— Спадар Матэа, дзе навучаюць рэжысуры італьянскую моладзь?
— У Італіі дзве ВНУ займаюцца адукацыяй рэжысёраў: адна акадэмія знаходзіцца ў Рыме, другая — у Мілане. Аднак самае галоўнае адрозненне нашай акадэмічнай сістэмы ад вашай у тым, што мастацкая адукацыя для рэжысёраў (як і для большасці спецыяльнасцей, звязаных з мастацтвам), не ўключаны ва ўніверсітэцкі сектар. Я чуў, што нашы чыноўнікі імкнуцца вярнуць яе ва ўніверсітэцкае лона, нашым міністрам культурнай спадчыны, культурнай дзейнасці і турызму Дарыа Франчэскіні зроблены першыя крокі па выпраўленні сітуацыі, аднак пакуль усё застаецца, як ёсць. Што да мяне, то я спачатку вучыўся на акцёра камедыі дэль артэ. А пасля, з пасады галоўнага акцёра, які трымае трупу, паступова перайшоў у галіну рэжысуры. Зазначу, менавіта работа ў камедыі дэль артэ, даследаванне традыцыйнай маскі народнага тэатра, пошук яе характару прывялі мяне непасрэдна да той працы, якую я раблю зараз, і якую можна назваць у нейкай ступені эксперыментальнай.
— Ці лёгка вашаму выпускніку-рэжысёру знайсці сабе працу па спецыяльнасці?
— Вы закранулі болевую кропку нашай краіны. У нас гавораць, што па заканчэнні акадэміі былы студэнт выскоквае ў пустэчу… Часам шанцуе: узнікаюць свабодныя праекты ці мастацкі кіраўнік тэатра запрашае пэўнага рэжысёра і перадае яму паўнамоцтвы набіраць пастановачную каманду, адбіраць акцёраў і гэтак далей. У цэлым жа шляхі прафесійнага станаўлення рэжысёра бываюць вельмі таямнічымі. Таму ад шчырага сэрца хачу падзякаваць Беларусі, што яна дала мне магчымасць паказаць сябе. У Італіі гэта складана, асабліва зыходзячы з майго ўзросту. Мне падалося неверагодным, калі мастацкі кіраўнік Горкаўскага тэатра Сяргей Кавальчык, ацаніўшы маю працу са студэнтамі Акадэміі мастацтваў, прапанаваў зрабіць што-небудзь на прафесійнай сцэне.
Дарэчы, і арганізацыя акцёраў у нашых дзяржавах адрозніваецца. Мне шкада, што ў Італіі няма такіх добра структураваных тэатраў, як у вас. Італьянскія тэатры ў нейкай ступені можна назваць пустымі каробкамі, якія напаўняюцца з дапамогай разавых праектаў. Сабраная пад пэўную пастаноўку трупа можа спадзявацца на турнэ на пяць-шэсць месяцаў. Толькі ў рэпертуарным тэатры я маю магчымасць пабачыць у фае фотаздымкі трупы, дзякуючы якім разумееш, што трапіў у сапраўдны дом.
— Беларускія спектаклі паспрыяюць вам у атрыманні цікавых праектаў на радзіме?
— Вельмі на гэта спадзяюся, але заўсёды згадваю лацінскую прыказку, якая вельмі падыходзіць да майго выпадку: “Няма прарока ў сваёй Айчыне”… Пакуль у планах улетку паставіць дома са сваім калектывам кабарэ. Астатнія месяцы распісаны пастаноўкамі ў замежжы, прынамсі, збіраюся папрацаваць у Кітаі ў якасці асістэнта опернага рэжысёра. Хачу паспрабаваць сябе ў розных жанрах і кірунках.
— З гэтай жа прычыны вы вырашылі выйсці на сцэну беларускага тэатра лялек? Вы неяк зазначалі, што гэты від мастацтва ў Італіі не так і распаўсюджаны, як у Беларусі…
— На мой погляд, у Італіі тэатр лялек існуе хутчэй як спадчына традыцыйнага народнага тэатра масак. Для мяне сталася адкрыццём ваша лялечнае мастацтва, якое адкрытае да найноўшых формаў, выкарыстоўвае сучасныя тэхнікі і нязвыклыя сістэмы лялек. У вас я атрымаў цудоўную магчымасць паглядзець іншыя спектаклі і такім чынам напоўніцца новымі тэхнікамі, якія, сыходзячы з маіх назіранняў, у нас не распаўсюджаны. На маю думку, самае значнае адрозненне паміж тэатрам лялек і тэатрам масак у тым, што ў першым акцёр выкарыстоўвае ляльку, а ў другім сам з’яўляецца лялькай. Як бачыце, маска становіцца тым звяном, якое звязвае тэатр лялек і драматычны тэатр.
— Вы адчувалі розніцу ў працы з драматычнымі артыстамі і лялечнікамі?
— Безумоўна, адзначыў, што акцёрам тэатра лялек прасцей чым драматычным працаваць з аб’ектамі і разумець некаторыя тэхнічныя моманты працы з маскай і неадушаўлёнымі прадметамі. Што да пытанняў інтэрпрэтацыі, бывае, драматычныя акцёры робяць гэтую працу больш філігранна. Але для мяне яны ўсе, у першую чаргу, артысты. Нават, як я высветліў, яшчэ і з’яўляюцца сябрамі па курсе, бо ў адзін час вучыліся ў вашай Акадэміі мастацтваў. Таму працаваць з усімі надзвычай прывабна, а вынік у адным і ў другім тэатрах атрымліваецца досыць цікавым.
— Традыцыю работы ў якасці старшага ў трупе акцёра, а не кіраўніка, хто дыктуе свае ўмовы, вы перанеслі ў сваю штодзённую працу. Ці лёгка даліся беларускім акцёрам нязвыклыя для іх правілы гульні?
— Так, я рэжысёр, які працуе не над артыстамі, а разам з імі. Адпаведна, я ніколі не даю вызначанага вобраза, якому павінны адпавядаць занятыя ў пастаноўцы. Найбольшую цяжкасць у беларускіх акцёраў выклікае неабходнасць быць актыўнымі складнікамі працэсу. Зразумела, тое вынікае з традыцый вашай школы ігры. Тая ж імправізацыя не нараджаецца на пустым месцы: каб рухацца, неабходна мець пэўную падрыхтоўку. Прынамсі, у “Пансіёне “Belvedere” мы шмат імправізуем: па сутнасці, у нас складваецца сцэнічная драматургія. Гэта вельмі здорава — і адначасова надзвычай складана. Бывае, з’яўляюцца цікавыя знаходкі, аднак мы не можам іх выкарыстоўваць у спектаклі. Ці рухаемся ў кірунку, які падаецца перспектыўным, але ў выніку трапляем у тупік.
Дадзены праект стаўся эксперыментам не толькі для акцёраў, але і для мяне. Справа ў тым, што мы адмовіліся ад традыцыйных масак камедыі дэль артэ, якія закрываюць тры чвэрці твару і пакідаюць вольным рот. Мастак Таццяна Нерсісян прапанавала “нямую” маску, што цалкам зацягвае твар. Спектакль, адпаведна, будзе ісці без словаў. Гэта вялікі выклік і для мяне як рэжысёра, і для акцёраў. Слова нас больш не выратоўвае, з-за чаго нам неабходна быць вельмі дакладнымі, кожны рух на сцэне павінен мець значэнне. Мы ствараем новую сцэнічную мову, прыдумваем адмысловую пластыку. У гэтым выпадку маска выкарыстоўваецца на сто працэнтаў.
— Скарыстоўваць традыцыйнае прасцей за стварэнне арыгінальнага. Як доўга з мастаком шукалі патрэбны вобраз?
— Хацелася, каб на сцэну выйшлі розныя характары са сваімі адметнымі рысамі, таму я прыехаў да спадарыні Таццяны з серыяй ілюстрацый са старадаўняга трактату па фізіягноміцы. Каб зразумець форму і глыбіню выражэння, за аснову таксама браліся малюнкі Леанарда да Вінчы, на якіх ён занатоўваў старцаў. Мастак прапанавала мне сваю тэхніку першапачатковай працы з пластылінам. Яна прапаноўвала шмат варыянтаў, я крыху падпраўляў, напрыклад, мог зрабіць больш прыплюснутым нос, потым Таццяна прыводзіла загатоўку ў парадак, я ўносіў новыя прапановы. Мы працавалі ў шмат рук, і вынік, на маю думку, атрымаўся адметным. Ад чыстага сэрца скажу, што маскі Таццяны Нерсісян шыкоўныя! 24 сакавіка адбудзецца прэм’ера спектакля, дзе публіка зможа сама ў гэтым упэўніцца.
Фота Аліны САЎЧАНКА