Пілот пра навуку

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Якуба Коласа, народнага паэта Беларусі, 135-годдзе з дня нараджэння якога адзначым акурат у Год навукі, мы ведаем не толькі як літаратара, але і як педагога, вучонага, акадэміка. І менавіта ад назвы Коласавага верша ўзнікла ідэя пілотнай музейна-адукацыйнай праграмы “Якуб Колас — за навуку!”

/i/content/pi/cult/626/13910/11-2.jpgАўтары і выканаўцы — бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ірына Юдзіна і загадчык сектара міжнароднай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі Аксана Жукава. Яны знайшлі адну з аптымальных форм папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны. Дызайнерскае афармленне лагатыпа праграмы, афіш і дадатковых матэрыялаў зрабіла Наталля Каралёва.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца дастатковая колькасць як твораў славутага пісьменніка і яго выданняў навуковага характару, так і навукова-папулярнай літаратуры аб творчасці і жыцці Коласа.

Урэшце, знаёмства з літаратурнай спадчынай народнага паэта, вывучэнне роднай мовы, папулярызацыя дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як арганізацыі, дзе захоўваюцца веды і спадчына (у тым ліку літаратурная), выхаванне кніжнай культуры, павышэнне цікавасці да працэсу чытання з’яўляецца асновай праграмы “Якуб Колас — за навуку!”.

Праграма, якая складаецца з чатырох заняткаў, рэалізуецца пры непасрэдным удзеле Інстытута культуры Беларусі і пры падтрымцы выдавецкага дома “Молпрэс”. Заняткі ж праводзяцца ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэматыка, насычанасць і інтэрактыўныя тэхналогіі даюць магчымасць кожны раз актывізаваць увагу ўдзельнікаў праграмы і гасцей. На кожным занятку вырашаюцца свае канкрэтныя мэты і задачы, але ўсе чатыры звязаны адным ланцужком — імем і творамі Якуба Коласа, а таксама навуковымі метадамі аналізу, параўнання, назірання.

“Першы дзень навукі” — гэта назва першага з чатырох заняткаў, на якім прысутнічалі настаўнікі, бацькі і вучні Бараўлянскай сярэдняй школы № 2. Удзельнікі праекта пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Якуба Коласа, прачыталі верш “За навуку”, з цікавасцю параўналі школьнае жыццё на пачатку мінулага стагоддзя з сучасным, актыўна папоўнілі свой слоўнікавы запас новымі і старымі беларускімі словамі. Дарэчы, толькі настаўнікі ды бацькі яшчэ памятаюць сэнс і значэнне такіх, здавалася б, нескладаных тэрмінаў, як “красёнцы”, “пуня”, “вырай”, згаданых у вершы.

Аўтары праекта і супрацоўнікі Музея кнігі шчыра запрашаюць усіх зацікаўленых і неабыякавых — бацькоў з дзецьмі, настаўнікаў і чытачоў — на чарговую сустрэчу, падчас якой будуць выкарыстаны элементы арт-тэрапіі. А сама праграма “Якуб Колас — за навуку!” з’яўляецца складнікам праекта Нацыянальнай бібліятэкі “У госці да кніг”, які шырока разглядае вынікі справы кнігадрукавання. А гэта асабліва сімвалічна ў год паўтысячагоддзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Галіна СУША, супрацоўнік аддзела традыцыйнай культуры Інстытута культуры Беларусі