Кніга кніг: тое, што стварае чалавека

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

10 сакавіка Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала цэнтрам святкавання Дня праваслаўнай кнігі, што адзначаецца сёлета ў рамках 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. З гэтай нагоды галоўная кніжніца краіны арганізавала буйную і сапраўды ўнікальную выставу, праз якую можна прасачыць гісторыю кнігі на працягу амаль 2 тысяч гадоў. Гаворка вядзецца, вядома ж, пра Біблію.

/i/content/pi/cult/628/13947/1-2.jpgУдзел у адкрыцці выставы прынялі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў навукі, культуры і адукацыі, духавенства, даследчыкі. На мерапрыемстве Мітрапаліт Павел зазначыў: “Нягледзячы на тое, што ў наша жыццё актыўна ўваходзяць тэхналогіі, кнігі застануцца. У працэсе чытання адбываецца нешта большае. Мы судакранаемся з гісторыяй, з кнігай — і ўспрымаем праз тое свет па-іншаму. Кніга не толькі выхоўвае чалавека — яна дазваляе развіваць унутры яго мастацтва, творчасць. Кніга застанецца кнігай, таму што яна змяняе, стварае кожнага чалавека. Кніга вымушае працаваць і творча мысліць”.

Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, выстава арганізавалася прыблізна за паўгода, пераважна сіламі яго ўстановы, але сама ідэя нарадзілася падчас аднаго з пасяджэнняў арганізацыйнага камітэту па святкаванні дня праваслаўнай кнігі. Бібліятэка як свецкая ўстанова паставіла свае ўмовы: Біблія ў праекце разглядаецца без прывязкі да пэўнай канфесіі, таму сустрэць на выставе можна праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія выданні. Працаваць пачыналі з фондаў непасрэдна названай установы, у якой калекцыя, бясспрэчна, багатая. Так і атрымалася: амаль усё, што выстаўлена зараз, з’яўляецца зборам Нацыяналкі, дзе, натуральна, маюцца кнігі Скарыны, старадаўняй Брэсцкай друкарні, выданні беларускай эміграцыі ды іншыя, звязаныя з гісторыяй у тым ліку сусветнага кнігадрукавання.

Сярод экспанатаў — факсімільнае ўзнаўленне аднаго з найстаражытнейшых тэкстаў Новага Запавету “Пасланне Апостала Пятра”, што датуецца ІІІ стагоддзем, Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя, Полацкае Евангелле ХІІ — ХІІІ стагоддзяў, асобнік адной з першых друкаваных Біблій Заходняй Еўропы (Ульм, 1475), адзін з першых перакладаў біблейскіх тэкстаў на нямецкую мову (Вітэмберг, 1523), першы дакладны друкаваны пераклад на польскую мову (Кракаў, 1561), першы поўны пераклад на славянскую мову (Астрог, 1581), выданні тэкстаў Свяшчэннага Пісання друкарняў Беларусі (Куцейна, Магілёў, Еўе), Расіі (Масква), Украіны (Львоў, Кіеў) ХVII — XVIII стагоддзяў, лепшыя ілюстраваныя біблейскія выданні XVII — XX стагоддзяў.

Выстава “Кніга кніг” павінна была працаваць месяц з дня адкрыцця, ды, хутчэй за ўсё, экспанаванне працягнецца на больш доўгі тэрмін праз цікавасць публікі.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст