Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Ян Марцінкевіч: загадкі пра бацьку класіка

/i/content/pi/cult/625/13884/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 5.)

Абодва маёнткі адышлі да Расійскай імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай абодвух народаў. І ў сувязі з гэтым, калі маё меркаванне аб пераездзе Яна Марцінкевіча на “сталае месца жыхарства” дакладнае, то можна казаць і пра нейкі светапоглядны выбар: паміж Захадам (Вільня, Вялікае Княства Літоўскае) і Усходам (Расія). Даволі цікавым тут будзе адзначыць таксама і тое, што мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча некаторыя сучасныя даследчыкі (напрыклад Міхаіл Дуктаў у артыкуле “Уплыў заходнерусізму на фарміраванне канцэпцыі гісторыі Беларусі ў другой палове ХIХ стагоддзя”) называюць “духоўным натхняльнікам заходнерусізму”. Сестранцэвіч быў аўтарам кнігі “Аб Заходняй Русі”, якую ён выдаў у 1793 годзе, і ў якой “разглядаў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх і даказваў гістарычнае адзінства гэтых народаў”. Як вядома, нейкі час у яго доме ў Санкт-Пецярбургу рос і сам Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і падобна, што ў яго хоць і не адразу, але з часам з’явіўся свой погляд на гістарычны шлях беларускага народа.

Але вернемся ў маёнтак Лапацін, дзе 30 мая нарадзіўся, а 2 чэрвеня 1781 года ў Маляцічскім касцёле быў ахрышчаны толькі вадой сын Яна і Людавікі Марцінкевічаў — Фелікс-Станіслаў-Казімір (альбо Феліцый — у запісе неразборліва). На жаль, ён не пражыў доўга і памёр 22 жніўня. Падобна на тое, што наступныя 15 гадоў сям’я Марцінкевіча жыла ў гэтым маёнтку, прынамсі, розныя прадстаўнікі яе час ад часу сустракаюцца ў хросных і асістэнтах пры сакрамэнтах у гэтым касцёле. Хутчэй за ўсё, менавіта тут і памерла Людавіка, і Ян ажаніўся другі раз, яго жонкай стала Марцыяна з Нядзвецкіх — будучая маці Вінцэнта. Аднак сям’ю Марцінкевіча чакаў яшчэ адзін пераезд, і нават наступным іх адрасам сталі… не Панюшкавічы.

Перад тым як услед за Марцінкевічам у чарговы раз “змяніць прапіску”, нададзім увагу яшчэ аднаму пытанню: які ж менавіта ўрад займаў Ян Марцінкевіч? Пытанне гэта немалаважнае, бо менавіта гэта вызначала, якое месца ў іерархіі павета, ваяводства або ўсяго княства займае чалавек, і паказвала яго ўплывовасць, што часта з’яўлялася і следствам багацця, і крыніцай новага. Падобна на тое, што свой першы крэдэнс ён атрымаў на ўрад ротмістра гродзенскага павета ў 1786 годзе (хоць гэта мог быць і яго цёзка, бо больш нідзе ў дакументах гэты ўрад Яна не згадваецца). Ян называецца чашнікавічам — сынам чашніка — наваградскага ваяводства. Аднак у больш раннім дакуменце, а менавіта пры продажы дома ў Вільні ў 1780 годзе, ён назваў сябе чашнікавіч смаленскі. У самым канцы яго жыцця ў запісе аб нараджэнні і хрышчэнні сына Вінцэнта-Якуба Ян — наваградскі чашнік. Гэтак жа яго называе ў даверанасці, занесенай у актавыя кнігі 26 лютага 1808 года, Мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч, які, безумоўна, быў дасведчаны аб урадзе свайго сваяка. Даверанасць была выдадзена для вырашэння прэтэнзій, якія засталіся пасля апошняга арандатара Панюшкавічаў троадыйскага біскупа Мікалая Быкоўскага, які арандаваў гэты маёнтак 6 гадоў. Сам Сестранцэвіч звяртаецца да яго і ў асабістым лісце: “Вяльможны пане чашнік і брат”. Аднак літаральна ў гэты ж час (24 лютага 1808 года) пані Рэгіна Клімовічава піша Яну Марцінкевічу даверанасць на прадстаўленне яе інтарэсаў у Бабруйскім земскім судзе і называе яго чашнікам смаленскім. Гэтак жа называе сябе сам Ян у даверанасці, якую ён выдаў сваёй дачцэ чашнікаўне смаленскай Францішцы 15 сакавіка 1801 года для спагнання некалькіх пазык у “Беларускай губерні”. Але самы поўны варыянт прапанавала яго жонка Марцыяна ўжо пасля яго смерці ў 1815 годзе, назваўшы сябе “Марцыяна з Нядзвецкіх памерлага Яна Марцінкевіча смаленскага чашніка і наваградскага ротмістра жонка”. У метрычным жа запісе аб смерці Марцыяна названая... ротмістравай (жонка ротмістра) бабруйскай. Аднак калі ў 1831 годзе Вінцэнт Марцінкевіч і яго сястра Алена Умінская падзялілі спадчыну маці, Вінцэнт назваў маці... ротмістравай смаленскай.

Як бачым, у гэтым пытанні пакуль складана знайсці нейкае канчатковае рашэнне. Але найбольш верагодным мне ўяўляецца варыянт, што Ян быў адначасова і наваградскім, і смаленскім чашнікам — Смаленскае ваяводства ўжо доўгі час існавала толькі намінальна, і ўсе гэтыя ўрады былі не такія прэстыжныя, як пасады ў рэальных ваяводствах. Прычым, магчыма, што такая ж сітуацыя была і з яго бацькам. Пасля далучэння ВКЛ да Расіі гэтыя званні паступова згубілі сваё значэнне. Аднак адзначым, што ў даведніку Анджэя Рахубы “Ураднікі Смаленскага ваяводства” няма ні адной персоны, якая нас цікавіць: ні бацькі Яна, ні дзеда Мікалая. Аднак ва ўсіх дакументах пра Яна Марцінкевіча пішуць выключна паважліва, выкарыстоўваючы зварот не проста “пан”, а “вяльможны пан”.

І тут мы павінны перайсці да аднаго з асноўных міфаў у біяграфіі Яна Марцінкевіча, які па спадчыне перайшоў і на яго сына Вінцэнта, — міфе аб паўгалодным існаванні беднага “хлебароба-арандатара”. Калі прагледзець усю наяўную літаратуру аб Вінцэнце Дуніне-Марцінкевічы, то, напэўна, ніхто з даследчыкаў не абышоў увагай гэтага штампа. Літаратуразнаўцы нібы наўмысна не заўважалі ні сваяцтва з адным з самых уплывовых людзей Расіі, ні “арэнды” маёнтка Панюшкавічы, ні наяўныя ў дваранскім вывадзе звесткі аб арэндзе ў Радзівілаў маёнтка Новы Двор — абодва маёнткі налічвалі па некалькі вёсак і сотні рэвізскіх душ прыгонных сялян! Даследчыкі змешвалі жыццё беззямельнай засцянковай шляхты, якая не мела сваіх сялян, арандавала валоку, а то і паўвалокі зямлі, і самастойна яе апрацоўвала, з арандатарамі цэлых маёнткаў. Вядома, ніхто з апошніх не хадзіў з драўлянай сахой па палях і не пасвіў уласнае быдла. Я ўжо надаваў увагу фінансавым магчымасцям Марцінкевіча ў артыкулах, прысвечаных лёсам сясцёр і маці, тут жа падзялюся сумамі іншага маштабу, і гэтыя выдаткі наўпрост звязаныя з будучым месцам жыхарства сем’яў Ігната і Яна Марцінкевічаў.

Яшчэ ў 1785 годзе паміж віленскім ваяводам Каралем (“Пане каханку”) і падкаморым ВКЛ Геронімам князямі Радзівіламі з аднаго боку і абозным ВКЛ Міхалам і Кацярынай з Мараўскіх Лапотамі з другога была складзена застаўная ўгода на маёнтак Старчыцы (цяпер вёска Акцябр, Салігорскі раён, Мінская вобласць). Гаворка ішла пра даўнюю пазыку Радзівілаў генерал-маёру войскаў ВКЛ Ігнату і Тэафіліі з Радзівілаў (сястры Караля і Гераніма) Мараўскім велізарнай сумы ў 150 тысяч польскіх злотых, за якія Лапоты і атрымалі гэты маёнтак да выплаты ім пазыкі. Пасля частку гэтага маёнтку арандаваў землямер Юзаф Вольскі, ад якога 23 красавіка 1793 года пачаў арандаваць Ігнат Марцінкевіч — наваградскі ротмістр (у адрозненне ад Яна, Ігнат заўжды называецца менавіта так). Гэтая субарэнда абышлася яму ў 22 тысячы польскіх злотых, якія ён пазычыў у свайго забяспечанага сваяка. 30 сакавіка 1795 года ён запазычыў яшчэ 12 тысяч на арэнду радзівілаўскага маёнтка Новы Двор. Менавіта з першым з гэтых маёнткаў звязана наступнае 15-годдзе ў жыцці братоў Марцінкевічаў і яшчэ некалькі новых кропак на карце Беларусі.

Як мы бачым, тых капіталаў, якімі распараджаліся браты, цалкам хапіла б на набыццё прыстойнага маёнтка. Чаму яны гэтага не зрабілі? Магчыма, таму, што арандаваць было больш выгадна (мне вядома, што Ігнат на нейкі час нечакана стаў уладальнікам зямлі ў маёнтку Пласкавічы, але даволі хутка пазбавіўся ад яе). У савецкай гістарычнай навуцы часта пісалі пра паноў-эксплуататараў, але для памешчыка, якім бы ён ні быў, яго сяляне заставаліся не толькі галоўнай крыніцай багацця, але і яго асабістай уласнасцю, а да яе людзі ставяцца куды больш ашчадна, чым да чужой. А вось эксплуатацыя, на што выракалі сялян арандатары і субарандатары маёнткаў, была на парадак вышэйшай, бо людзі ўжо заплацілі свае немалыя грошы наперад, і зусім не для таго, каб палепшыць жыццё чужых прыгонных, а каб зарабіць на іх. Пачынаючы з 1793 года, Ян Марцінкевіч быў, хутчэй за ўсё, у якасці эканома, або выконваў нейкія іншыя функцыі пры браце. Зрэшты, магчыма, што хоць Ян і жыў па суседстве з братам, але служыў у арандатараў радзівілаўскага маёнтка Заўшыцы Масальскай або Канапацкага, бо ён згадваецца толькі ў гэтай вёсцы і вёсцы Мазалі.

Менавіта з гэтага года прадстаўнікі сям’і Марцінкевічаў пачынаюць часта сустракацца ў метрычных запісах слуцкага касцёла і як асноўныя ўдзельнікі сакрамэнтаў, і як хросныя або асістэнты. Так, 3 верасня 1796 года Ян і Марцыяна хрысцілі дачку Мар’яну, 22 чэрвеня 1800 года — ужо вядомую нам Юлію, 16 лістапада 1801 года — сына Феліцыяна, 2 красавіка 1803 года — сына Юзафа-Казіміра-Іаана, а 9 лютага 1806 года — ужо вядомую нам Алену-Ганну. Гэта апошняя згадка дзяцей Яна Марцінкевіча ў слуцкім храме — наступным было ўжо хрышчэнне самога Вінцэнта Марцінкевіча ў бабруйскім касцёле ў 1808 годзе. Цяпер нам дакладна вядома, што да дарослага ўзросту дажылі толькі сам Вінцэнт і дзве яго сястры Юлія і Алена-Ганна, астатнія дзеці памерлі ў маленстве. У Слуцку ахрышчаны і сыны Ігната і Ангелы з Гацыскіх: 1 студзеня 1800 года — Дамінік-Томаш, 14 лютага 1801 года — Тадэвуш-Ігнат-Ян, а 7 верасня 1802 года — Стэфан-Тадэвуш-Нікадзім (або Мікалай) ахрышчаны ўжо ў Глуску. Апошняя змена звязана з тым, што Ігнат Марцінкевіч узяўся з 24 красавіка 1802 года за новую 3-гадовую арэнду, на гэты раз маёнтка Дарогі ў Ануфрыя і Эльжбеты з Маковіцкіх Гіжыцкіх, каморнікаў ВКЛ. Далёка не апошнюю арэнду ў сваім жыцці, але лёс Ігната заслугоўвае асобнага артыкула.

Для нас жа важнейшыя тыя падзеі, якія адбываліся ў крыху іншай частцы Беларусі — на Бабруйшчыне. 15 снежня 1799 года быў заключаны кантракт на 6-гадовую арэнду маёнтка Панюшкавічы паміж мітрапалітам Богуш-Сестранцэвічам і біскупам Мікалаем Быкоўскім. І праз 2 гады пасля завяршэння тэрміну арэнды, 19 жніўня 1807 года Мітрапаліт напісаў даверанасць Яну Марцінкевічу, даручыўшы яму ўрэгуляваць усе прэтэнзіі, якія ўзніклі паміж уладальнікам, сялянамі і арандатарам. Менавіта падчас выканання гэтых абавязкаў бацькам 23 студзеня 1808 года ў Панюшкавічах нарадзіўся і быў ахрышчаны Вінцэнт-Якуб. А ўжо 22 лютага Ян Марцінкевіч прысутнічаў на пасяджэнні палюбоўна-кампрамісарскага суда, скліканага ў Менску для заключэння міралюбнай здзелкі паміж бакамі. Зараз я магу сцвярджаць, што гэта была адна з апошніх спраў Яна Марцінкевіча.

Аналізуючы дваранскі спіс 1816 года ў эсэ “На свой хлеб”, Язэп Янушкевіч з асцярожнасцю піша: “Вiнцэнтаў бацька сярод сямейнiкаў не запiсаны. Адказ просiцца сам па сабе: памёр. I я доўгi час быў упэўнены ў гэтым, пакуль не трапiў на згадку пра шляхецкае пасведчанне, выдадзенае Яну Мiкалаевiчу з Вiленскай шляхецкай зборнi ў... 1819 годзе. Значыць, напрыканцы 1810-х гадоў Вiнцэнтаў бацька яшчэ жыў? Тут можна памылiцца (хоць iншага Яна Мiкалаевiча Марцiнкевiча ў паперах сустракаць не даводзілася), аднак што ж: калi i жыў, дык не з сям’ёй. Напаўсiрочае маленства пры жывым бацьку давала права на нетыповы ўступ, з якога жнiвеньскiм днём 1832 года Вiнцэнт пачне казённае прашэнне ў Менскую радаводную дэпутацыю…” І ўсё ж такі, першая здагадка аказалася слушнай: Ян Марцінкевіч ужо быў мёртвы.

І хоць метрыка аб яго смерці пакуль не знойдзена, мы можам прапанаваць варыянт дакладнай даты, калі гэта адбылося. 27 сакавіка 1809 года, маючы генеральную даверанасць ад мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча, мінскі біскуп Якуб-Ігнаці Дзядзерка заключыў новы кантракт на двухгадовую арэнду Панюшкавічаў, пачынаючы з 30 мая, з Вінцэнтам Стэфаноўскім. У гэтым найважнейшым для нас дакуменце згадваецца, што заключаны ён “па завяршэнні года пасля смерці светлай памяці пана чашніка наваградскага Яна Марцінкевіча”. Гэта дазваляе мне выказаць здагадку, што ён памёр 30 мая 1808 года, гэта значыць усяго праз 3 месяцы пасля нараджэння Вінцэнта. На жаль, месца яго смерці і магіла пакуль невядомыя. Пра далейшы лёс дзвюх дачок Яна Марцінкевіча і яго другой жонкі Марцыяны, а таксама яе самой я ўжо распавёў раней. Яшчэ доўгі час яна спрабавала вярнуць грошы, якія Ян пазычаў пры жыцці, у тым ліку, і брату Ігнату, а таксама атрымаць спадчыну ад вельмі багатага дзядзькі мужа.

Такім чынам, нам упершыню ўдалося не толькі абмаляваць агульныя контуры біяграфіі бацькі беларускага класіка, але і часткова напоўніць іх важнымі падрабязнасцямі. Хоць, вядома, многія пытанні не толькі з жыцця Яна Марцінкевіча, але і яго вядомага сына, а таксама іншых іх блізкіх чакаюць дадатковых даследаванняў. Колькасць невывучаных архіўных спраў дае ўпэўненасць, што яшчэ не аднаму пакаленню гісторыкаў беларускай літаратуры хопіць працы. То бок, нас усіх чакаюць яшчэ не толькі новыя знаходкі, але і сапраўдныя сенсацыі нават з жыцця зорак першай велічыні беларускага культурнага небасхілу.

Зміцер ДРОЗД, гісторык, архівіст

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст