Кадр ля фантана са Станютай і Макаравай

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Выпадкова распаведзеная гісторыя аднаго фотаздымка з легендамі беларускай сцэны — народнымі артысткамі па званні і па прызванні Стэфаніяй Станютай і Галінай Макаравай — адкрыла цікавыя факты іх біяграфій, а таксама кадры з асабістага фотаархіва саліста кіеўскай нацыянальнай аперэты Анатоля Підгарадэцкага. Лёсы ўсіх гэтых творцаў, а таксама іншых зорак з пакалення легендарных купалаўцаў аказаліся паяднанымі самым нечаканым чынам.

/i/content/pi/cult/627/13930/9-1.jpgУрэшце, так і бывае: знаходзішся ты з чалавекам у “фрэндах” у сацыяльнай сетцы, часам ставіш “лайкі” на яго запісы і фота, раз-пораз ён падабае твае ці са старонкі газеты “Культура” (у нашым канкрэтным выпадку) — і ўсё. Ніякіх спробаў увайсці ў больш шчыльны кантакт, наладзіць стасункі. Напэўна, пакуль нешта не закране, не вымусіць задаць пытанне і чакаць на яго адказу. Такая сітуацыя днямі склалася ў мяне, калі я пабачыў здымак у стужцы навінаў артыста Кіеўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра аперэты Анатоля Підгарадэцкага. На кадры ён сам з чвэрць стагоддзя таму і дзве народныя артысткі СССР — знакамітыя беларускі Стэфанія Станюта і Галіна Макарава. “Было б цікава даведацца пра гісторыю гэтага фота”, — адразу напісаў я ў каментарыі да паста. А ўвечары атрымаў адказ, які за пару гадзін перапіскі з Анатолем Мікалаевічам удалося разгарнуць у падрабязны аповед вакол аднаго, лічы, гістарычнага здымка.

Станюта

“Пра фота ўсё проста, — пачаў нашу гутарку Підгарадэцкі. — Зроблена яно ў 1991, увесну, калі я завітаў у Мінск і па справах, і сустрэцца са сваімі даўнімі знаёмымі — акцёрамі-купалаўцамі старэйшага пакалення. Гэтак ужо склалася ў маім жыцці. Да прыкладу, Станюта — мая хросная. Так сама Стэфанія (нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце, мы называлі адно аднаго па імёнах: Стэфанія і Толя) казала ўсім. Хаця, вядома ж, гаворка ішла не ў літаральным сэнсе. Скажам, гэтак жа яна называла і акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ігара Дзянісава, але яна сапраўды яго хрысціла.

Звяла нашы са Станютай лёсы заслужаная артыстка Украіны Марыя Капніст. Я гадоў дзесяць у 1970-х прыязджаў у Мінск, на “Беларусьфільм”, на пробы да дзіцячых стужак рэжысёраў Мікалая Калініна, Леаніда Нячаева, Валерыя Рубінчыка. Праўда, паспяхова іх не праходзіў праз праблемы са зрокам. Дык вось, акурат падчас “кастынгу” да “Бронзавай птушкі” Марыя Расціславаўна “здала” мяне, школьніка, у рукі Стэфаніі”.

Наогул маленькаму Толю пашанцавала — у час знаходжання ў Мінску таленавітым школьнікам апекаваліся беларускія зоркі першай велічыні: Зінаіда Браварская, Павел Кармунін, Мікалай Яроменка, Галіна Макарава, Стэфанія Станюта. “Але сувязяў з Беларуссю ў мяне даўно няма — гэтых цудоўных людзей і бліскучых артыстаў даўно не стала, — дадае спадар Анатоль і прыгадвае колішняе: — А раней стасункі не губляліся нават у тыя гады, калі мы не бачыліся. Са Стэфаніяй, скажам, паштоўкі да святаў у нас былі традыцыяй. Выпадкова, па сутнасці, але ўдалося захаваць дзясяткі такіх картак, а таксама лістоў. Таму няхай творчага супрацоўніцтва ў нас не склалася (хаця адна з тых дзіцячых кінапробаў і была акурат да фільма са Станютай), было яднанне на побытавым узроўні, амаль роднаснае. Скажам, у іншы свой прыезд, у 1992-м, змог умовіць Стэфанію надзець усе свае ўзнагароды і сфатаграфавацца з імі — ні да, ні пасля такога кадра няма, як зроблены ў яе кватэры на вуліцы Карастаянавай”.

— Апошнім разам я гутарыў са Стэфаніяй літаральна за дзень да яе смерці, — прыгадвае спадар Анатоль. — Прычым яна развіталася, адчуваючы хуткі канец. Задыхаючыся, прамовіла: “Толя. Это всё, всё…” Пасля слухаўку ўзяла яе памочніца Ірына, сказала, што рука Стэфаніі ўжо не трымае трубкі. Я тады быў у Кіеве, рыхтаваў прэм’еру, а праз два дні прыйшла паштоўка ад Ніны Рэвінскай, маёй калегі з Беларускай музыкамедыі, з сумнай весткай пра сыход Станюты.

Макарава

У руках Галіны Макаравай на гэтым фота сцэнарый фільма “Той, што выжыў” (па-казахску — “Жансебіль”), які ёй прывёз Анатоль Підгарадэцкі. Выкарыстаў “сувязі” з казахстанскімі кінатворцамі, прапанаваўшы ім на галоўную ролю знакамітую беларуску. Сам ён на здымках стужкі ўлетку 1991-га не прысутнічаў, але ведае, што аказаліся яны для Галіны Кліменцьеўны складанымі і нават драматычнымі. Па-першае, пералёты з Мінска ў Маскву, а пасля ў Алматы і далей — у Ленінагорск (цяпер мае назву Рыддэр), амаль на Алтайскіх гарах. Па-другое, народная артыстка СССР мела атрымліваць асобны ганарар, аднак інфляцыя тых гадоў паўплывала на яго памеры. Нарэшце, на здымках пад яе рукой абрынулася дэкарацыя, перылы на драўлянай лесвіцы, і Галіна Кліменцьеўна ўпала ды зламала руку.

“Мяркую, і гэта паўплывала на яе хуткі сыход, — кажа Анатоль Підгарадэцкі. — Праўда, даведаўся пра ўсё тое я выпадкова, нават не скажу дакладна, ад каго — мо ад дачкі Галіны Кліменцьеўны. Памятаю, з усіх гэтых абставінаў ды з прычыны агульнай неўладкаванасці я выказваў сваю крыўду за Макараву рэжысёру Аягану Шажымбаеву, паколькі менавіта я зацягнуў яе ў той фільм. Дарэчы, лёс склаўся так, што Аяган памёр праз год ва ўзросце 42 гадоў”.

Яроменка

Мяркую, пасля гэтага падзагалоўка чытач уважліва яшчэ раз перагледзеў здымкі на паласе “К” з думкай: “Не, я не мог прапусціць…” Дык вось, шаноўныя, ніхто і нічога не прапусціў. Асоба аўтара фотаздымка з артыстычным трыа падчас размовы са спадаром Анатолем высветлілася ці не мімаходзь, калі ён зазначыў: “Дарэчы, фатограф — Мікалай Мікалаевіч Яроменка”. Тут мне заставалася толькі выгукнуць: “Нічога сабе фатограф!” — што я адразу зафіксаваў у перапісцы. Анатоль Мікалаевіч у адказ патлумачыў: “Яроменка рабіў кадр, дзе паміж Станютай і Макаравай я. Сам жа ў кадр — ні-ні! Затое бабулямі камандаваў так, што тыя ледзь не апынуліся ў фантане!” Прыгледзьцеся: сапраўды, месца дзеяння — знакаміты фантан у Аляксандраўскім скверы ля будынка тэатра. За спінамі “дзейных асоб” — пастамент, на якім знаходзіцца скульптура хлопчыка з лебедзем, якія ў кадр не патрапілі.

Напрыканцы

Як бачыце, і ў серыі здымкаў ля тэатра, і ў ліку тых, што былі зроблены дома ў Стэфаніі Станюты, — па некалькі кадраў. Анатоль Підгарадэцкі асабліва вылучыў адно фота з “каляфантанных”, зробленае праз пару хвілін пасля здымка ад Яроменкі: “Там Галіна Макарава і Стэфанія Станюта ўдваіх з нейкім поглядам ужо пражытага жыцця”.

Вось такая гісторыя з аднаго выкладзенага ў сеціва фота. Усё настолькі проста, а нібыта цэлае жыццё разгарнулася… Жыцці! Лёсы!

 

Дарэчы

Знаёмства Анатоля Мікалаевіча з Марыяй Капніст ускосна звязанае з жахлівым перыядам яе жыцця, калі яна з 1941-га па 1956-ы адбывала тэрмін па абвінавачванні ў “антысавецкай прапагандзе і агітацыі” (далося ў знакі ейнае паходжанне: спадчынная дваранка, графіня, з нашчадкаў украінскага паэта канца XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя Васіля Капніста і кашавога атамана Запарожскай Сечы Івана Сірко). І першы тэрмін у 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў прыпаў на Карлаг — Карагандзінскі лагер. А ў 1967-м у пасёлку Абай Карагандзінскай вобласці нарадзіўся Підгарадэцкі. Наладжаную сувязь з Марыяй Расціславаўнай спадар Анатоль не губляў, дзе б ні працаваў — у Карагандзе ці ў Саратаве, — а пасля смерці Капніст яго дапусцілі да архіваў і асабістай справы актрысы, якая раскрывала перыпетыі яе складанага лёсу.

Дадамо, што шлях да здзяйснення мары пра акцёрскую прафесію ў Марыі Капніст расцягнуўся амаль на тры дзесяцігоддзі — з самага пачатку 1930-х. Але першыя ролі яна атрымала толькі пасля поўнай рэабілітацыі ў 1958 годзе, запомніўшыся гледачам вобразамі характарных персанажаў — графіня, загадкавая старая, вядзьмарка, чарадзейка, цыганка... І некалькі з яе роляў былі ў стужках кінастудыі “Беларусьфільм”: “Сыны сыходзяць у бой” (1969) і “Гора баяцца — шчасця не відаць” (1973) Віктара Турава, “Бронзавая птушка” Мікалая Калініна (1974), “Дзікае паляванне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка (1979), “Андрэй і злы чарадзей” Генадзя Харлана (1981), “Белыя адзенні” Леаніда Белазаровіча (1992).

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура"