У кампаніі кампаратывістаў

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Вера ПРАКАПЦОВА, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, уладальніца медаля Францыска Скарыны
Ужо пятнаццаць гадоў нашай кафедрай вядзецца набор на дастаткова новую спецыяльнасць — кампаратыўнае мастацтвазнаўства.

/i/content/pi/cult/626/13917/5-1.jpgКампаратывізмам называюць метад параўнальнага вывучэння сувязей паміж рознымі відамі мастацтваў, знаходжанне пэўных паралелей у разнастайных мастацкіх з’явах і адначасова адрозненняў паміж імі. Патрэбу ў спецыялістах, якія валодаюць такой метадалогіяй, прадыктавала сама практыка развіцця сучаснага мастацтва, якое імкнецца да сінтэзу, прычым іншага кшталту, чым гэта было раней. Сучасныя творы ўсё часцей немагчыма аналізаваць з пункту гледжання заканамернасцей толькі аднаго віду мастацтва. Звярніце ўвагу: у беларускіх жывапісцаў з’яўляецца шмат выяў музычных інструментаў, музыка — наадварот, імкнецца да колеравых супастаўленняў. Даследчыкі адзначаюць, што мастацтву ХХ стагоддзя ўвогуле ўласцівая музычнасць, якая выяўляецца ў плаўнасці ліній, тонкай колеравай нюансіроўцы. А колькі скрыжаванняў у формах і жанрах! У музыцы, да прыкладу, шырока выкарыстоўваецца такі жанр выяўленчага мастацтва, як партрэт. А ў жывапіс пранікаюць рысы сюіты, варыяцыйнага выкладання, сімфанічнага мыслення. Класічны прыклад такіх узаемадзеянняў — творчасць Мікалая Чурлёніса.

Нягледзячы на сваю навізну, кампаратывістыка насамрэч мае глыбокія гістарычныя карані. Традыцыя сродкамі адных відаў мастацтваў вывучаць іншыя ідзе ад Арыстоцеля, Піфагора. Але неабходнасць грунтоўнай тэарэтычнай распрацоўкі гэтай галіны, патрэба ў фарміраванні суцэльнага навуковага кірунку былі рэальна асэнсаваны дзесьці ў сярэдзіне 1990-х. Так што беларускія навукоўцы займаюць тут адну з перадавых пазіцый. Школа кампаратыўнага мастацтвазнаўства, што склалася ў нашай навучальнай установе і, шырэй, у краіне, атрымала шырокае замежнае прызнанне. У нас вучацца шмат іншаземцаў. Асабліва плённае партнёрства звязвае нас з адукацыйнымі ўстановамі Кітая, для якіх былі падрыхтаваны дзясяткі кандыдатаў навук.

Што тычыцца нашых студэнтаў і выпускнікоў, дык нейкіх асобных пасад, якія наўпрост адпавядалі б гэтай спецыяльнасці, няма. Пры размеркаванні маладых спецыялістаў звычайна ўлічваюцца асабістыя схільнасці. Групы кампаратыўных мастацтвазнаўцаў невялікія — па пяць-сем чалавек. Практычна ў кожнага з іх за плячыма не проста школьны атэстат, а дыплом аб заканчэнні нейкага профільнага каледжа: музычнага, мастацкага. Зразумела, у такіх выхаванцаў веды ў раней абранай імі галіне больш глыбінныя і шырокія. Адпаведна, яны працягваюць іх развіваць, узбагачаць вопытам, назапашаным у іншых відах мастацтва.

Кожны прыходзіць да кампаратывістыкі па-свойму. Я, да прыкладу, у свой час атрымала прафесійную музычную адукацыю, але з дзяцінства, будучы дачкой народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава, была звязана з жывапісам. Да таго ж у маім тагачасным сямейным асяродку былі прадстаўнікі не толькі музыкі і жывапісу, але і тэатра. Міжволі ўзнікалі паміж імі параўнанні.

У іншых — свой шлях да кампаратывістыкі. Таму пры выбары месца працы звычайна адштурхоўваюцца ад той мастацкай сферы, якая ім бліжэй, якой яны прысвяцілі больш гадоў. Многія размяркоўваюцца ў музеі, вядуць даследаванні. Некаторыя пасля завяршэння вучобы (а ў нас ёсць і адпаведная аспірантура) займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю і, такім чынам, працягваюць закладзеныя традыцыі, умацоўваюць навуковую школу. А галоўнае — жывуць у мастацтве. І мастацтва знаходзіць у іх асобах сваіх даследчыкаў, аналітыкаў, рэцэнзентаў. Нам ёсць чым ганарыцца!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"