Прыгоды беларускіх бібліятэкараў за акіянам

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Дэлегацыя айчынных бібліятэкараў пабывала ў ЗША. Нататкі ад візіту — ад адной з яго ўдзельніц.

/i/content/pi/cult/627/13931/12-1.jpgСталіца Нявады — Карсан. Залы мясцовай публічнай бібліятэкі напоўнены наведвальнікамі. У асноўным гэта — падлеткі і моладзь, у сярэднім тысяча за дзень. Вельмі неблагі паказчык, бо насельніцтва ў горадзе — каля 60 тысяч.

Чым жа прыцягвае ўстанова? Добра абнаўляльным фондам не толькі друкаваных, але і электронных выданняў. У кожны “Кіндл” (прыстасаванне для чытання электронных кніг) запампоўваецца каля сотні найменняў. Кошт аднаго — 10 долараў. Па словах супрацоўнікаў, сярэдні кошт друкаванага выдання — 20 долараў. Яшчэ адна цікавостка для моладзі — дзігіторыум: спецыяльна абсталяванае памяшканне для заняткаў з 3D-прынтарам, маленькай студыяй гуказапісу, зялёнай сцэнай для здымак і гэтак далей. Усё набыта на сродкі гранту.

Цяга дзяцей да камп’ютарных гульняў выкарыстоўваецца для іх навучання. Аказваецца, і пад гэта можна атрымаць грант. У бібліятэцы Карсан цягам васьмі месяцаў раз у тыдзень збіралася група дзяцей узростам ад 12 да 14 гадоў для сумеснай пабудовы камп’ютарнага горада. Перад гульнёй яны выслухоўвалі паўгадзінную лекцыю спецыялістаў па самых розных кірунках: па транспартным забеспячэнні, архітэктуры, азеляненні...

Пабывалі ў цэнтральнай бібліятэцы акругі Уошу (прыблізна наша раённая). Яна нагадвае парк: панаванне святла і дзіўных раслін. Установа пабудавана ў 1966 годзе і ўваходзіць у рэестр гістарычных будынкаў. Але здзівіла не толькі гэта. На карэньчыках кніг, у тым ліку і дзіцячых, — індэксы дзесяцічнай класіфікацыі. На маё пытанне, ці часта чытачы выкарыстоўваюць гэтую інфармацыю для пошуку неабходнай літаратуры, пачула адказ ад дырэктара: “Часта!” Па яго словах, навучанне такому пошуку пачынаецца з дзіцячага ўзросту і робіцца гэта ў працэсе абслугоўвання.

У ЗША існуе і практыка складання спісаў літаратуры, якая часта аспрэчваецца. Займаецца гэтым Амерыканская бібліятэчная асацыяцыя на падставе справаздач бібліятэк, школ і сродкаў масавай інфармацыі. Такія спісы складаюцца для інфармавання грамадскасці аб спробах увядзення цэнзуры ў бібліятэках і школах.

Штат Мінесота. Пастаянная змена часавых паясоў не дазваляе дакладна арыентавацца ў часе сутак, што ўскладняе ўспрыняцце плыні найцікавейшай інфармацыі. Але мы шчыра стараемся праглынуць усё. Ва ўніверсітэце Святой Кацярыны сустрэліся з бібліятэкарамі, выкладчыкамі і студэнткай магістарскай праграмы бібліятэчных і інфармацыйных навук. Праграма ўключае 12 курсаў, сем з якіх — па студэнцкім выбары. Універсітэцкая бібліятэка скарыла прасторай. Цікава, што расклад заняткаў складаюць бібліятэкары.

Супрацоўнікі Мінесоцкай лічбавай бібліятэкі распавялі аб праекце “Minnesota Reflection”. Яны робяць тое, што мы збіраліся зрабіць у мінулай пяцігодцы — Нацыянальную электронную бібліятэку. Тут яна называецца “Лічбавая публічная бібліятэка Амерыкі”.

У кожным штаце культурная спадчына, што захоўваецца ў фондах бібліятэк, архіваў, музеяў, гістарычных таварыстваў, алічбоўваецца. У Мінесоце гэта робіцца ў рамках праекта “Minnesota Reflection”.

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі