“Статус” Яшчара

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Зроблена заяўка на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей гульні “Яшчар” у Пастаўскім раёне.

/i/content/pi/cult/626/13909/11-1.jpgЕдзем на Пастаўшчыну, якая выцягнулася вакол цяпер яшчэ замураванай лёдам ракі Галбяіца (“рака, якая цячэ па нізіне”), што згадваецца яшчэ ў прывілеі вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага аж у 1414 годзе.

Азёры Гуцкае, Галбейскае. Пасёлак Варапаева, вёскі Галбея (Голбія), Вайцяхі, Гута — месца, дзе вырабляецца шкло. У Гуце-Голбіі (так раней называлася вёска) у 1913-м быў пабудаваны шклозавод. Цяпер гуцяне-гутнікі шкадуюць аб нядаўнім закрыцці шклозавода — няма працы, колькасць вучняў сярэдняй школы змяншаецца, жыхароў — таксама (цяпер трохі больш 600). Нас суправаджаюць работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна — навуковы супрацоўнік Людміла Чатовіч і спецыяліст па фальклоры Святлана Марозава, якія падрыхтавалі заяўку з просьбай да Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на ўключэнне народнай гульні моладзі “Яшчар” у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гоцкі сацыяльна-культурны цэнтр Варапаеўскага пасялковага савета размясціўся ў былым будынку шклозавода. Прасторны пакой на другім паверсе абсталяваны пад вясковую хату. Тут і збіраюцца ўдзельнікі фальклорнага гуртка, якім кіруе Тамара Маслоўская. У яго ўваходзіць моладзь вёсак Гута, Голбія, Белькі, Вайцяхі, Косаўшчына, Полава, Рагоўскія, пераважна вучні старэйшых класаў мясцовай школы.

На вечарынах гуртка добры тон задае інструментальны ансамбль сям’і Пачкоўскіх з Гуты-Голбіі, лаўрэат абласных святаў-конкурсаў “Грай, гармонік!”, удзельнік рэспубліканскіх канцэртаў. Таленавітая музычная сям’я выкарыстоўвае двое дыятанічных цымбалаў, даўнейшую ліпавую карыну, аздобленую бяростай, дудку, свістулькі, бубен, трашчоткі, вырабленыя рознымі мясцовымі майстрамі, дапрацаваныя і беражна захаваныя кіраўніком Аляксандрам Пачкоўскім. Самаробнымі інструментамі ўмела карыстаюцца яго жонка, пляменнік, унук і тры ўнучкі (усе Пачкоўскія і Вітко — сямейны ансамбль).

Рэй у вечарыне-гульні вядзе кіраўніца гуртка Тамара Валянцінаўна (1962 год нараджэння), якая пераняла ў патомных гутнікаў мясцовую манеру правядзення старадаўняга ігрышча, якое праводзілася тут не толькі на Каляды, але і на Вялікдзень і на Купалле.

Пасярод пакоя на зэдліку сядзіць хлопец “Яшчар”, апрануты ў вывернуты кажух, шапку-вушанку, падпярэзаны дзягай. Дзяўчаты з хусткамі на плячах водзяць вакол яго карагод, спяваючы: “Сядзіць сабе Яшчар, // Гэй нам, гэй! // На залатым крэсле, // На шчаслівым месце. // Яшчар зямлю точыць, // Жаніціся хочыць. // Бяры сабе панну, // Ці што ў чаравічках, // Ці што невялічка, // Ці што ў атласе, // У сінім паясе” (нямала пытанняў выклікае змест традыцыйнай песні ў сучаснага чалавека). Тэкст паўтараецца столькі разоў, колькі дзяўчат у коле. Пасля кожнага выканання Яшчар забірае сабе чарговую хустку-“вянок”. Затым да ўладара падземна-падводнага царства (як вызначаюць “статус” Яшчара) кожная з удзельніц падыходзіць, спяваючы: “Яшчар-панок, // Аддай вянок, // Што я пляла, // Як я цвіла, // Ручкі-ножкі мазоліла, // Свайго вяночка ня зносіла“. Яшчар вяртае “згубленае” іх гаспадыням пасля таго, як яны выканаюць яго ўладны капрыз: станчыць, некага пацалаваць і гэтак далей (прывабнасць і поспех гульні ў многім залежыць ад асобы, знаходлівасці галоўнага героя — традыцыя прадугледжвае пэўныя імправізацыі). Як і ў іншых падобных ігрышчах, моладзевых вечарынах, выконваліся і іншыя забавы, танцы, песні.

Дракон-яшчар добра вядомы ва ўсходнеславянскiм фальклоры. Усе мы ў дзяцiнстве захаплялiся казкамi, у якiх баілася пра волатаў, што змагалiся супраць трохгаловых змеяў. Гэты мiфалагiчны матыў трапiў i ў лiтаратуру ў выглядзе легенды пра святога Юрыя-Георгiя, што перамог дракона-змея.

Гульня даўно зацікавіла навукоўцаў. У Расii падобная гульня была вядома пад назвай “Яша”. У рускiх дракон-яшчар трансфармаваўся ў iмя чалавека. У гэтым сэнсе беларускiя варыянты выглядаюць больш кансерватыўнымi, архаiчнымi.

У тэкстах песень праяўляюцца рэшткі ахвяравання духу падземнага царства ў выглядзе прыгожых цнатлівых дзяўчат. Вянок у фальклоры — гэта сімвал чысціні, згубіць яго — азначае стаць жанчынаю. Матыў прынясення падобных ахвяр шырока вядомы ў мiфалогii Кiтая, Старажытнага Егiпта, майя... Цяпер даўні сэнс магічнага дзейства згубіўся, гульня выконвае эстэтычную функцыю, вяртае моладзь да традыцый продкаў, нацыянальных каштоўнасцей, што і прадугледжвае Канвенцыя UNESCO аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Падобныя праяўленні, як адраджэнне гульні “Яшчар”, неабходна падтрымліваць, ствараць умовы для іх захавання і развіцця. І ў сувязі з тым, што цяпер застаецца зусім мала аўтэнтычных носьбітаў культурных традыцый, патрэбна пашырыць дзейнасць па фіксацыі народнай спадчыны, яе ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі, вяртанні ў сацыякультурную практыку.

Сустрэча з прыгожым спараджае ўспаміны, прабуджае думкі і пачуцці, што выліваецца ў дарожныя экспромты:

Знайдзі падставы —

Махнуць у Паставы.

І без падставаў

Гасцюй у Паставах.

І паварочвай крута

На “Яшчара” ў Гуту.

Навек не забуду

Калядную Гуту.

Алесь ЛОЗКА, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Інстытута культуры Беларусі

Фота аўтара