Лабараторыя народнага мастака Івана Міско

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Лабараторыя народнага мастака Івана Міско
22 лютага споўнілася 85 гадоў народнаму мастаку Беларусі Івану Міско. Пра гісторыю стварэння яго знакамітых работ распавядзе кніга, якую паэт Фёдар Баравы зараз піша пра Івана Якімавіча. Літаратар прапанаваў “К” пазнаёміць чытачоў з адным з яе раздзелаў, прысвечаным стварэнню Міско помніка рускаму пісьменніку Сяргею Аксакаву. Названы фрагмент мы прыводзім з некаторымі скарачэннямі.

/i/content/pi/cult/626/13904/15-1.jpgМінскі след сям’і Аксакава

“Знайшліся“, — з палёгкай выдыхнуў Іван Якімавіч. Ён трымаў у руках папку з надпісам “С.С. Аксакаў”, якая захоўвалася ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Нашы вочы запаліліся ціхай радасцю — які дзень мы шукалі гэтыя дакументы па архівах і бібліятэках! Тут былі сабраныя аўтабіяграфія, успаміны, спіс музычных твораў кампазітара, праўнука рускага пісьменніка Сяргея Цімафеевіча Аксакава. З глыбокім душэўным хваляваннем адкрывалі старонку за старонкай, зазіраючы ў гістарычныя імгненні сям’і нашчадкаў творцы. Нам здавалася, што адчуваем энергетыку аўтара, гаспадара гэтых радкоў. І было відаць, што да гэтага часу да іх мала хто дакранаўся. Мастак глыбока задумаўся і ціхенька папрасіў: “Прачытай успамін”. І проста ў музеі, па вушы, як дзеці, захопленыя сваёй гульнёй, мы павольна занурваліся ў аксакаўскі свет — час перыяду жыцця кампазітара Сяргея Сяргеевіча Аксакава.

“Я, вядома, не памятаю свайго прадзеда — знакамітага рускага пісьменніка-класіка С.Ц. Аксакава, ён памёр у 1859 годзе, за 32 гады да майго нараджэння. Але яго светлы вобраз, не толькі як выдатнага пісьменніка, але і як чалавека, вядомага сваёй непадкупнай сумленнасцю, дабрынёй і любоўю да людзей, палымянага змагара за справядлівасць, простага і дэмакратычнага ў асабістым жыцці, — гэты вобраз заўсёды жыў у нашай сям’і і служыў шляхаводнай зоркай для ўсіх яго нашчадкаў. Памятаю, калі мне было яшчэ 5-6 гадоў, мая бабулька-няня часта казала мне: “Ты, Сярожанька, будзь заўсёды такім жа, як твой прадзед, — а ён за ўсё сваё жыццё не сказаў ніводнага слова няпраўды”. I гэтыя словы простага рускага чалавека на ўсё жыццё запалі ў маю душу”.

Спыніўшы чытанне, я на імгненне падняў галаву і ўважліва паглядзеў на скульптара. Ён сядзеў нерухома, падпёршы галаву, яго погляд блукаў дзесьці ў іншай прасторы. Пазней я зразумеў: скульптар асэнсоўваў чарговы праект, фантазія мастака ўжо працавала над увасабленнем новай ідэі — помніка Аксакаву-пісьменніку. І яму было цікавым усё, што звязана з імем апошняга, калі мастацкі вобраз узрушыў душу. Балазе абодва нарадзіліся і правялі дзяцінства на беразе маленькай рачулкі з маляўнічымі берагамі, ведалі цану сялянскай працы, з любоўю ставіліся да людзей, сваёй Радзімы. Так, іх падзяляў пласт часу ў паўтара стагоддзя, але духоўныя каштоўнасці і творчасць аб’ядноўвалі. Так што Міско “прымерваўся” да сваёй будучыні — да твора. Мы папрасілі дазвол зняць копіі з гістарычных дакументаў для перадачы іх у музей Сяргея Цімафеевіча.

А праўнук яго, Сяргей Сяргеевіч, на працягу тузіна гадоў (з 1955-га па 1968-ы) жыў і працаваў у Мінску. Тут і пайшоў з жыцця, пахаваны на Усходніх могілках. Надмагілле (хіба ж гэта не містыка?) рабіў Іван Міско па просьбе дачкі Аксакава Вольгі, з якой яны разам працавалі ў мастацкім музеі. Зрабіў і забыўся, як кажуць, — тады майстар яшчэ і не падазраваў, што шляхі сямейства Аксакава і беларускага скульптара зноў перасякуцца. Да таго ж з дакументаў даведаліся, што ў Мінску дасюль жывуць прамыя нашчадкі вядомай сям’і — Наталля, унучка Сяргея Сяргеевіча Аксакава, дачка Вольга са сваёй дачкой Воленькай. З імі мы пазнаёміліся на наступны дзень пасля візіту ў архіў-музей, сяброўскія адносіны падтрымліваем і цяпер. Пра музейную знаходку адразу паведамілі кіраўніку Аксакаўскага фонду Міхаілу Чванаву праз нашых сяброў Алега Ісаева і Ірыну Саракавік, якія ў той час працавалі ў аддзяленні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ва Уфе (пры іх актыўнай дапамозе пасля і ствараўся помнік Сяргею Цімафеевічу Аксакаву). А літаральна праз пару тыдняў атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць у XVIII Міжнародным Аксакаўскім свяце (19 — 21 верасня 2008-га).

На сустрэчу з Аксакавым

З аэрапорта Уфы па дарозе ў гасцініцу “Агідэль” мы любаваліся прыгажосцю вячэрняга горада, падзеленага шырокай ракой на дзве часткі, чымсьці ён нагадваў наш Мінск. Наступным днём прайшоў урачысты вечар XVIII Міжнароднага Аксакаўскага свята ў Башкірскім дзяржаўным тэатры оперы і балета, дзе нас прыняў кіраўнік рэспублікі. На сустрэчы з прэзідэнтам Башкартастана Муртазой Рахімавым Іван Міско ўручыў архіўныя дакументы Сяргея Сяргеевіча Аксакава башкірскаму боку, Аксакаўскаму фонду. Натуральна, паўстала ідэя-прапанова да мастака аб стварэнні помніка пісьменніку ў родавым маёнтку апошняга — сённяшнім гісторыка-культурным цэнтры “Надзеждзін” Белебееўскага раёна.

Але дзе музей, а дзе майстэрня скульптара? Ды як праўдзівы творца, мастак не мог не пагадзіцца з цікавай прапановай, тым больш унутры ён быў гатовы да інтрыг творчага выпрабавання. І гэта нягледзячы на тое, што не былі ўзгодненыя ні фінансавыя пытанні, ні многія тэхнічна-арганізацыйныя. Майстар ужо жыў у новым аксакаўскім праекце. Таму я ляцеў дадому нібыта з іншым чалавекам. Натхнёным, акрыялым душой і целам. І ні слова пра стомленасць, а яна была прыкметная ў час пералёту ва Уфу.

Дні сяброўства

Па запрашэнні Башкірскага аддзялення Міжнароднага фонду Славянскага пісьменства і культуры, Аксакаўскага фонду мы двойчы — у 2008 і 2012 гадах (а Іван Якімавіч яшчэ і ў 2010-м, на адкрыцці помніка) — паўдзельнічалі ў працы міжнародных Аксакаўскіх святаў. Для нас распрацавалі напружаную праграму. Паездкі па мясцінах, звязаных з сям’ёй Аксакава, выступы перад школьнымі калектывамі, на заводах, у калгасах, студэнцкіх аўдыторыях. І самае галоўнае — шматлікія сустрэчы, знаёмствы з жыхарамі Башкірскага краю. Усё было арганізавана маштабна, выразна і душэўна. Так сустракаюцца блізкія людзі, сапраўдныя сябры. Безумоўна, за пультам знаходзіўся вельмі таленавіты, валявы, глыбока закаханы ў свой твор дырыжор Міхаіл Андрэевіч Чванаў — старшыня Аксакаўскага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага фонду Славянскага пісьменства і культуры, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, дырэктар Аксакаўскага музея.

Наш Аксакаў

Шмат напісана пра Сяргея Цімафеевіча Аксакава, яго веліч, пісьменніцкі дар, чалавечнасць. А які наш Аксакаў? Чаму для правядзення свята кансалідуюцца дзяржаўныя, духоўныя і грамадскія інстытуты Расіі і непасрэдна Башкартастану? Мяркую, перш за ўсё, Аксакаў — маральны, духоўны падмурак славянскіх і цюркскіх народаў, дзе гарантавана веравызнанне ўсім канфесіям. Шматлікія народнасці жывуць у адным сяле, суседнічаючы дварамі, падстаўляючы плячо суседу ў любым пытанні. Усмешка, павага, сардэчнасць, сяброўства — вось што сустрэнеш у кожным тутэйшым доме. Так прымалі і нас, беларусаў. І таму ўтварыўся круг выдатных сяброў з Башкартастану. Зносіны з імі дапамагалі мастаку больш глыбока зразумець вобраз пісьменніка, над стварэннем скульптурнага партрэта якога працавала яго прафесійная фантазія.

Пазней з гэткімі ж адкрытымі сэрцамі мы сустракалі ў Мінску дэлегацыю з Башкартастана. А ў ёй сярод іншых — згаданы Міхаіл Чванаў, чыімі працавітасцю, талентам, неспакойнай душой, цудоўнымі арганізатарскімі здольнасцямі перадусім падтрымліваецца аксакаўскі рух. Ён не проста прадаўжальнік тых аксакаўскіх традыцый, — ён духоўная скарбонка спадчыны класіка, што не толькі асцярожна яе захоўвае, але і напаўняе новым зместам, дапамагае тым, хто імкнецца судакрануцца з гэтым талентам. Завітаў у Беларусь і Вячаслаў Аброшанка, член апякунскай рады фонду, глыбока сімпатычны, душэўны, просты, адораны кіраўнік — нешматслоўны, аналітык, настроены на перспектыву і, разам з тым, рамантык. Мы, выхаваныя савецкай сістэмай, маем “кулацкую” спадчыну, расстраляных за працавітасць продкаў, выгадаваныя ў дзіцячых дамах. Вячаслаў, прарастаючы з глыбіні роднай зямлі скрозь абломкі сістэмы, не толькі не страціў сябе, але стаў адным з прыкметных людзей у краіне.

За некалькі дзён мы максімальна пазнаёмілі гэтых ды іншых сваіх сяброў з нашай Беларуссю. Пабывалі ў музеі Максіма Багдановіча, Хатыні, Мірскім замку, Белавежскай пушчы, нават атрымалася пераначаваць у саміх “Віскулях”, дзе было падпісана пагадненне аб спыненні існавання СССР. Правялі сустрэчу з творчымі саюзамі і дзяржаўнымі інстытутамі. А як цёпла і душэўна праходзілі нашы размовы ў майстэрні-музеі Івана Міско! Думаецца, гасцям наша краіна спадабалася.

А праз месяц, па запрашэнні беларускага боку, прыехалі цікавыя і жаданыя госці з уфімскай Аксакаўскай гімназіі № 11 — дырэктар Насіма Ганеева, настаўніца французскай мовы і кіраўнік школьнага музея Ніна Міхайлава, вучні. (Яшчэ падчас міжнароднага Аксакаўскага свята мы пабывалі ва ўстанове, уразіліся разнастайнасцю цікавых і карысных праграм і пасябравалі з ёй. Тады ж праслухалі Аксакаўскі ўрок, які традыцыйна вядзе хтосьці са знакамітых гасцей, пазнаёміліся з вучэбна-выхаваўчым працэсам.) І мы падрыхтавалі гасцям цікавыя сустрэчы, яны сутыкнуліся з беларускай культурай, традыцыямі, нацыянальнымі асаблівасцямі. Наведалі мой аўтарскі канцэрт у Палацы Рэспублікі, правялі майстар-клас (урок) у майстэрні народнага мастака Івана Міско, паслухалі яго займальныя аповеды, пакаштавалі чай, згатаваны майстрам.

З такой жа шчырасцю прымалі і дэлегацыю — ад парламента Башкірыі, у складзе якой быў і мой сябар Валерый Лябедзькаў.

Наогул мая асаблівая ўдзячнасць аксакаўскай зямлі за знаёмства, магчымасць мець зносіны, слухаць і чытаць вершы з паэтам і драматургам Канстанцінам Скварцовым і лаўрэатам Аксакаўскай прэміі 2008 года Станіславам Куняевым. За кароткія святочныя дні мы, беларусы, здабылі дзясяткі сяброў — рускіх, татараў, башкіраў і прадстаўнікоў многіх іншых народнасцяў. Нам разам было цёпла, камфортна сустракацца, разумець адно аднаго, абменьвацца ўражаннямі, хацелася раскрываць душу, сэрца, абдымкі насустрач кожнаму Чалавеку. Тады па дарозе дадому мы працавалі: я пісаў гімн нашай садружнасці — Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі (пасля яго паклаў на музыку народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, а выканалі таксама народныя Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч), а Іван Якімавіч канчаткова фармаваў вобраз рускага пісьменніка, скрупулёзна абдумваючы праект помніка Аксакаву.

Адкрыццё

Досыць шмат арганізацыйных, а часам і камічных, пытанняў узнікала ў працэсе стварэння помніка. І адно з іх — дастаўка. Часу не было, помнік трэба было ўсталяваць да Аксакаўскага свята. Гіпсавую скульптуру распілавалі на дробныя элементы, загрузілі ў грузавік нашага прадпрыемства, дадалі звычайнага грузу, бульбы і перавезлі ў Казань на ліцейны завод. Перад зборкай адлітых з бронзы элементаў іх даставілі на месца, у родавы маёнтак Аксакава Надзеждзін. А майстар, Іван Якімавіч, некалькі разоў праязджаў цягніком па маршруце Мінск — Казань — Мінск: трэба было прапрацоўваць помнік у воску, а потым у бронзе… З аднаго боку, пераезды вымотвалі яго, усё ж такі дзявяты дзясятак, з другога — ён любаваўся веліччу Расіі, менавіта ў гэтых родных і блізкіх сэрцу мясцінах, сярод добрых і светлых людзей, і натхняўся пісьменнік. Іван Якімавіч глядзеў на мітуслівую прыгажосць, наколькі дазваляла фантазія, вачыма Сяргея Цімафеевіча. Такім чынам ён больш даходзіў да яго душы, свядомасці, духоўнага свету. Так паступова па дробных рысках і праз вялізную працу ўласнай творчай энергіі выспяваў вобраз Аксакава.

Дарэчы, вялікую дапамогу ў вырабе помніка аказала беларуская дыяспара горада Казані, у прыватнасці — Сяргей Мурадзенка. І, вядома, праект ажыццявіўся дзякуючы неацэннай падтрымцы адміністрацыі Белебееўскага раёна. І вось няпросты шлях стварэння пройдзены. У рамках XIX Міжнароднага Аксакаўскага свята 24 верасня 2010 года адбылося адкрыццё помніка Сяргею Аксакаву. Сімвалічна і важна было вымаўлена кімсьці з гасцей на адкрыцці: “Нарэшце гаспадар вярнуўся!” Гэта і была найвышэйшая адзнака для стваральніка.

Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы

А ў 2013 годзе народны мастак Беларусі Іван Міско стаў лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за цыкл скульптурных работ па касмічнай тэматыцы і стварэнне помніка Сяргею Аксакаву. Гэтай падзеі, дарэчы, была прысвечана фотавыстава Івана Якімавіча. На здымках прыадчыніліся душа творцы, маленькая часцінка яго шматграннага таленту.

Іван Якімавіч — унікальная з’ява ў нацыянальнай культуры і не толькі. Мне пашанцавала на працягу многіх гадоў знаходзіцца побач з майстрам, судакранацца з яго духоўным светам і найвялікшым майстэрствам. Захапляе яго энергія, скіраваная на стварэнне. Ён як паляўнічы перад пачаткам гону: вочы загараюцца, рухі становяцца энергічнымі, рукі мастака пачынаюць самі выконваць мудрагелістыя рухі. Фантазія малюе вобразы. Творца жыве у гэтыя хвіліны новым творам.

Фёдар БАРАВЫ, паэт