Тэлепантэон можа быць недабудаваны…

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

На тэлеканале “АНТ” адбылася прэм’ера цыкла “100 імёнаў Беларусі”. Гэты праект настолькі вытлумачальны і чаканы ў нашым эфіры, што выпадае хіба здзіўляцца, чаму яго ніхто не зрабіў дасюль. Балазе, пра такі эфектыўны спосаб папулярызацыі знакавых постацяў мінуўшчыны гаварылася настолькі часта, што думка, здавалася б, ужо сама сабою павінна была матэрыялізавацца. Тым не менш, само сабою нічога не здараецца. Пра задуму тэлепантэона нацыянальных герояў і пакручастыя шляхі яе рэалізацыі мы гаворым з генеральным прадзюсарам праекта Уладзімірам БОКУНАМ.

/i/content/pi/cult/625/13881/5-1.jpg— У эпіграфе вашай прэзентацыі — словы Караткевіча: “Чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя”. Да якой катэгорыі вы далучаеце сябе?

— Напэўна, да захопленых фанатыкаў. Тое, чым я займаюся, ніяк не выпадае называць бізнесам. Хутчэй, гэта жаданне зрабіць нешта карыснае і дапамагчы рэалізавацца не толькі сабе самому, але і вялікай групе людзей, якія маюць дачыненне да нашай майстэрні гістарычных фільмаў.

— Ці можна лічыць новы праект заканамерным працягам вашага “Зваротнага адліку”?

— Так, ён натуральным чынам з яго вырас. Робячы новыя серыі (а за дзевяць гадоў іх агулам выйшла 345), мы кожным разам пераконваліся ў тым, што гісторыю робяць менавіта асобы. Калі ў цэнтры падзеі ёсць яркая постаць, фільм становіцца куды цікавейшым: проста лічбы і факты не чапляюць ні розум ні душу. Наш досвед і творчы патэнцыял спакваля ўзрастаў, і ўрэшце мы адчулі сілы ды памкненне запачаткаваць новы праект. Тым больш, мы даўно пераканаліся і ў няспынным росце грамадскай цікавасці да айчыннай мінуўшчыны.

— Ладную частку першых фільмаў са “100 імёнаў...” займаюць пастановачныя эпізоды. Ці няма боязі знівеліраваць мяжу паміж дакументальным кіно і ігравым?

— Абраны намі фармат дакументальнай драмы, які прадугледжвае больш актыўнае выкарыстанне пастановачных магчымасцяў, абумоўлены самой ідэяй праекта. Гэта не біяграфічныя фільмы, збудаваныя паводле схемы “нарадзіўся, вучыўся, жаніўся…” Нам важна не толькі адлюстраваць факты, але і выкрышталізаваць жыццёвую філасофію той ці іншай асобы, асэнсаваць ейны ўнёсак у агульначалавечым кантэксце.

Напрыклад, Казімір Семяновіч пададзены як постаць па-свойму парадаксальная. У яго кнізе “Вялікае мастацтва артылерыі” ёсць зусім нечаканыя развагі пра тое, чаму прагрэс часта выкарыстоўваецца не на карысць людзям, але на згубу. Уяўляеце — у кнізе пра самы магутны на той час від зброі! І ў фільме мы задаемся пытаннем, навошта Семяновічу наогул спатрэбілася тую кнігу пісаць. Наш адказ такі: ён імкнуўся гэткім чынам спыніць войны. Бо калі перадавыя веды стануць даступнымі ўсім, узнікне парытэт сіл, і вайна стане бессэнсоўнай. Можа, сёння гэта і падаецца наіўным, але… пэўная рацыя тут, відавочна, ёсць.

— Пытанні выклікае і сам спіс тых ста асобаў…

— Перш-наперш, ён — толькі папярэдні. Як мы яго складалі? Звярнуліся да гісторыкаў ды іншых спецыялістаў. Вось на маім стале той спіс, які напісаў ад рукі Адам Мальдзіс. Вось кніга Уладзіміра Шчаснага “250 асоб з Беларусі ў дыялогах культуры”, з якіх аўтар абраў сто найбольш яркіх. Адзіны прынцып, якога мы прытрымліваемся, — распавядаць пра тых, каго з намі ўжо няма. Бо ў адваротным выпадку адной сотняй не абысціся.

— Мы маем поўнае права адстойваць прыналежнасць да нашай гісторыі, скажам, Міцкевіча або Шагала, але ў лік будучых герояў вашага праекта патрапіў нават Апалінэр. Ці не “перагін”?

— Сапраўды, Апалінэр нарадзіўся ў Італіі, жыў у Парыжы, не лічыў сябе беларусам і ніколі не бываў на радзіме продкаў на Навагрудчыне. Але, як бы тое ні было, ён мае беларускія карані, а яго род апынуўся на эміграцыі менавіта праз уласны патрыятызм — з-за ўдзелу ў паўстанні 1863 года. І такія ланцугі абставінаў цікава даследаваць. Чаму б не стварыць беларускі погляд на сусветнавядомую постаць? Тым больш, да гэтага паэта ў мяне стаўленне асаблівае: дэбютам у маёй прафесійнай кар’еры стаў тэлевізійны спектакль “Будзь на тое мая ўлада”, дзе Стэфанія Станюта грала “першае каханне” тады яшчэ Кастравіцкага.

— На золку нашай незалежнасці адчуваўся сапраўдны голад на інфармацыю пра беларускую мінуўшчыну. На вашу думку, наколькі ён спатолены за прамінулыя чвэрць стагоддзя?

— Голад адчуваецца і дасюль. Сапраўды, ці не кожны больш-менш адукаваны суайчыннік сёння ведае, хто такая Еўфрасіння Полацкая. А вось што тычыцца ўспрыняцця глыбіні гэтай постаці, яе шматграннасці… Тут пакуль праблемы. Прыкладам, мала хто разумее, што наша святая была не толькі манахіняй, але і чалавекам дзяржаўнага мыслення. У яе нават была ўласная пячатка, якую нядаўна выявіў археолаг Сяргей Тарасаў. Князёўна спрабавала вырашыць паводле духоўных законаў тыя складаныя зямныя справы, з якімі ёй воляй абставінаў давялося сутыкнуцца: напрыклад, міжусобную варажнечу.

Альбо возьмем таго ж Казіміра Семяновіча. Працуючы над фільмам пра яго, мы зразумелі, што гэтая фігура грунтоўна дасюль не даследавана, а біяграфія — амаль суцэльная “белая пляма”. Да ўсяго, тая кніга, якой карысталіся Пётр І і Напалеон, на якую праз шмат стагоддзяў спасылаўся Цыялкоўскі, да нашага часу не перакладзеная з лаціны ні на беларускую, ні на рускую мову! Мы былі вымушаныя чытаць яе па-англійску.

— І наўздагон — “праклятае” пытанне. Чаму так адбываецца?

— Чаму ўсе ведаюць Ніколу Тэслу і амаль ніхто не ведае Наркевіча-Ёдку — хаця вывучыўшы і асэнсаваўшы даробкі апошняга, можна прыйсці да высновы, што гэтыя дзве фігуры цалкам супастаўляльныя па сваіх маштабах? Можа, у тым ліку, і з той прычыны, што помнікі Тэсле стаяць не толькі на яго радзіме ў Сербіі і ў ЗША, дзе ён рэалізаваў сябе, а нават у тых гарадах свету, у якіх яму ніколі не даводзілася бываць? Чытаў у інтэрнэце, што нават у Мінску збіраюцца паставіць яму помнік — як жа нам тут без яго? А дзе ўсталяваныя помнікі Наркевічу-Ёдку? Ды нідзе! Нават мемарыяльнай шыльды ніводнай няма! І ў якім стане яго сядзіба ў Наднёмане, дзе ён рабіў прарыўныя для сусветнай навукі эксперыменты? Так, энтузіясты пачалі яе аднаўленне, а Уздзенскі райвыканкам таксама прыкладае свае сціплыя намаганні для ўшанавання памяці вялікага навукоўцы. Але, вядома ж, гэтага замала.

— Затое Наркевічу-Ёдку прысвечаны пілотны фільм вашага цыкла. Чым абумоўлены такі дзіўны з пункту гледжання храналогіі і прыярытэтаў выбар?

— Найперш, абставінамі. Сфармуляваўшы ідэю праекта, мы пачалі шукаць сродкі, неабходныя для яго ажыццяўлення. Тэлеканалы ў нас сёння перажываюць не самыя свае заможныя часы і пры ўсім сваім жаданні не могуць прафінансаваць вытворчасць сотні дакументальных фільмаў самастойна. І таму ўвесь мінулы год я хадзіў па кабінетах чыноўнікаў ды бізнесменаў. Пачуў шмат добрых словаў, але… рэальную падтрымку пакуль аказаў толькі фонд “Навука вакол нас”, заснаваны беларускімі навукоўцамі. Зразумела, іх цікавіць менавіта гэты аспект нашай гісторыі — а ён, дарэчы, яшчэ менш вядомы шырокаму колу, чым іншыя.

— Здавалася б, такому праекту проста наканавана дзяржаўная падтрымка…

— Думаю, у нашым выпадку мы цалкам маем падставы на яе разлічваць. Прыкладам, у Расіі ў цітрах гістарычных дакументальных фільмаў амаль заўсёды можна сустрэць фразу “Пры падтрымцы…”, а далей названы той ці іншы дзяржаўны орган. Але ў нас з гэтым складана. У Міністэрстве інфармацыі мне адказалі, што на Беларусі нават няма сістэмы падтрымкі такіх праектаў праз іх ведамства. Мы прынялі ўдзел у леташнім конкурсе кінапраектаў Міністэрства культуры, менш чым за месяц падрыхтаваўшы сцэнарыі і каштарысы шасці фільмаў, але выйграў толькі адзін — стужка, прысвечаная Уладзіміру Мулявіну. Калі б і ў гэтай намінацыі нас чакала няўдача, было б больш чым дзіўна — рэжысёрам фільма пагадзіўся выступіць Уладзімір Арлоў, які здымаў “Песняроў” цягам усёй іх кар’еры.

— Але на што вы тады разлічваеце?

— Мы пачынаем гэты вялікі праект з поўнай няўпэўненасці ў яго перспектывах. Два фільмы ўжо зробленыя, яшчэ два гатовы фінансаваць тэлеканал “АНТ” плюс стужка пра Мулявіна… І пакуль што ўсё! Хаця ў нармальных умовах мы выраблялі 35 — 40 фільмаў “Зваротнага адліку” штогод. Гэты праект, вядома ж, вымагае больш працы, і рытм тут будзе не такі хуткі. Але ведаючы патэнцыял нашай групы, я больш чым упэўнены, што дваццаць серый за год мы цалкам адужалі б. Адпаведна, праблема толькі адна — фінансы.

— Калі не сакрэт, пра якія сродкі вядзецца гутарка?

— На касмічныя сумы мы ад пачатку не разлічвалі. Стандартны каштарыс дакументальнага кіно ва ўсім свеце — тысяча долараў за хвіліну. Прыблізна такія сродкі былі закладзены і арганізатарамі згаданага конкурсу кінапраектаў. Але ў вытворчасці астатніх чатырох серый мы здолелі ўкласціся ва ўдвая меншыя бюджэты — 30, максімум 35 тысяч беларускіх рублёў. Гэтага, у прынцыпе, дастаткова, хаця гістарычныя рэканструкцыі вымагаюць асаблівых выдаткаў — арэнда адпаведных інтэр’ераў, касцюмы, рэквізіт…

— Дарэчы, а што здарылася са “Зваротным адлікам”? Мусіць, не я адзін заўважыў: новыя серыі сталі спачатку выходзіць радзей, а пасля новага года і ўвогуле не з’яўляюцца…

— На вялікі жаль, тэлеканал “АНТ” быў вымушаны прыпыніць фінансаванне вытворчасці новых фільмаў. Прычыны — выключна грашовыя. Але ўсе мы спадзяемся, што гэта часова. Праект не закрыты — ён замарожаны.

— Адпаведна, цяпер яўна не самы лепшы час для новых пачынаў…

— Гэта падаецца відавочным, але я, усё ж, лічу іначай. Менавіта ў такі складаны час актуальнасць нашага праекта шматкроць узрастае. Цяпер як ніколі нам патрэбна дапамога продкаў, асэнсаванне іх досведу. Цягам свайго жыцця чалавек шукае адказы на тыя складаныя пытанні, што перад ім узнікаюць. Многія прынцыпова не ўспрымаюць чужы прыклад, але ўрэшце, набіўшы сабе процьму гузакоў, прыходзяць да тых самых высноваў, да якіх некалі вельмі даўно прыйшлі іх папярэднікі. Без сумневу, той досвед, які назапасілі вядомыя асобы беларускай гісторыі, можа быць надзвычай карысны ў вырашэнні нашых надзённых праблем.