“Жаночае пытанне” ў экспазіцыі музея

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Таццяна НЯКЛЮДАВА, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея
Больш за 30 гадоў таму ў сусветнай музейнай справе адбыліся падзеі, якія даследчыкі назвалі “фемінісцкай інтэрвенцыяй у музей”. Зараз гарачыя спрэчкі ў мінулым. Усё зразумела: жанчыне ў музейнай прасторы быць. Але якім чынам?

/i/content/pi/cult/627/13941/7-2.jpgГендарная рэпрэзентацыя ў пастаяннай гістарычнай экспазіцыі музея з’яўляецца, магчыма, найбольш складанай задачай. Пры ўключэнні гэтай тэматыкі неабходна пазбягаць абагульненняў, “ідэалізацыі”, “выключнасці”, памятаць пра неабходнасць паказаць усе сацыяльныя слаі, пры гэтым без адрыву ад “агульнага”, у тым ліку “мужчынскага”. Важнымі з’яўляюцца і выкарыстаныя сродкі — прадметы і дакументы, экспазіцыйныя і метадалагічныя прыёмы. І ўсё гэта пры неабходнасці раскрыць пэўны гістарычны перыяд па ўсіх напрамках на абмежаванай плошчы! Тым не менш, пры планаванні і пабудове залы “Брэстчына ў 1921 — 1939 гг.” гістарычнай экспазіцыі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея была зроблена спроба адлюстравання “жаночай тэматыкі” ў экспазіцыі.

Міжваенны перыяд — складаны і супярэчлівы час, калі Брэстчына знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы. З аднаго боку, канстытуцыйна былі гарантаваны роўныя правы ўсіх грамадзян, з другога — заставалася шмат дыскрымінацыйных абмежаванняў жанчын. Велізарны працэнт непісьменнасці сярод жанчын Палескага ваяводства (80 %), які паступова змяншаўся дзякуючы пашырэнню адукацыі — але польскай, а не нацыянальнай. Удзел жанчын у грамадскіх арганізацыях, у тым ліку ваенізаванага кірунку, — і амаль поўная адсутнасць жанчын у органах улады ваяводства. Вялікі працэнт занятых у прамысловасці жанчын — і аплата гэтай працы ў 1,5 — 2 разы менш за мужчынскую. Ці не вынік — актыўны ўдзел жанчын у Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, шмат у чым дзякуючы яе рыторыцы адносна “жаночага пытання”?

Такім чынам, асноўнай мэтай пры стварэнні залы стаў паказ грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Палескага ваяводства і адлюстраванне ўдзелу жанчын у гэтых працэсах. Паспрабуем прааналізаваць, як гэта атрымалася. Напрыклад, тэма дзейнасці шматлікіх грамадскіх аб’яднанняў абыграна амаль выключна праз жаночыя арганізацыі. Таксама праз жаночыя вобразы адлюстравана тэма эміграцыі. Прапарцыйна прадстаўлена традыцыйная жаночая і мужчынская праца ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, адлюстравана занятасць жанчын у гандлі. Культурнае жыццё раскрываецца праз “бібліятэчны куток”, дзе прадстаўлены кніга “Lekarka domowa” і часопісы “Moja przyjacolka” — найбольш папулярны жаночы часопіс міжваеннай Польшчы. У тэме “Адукацыя” з дапамогай табліцы паказаны працэнт непісьменных сярод мужчын і жанчын. Актыўны ўдзел жанчын у Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі прадстаўлены фотаздымкамі Веры Харужай, Рэгіны Каплан, Васілісы Селівонік, Соф’і Панковай і лістоўкай са зваротам да працоўных жанчын.

Калі ацэньваць паспяховасць гендарнай рэпрэзентацыі ў зале, можна з упэўненасцю сказаць пра баланс. Нягледзячы на абмежаванасць фондаў па гэтым перыядзе, перавага заўсёды аддавалася арыгінальным прадметам і фотаздымкам. Удалося адлюстраваць усе сацыяльныя слаі грамадства. Але, дарэчы, цяжка паказаць адсутнасць (напрыклад, адсутнасць жанчын ва ўладзе) — гэтую праблему вырашыць, магчыма, толькі паясняльны тэкст. Напэўна, усё ж прыйшоў час звярнуць увагу на праблемы гендарнай рэпрэзентацыі ў музейнай прасторы, а для паспяховасці яе ўвасаблення — аб’яднаць намаганні музейшчыкаў, гісторыкаў, краязнаўцаў і іншых.

/i/content/pi/cult/627/13941/1-1.jpg

На здымку, прадастаўленым музеем: фрагмент залы, прысвечанай гісторыі Брэстчыны ў 1921 — 1939 гадах.