Пілігрым паліць свой посах…

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Актывы і пасівы раённай культуры / Онлайн-канферэнцыя “К”: эфектыўнасць галіны
Навагоднія ёлкі даўно высахлі ды абсыпаліся, а 2017-ы паспеў набраць моцы, без стомы замільгацеў тыднямі ды клопатамі. Рэдакцыя вырашыла даведацца, што за гэты час паспелі зрабіць у раённых аддзелах ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а што не атрымалася па шэрагу аб’ектыўных/суб’ектыўных прычын. Інакш кажучы, на парадак дня паўстала пытанне: “У чым вашы дасягненні і праблемы?“ Адказаць на яго мы запрасілі начальнікаў аддзелаў ІРКСМ райвыканкамаў: Маларыцкага — Андрэя ГАРБАЦЭВІЧА, Дубровенскага — Людмілу ДУДАРАВУ, Карэліцкага — Іну САНЧУК, Краснапольскага — Алену РАМАНЕНКА, выконваючую абавязкі дырэктара Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Надзею МЯЛЕШКА.

/i/content/pi/cult/626/13908/10-1.jpgЯўген Рагін:

— Пачнем, напэўна, па алфавіце, з Брэстчыны.

Андрэй Гарбацэвіч:

— Што атрымалася? Тое, чаго даўно чакалі. Урэшце склалі такі праект трансгранічнага супрацоўніцтва з Украінай, што ён здолеў патрапіць у спіс еўрасаюзаўскага фінансавання. Літаральна днямі гэтая прыемная навіна прыйшла з Чарнігава. Там разглядаліся 150 праектаў, але ў згаданым спісе аказаліся толькі 18, у тым ліку і наш. Гэта першы досвед у плане аддзелаўскай праектнай дзейнасці.

Яўген Рагін:

— У чым сутнасць праекта?

Андрэй Гарбацэвіч:

— Ён будзе спрыяць далейшаму развіццю маларыцкага ткацтва. “Культура” шмат пісала пра дзейнасць нашага Цэнтра народнай творчасці, дзе адноўлены мясцовыя традыцыі вырабу спадніцы, увогуле — маларыцкага строю. Словам, тут ёсць што рухаць наперад, што прапагандаваць сярод моладзі. А супрацоўнічаць будзем з украінскім Ратноўскім раёнам. Там вельмі хочуць абагульніць, прааналізаваць ды выкарыстаць наш вопыт для адраджэння сваіх ткацкіх традыцый. Дапаможам калегам з утварэннем гурткоў, з піярам гэтай справы. Ва ўкраінскага боку ёсць свой сталы фестываль народнай творчасці. Пасля пэўнай карэкціроўкі ён набудзе новае рамесніцкае гучанне. А мы са свайго боку запросім украінскіх майстроў на маларыцкі ткацкі пленэр.

Яўген Рагін:

— Ну а што не атрымалася, што засталося праблемай?

Андрэй Гарбацэвіч:

— Аб праблемах не выпадае гаворку весці, бо ўсе яны (так альбо інакш) — вырашальныя. А не атрымалася паўзаемадзейнічаць з Польшчай у межах агульнага творчага праекта. Спадзяюся, досвед работы з украінскімі калегамі дапаможа нам распрацаваць свой праект і ў гэтым кірунку. Гаворка, безумоўна, таксама пра развіццё нашага ткацтва.

Яўген Рагін:

— Усё ж ёсць праблемы, якія застаюцца “доўгатэрміновымі”. Адна з іх — стварэнне музея ў Дубровенскім раёне.

Людміла Дударава:

— Так, будынак кляштара бернардзінцаў (XVI стагоддзе) перададзены нам пад музей аж з 1996 года. Грошай на яго рэканструкцыю не было і няма, да сённяшняга дня пабудова ніяк не выкарыстоўвалася. Сітуацыя такая, што ніяк рады не дадзім. Я нават падумваю, ці не выставіць колішні кляштар на аўкцыён.

Яўген Рагін:

— Шкада, Беларусь пераўтварылася ў краіну гістарычных руінаў… Значыць, застаяцеся без музея?

Людміла Дударава:

— Старшыня райвыканкама Алег Лындзін шукае вырашэнне пытання. Адзін з рэальных варыянтаў — выкарыстаць пад музей будынак былой кавярні ў цэнтры горада. Застаецца спадзявацца, што так яно і будзе.

Яўген Рагін:

— Якія нядаўнія культурныя падзеі ўсё ж грэюць душу?

Людміла Дударава:

— Трое нашых спецыялістаў атрымалі званне “Чалавек Года культуры Дубровенскага раёна”. Гэта дырэктар Раённага цэнтра народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Уладзімір Бабічаў. Свой, мясцовы, яшчэ нядаўна быў маладым спецыялістам, шмат зрабіў для таго, каб установа культуры карысталася попытам. Згаданае званне атрымалі і выкладчык дзіцячай школы мастацтваў па класе гітары, мастацкі кіраўнік народнага вакальна-інструментальнага ансамбля Аляксандр Хацееў (стварыў дзіцячы гітарны ансамбль, які вельмі актыўна ўдзельнічае ў самых прэстыжных конкурсах) і загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Дубровенскай ЦБС Надзея Дударава (дачка Людмілы Дударавай, але маці тут ні пры чым: пераможцы вызначаліся на ўзроўні кіраўніцтва райвыканкама. — Я.Р.)

Яўген Рагін:

— Да мяне патрапіў спіс пераможцаў асноўнага конкурсу мясцовых ініцыятыў у рамках Праекта ЕС-ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Прыемна, што сюды патрапіла 25 творчых праектаў, скіраваных на развіццё культуры з усіх абласцей краіны. Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна вылучыла праект “Фестываль “Тэатральныя вечарыны” і перамагла.

Алена Раманенка:

— Так, зусім нядаўна грошы атрымалі. Фестываль гэты, вы ведаеце, ладзіўся ў нас з мінулага стагоддзя. Быў ён тады міжнародным. Вось гэты статус мы і хочам вярнуць для нашага брэндавага штогадовага мерапрыемства, якое стала на дадзены момант міжрэгіянальным.

Яўген Рагін:

— Тут, напэўна, трэба патлумачыць тым, хто не ў курсе. Краснапольскі народны тэатр узнік у 1918 (!) годзе. Стварылі яго браты Васіль і Андрэй Шашалевічы (апошні вядомы як пісьменнік Андрэй Мрый) — ураджэнцы Краснапольшчыны. А рэжысёрам тэатра напрыканцы 1970-х быў вядомы акцёр і педагог Валянцін Ермаловіч…

Алена Раманенка:

— Плануем надаць тэатру імя Валянціна Ермаловіча. А стагоддзе калектыву стане лагічным завяршэннем прафінансаванага тэатральнага праекта. Тым не менш фестываль будзем ладзіць і сёлета (ён пройдзе ў жніўні-верасні) з удзелам лепшых самадзейных тэатральных калектываў Беларусі.

Яўген Рагін:

— Гадоў дзесяць таму я сутыкнуўся ў вашым раёне вось з якой праблемай, якая тычыцца не толькі дзейнасці народнага тэатра. Маю на ўвазе цякучку маладых спецыялістаў, у тым ліку і рэжысёраў. Як вырашаеце гэтае балючае для ўсіх пытанне?

Алена Раманенка:

— Імкнемся вышукаць літаральна любую магчымасць, каб падабраць годнае жытло. Але перад размеркаваннем я не магу запэўніць будучага маладога спецыяліста, што ён гэтае жыллё атрымае адразу па прыездзе ў раён. Таму цякучка кадраў пакуль непазбежная.

Іна Санчук:

— А вось у нас за апошнія два гады ніхто з маладых спецыялістаў не з’ехаў з раёна. Спадзяюся, і сённяшнія (а іх — дзесяць) застануцца. Значную дапамогу ў гэтым аказвае аддзелу старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак. Сам ён — мясцовы, на пасадзе — дзесяць гадоў. Добра ведае, што без прытоку свежай крыві няма развіцця ў любой галіне дзейнасці. Калі нашы маладыя кадры здымаюць кватэры, аддзел, у адпаведнасці з кантрактам, даплачвае ім базавую велічыню.

Яўген Рагін:

— Якімі сёлетнімі вынікамі задаволены?

Іна Санчук:

— Вучні нашых школ мастацтваў паспелі паўдзельнічаць ва Усерасійскім адкрытым творчым конкурсе для дзяцей і дарослых “Пазітыў-2017”, што праходзіў у Маскве з 7 па 17 лютага. Нашы юныя мастакі даслалі свае работы і перамаглі. У намінацыі “Змешаная тэхніка” першае месца атрымала Алена Логіш, другое і трэцяе месцы ў намінацыі “Графіка” — Арына Чыкан і Кацярына Бусько — адпаведна. Гэта выхаванцы Карэліцкай ДШМ. Першае месца дасталося і вучню Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Данілу Янкоўскаму. Ён стаў лепшым у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Яўген Рагін:

— Чым жыве сёлета Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй?

Надзея Мялешка:

— Завяршаем работу па наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу вясельнага абраду “Вёльца”. Абрад існаваў у Камарынскай зоне, нават у Брагіне мала хто пра яго ведае. Гаворка пра завіванне своеасаблівага абярэгавага букета (авёс, каліна, кветкі…) вакол прутка з трыма адгалінаваннямі. Абавязковы атрыбут любога вяселля, а пасля ўладкоўваўся на даху дома, дзе жылі маладыя…

Вельмі шмат планаў. Летась музей распачаў… тэатральны праект, вакол якога сабраліся каля пятнаццаці чалавек, што і гісторыю любяць, і тэатральнае мастацтва. У музейным холе паставілі спектакль пра каханне Лжэдзмітрыя і Марыны Мнішак. Паспрабавалі выехаць з тэатралізацыяй у вёску Тэльман, дзе ў парку з рэшткамі сцяны замка князёў Вішнявецкіх захаваўся камень кахання, побач з якім, паводле легенды, сустракаліся згаданыя асобы. Атрымалася: спектакль меў поспех. Лічу, што такая форма музейнай дзейнасці лепш даносіць да публікі факталагічны матэрыял. Сёлета рыхтуемся працягнуць тэатралізацыі, заснаваныя ў тым ліку і на фальклорным матэрыяле.

Яўген Рагін:

— Шчыра кажучы, не кожны дзень даводзіцца чуць пра такі крэатыў, даўно “Культура” Брагіншчыну не наведвала. А што настрой музейшчыкам псуе?

Надзея Мялешка:

— Тое, што некалькі гадоў запар з-за недахопу сродкаў не вядуцца работы па рамонце будынка былой крамы, дзе мяркуецца зрабіць яшчэ адну карцінную галерэю (хочацца, каб выстаўляліся ўсе жывапісныя творы, што знаходзяцца ў нашых фондах, — каля 200 работ).

Яўген Рагін:

— І замест заканчэння. Банальная фраза: год новы — праблемы старыя (за рэдкім выключэннем). Работнікі культуры самаахвярна з імі змагаюцца. Самаахвярнасць увогуле — набытак абраных. Аднак гэта ніякім чынам не адбіваецца на росце заробкаў. Не ведаю, на якіх яшчэ кітах трымаецца свядомы свет, але адзін з іх — нацыянальная культура. А наш работнік культуры нагадвае мне гэткага пілігрыма, які паліць свой посах (больш няма чаго паліць), каб не самому сагрэцца, а сагрэць іншых.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"