парай-тройкай барочных храмаў, якія сёння падаюцца ў даведніках у ролі галоўных адметнасцяў, выглядае справай марнай. А калі ў якасці турпрадукту пачне раскручвацца падарожжа ў Горад Сонца, адным з пунктаў такой экскурсіі цалкам можа стаць і гэты яго аскепак. Як вагончык, прычэплены да цягніка.

Балазе, ёсць ужо і станоўчыя прыклады. Найбольш вядомы ў свеце аналаг “Трактарагорада” — раён Нова Гута, які ўзнік вакол металургічнага камбіната на самай ускраіне Кракава і меўся з часам зацміць яго славуты гістарычны цэнтр. Гэтага не атрымалася, але затое прасякнуцца ўтапічнымі ідэямі будаўнікоў камунізму ў “кракаўскія Шабаны” сёння прыязджае нямала турыстаў.

Нашага чалавека там, па шчырасці, мала чым здзівіш — у адрозненне ад Старога места. Іншая справа — жыхары тых краінаў, дзе камунізм ніколі не будавалі. Іх якраз куды цяжэй здзівіць Вавелем і Марыяцкім касцёлам, а вось Нова Гута — сапраўдная экзотыка. Гарадскія ўлады разам з бізнесам дзейнічаюць на апераджэнне: раней адметнасцю раёна была хіба атавістычная сталоўка, але за апошняе дзесяцігоддзе там з’явіліся пара музеяў і нямала самых розных тэматычных турпрадуктаў. Прычым з кожным годам лік іх карыстальнікаў павялічваецца.

Без сумневу, спакваля расце і ўсведамленне каштоўнасці такіх урбаністычных ансамбляў. Ужо хаця б таму, што па меры часавага аддалення савецкая спадчына ўспрымаецца ўсё больш спакойна і адстаронена. Як гэта і належыць для спадчыны той эпохі, якая даўно ўжо стала гісторыяй.

Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"