“Сляды на вадзе”

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

Глеб Жаглоў і Валодзя Шарапаў па-беларуску?
23 лютага на экраны краіны выходзіць новая стужка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — “Сляды на вадзе”. Экранізацыя рамана прафесара, доктара гістарычных навук, палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Ільінскага “У надзвычайнай сітуацыі — знішчыць” прысвечана 100-годдзю беларускай міліцыі. На гэтым тыдні адбыўся прэс-паказ рэтра-баявіка, рэжысёрам якога выступіў Аляксандр Анісімаў.

/i/content/pi/cult/624/13875/3-2.jpgЧас здымак — 26 рабочых дзён, увесь тэрмін, за які была зроблена стужка, — чатыры месяцы. Бюджэт кіно — “значна менш за адзін мільён долараў”, — адзначае дырэктар “Беларусьфільма” Ігар Поршнеў.

Гісторыя стужкі распачалася яшчэ ў 2015 годзе, калі кінапраект перамог у Адкрытым рэспубліканскім конкурсе Міністэрства культуры. Праект прайшоў мноства перыпетый, перш чым увасобіцца на экране: рэжысёрам яго мог стаць Андрэй Голубеў (“Чаклан і Румба”, “Пацалунак восені”), адзін з аўтараў актуальнай версіі сцэнарыя (сёння ў ліку сцэнарыстаў Андрэй Жыткоў, Андрэй Голубеў, Мікалай Ільінскі). Амаль атрымалася займець згоду на супрацоўніцтва з расіянінам Ягорам Канчалоўскім (“Антыкілер”, “Ружы для Эльзы”), але супраца так і не склалася. І ўрэшце рэжысёрам “Слядоў…” стаў Аляксандр Анісімаў, вядомы гледачу па дакументальных працах і па дзіцячай прыгодніцкай камедыі “Неверагоднае перасоўванне”, якая выйшла ў 2015 годзе. Беларускі аўтар акуратна давёў да кінаўвасаблення твор, заснаваны на рэальных падзеях, распавядаючых пра часы станаўлення айчыннай міліцыі ў пасляваенныя гады.

“Я цалкам свядома ўзяў у стужку беларускіх акцёраў, — распавядае на пачатку прэм’еры рэжысёр, — мне хацелася даказаць, што беларусы нічым не горш за расіян. Атрымалася нацыянальная група”, — падкрэслівае Аляксандр Анісімаў перавагу сваёй стужкі, у якой няма запрошаных замежных акцёрскіх зорак. Галоўныя ролі ў фільме выконваюць Арцём Курэнь, Пётр Юрчанкоў, Вераніка Пляшкевіч, Таццяна Чардынцава, Сяргей Юрэвіч. У камандзе скрозь — вядомыя акцёрскія постаці: Ігар Сігоў, Ігар Дзянісаў, Зоя Белахвосцік, Віктар Манаеў, Яўген Нікіцін… “Безумоўна, адна з пераваг карціны — шчыльна падабраны акцёрскі ансамбль, — пагаджаецца акцёр-купалавец Ігар Дзянісаў. — Мы ўсе там на месцы, ды тандэм галоўных герояў — грубаватага персанажа Пятра Юрчанкова і харызматычнага ў выкананні Арцёма Курэня атрымаўся, на мой погляд, добрым”.

У ліку ўдач — і праца мастакоў-пастаноўшчыкаў. Дзея ў стужцы адбываецца ў 1946 годзе ў Заходняй Беларусі. Адпаведны антураж адмыслоўцы стварылі з дапамогай удала выбраных лакацый —станкабудаўнічы завод Кірава ў Мінску, база Смалявічы, рака Іслач, дакладных касцюмаў, падабранага рэквізіту — у прыватнасці, плакатаў, лозунгаў, афіш савецкага часу, у тым ліку, на беларускай мове (у кадр трапляе нават афіша “Паўлінкі”.)

“Падрыхтоўка да карціны шла вельмі старанна, — каментуе працу мастакоў кансультант фільма, доктар гістарычных навук Віктар Данілаў. — Акцёры не выглядаюць ражанымі персанажамі, усё выверана і прадумана”, — адзначае ён працу мастака па касцюмах Наталлі Сардаравай.

“Атмасфера і дух пасляваенных саракавых перададзены, на мой погляд, вельмі класна, — падкрэслівае і Ігар Дзянісаў. — І тут важную ролю сыграла ўнікальная натурпляцоўка — завод Кірава ў цэнтры Мінска, дзе можна яшчэ здымаць пасляваенныя гісторыі”.

Сама ж гісторыя разварочваецца вакол двух герояў — маладога разведчыка-франтавіка, які прыехаў у мястэчка Парэчча (яго і іграе Арцём Курэнь), і міліцыянера Пятра (Пётр Юрчанкоў). Час дзеяння і дуэт галоўных герояў дасылаюць да вядомага кінатандэму “Глеб Жаглоў і Валодзя Шарапаў”, савецкага баявіка “Месца сустрэчы змяніць нельга”. Але спецыфіка месца дзеяння твора Ільінскага робіць карэкціроўку канфлікту: ён разгортваецца па-іншаму і паміж галоўнымі персанажамі, ды і бандытызм на тэрыторыі Заходняй Беларусі адрозніваецца ад крымінальнага свету пасляваеннай Масквы.

На жаль, менавіта ў гэтым важным пункце — матывацыі галоўных герояў, і, у прыватнасці, адмоўных персанажаў, карціна губляе. Ёсць звяры-бандыты і ахоўнікі правапарадку, ёсць здраднік — і адпаведна той, хто яго выкрывае, але што скіроўвае герояў на падобныя ўчынкі  — у карціне застаецца не раскрытым. Канфлікт светапоглядаў, што выяўляе спецыфіку часу і пасляваеннага грамадства, застаецца не схопленым.

У “Слядах на вадзе” шмат баявых сцэнаў, і варта адзначыць, што з іх увасабленнем рэжысёр такі спраўляецца, як заўважна і неабыякавае стаўленне да літаратурнай асновы. Тым не менш, фільм зроблены ў савецкай парадыгме кіно і, на жаль, не вырашаецца на рызыку сучаснага прачытання крымінальнай драмы.

У нашым рэтра-баявіку, думаецца, няма дыстанцыі ў дачыненні “рэтра”. І, відаць, разлічваць яму прыйдзецца на такога ж гледача.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"