Наперадзе цыркавы фэст

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

У Беларускім дзяржаўным цырку — новая праграма “Дзівосны горад”.

Два гады таму расійская пастановачная група праекта “Шоу гіганцкіх фантанаў” ужо працавала ў Мінску. Беларуская сталіца натхніла іх на стварэнне абсалютна новай дзеі. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік праекта, заслужаная артыстка Расіі Лада Сарніцкая, “захапляцца можна рознымі з’явамі і заморскімі дзівамі, аднак соль нашага спектакля — нагадаць людзям пра іх родны горад, які варты гонару не менш за заморскія цікавосткі”.

Апошнім часам праграмы з выкарыстаннем сістэмы фантанаў надзвычай папулярныя. У адрозненне ад калег, якія задзейнічаюць ваду як асобны нумар у спісе, пастаноўшчыкі “Дзівоснага горада” будуюць два аддзяленні спрэс у водных дэкарацыях. Фантаны становяцца эфектным атачэннем для жанглёра Эркіна Саралаева і балетнай групы “Эва”, надаюць драматызму нумару паветранага эквiлібрыста на штэйн-трапе Алега Спігіна, становяцца паўнавартасным удзельнікам выступлення акрабатаў на батуце Аляксандра Палунчукова, Міхаіла Шэйна, Віталя Лазарава. Так ці інакш задзейнічаюць падфарбаваныя сафітамі струмені гімнасты, акрабаты і канатаходцы. Для дрэсіроўшчыкаў котак, мядзведзяў і малп прадастаўляюць спецыяльна сканструяваную сухую пляцоўку. Па словах тэхнічнага дырэктара праекта — і між іншым, нашага зямляка — Юрыя Базанава, падчас прадстаўлення задзейнічаюць больш за 600 фантанаў, пры выкарыстанні ўсяго комплексу за хвіліну ў паветра адначасова ўзлятае каля двух тон вады.

Беларускіх артыстаў гэтым разам мы на манежы не пабачым. Некаторыя з iх выправіліся за мяжу па кантракце, напрыклад, ужо два месяцы кардэбалет Белдзяржцырка выступае перад кітайскай публікай. І ўсе рыхтуюцца да доўгачаканай падзеі: Першага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва, які пройдзе на сталічным манежы з 18 па 24 верасня. Мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас кажа: “Мы азадачылі нашых артыстаў падрыхтоўкай нумароў, якія змогуць канкурыраваць з выступленнямі зорак сусветнай арэны і прэтэндаваць на прызавыя месцы. Дарэчы, на запрашэнні з радасцю адгукаюцца калегі з бліжняга і дальняга замежжа, бо слава аб нашым цырку сапраўды грыміць па свеце. Мы хочам, каб у нас, як на Алімпійскіх гульнях, былі прадстаўлены ўсе кантыненты”.

Мяркуецца, што спаборніцтва будзе адбывацца асобна сярод сольных і групавых выступленняў, па выніку ў кожным кiрунку ўручаць па залатым, срэбраным і бронзавым медалі. Не абыдзецца без спецыяльных прызоў. Зараз ідзе фарміраванне журы. У прафесійнае войдуць выбітныя прадстаўнікі сусветнага цыркавога мастацтва, у грамадскае — журналісты, вядомыя грамадскія дзеячы і прадстаўнікі культуры (яны будуць падводзіць вынікі глядацкага галасавання). Таксама на кожнай праграме будзе дзейнічаць дзіцячае журы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"