Эстэтычны эксперымент

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Выстава, што зараз працуе ў сталічнай галерэі “Дом карцін”, для нашай культурнай прасторы беспрэцэдэнтная. Яна не камерцыйная і не ідэалагізаваная. Не прымеркаваная да нейкай падзеі ці гадавіны, не з’яўляецца сродкам прыхаванай рэкламы, якая працуе на імідж дабрадзея-спонсара. Яна не мае і канцэпцыі. Гэта проста выстава.

/i/content/pi/cult/626/13916/4-2.jpg

Фрагмент экспазіцыі ў “Доме карцін”. / Фота аўтара

Арганізатары скарысталі амерыканскі досвед. У 1978 годзе ў Нью-Ёрку зладзілі экспазіцыю, на якую кожны чалавек мог прынесці свой твор, больш дакладна — рэч, якую ён сам лічыць вартай называцца творам мастацтва. Падкрэсліваю, кожны мінак, а не толькі той, хто мае статус мастака паводле адукацыі альбо прафесійнага занятку. Не было ніякай цэнзуры. Адзіная ўмова — твор мусіць пралезці ў дзверы галерэі. І яшчэ: творы прымаліся толькі ў вызначаны часавы адрэзак. Не раней і не пазней. Час прыёму скончыўся, дзверы галерэі зачыняюцца. Хто не паспеў, той спазніўся. Хто ўплішчыўся ў вызначаны час, той гарантавана бачыў сваю рэч у экспазіцыі. Такімі ж прынцыпамі кіраваліся і арганізатары мінскай выставы.

У выніку атрымалася экспазіцыя, у якой 661 рэч. Гэта творы дыпламаваных мастакоў, што ўжо засведчылі сваю творчую самасць; аматараў традыцыйнага дэкаратыўнага мастацтва з немалым прафесійным досведам; студэнтаў і навучэнцаў, якія прынеслі свае курсавыя работы; выхаванцаў дзіцячых мастацкіх студый; людзей сталага ўзросту, каму не выпала стаць мастакамі, але на знак юнацкай мары яны свой вольны час аддаюць маляванню і заняткам жывапісам. І яшчэ — опусы людзей насамрэч выпадковых, якім усё адно, што рабіць, абы на людзях красавацца.

Экспазіцыя зроблена так, каб работы прыблізна аднаго інтэлектуальнага класа, адной ступені прафесійнай дасведчанасці аўтараў кампанаваліся ў адзін блок. Такім чынам атрымліваецца нібыта некалькі выстаў у адзінай, не падзеленай візуальна на сегменты прасторы. Выстава гэта цікавая найперш наяўнасцю інтрыгі. Той, хто больш-менш арыентуецца ў культурнай сітуацыі, хто ведае почырк і сэнсавыя дамінанты творчасці нашых знакамітых мастакоў, можа лёгка ўявіць, з чаго будзе складацца персаналія кожнага з іх. Змест і вобразны лад групавых і рэспубліканскіх выстаў таксама вылічыць няцяжка. А вось што прыцягне ў выставачную залу чалавек “з вуліцы” — гэта вялікая таямніца. Як спяваў Уладзімір Высоцкі, “этот Фишер ни за что не сможет отгадать, чем буду я ходить”.

Выстава засведчыла і адлюстравала той факт, што інфармацыйнае поле, у якім існуе паспаліты чалавек (не кажучы ўжо пра прафесіяналаў), значна пашырылася ў параўнанні з эпохай, што па гістарычных мерках скончылася зусім нядаўна. На выставе прысутнічае мастацтва, якое ўспрымаецца як водгулле брутальнага сац-арту мяжы 1980 —1990-х; практыкаванні ў гламурна-эратычным стылі, этнаэкзотыка, абстрактны жывапіс — з рысамі канцэптуальнасці і цалкам спантанны, апалагетыка сюррэалізму, гіперрэалізму, класічнаму поп-арту, следванне традыцыям рэалістычнага пейзажу, натуральны інсіт і ягоныя версіі ў выкананні людзей з урбанізаванай свядомасцю. Зразумела, што дылетант і адмысловец адну і тую справу зробяць па-рознаму. Жывапіс у экспазіцыі пераважае, ёсць графіка, фота. Найменш прадстаўлена скульптура, але ўзорамі, якія і на прафесійнай выставе глядзеліся б някепска.

Калі пры характарыстыцы гэтай выставы карыстацца вядомым выслоўем скульптара Сяргея Каненкава “Мастацтва — месца не агароджанае, і кожны туды пнецца…”, дык яна выглядае як агрэсіўная авантура, скіраваная супраць усталяваных норм эстэтыкі. Не павінны дылетанты і прафесіяналы выстаўляцца побач. Каманды рознай класнасці гуляюць у розных лігах. Гэта калі падыходзіць да мастацтва з жорсткімі крытэрыямі рамяства і інтэлекту. Аднак мастацтва, творчасць у шырокім сэнсе выконваюць яшчэ і функцыі сацыяльнай тэрапіі. Мноства людзей бяруцца ў вольны час за аловак і пэндзаль, каб выйсці за межы побытавай завядзёнкі, надаць жыццю эстэтычны імпульс. Для іх магчымасць выставіцца побач з прафесіяналамі — свята. А ў тых, мяркую, ад гэтага карона з галавы не зваліцца…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"