Традыцыя — да трэнда

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Георгій ЧОРНЫ, харэограф, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь
У апошні час шмат гавораць пра пошук нацыянальнай ідэі. Як яе сфармуляваць? Што павінна стаць прыярытэтам?

/i/content/pi/cult/626/13918/5-2.jpgТак, можа быць шмат складнікаў для высакароднай мэты. Але не можа нацыянальная ідэя існаваць, калі яна не будзе абапірацца на духоўную і матэрыяльную спадчыну нацыі, яе традыцыйную культуру. Тэзіс даволі вядомы.

У якім становішчы знаходзіцца спадчына сёння? У межах краіны ці пэўных абласцей больш-менш прыстойна. У межах кожнай культурнай ці адукацыйнай установы ёсць праблемы. І як вынік — сучасная моладзь амаль не цікавіцца традыцыйнай культурай. Сучасная культура і яе шматлікія плыні нават не патрабуюць дадатковай рэкламы, і хвалявацца наконт гэтага можа нават і не трэба. Трэнд ёсць трэнд! Мэйнстрым ёсць мэйнстрым! Але ёсць рэчы, да якіх трэба ставіцца больш уважліва. І гэта задача не толькі дзяржавы і чынавенства, але і кожнай культурнай установы. Намінальна традыцыйная культура прадстаўленая амаль паўсюдна, аднак…

Дзяржава ўсё больш настойліва раіць установам культуры пераходзіць на самафінансаванне. Можна казаць, што жыццё само тое раіць. І шмат дзе для гэтага ёсць умовы. Палацы і дамы культуры з добрай інфраструктурай, размешчаныя ў больш-менш буйных населеных пунктах, праблем не павінны мець. Ці можна зарабляць на традыцыйнай культуры? Калі яна знаходзіцца ў рамках турыстычных “рэзервацый”, то так. Гэта і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і музейныя экспазіцыі, і фальклорныя ансамблі — усё тое, што надае нацыянальны каларыт турыстычнаму аб’екту. Але калі гаварыць пра звычайныя культурныя аб’екты, то яны часцей за ўсё выконваюць ролю “наглядчыкаў” для традыцыйнай культуры. І не выпадкова існуе меркаванне, што зарабіць грошай на ёй немагчыма. Пэўная частка грамадства адносіцца да традыцыі як да нечага замшэлага, нецікавага, несучаснага. Чаму так? Мне падаецца, што прычына ў фармальным падыходзе да традыцыйнай культуры. Музей побытавых рэчаў ці мастацкіх вырабаў, фальклорны ансамбль — звычайная візітоўка вясковага дома культуры. Спадзяюся, што ніхто не будзе спрачацца, што ўсё гэта трэба мець. Але як зрабіць традыцыйную культуру трэндам?

Па-першае — ствараць аб’екты традыцыйнай культуры высокай якасці. Гэта і фальклорныя ансамблі з распрацаванай відовішчнай праграмай, адаптаванай да сцэны. Такія калектывы не толькі могуць годна прадстаўляць сваё мастацтва на радзіме і за яе межамі, але і нешта зарабіць. А што з астатнім? Выконваць ролю наглядчыкаў? Не! Трэба выводзіць традыцыйную культуру са сценаў клубнай установы і надаваць ёй інтэрактыву. Святы, фестывалі, конкурсы — гэта тое асяроддзе, дзе яна можа правіць баль і працаваць на свой прэстыж. У якасці прыкладу прывяду фестывальны рух “Берагіня”, які ўжо даўно выйшаў за межы Акцябрскага, бо гаворка не толькі пра арганізаваныя мерапрыемствы. Танцоры, спевакі, музыкі выходзяць не толькі на сцэнічныя пляцоўкі для выступу і ўдзелу ў конкурсах, але і стыхійна дэманструюць сваё мастацтва ў фае, на плошчах, вуліцах, у парках. Было такое ўражанне, што ўвесь горад танчыць, спявае, іграе. Бо кожны мог далучыцца да гэтага дзеяння, і многія рабілі тое з задавальненнем. Асабліва прыемна, што сярод удзельнікаў фестывалю было шмат дзяцей і моладзі. Лепшую рэкламу для папулярызацыі традыцыйнай культуры і нацыянальнай ідэі і прыдумаць цяжка.

Кадры вырашаюць усё! Але было б памылкай замяніць гэты лозунг на “Маладыя кадры вырашаюць усё!”. Так, моладзі трэба даваць дарогу. Хай уносіць нешта новае, незаскарузлае. У культурным жыцці шмат нішаў, дзе яна можа сябе праявіць. І гэта перш за ўсё сучасныя крэатыўныя плыні ў мастацтве і культуры наогул. Але моладзь — менавіта тое пакаленне, якое павінна перадаць народныя традыцыі сваім нашчадкам. І без настаўнікаў тут не абысціся. Старэйшае пакаленне культработнікаў пакуль цягне на сабе гэтую лямку, і маладыя кадры могуць дыхаць ім у спіну хіба што ў літаральным сэнсе. У сферы культуры сталыя кадры, якія паспяхова працуюць з традыцыйнай культурай, — прыклад для моладзі і магчымаць пераняць вопыт. Але ж веды атрымліваюць у навучальных установах. Ці ведаюць выпускнікі ВНУ сферы культуры традыцыйную культуру?

Не буду казаць пра астатнія жанры, а пра харэаграфію скажу:  тут праблемы ёсць. Так сталася, што маладыя харэографы больш ведаюць пра культуру іншых народаў, сучасныя плыні ў харэаграфіі, чым пра беларускі народны танец з яго багатым і разнастайным матэрыялам: карагоды, полькі, кадрылі, традыцыйныя танцы, побытавыя. Таму на сцэне мы часцей бачым дарослыя калектывы, якія працуюць у псеўдацыганскім стылі ці аля-казакі ды дзіцячыя эстрадныя калектывы. Не хачу сказаць, што гэта залішне. Аднак калі мы хочам не згубіцца ў міжгалоссі культур і выглядаць прыстойна, то трэба берагчы ды папулярызываць сваю традыцыйную культуру.