Фармат: навука ў кафэ

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна пры падтрымцы аблвыканкама вырашыла ў Год навукі адкрыць “Проста навуковае кафэ”, дзе цікавыя навуковыя пытанні можна абмеркаваць у нефармальнай абстаноўцы за кубкам гарбаты. Супрацоўнікі бібліятэкі зрабілі лагатып і распрацавалі тэмы для лекцый і дыскусій на год, а гэта ўжо цягне не на “абмеркаванне за кавай і печывам”, а на паўнавартасны праект, які можа трансфармавацца і мець працяг у наступныя гады.

Над канцэпцыяй кафэ працавалі супрацоўнікі бібліятэкі — намеснік загадчыка аддзела перыядычных выданняў Настасся Караткевіч і вучоны сакратар Юрый Максіменка. Мэта “Проста навуковага кафэ” — папулярызацыя навукі. Праект, па вялікім рахунку, разлічаны на прафесараў, кандыдатаў навук, студэнтаў, бо праграма, па словах Настассі Караткевіч, — зусім не забаўляльнага ўзроўню (скажам, для школьнікаў падрыхтаваны іншыя праграмы). Але прагледзеўшы некалькі пытанняў “парадку дня” ў кафе, падалося, што вучням старэйшых класаў таксама было б цікава паслухаць, паразважаць, падыскутаваць з маладымі вучонымі.

Дзе яшчэ знаходзяцца навуковыя кафэ? Пошук па сеціве мне выдаў расійскія “Эўрыку” і “Інтэлектуальныя серады”, якія, падаецца, карыстаюцца папулярнасцю. Арганізатары першага праекта крыху “мадэрнізавалі” ідэю — увялі віктарыну ад лектара, відэа (невялікі ўрывак навукова-папулярнага фільма з каментарыямі выступоўцы), тым самым пазбягаючы “сцяны” паміж “выкладчыкамі” і аўдыторыяй. А вось у “Інтэлектуальных серадах” пра складанае расказваюць на побытавым узроўні, з прыкладамі. Такім чынам, абедзве акцыі выходзяць за звычайны фармат “лекцыя — пытанні”, бо кожны раз трэба вырушыць аўдыторыю, прыдумляць для “інтэлектуальных спажыўцоў” штосьці новае.

Наконт тэм. Гомельская бібліятэка спачатку хацела зрабіць ухіл на філалогію, літаратуразнаўства, культуралогію, але пасля абмеркавання з вучонымі крыху змяніла свой план. У кафэ на працягу года будуць абмяркоўвацца пытанні здаровага харчавання і ГМА, уплыву адукацыі і навукі на грамадства, альтэрнатыўнай энергетыкі, глабальнага пацяплення… Першае пасяджэнне адбылося па тэме “Навука для ўсіх — ад прыватных меркаванняў да агульных прынцыпаў” і праходзіла ў фармаце дыскусіі, але фарматы сустрэч будуць змяняцца. 16 студзеня, на другім пасяджэнні, абмяркоўвалася глабальнае пацяпленне. Экспертамі былі абраны член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрый Плескачэўскі, загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Афанасьеў, старшыня Савета маладых вучоных Інстытута леса НАН Дзмітрый Каган і дацэнт кафедры эканомікі і ўпраўлення ўніверсітэта імя Скарыны Валерый Сяліцкі.

Якім чынам арганізатары могуць папулярызаваць свой праект? Як першая ступень — выкладваць на сайт бібліятэкі і ў сацыяльныя сеткі відэаматэрыялы (выступы навукоўцаў), спецыялізаваную літаратуру па тэмах. Такім чынам, думаецца, праект зможа дапамагчы студэнтам. Кажу тое, каб ініцыятыва не згасла ў 2018 годзе, а, наадварот, набыла, па магчымасці, іншы фармат. На мой погляд, кожная ідэя (якая набыла форму і штосьці з сябе ўяўляе) павінна пакінуць свой след. Настасся Караткевіч жа зазначыла, што па заканчэнні курса плануецца выдаць буклет або метадычны дапаможнік для бібліятэкараў.

Сустрэчы з вучонымі ў “Проста навуковым кафэ” праводзяцца па чацвяргах. Можа, такія нефармальныя сустрэчы з цягам часу ператворацца ў штосьці больш маштабнае? Спадзяюся, ініцыятыва супрацоўнікаў бібліятэкі будзе мець працяг.

 

Дарэчы

Парк высокіх тэхналогій пачаў праводзіць навуковыя баі, мэта якіх — папулярызацыя навукі, азнаямленне з даследаваннямі і тэхналогіямі беларускіх маладых вучоных. Удзельнікі “Навуковых рынгаў” — навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук краіны, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў у даступнай форме за 10 хвілін растлумачваюць і дэманструюць сутнасць сваіх даследаванняў пры дапамозе любых падручных сродкаў па розных тэмах (эмацыянальнае выгаранне, лячэнне гепатыту С, метады камп’ютарнага мадэлявання пры распрацоўцы лекаў, мікраэлементалогія і гэтак далей). Таксама наведвальнікам расказваецца пра дзейнасць навуковых арганізацый і лабараторый.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст