Пра дзень мовы, маслянага барана ды экспедыцыю

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Ціму споўнілася восем гадоў. З днём нараджэння яго павіншавалі каўбоі. Уважлівы чытач, напэўна, зразумее, што дзея адбылася ў Мастоўскай раённай бібліятэцы. Час ужо конкурс абвяшчаць “У каго пераапрануцца наступным разам тамтэйшыя бібліятэкары, каб зацікавіць юных чытачоў?”.

/i/content/pi/cult/626/13903/14-1.jpgДа Міжнароднага дня роднай мовы бібліятэкары Ашмянскай раённай бібліятэкі правялі ўрок-конкурс “Квітней, родная мова”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі вучні сярэдняй школы № 1 раённага цэнтра. Дарэчы, у згаданай установе дзейнічае выстава ”Пад небам Купалы і Коласа”. Аддзел абслугоўвання і інфармацыі аформіў яе да 135-годдзя з дня нараджэння класікаў. Бібліёграф установы Алена Гушча ўдакладняе: “Тут сабраны творы пісьменнікаў, матэрыялы, якія знаёмяць з жыццём Песняроў. Ёсць кніга, дзе купалаўскі верш “А хто там ідзе?” перакладзены на 82 мовы свету”.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васілія Праскурава Таццяна Маляўка паведамляе пра Свята роднай мовы, на якое былі запрошаны вучні старэйшых класаў гарадскіх школ. Бібліятэка ладзіла мерапрыемства разам з Гарадскім домам культуры. Сцэнарным стрыжнем стала творчасць Янкі Купалы, 135-годдзе якога мы будзем сёлета адзначаць.

У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці 2 сакавіка адкрыецца персанальная выстава работ гродзенскай мастачкі Лідзіі Шпектаравай “Пейзажы і кветкі”. Будуць прэзентаваны 70 твораў жывапісу, напісаныя цягам двух дзесяцігоддзяў.

А вось член Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Станіслаў Валодзька піша вершы. Прыхільнікі творчасці земляка сабраліся ў актавай зале Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў. Пра гэта напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Галіна Францкевіч.

Культурны цэнтр “Грунтоўня” паведамляе, што 25 лютага народны фальклорны калектыў “Бабіна лета” з вёскі Аранчыцы Пружанскага раёна наведае Брэст, каб выступіць у фармаце “Спеўны сход”. Гэта азначае, што спяваць будуць не толькі бабулькі, але і ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Натуральна, такая інтэрактыўнасць не можа не паўплываць на пашырэнне арэалу распаўсюджвання традыцыйнай песеннай спадчыны. Прынамсі “Грунтоўня” на гэта вельмі спадзяецца. Старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і вядучая мерапрыемства Ганна Сілівончык паведамляе: “На “Спеўным сходзе” мы мяркуем прэзентаваць і вынікі экспедыцыі СЭТ “Пружаны — Кобрын-2016”.

Нізка інфармацый прысвечана мерапрыемствам з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У чытальнай зале Столінскай раённай бібліятэкі прайшоў урок мужнасці “Рэха Афганскай вайны”. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Навумчык піша: “Намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Карповіч распавёў старшакласнікам пра службу на афганскай зямлі і баявыя аперацыі”.

Бібліятэкар Лішкаўскай сельскай бібліятэкі Бераставіцкага раёна Зоя Хлебнікава паведаміла пра сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў з пагранічнікамі заставы “Сямёнаўка”.

“15 лютага ў Ваўкавыскай раённай дзіцячай бібліятэцы адбылася чарговая сустрэча вучняў сярэдняй школы № 3 з воінамі-інтэрнацыяналістамі і іх маці”, — піша загадчык установы Маргарыта Нікіфарава.

Антываенны тыдзень памяці “Афганістан: ведаць, каб не паўтарылася” наладзілі супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі. Мерапрыемствы прайшлі не толькі ў раённым цэнтры, распавядае загадчык аддзела маркетынгу ўстановы Тамара Круталевіч, але і ў аграгарадку Паплавы.

Нястомная Тамара Круталевіч паведамляе і пра новую форму прапаганды здаровага ладу жыцця сярод старшакласніц — гадзіны шчырасці, што ладзяцца, як падкрэслівае аўтар ліста, “на стыку публіцыстыкі, тэатральнага мастацтва і агітацыі”. Тамара Круталевіч з’яўляецца аўтарам доўгатэрміновага праекта “Дзяўчыне ў эпоху рызыкі”.

Чарговая нізка інфармацый ад вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэя Струнчанкі.

У выставачнай зале АМЦНТ працуе выстава-продаж работ, аўтарамі якіх з’яўляюцца майстры дамоў і цэнтраў рамёстваў Віцебшчыны. Прэзентуюцца розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожаннем выставы сталі карціны Уладзіміра Дунаевіча з Віцебска, выкананыя ў тэхніцы “ніткавы калаж”.

Цэнтр прэзентуе элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці. Мерапрыемства стала вынікам семінара для фалькларыстаў. Падрыхтаваны адпаведны каталог, які ўключыў восем элементаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх — гульня “Жаніцьба Цярэшкі” (Лепельскі раён), ажурнае ткацтва і масленічная абрадавая гульня “Пахаванне дзеда” (Гарадоцкі раён), тэхналогія выпечкі жытняга хлеба ў вёсцы Дзеркаўшчына і абрад “Насіць намётку” ў вёсцы Папшычы (Глыбоцкі раён), валянне валёнак (Мёрскі раён), маляванне дываноў Віцебскага Паазер’я і тэхналогія прыгатавання стравы “Масляны баран” у вёсцы Мацюкова (Глыбоцкі раён).

14 лютага на базе Гарадоцкага гарадскога дома культуры прайшла выніковая калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя дзейнасці клубаў нацыянальнай кухні.

На Віцебшчыне стартаваў традыцыйны абласны конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні. Занальныя адборачныя туры адбыліся ў Лёзна і Расонах. Фінальны этап і гала-канцэрт пройдзе 15 сакавіка ў Оршы. Усяго ў занальных турах бралі ўдзел больш за 70 выканаўцаў: салісты, дуэты і ансамблі. Падчас мерапрыемства праходзіў адбор удзельнікаў нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў “Маладзечна-2017”.

Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур піша: “Музычную адукацыю ў нас атрымліваюць 426 вучняў, у тым ліку на сяле — 98. Іх колькасць пастаянна павялічваецца. Музычныя класы працуюць у аграгарадках Мураваная Ашмянка, Жупраны, Навасёлкі, Кальчуны, у вёсках Гродзі, Цудзенішкі. Многія выхаванцы — пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы розных фестываляў і конкурсаў. Сёлета нашы выкладчыкі вырашылі стварыць конкурс для вясковых дзяцей, падзяліліся ідэяй з педагогамі ДШМ вобласці. Адгукнулася Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў, якая таксама мае дзіцячыя класы на сяле. У выніку 16 лютага прайшоў І Рэгіянальны фестываль-конкурс для дзяцей сельскай мясцовасці “Вясёлыя ноткі” ў намінацыі “Вакал. Сольныя спевы”. У конкурсе бралі ўдзел 42 вучні ад 8 да 14 гадоў”.

З Чарэйскай сельскай бібліятэкі (Чашніцкі раён) нагадваюць, што 28 мая спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Оскара Венцаслава дэ Любіч-Мілаша. Будучы паэт нарадзіўся ў Чарэі, пераехаў у Парыж, стварыў уласную паэтычную сістэму, стаў сусветна вядомым.

Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык распавядае пра тое, што работнікі перасоўнай бібліятэкі перадалі ў Дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Белыя Балоты 40 кніг.

Кнігі для пажылых

Сёлета на Гродзеншчыне распачата дабрачынная акцыя па фарміраванні спецыяльных бібліятэк для пажылых людзей, якія пражываюць у стацыянарных установах кругласутачнага знаходжання. Бібліятэкі гэтыя складаюцца з мастацкіх кніг і перыядычных выданняў.

Супрацоўнікі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі таксама далучыліся да мерапрыемства, якое павінна разнастаіць духоўнае жыццё ветэранаў і інвалідаў.

І бібліятэкары, і чытачы арганізавалі збор літаратуры. Адабралі самыя лепшыя кнігі. Першая партыя раманаў, энцыклапедый, пазнаваўчых выданняў была перададзена ў Шчучынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, што знаходзіцца ў аграгарадку Ляшчанка. Потым кнігі даставілі ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат. Сваю бібліятэчку займелі і ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў гарадскім пасёлку Астрына.

Усяго цягам лютага ў дамы-інтэрнаты раёна перададзена каля 120 асобнікаў кніг.

Таццяна КРАСІНСКАЯ, метадыст Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"