Адзін у полі ці ў сетцы?

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

У сталіцы адбылася лекцыя міжнароднага эксперта па справах культурнай палітыкі і менеджменту ў галіне культуры, прафесара і дэкана факультэта драматычных мастацтваў Універсітэта мастацтваў у Белградзе, кіраўніка секцыі UNESCO па культурнай палітыцы і менеджменце Мілены Драгічавіч-Шэшыч “Самаарганізацыя як інструмент культурнага развіцця. Як ствараць сеткі, платформы і эфектыўныя доўгатэрміновыя партнёрствы ў культуры”.

На пачатку лекцыі Мілена Драгічавіч-Шэшыч адзначыла, што еўрапейскія культурныя сеткі (фармальныя і нефармальныя) пачалі з’яўляцца толькі ў 1980-я гады як незалежныя платформы для ўзаемадзеяння. Работнікі культуры, якія былі перакананы ў значнасці сваёй дзейнасці ў грамадстве, сталі аб’ядноўвацца ў сеткі для абароны ўласных інтарэсаў. Калі згадаць гісторыю, то прыкладам могуць быць імпрэсіяністы. Яны выкарыстоўвалі найбольш актуальную на свой час форму грамадскага аб’яднання, якая дазваляла ім прасоўваць свае ідэі. Але галоўнае ў гэтым працэсе не столькі абмен ідэямі, колькі стварэнне новых культурных форм.

Сетка — гарызантальная, найбольш гнуткая структура. І кожная мае сваю форму збору даных па той сферы, якой займаецца. Яна існуе, па словах эксперта, дзеля таго, каб абменьвацца меркаваннямі, шукаць рашэнні, абмяркоўваць пэўныя пытанні. “Плюс” сеткі ў тым, што не трэба звяртацца да кіраўніцтва, паколькі яно часовае і кожны раз змяняе сваю лакацыю. Варта толькі праінфармаваць яго пра свае ініцыятывы. Карысць ад узаемадзеяння ўнутры сетак ва ўзрастанні магчымасцяў кожнага з удзельнікаў, пашырэнні бачання ўсіх працэсаў у галіне, наладжванні супрацоўніцтва з культурнымі дзеячамі іншых краін. Мілена Драгічавіч-Шэшыч выдзеліла некалькі вынікаў такога аб’яднання — нарошчванне патэнцыялу, мабілізацыя рэсурсаў, а таксама павышэнне даверу. Да ўсяго, членам сетак лягчэй наладзіць камунікацыю.

Дык чаму ж сеткі істотныя для міжнароднага культурнага супрацоўніцтва? З аднаго боку, існуе ўзаемадзеянне дзяржаў на культурным узроўні — культурная дыпламатыя. Справа ў тым, тлумачыць прафесар, што многія дзеячы ў галіне культуры далёкія ад гэтага ўзроўню ўзаемадзеяння. Так, напрыклад, нямногія звяртаюцца па падтрымку ў фонды UNESCO (і не толькі), бо доступ да апошніх маюць культурныя арганізацыі дзяржаўнага ўзроўню. А пад двухбаковымі пагадненнямі дзяржаў звычайна маюцца на ўвазе абмены тэатральнымі праектамі, буйнымі выставамі. Ці можна ўявіць, як, напрыклад, пэўная галерэя можа быць прадстаўлена ў двухбаковым абмене? У Еўропе невялікія культурныя арганізацыі заставаліся з боку ад дзяржаўных працэсаў. Менавіта з гэтай прычыны пачалі з’яўляцца сеткі. Як прыклад, дзеячы contemporary dance. Вынік іх аб’яднання — узнікненне цэнтраў па адукацыі.

Некаторыя сеткі вельмі выбарачна адносяцца да прыёму ўдзельнікаў. Так, напрыклад, у Еўрапейскую сетку фестываляў трэба падаваць заяўку — глядзяць на прафесійны ўзровень патэнцыйнага ўдзельніка. Ёсць сеткі, якія існуюць па прынцыпе дапаўнення (аб’яднанні прафесіяналаў з розных сфер у галіне культуры і аб’яднанні афіцыйных асобаў — займаюцца пытаннямі культуры на гарадскім узроўні).

Падчас лекцыі ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” эксперт прывяла прыклад. Згадала Еўрапейскую Лігу інстытутаў мастацтваў, у якой налічваецца 300 членаў з 47 краін свету. Лектар адзначае, што нягледзячы на такую колькасць сяброў, толькі 60 з іх актыўна ўзаемадзейнічаюць, займаюцца канкрэтнымі пытаннямі, наладжваюць культурныя сувязі. Мэта арганізацыі — супрацоўніцтва з падобнымі інстытуцыямі. Што да партнёрства, Драгічавіч-Шэшыч выдзяляе тры віды: міжнароднае, у межах адной краіны і міжсектарнае (аб’яднанні ў сетку арганізацый з розных абласцей). А найбольш прадуктыўнае партнёрства — доўгатэрміновае, а потым прывяла прымаўку: “Калі хочаш дабрацца кудысьці хутка — ідзі адзін. Калі хочаш прайсці вельмі далёка — лепш ісці разам”.

Ці варта ў эпоху трансфармацыі разлічваць на творчыя саюзы, якія засталіся нам у “спадчыну”? Або трэба арганізоўваць новыя сувязі? Па словах лектара, у некаторых краінах такія саюзы распадаюцца цалкам. Скажам, у Сербіі з Саюза пісьменнікаў, Саюза журналістаў многія выйшлі і стварылі свае суполкі, іншымі словамі саюзы засталіся і паралельна з’явіліся новыя. У Албаніі на месцы ранейшых структур новыя створаны не былі — там на дадзены момант няма асацыяцыі, якая абараняе правы дзеячаў культурнай сферы. У Румыніі Саюз тэатральных дзеячаў прайшоў шлях трансфармацыі.

У дачыненні да нашай краіны лектар вызначыла некалькі задач, каб стварыць сетку: распаўсюджванне інфармацыі аб праграмах, падтрымка партнёрства, пошук фондаў для рэалізацыі праектаў, арганізацыя адукацыйных мерапрыемстваў, сустрэч, а таксама публікацыя вынікаў сваіх даследаванняў і, канешне, узаемадзеянне з прафесіяналамі з іншых сфер.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст