РЭПАРТАЖ+ТЭЗІСЫ ДАКЛАДА Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова “Аб выніках правядзення Года культуры ў 2016 годзе і задачах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2017 годзе”

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

2016 — Год культуры: лічбы і факты
На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады запланавана выкарыстаць каля 2,5 мільярда рублёў. Значную долю згаданай сумы павінны складаць пазабюджэтныя сродкі. Пра гэта казаў на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры па выніках леташняй работы кіраўнік галіны Барыс Святлоў. А асноўным здабыткам Года культуры, па яго словах, стаў павышаны інтарэс грамадства да нацыянальнай культуры. Пасяджэнне калегіі адбылося 8 лютага ў Бабруйску. Месца для падвядзення вынікаў Года культуры было абрана, натуральна, невыпадкова.

/i/content/pi/cult/624/13869/6-1.jpg

Аналіз досведу

Менавіта Бабруйск, які адзначае сваё 630-годдзе, атрымаў статус “Культурная сталіца-2017”. Чаму ён? Як патлумачыў міністр культуры, адным з асноўных крытэрыяў “сталічнага” выбару была і будзе традыцыйная шчыльнасць культурных з’яў. Бабруйск такім патрабаванням цалкам адпавядае. Удзельнікі калегіі пераканаліся ў гэтым на ўласныя вочы. Справа ў тым, што а дзявятай марознага ранку ўсе госці разбіліся на пяць груп, кожная з якіх наведала канкрэтную гарадскую ўстанову культуры і пазнаёмілася з яе дзейнасцю.

Такім чынам у маршрут па перайманні досведу нестандартнага падыходу да справы патрапілі краязнаўчы музей, гарадская бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна, Палац мастацтваў, дзіцячая школа мастацтваў № 1 імя Яўгена Цікоцкага. Журналісты “К” апынуліся ў пятай групе, якая знаёмілася з цікавосткамі мастацкай галерэі Бабруйскага мастацкага музея.

Калісьці тут месцілася тэлефонная станцыя. Потым памяшканні пэўны час пуставалі. Грамадскасць тым часам вяла настойлівыя перамовы з гарадскімі ўладамі, каб займець галерэю. Амбіцыйнае жаданне прагрэсіўных бабруйчан, падмацаванае здаровым сэнсам, было задаволена. Галерэя распачала дзейнасць у 2012 годзе. Да слова, па другі бок галоўнай гарадской плошчы музей мае яшчэ і выставачную залу (з 2004-га — юрыдычная асоба), дзе сёння дэманструецца ўнікальная калекцыя мінералаў. Так што любы тутэйшы насельнік сёння з апраўданым гонарам можа сцвердзіць: “Бабруйск — горад не толькі заўзятых тэатралаў, але і выбітных мастакоў!” І мы ў гэтым пераканаліся.

Можна бясконца распавядаць пра неверагодныя асаблівасці жывапісу Анатоля Концуба, графікі Георгія Паплаўскага і Юрыя Нікіфарава. Гэта як страва вышэйшага кухарскага гатунку. Толькі такой “ежай”, дзякаваць Богу, немагчыма наесціся… А Бабруйск яшчэ — і сталіца керамікі, тут жыве ды працуе бацька “Арт-Жыжалю” Валерый Калтыгін. Вынікі ганчарных плэнэраў таксама прадстаўлены ў галерэі з выключнай выразнасцю. Таму не хочацца адсюль выходзіць. Памеры калекцый дазваляюць пастаянна ўзнаўляць экспазіцыі. Настойліва раім наведаць і пераканацца самім. Залішне казаць, што мастацкі музей стане адным цэнтрам культурных “сталічных” мерапрыемстваў. Прынамсі, тут прызвычаіліся здзіўляць наведвальнікаў арыгінальнымі выставачнымі праектамі. Гэтымі днямі, да прыкладу, экспануюцца работы выхаванцаў дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя Уладзіміра Дамарада пад назвай “Настаўнік і вучні”.

Пабывалі мы і ў святая святых — фондасховішчы. Умовы захавання тут — самыя ўзорныя. Наталля Шаранговіч, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, які дапамагаў калегам з Бабруйска тыя ўмовы ствараць, зазначыла ў кулуарах, што ў сталічнай установе фонды захоўваюцца мо не так дасканала.

Хапіла нам часу і для аглядавай экскурсіі па горадзе. Мы пабачылі скульптурную выяву Шуры Балаганава — адчайнага прыхільніка высокакультурнага Бабруйска, мадэрнавую эклектыку гістарычнай забудовы, вуліцу Сацыялістычную, апетую Эфраімам Сэвэлам (гэтаму цудоўнаму пісьменніку летась таксама пастаўлены помнік у цэнтры Бабруйска), чырвонацагляныя казармы былой бабруйскай крэпасці.

Праблемы і перспектывы

У пасяджэнні бралі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў і ведамстваў, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, Нацыянальнай акадэміі навук, творчых саюзаў і грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый культуры, мясцовых улад. Пасяджэнне адбылося ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Тэзісы даклада міністра культуры, як і лічбы ды факты Года культуры, друкуюцца ў гэтым нумары. Выступленні падчас пасяджэння (яны будуць апублікаваны ў наступным нумары “К”) тычыліся, бадай, самых важных праблемных момантаў сённяшняга стану нацыянальнай культуры. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч гаварыла пра стан сучаснага мастацтва, пра яго ўплыў на развіццё беларускай культуры. “Дзейнасць публічных бібліятэк па прыцягненні карыстальнікаў: трансфармацыя праблем у новыя магчымасці” — тэма выступлення дырэктара Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна Аксаны Кніжнікавай. Старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў распавёў пра вынікі развіцця нашай кінематаграфіі ў мінулым годзе. Спыніўся выступоўца і на праблемных пытаннях. Пра вузкія месцы тэатральнага жыцця ды шляхі іх ліквідацыі казаў Уладзімір Рылатка, першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Тэма выступлення дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алега Хмялькова — “Народная творчасць у сучасным аспекце дзейнасці клубных устаноў”. Аб выніковасці працы творчых саюзаў на сучасным этапе распавёў старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычард Смольскі…

Міністр культуры зазначыў, што год мінулы быў адметны рэалізацыяй новых культурных ініцыятыў — рэспубліканскімі конкурсамі “Чалавек Года культуры”, “Горад культуры ў Год культуры”, “Геній — стартап”, “Бела-тон”, Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Але Барыс Святлоў адзначыў ацэнку Кіраўніка дзяржавы пра тое, што мінулы год не стаў часам істотных дасягненняў, і такая ацэнка — сігнал, каб грунтоўна разабрацца, што трэба зрабіць для выпраўлення сітуацыі.

/i/content/pi/cult/624/13869/7-2.jpgBest of best

Урачыстая цырымонія перадачы эстафеты ад Года культуры Году навукі і надання Бабруйску статусу “Культурная сталіца-2017” адбылася ў Палацы мастацтваў. Саламяную “Папараць-кветку” міністр культуры ўручыў галоўнаму вучонаму сакратару Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандру Кільчэўскаму. Потым Барыс Святлоў уручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Даманеўскаму нагрудны знак Міністэрства культуры за ўклад у развіццё культуры краіны. А пасля старшыня Маладзечанскага раённага савета дэпутатаў Віктар Невяровіч перадаў першаму намесніку старшыні Бабруйскага гарвыканкама Алегу Ковелю хрустальны сімвал акцыі “Культурная сталіца Беларусі”, а Барыс Святлоў — адпаведны сертыфікат.

Затым міністр культуры ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры”. У намінацыі “Выяўленчае мастацтва” ўганараваны дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Фінскі; у намінацыі “Музычнае мастацтва” — галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец; у намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва” — артыст балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў; у намінацыі “Эстраднае мастацтва” — артыст-вакаліст Маладзёжнага тэатра эстрады Вольга Вронская; у намінацыі “Цыркавое мастацтва” — артыст-паветраны гімнаст Беларускага дзяржаўнага цырка Алена Чухнова; у намінацыі “Кінавідэамастацтва” — кінарэжысёр студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алена Пяткевіч; у намінацыі “Музейная дзейнасць” — генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў; у намінацыі “Бібліятэчная дзейнасць” — дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Галіна Слесарэнка; у намінацыі “Клубная дзейнасць” — дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў; у намінацыі “Народная творчасць” — намеснік старшыні Беларускага Фонду культуры Тадэуш Стружэцкі; у намінацыі “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — народны майстар, дырэктар Дома рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Марына Гушча; у намінацыі “Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю” — член прэзідыума праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў, прафесар, народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў; у намінацыі “Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі” — аглядальнік аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва Жанна Катлярова; у намінацыі “Тэатральнае мастацтва” перамог артыст-вакаліст (саліст), вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Юрый Гарадзецкі.

Інфармацыю пра пераможцаў конкурсу “Горад культуры ў Год культуры” і “Рэспубліканскага конкурсу на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі” наша газета ўжо друкавала. Тым часам рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава ўзнагародзіла пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу праектаў і ініцыятыў творчай моладзі “Геній-стартап”. Імі сталі аўтар праекта “Эксперыментальны студэнцкі фальклорны тэатр “Фольк-Арт”, начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Сергяйчук; аўтар праекта “Студэнцкае тэлебачанне”, метадыст аддзела выхаваўчай работы з моладдзю БДУКіМ Алена Славіна; аўтар праекта “Тыдзень беларускага балета і сучаснай харэаграфіі “Сучасны рух”, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Сяргей Мікель; за праект “Утульны дом” — рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна; за праект “Еўрапейскай сталіцы — еўрапейскае аблічча” — дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава Аляксандр Шантаровіч; аўтар праекта “Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах”, выкладчык Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вячаслаў Пяцько; за праект “Свята-комплекс традыцыйнай беларускай культуры “Святочнае кола” — намеснік дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Святлана Касаверская; за праект “Вішанька” — дэкан тэхнолага-біялагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна Аксана Пазывайла; аўтар праекта “Культурны набытак Беларусі”, загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Палаца культуры горада Маладзечна Таццяна Тарасава; аўтар праекта “Праменад-спектакль “Голас Мінска”, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Галак.

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшую эстрадную песню пра Беларусь “Бела-тон”. Першае месца — у аўтара музыкі і слоў песні “Гэты новы свет” Яўгеніі Шкялёнак, другое — у аўтара музыкі песні “Песню заспявае Беларусь” Аляксандра Сухарава і аўтара слоў песні “Песню заспявае Беларусь” Вольгі Осіпавай, трэцяе месца — у аўтара музыкі і слоў песні “За Беларусь у адказе” Сяргея Білага.

Падчас святочнага канцэрта выступілі лепшыя мастацкія калектывы і выканаўцы краіны, Магілёўскай вобласці і горада Бабруйска.

/i/content/pi/cult/624/13869/7-1.jpg

ТЭЗІСЫ ДАКЛАДА  Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова “Аб выніках правядзення Года культуры ў 2016 годзе і задачах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2017 годзе”

Паважаныя ганаровыя госці, члены калегіі і ўдзельнікі пасяджэння!

Наша праца на працягу Года культуры вызначалася Рэспубліканскім планам, які ўключаў звыш 120 мерапрыемстваў.

Год культуры стаў часам стратэгічных рашэнняў. Прыняты першы ў свеце Кодэкс аб культуры і дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. Яны будуць аказваць станоўчы ўплыў на развіццё галіны ў бліжэйшай і аддаленай перспектыве.

Рэалізаваны новыя культурныя ініцыятывы — рэспубліканскія конкурсы: “Чалавек Года культуры”, “Горад культуры ў Год культуры”, “Геній-стартап”, “Бела-тон”, Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва.

Мінулы год быў адзначаны маштабнымі новымі сацыяльна-культурнымі праектамі: дабрачынны творчы марафон “Адраджэнне” да 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС, свята “Дзень вышыванкі”, маладзёжны праект “Беларусь — крыніца натхнення”, шэраг арт-праектаў на адкрытых пляцоўках сталіцы і абласных цэнтраў.

Новае аблічча набылі традыцыйныя культурныя мерапрыемствы: XXV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), XI Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

На высокім арганізацыйным і творчым узроўні прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гістарычным падзеям, сярод якіх — 75-ая гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны і юбілеі знакамітых дзеячаў нацыянальнай культуры — Максіма Багдановіча, Уладзіміра Мулявіна і Івана Шамякіна.

Сведчаннем сусветнага прызнання дасягненняў нацыянальнага мастацтва сталі маштабныя выставы ў музеях Ватыкана і Таледа.

Аднак галоўным вынікам Года культуры, несумненна, варта лічыць узросшую цікавасць шырокіх колаў грамадзян да нацыянальнай культуры, мовы, літаратуры.

Разам з тым, усе мы чулі словы Кіраўніка дзяржавы аб тым, што мінулы год, на жаль, прайшоў для культуры звычайна і не стаў часам істотных дасягненняў.

Нам трэба аб’ектыўна падвесці вынікі мінулага года, разабрацца ў прычынах, па якіх не ўсё задуманае ўдалося здзейсніць, і вызначыць задачы на 2017 год.

Паспяховае развіццё культуры залежыць ад трох фактараў — трывалай матэрыяльнай базы, творчага патэнцыялу работнікаў і стварэння дзяржавай належных прававых, эканамічных і арганізацыйных умоў для яго рэалізацыі.

Толькі эфектыўнае спалучэнне ўсіх гэтых фактараў дасць той відавочны вынік, якога чакае ад работнікаў культуры Кіраўнік нашай дзяржавы.

У 2016 годзе працягвалася работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры. Адпаведна з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2016 год Міністэрству культуры выдзелены сродкі ў суме 5240,3 тыс. рублёў, якія асвоены ў поўным аб’ёме. У 2016 годзе будаўніча-мантажныя і рэстаўрацыйныя работы па праграме вяліся на 6 аб’ектах.

Уведзены ў эксплуатацыю аб’екты “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела ў г. Нясвіж, у тым ліку першая чарга — рэканструкцыя і рэстаўрацыя кроквеннай сістэмы даху і купалоў” і “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя Свята-Пакроўскага жаночага манастыра ў г. Талачыне, Віцебскай вобласці”.

Мясцовым бюджэтам па капітальным укладанням выдзелена 19 448,6 тыс. рублёў, што цалкам засвоены.

Завершана будаўніцтва інтэрната ўстановы адукацыі “Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі”, Бярозаўскага гарадскога Дома культуры, сельскага Дома культуры ў аграгарадку Чарневічы Глыбоцкага раёна, раённага Дома культуры ў г. Чэрыкаў Магілёўскай вобласці.

На 2016 год з рэспубліканскага бюджэту на капітальны рамонт выдзелена 2284,2 тыс. рублёў, якія асвоены на 99,9 працэнта. Работы вяліся на 13 аб’ектах. Уведзена ў эксплуатацыю першая чарга навучальнага корпуса № 1 Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Завершаны рамонт у будынку Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, музеі архітэктуры і побыту.

На капітальны рамонт мясцовым бюджэтам было прадугледжана 6089,3 тыс. рублёў. Сродкі асвоены ў поўным аб’ёме.

Сярод асноўных задач на 2017 год — заканчэнне рэканструкцыі кінастудыі “Беларусьфільм” да сёмага лістапада, працяг стварэння адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея (так званага музейнага квартала) і будаўніцтва спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

А каб справа рухалася больш жвава, неабходна больш шырока прыцягваць пазабюджэтныя сродкі на правядзенне рамонтна-будаўнічых работ; адказна падыходзіць да прытрымлівання тэрмінаў і якасці іх выканання.

У 2016 годзе працягвалася сістэмная праца ў сферы захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь павялічыўся на 20 адзінак і складае 5552 гісторыка-культурныя каштоўнасці. Для забеспячэння аховы аб’ектаў спадчыны Міністэрствам культуры зацверджаны 35 праектаў зон аховы, што ў 2 разы болей, чым у 2015 годзе.

Удасканалены меры па ахове археалагiчных аб’ектаў i археалагiчных артэфактаў. У абласцях краіны, акрамя Гомельскай, створаны камісіі па археалагічных аб’ектах і артэфактах.

На 11-ю сесію Міжурадавага камітэта нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Беларусь прадставіла элемент “Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)”.

Завершана рэстаўрацыя 5 бетонных скульптур павільёна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Якасць выкананых работ адзначана дыпломам лаўрэата конкурсу “Маскоўская рэстаўрацыя-2016”.

Разам з тым, мясцовым уладам неабходна ўзмацніць кантроль за недапушчэннем парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Забяспечыць арганізацыю кантролю за дзейнасцю ўласнікаў (карыстальнікаў) гісторыка-культурных каштоўнасцей, захаванне і адпаведнае выкарыстанне аб’ектаў спадчыны, якія знаходзяцца ў неналежным тэхнічным стане або не маюць функцыянальнага прызначэння.

Актывізацыя ў Год культуры творчай ініцыятывы работнікаў культуры і грамадзян паспрыяла росту паказчыкаў развіцця прафесійнага мастацтва і народнай творчасці, дзейнасці музейных, клубных, бібліятэчных устаноў усіх узроўняў.

У 2016 годзе ў Беларусі працавалі 28 дзяржаўных тэатраў, 4 з якіх са статусам “нацыянальны”. Імі праведзена 9598 паказаў спектакляў, што на 296 паказаў больш, чым у 2015 годзе. Колькасць гледачоў складае амаль 1,9 млн чалавек, пастаўлены 124 прэм’ерныя спектаклі, што на 14 больш, чым у мінулым годзе.

Яркімі падзеямі сталі пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь — опера “Макбет” Вэрдзі і балет “Маленькая смерць” Моцарта, спектаклі “Дзве душы” па творах Гарэцкага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, “Пелікан” па п’есе Стрындберга Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, “Крэйцарава саната” паводле Талстога Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, “Чайка” Чэхава Гродзенскага абласнога тэатра лялек і іншыя.

Пры падтрымцы дзяржавы адбыліся ІV Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная тэатральная прэмія” і міжнародныя тэатральныя фестывалі і форумы: “М.@rt.кантакт”, “Белая Вежа”, “ТэАРТ”.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага зрабіў гастрольны тур па гарадах Беларусі са спектаклем “Пясняр” да юбілею Мулявіна. Пасольствам Беларусі ў Францыі быў арганізаваны праект “Першыя тэатральныя сезоны Беларусі ў Францыі” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Тэатра-студыі кінаакцёра.

Балетная трупа і аркестр Вялікага тэатра Беларусі прынялі ўдзел у Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, дзе адбыўся паказ балета “Вітаўт” на сцэне Вялікага тэатра Расіі.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі праведзены конкурс сучаснай драматургіі “Францыск Скарына і сучаснасць”.

Тэатры выязджалі на гастролі ў Арменію, Аўстрыю, Бельгію, Іспанію, Балгарыю, Германію, Францыю, Літву, Польшчу, Расію, Украіну.

Па выніках года спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва адзначаны калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Але гэтыя лічбы не могуць служыць падставай для заспакоенасці. Трэба звярнуць увагу на рэпертуарную палітыку драматычных тэатраў, кіраўнікі якіх у апошнія гады ўсё часцей балансуюць паміж мастацтвам і камерцыяй, робячы выбар на карысць забаўляльных пастановак не самага добрага мастацкага густу, прааналізаваць прычыны змяншэння іх глядацкай аўдыторыі і недахопу яркіх рэжысёрскіх асоб.

Нельга не звярнуць увагу на тое, што для пастановак апошніх гадоў застаецца характэрным недахоп сучаснай сацыяльнай праблематыкі, пазітыўных герояў, звароту да нацыянальнай гістарычнай спадчыны, чым заўжды быў адметны наш тэатр.

Мяркую, што менавіта сучасны момант, які характарызуецца абуджэннем інтарэса беларускага грамадства да нацыянальнай культуры, гэта добрая падстава для звароту рэжысёраў да айчыннай класікі і сучаснай літаратуры.

Больш актыўную ролю ў гэтым працэсе павінен адыграць Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча, які пройдзе восенню 2017 года ў г.Бабруйску.

Канцэртную дзейнасць ажыццяўляе 21 дзяржаўная канцэртная арганізацыя. У 2016 годзе яны правялі амаль 7 тыс. канцэртаў, якія наведалі амаль 3 млн. слухачоў, выпусцілі каля 250 новых канцэртных праграм. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набыта больш за 140 сачыненняў беларускіх кампазітараў.

Найбольш яркімі творчымі прэм’ерамі сталі праграма Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і гала-канцэрт на сцэне Белдзяржфілармоніі, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Уладзіміра Мулявіна, мюзікл “Апокрыф” да 125-годдзя нараджэння Максіма Багдановіча Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча і іншыя.

Актыўна працавалі вядучыя творчыя калектывы і канцэртныя арганізацыі краіны.

Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Я. Фінберга пры падтрымцы аблвыканкамаў праведзена больш за 10 фестываляў у рэгіёнах і горадзе Мінску. Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі прадставіў беларускае харэаграфічнае мастацтва на Міжнародным фестывалі “Залаты Віцязь”. Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры” былі праведзены канцэрты ў гарадах Парыж і Ліён (Францыя), у Мінску была прадстаўлена новая канцэртная праграма “Акустычны канцэрт у Верхнім горадзе”.

У 2016 годзе прайшоў шэраг сумесных творчых праектаў з тэлеканаламі: рэспубліканскі дзіцячы конкурс “Песня для Еўрабачання”, Нацыянальны адборачны тур да Міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні “Еўрабачанне-2016”, праект “Талент краіны” (сумесна з ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”) і іншыя.

Міністэрствам культуры праведзены шэраг буйных дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка дзяржавы і іншых прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва краіны, у прыватнасці, урачыстая цырымонія ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны Алімп” 2015 года; фінал дабрачыннага творчага марафону “Адраджэнне” да 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС; тэатралізаванае прадстаўленне “Па праве памяці жывой…” і канцэрт тэлепраекта “Плошча Перамогі-2016”, канцэртныя праграмы для ўдзельнікаў Пятага Усебеларускага народнага сходу, да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і іншыя.

З удзелам беларускіх артыстаў адбыліся мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Беларусь, я люблю цябе”; XVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў г. Маладзечне; юбілейны XXV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”; свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) і іншыя.

Аўтарскі калектыў на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015 — 2016 гады.

Дзяржаўнымі цыркамі праведзена 377 прадстаўленняў, створана 10 новых праграм прадстаўленняў. Паказчыкі роста колькасці прадстаўленняў і наведвальнікаў дзяржаўных цыркаў назіраліся на працягу ўсяго мінулага пяцігоддзя.

Калектыў Гомельскага дзяржаўнага цырка па выніках 2016 года ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Разам з тым у мінулым годзе назіралася негатыўная тэндэнцыя змяншэння колькасці мерапрыемстваў дзяржаўных канцэртных арганізацый і скарачэння іх глядацкай аўдыторыі.

Кіраўнікі творчых калектываў звязваюць гэта перш за ўсё з адсутнасцю зацікаўленасці арганізацый культуры ў рэгіёнах у правядзенні канцэртаў беларускіх творчых калектываў і выканаўцаў. Для выпраўлення сітуацыі Міністэрствам культуры па ўзгадненні з аблвыканкамамі распрацаваны рэспубліканскі план арганізацыі канцэртнай дзейнасці на 2017 год, які з’яўляецца абавязковым для выканання ўсімі канцэртнымі арганізацыямі.

У сваю чаргу, у 2017 годзе Мінкультуры пашырыць практыку прыцягнення творчых калектываў і выканаўцаў з рэгыёнаў да ўдзелу ў канцэртах у межах дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў, міжнародных і рэспубліканскіх святаў і фестываляў.

Таксама, з улікам прапаноў кіраўнікоў канцэртных арганізацый, будуць выпрацаваны аднастайныя падыходы да пытанняў уліку працоўнага часу творчых работнікаў з улікам асаблівасцей іх дзейнасці (у прыватнасці, наяўнасці індывідуальных рэпетыцыйных заняткаў).

У галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага мастацтва і дызайну Беларускім саюзам мастакоў і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў праведзена больш за 600 выставачных мерапрыемстваў, у тым ліку ІІІ Трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, V Біенале жывапісу, графікі і скульптуры “БІ-5”, арт-праект “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам” і больш за 3 сотні персанальных выстаў.

Для папаўнення фондаў музеяў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Міністэрствам культуры набыты творы 49 мастакоў на суму 327 тысяч рублёў (у 2015 годзе — 312 тысяч руб.). За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і пазабюджэтных сродкаў набыты творы рэгіянальных мастакоў на суму 200,9 тысяч рублёў, (у 2015 годзе — 157,5 тысяч рублёў).

Дзякуючы сістэмнай працы Міністэрства культуры разам з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам пазітыўная тэндэнцыя штогадовага набыцця твораў беларускіх мастакоў для фарміравання ўнікальных калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і мясцовых музеяў назіраецца на працягу 2014 — 2016 гадоў.

У 2016 годзе Міністэрствам культуры створаны і ўстаноўлены помнік Анастасіі Слуцкай у г. Слуцку і мемарыяльная дошка В. Тураву ў г. Мінску.

Лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2016 год стаў мастак Вашчанка Канстанцін Гаўрыілавіч. Прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015 — 2016 гады адзначаны аўтарскі калектыў помніка Свяцейшаму Патрыярху Алексію ІІ у г.Мінску.

Для далейшага паспяховага развіцця выяўленчага і манументальнага мастацтва ў 2017 годзе і наступныя гады Міністэрствам культуры сумесна з Беларускім саюзам мастакоў, мясцовымі органамі ўлады і кіравання будзе пашырана практыка арганізацыі буйных рэспубліканскіх мастацкіх выстаў і пленэраў, у тым ліку прымеркаваных да найважнейшых дат у гісторыі краіны, — 1155-годдзя з дня заснавання г.Полацка, 950-годдзя з дня заснавання г.Мінска, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-гадовых юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа і стварэння прысвечаных ім твораў манументальнага мастацтва.

У мэтах стымулявання творчай актыўнасці мастакоў, перш за ўсё моладзі, у красавіку — маі ў Мінску пройдзе III Трыенале сучаснага мастацтва. Просьба да мясцовых уладаў актыўна ўключыцца ў працэс яе падрыхтоўкі, каб забяспечыць максімальны ўдзел у мерапрыемствах мастакоў з рэгіёнаў. Таксама трэба працягваць практыку набыцця твораў землякоў для фарміравання рэгіянальных калекцый выяўленчага мастацтва.

Шэрагам сур’ёзных праблем характарызавалася развіццё ў 2016 годзе сферы кінематаграфіі і, у першую чаргу, яе флагмана — Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

На працягу амаль усяго года гаворка ішла не пра творчыя дасягненні, а пра выжыванне прадпрыемства. Прычыны становішча крыюцца, на наш погляд, не толькі ў аб’ектыўных цяжкасцях, але і ва ўтрыманскай пазіцыі яе кіраўніцтва, якое спадзяецца выключна на дзяржаўныя ўліванні ў фільмавытворчасць.

Сродкі рэспубліканскага бюджэту, выдаткаваныя на падтрымку фільмавытворчасці, склалі 6,2 млн рублёў, што на 1 млн больш за мінулагодні. 4,3 млн рублёў з гэтай сумы атрымала кінастудыя “Беларусьфільм”.

Дзякуючы дзяржзаказу адбылася пэўная стабілізацыя дзейнасці прадпрыемства ў другім паўгоддзі 2016 года. Кінастудыя перастала быць стратным прадпрыемствам, але дасягнула гэтага не за кошт рэальна заробленых сродкаў, а шляхам пастаноўкі на ўлік фільмаў у якасці нематэрыяльных актываў.

Вытворчасць фільмаў па дзяржзаказе — гэта ледзь не адзіны паказчык, які прадпрыемства перавыканала. Большасць іншых паказчыкаў не выканана.

Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца адсутнасць у кінастудыі дакладнай стратэгіі фільмавытворчасці, пастаянны схіл да праектаў забаўляльнага кшталту — дэтэктыўных і камедыйных серыялаў і меладрам.

Ніхто не забараняе кінастудыі ўдзельнічаць у стварэнні такіх праектаў за кошт уласных сродкаў ці сродкаў партнёраў, каб зарабіць на гэтым грошы. Але ж не гэтыя карціны павінны вызначаць творчы твар кінапрадпрыемства і тым больш не павінны стварацца з дзяржаўнай падтрымкай.

Студыя, якая мае высокае званне “Нацыянальная”, заклікана займацца перш за ўсё вытворчасцю нацыянальных не толькі па статусе, але і па змесце фільмаў з праўдзівым асвятленнем мінулага і сучаснага суверэннай Беларусі.

Менавіта гэтыя тэмы ўвойдуць у лік прыярытэтных для Міністэрства культуры пры правядзенні адкрытых конкурсаў кінапраектаў у 2017 — 2020 гадах.

Другім правальным кірункам дзейнасці кінастудыі з’яўляецца рэалізацыя фільмаў. Беларускія кінапракатныя арганізацыі ўсе як адна скардзяцца на абсалютную незацікаўленасць кінастудыі ў папулярызацыі ўласнай прадукцыі нават на ўнутраны рынак. Сумны вынік — планавае заданне па рэалізацыі маёмасных правоў на фільмы выканана менш чым на 20 працэнтаў.

Зараз Міністэрствам культуры падрыхтаваны праект нарматыўнага прававога акта, які прадугледжвае шэраг мер, накіраваных на адраджэнне кінастудыіі, у прыватнасці, выдзяленне ёй субсідый на стварэнне мастацкіх фільмаў асаблівай сацыяльнай і ідэалагічнай значнасці — нацыянальных, дзіцячых, дэбютных карцін, анімацыйнай і дакументальнай фільмапрадукцыі, а таксама выкарыстанне ўсімі кампаніямі, якія працуюць па дзяржзаказе, выключна базы кінастудыі і шэрагу іншых.

Але рэалізацыя гэтых мэт прынясе карысць толькі пры сур’ёзных зменах вытворчай і творчай стратэгіі прадпрыемства, у першую чаргу, узмацненні ролі мастацкага кіраўніцтва і рэдакцыйнай службы прадпрыемства ў пошуку высокамастацкіх сцэнарыяў для стварэння фільмаў па дзяржаўным заказе і прыцягненні высокапрафесійных спецыялістаў да справы рэалізацыі і рэкламы фільмаў.

Дзяржаўная кінасетка складаецца з 94 стацыянарных кінатэатраў (123 экранаў), 722 стацыянарных і мабільных кіна- і відэаўстановак. У 2016 годзе ад кінапаказу і іншых відаў паслуг атрыманы 34,4 млн рублёў, што на 5,8 млн рублёў больш, чым у 2015 годзе.

Разам з тым назіраецца негатыўная тэндэнцыя скарачэння дзяржаўнай кінасеткі і колькасці наведванняў месцаў кінапаказу. У 2016 годзе колькасць наведванняў у дзяржаўнай кінасетцы склала 12,4 млн чалавек (на 747,4 тыс. менш, чым у 2015 годзе). У параўнанні з 2012 годам колькасць наведванняў месцаў кінапаказу зменшылася на 3,6 млн або на 22,5 працэнтаў.

На зніжэнне паказчыкаў працы дзяржаўных кінапрадпрыемстваў уплываюць канкурэнцыя з боку недзяржаўнай кінасеткі і недастатковыя тэмпы мадэрнізацыі кінатэатраў. Рэгуляванне гэтых пытанняў з улікам перш за ўсё інтарэсаў дзяржаўных кінапракатных арганізацый, якія вырашаюць не толькі камерцыйныя, але і ідэалагічныя задачы, — абавязак мясцовых органаў улады.

Кіраўнікам абласных і Мінскага гарадскога кінавідэапрадпрыемстваў трэба звярнуць увагу на дасягненне дамоўленасцей з дыстрыбьютарамі аб пераглядзе працэнтных суадносін даходаў да пракату фільмаў на карысць дзяржаўных кінапракатных арганізацый, адыходу ад папярэдняй аплаты фільмаў.

Больш адказным павінен быць падыход да фарміравання рэпертуарнай палітыкі кінатэатраў. Для каардынацыі намаганняў у гэтым кірунку пры Міністэрстве культуры ў самы бліжэйшы час будзе створана Рэспубліканская экспертная рэпертуарная камісія па кінамастацтве.

Адным з вядучых кірункаў праграм міжнародных кінафестываляў “Лістапад” і “Анімаёўка”, якія праходзяць у Рэспубліцы Беларусь, таксама павінен стаць паказ найлепшых узораў беларускага кінематографа, прычым па-сапраўднаму прафесійнага.

У 2016 годзе паспяхова развівалася музейная справа. У сістэме Міністэрства культуры дзейнічае 151 музей. Асноўны музейны фонд павялічыўся ў параўнанні з 2015 годам на 1,5 %, а за 5 гадоў — на 9,3 % і сёння складае 3 251 844 музейныя прадметы. Колькасць наведванняў музеяў штогод павялічваецца. У 2016 годзе — на 1,3 %, за 5 гадоў — на 19,8 % і склала амаль 6 237 тыс.

Створаны 12 новых экспазіцый у рэспубліканскіх, абласных і раённых музеях. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рэалізаваны праект “Мабільны музей”.

Сярод найбольш буйных выставачных праектаў 2016 года: выставы “Іканапіс Беларусі XVII — XXI стагоддзяў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” у Музеях Ватыкана і “Беларускія абразы. Таінства часу i духу” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у музеі Эль Грэка (г. Таледа, Іспанія), выставачны праект “Беларусь і беларусы” Нацыянальнага гістарычнага музея, выставы “Гоя... Пікаса” з калекцый Музея каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда (г. Мадрыд, Іспанія), “Час і творчасць Льва Бакста”, “Прыстанак міласэрнасці. Мастацтва тыбецкага будызму” (творы са збору Дзяржаўнага Эрмітажа, г. Санкт-Пецярбург) у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых.

Значнай падзеяй у музейнай справе рэспублікі стаў ІІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, у якім узялі ўдзел больш за 100 музеяў Беларусі .

Важнымі праблемамі ў музейнай справе застаецца недахоп належна абсталяваных фондасховішчаў музеяў, неабходнасць будаўніцтва дэпазітарыя для захоўвання фондавых калекцый вядучых музеяў краіны; неабходнасць мадэрнізацыі Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду і сістэмы электроннага ўліку музейных прадметаў.

Патрабуюць рэканструкцыі і рамонту аб’екты Брэсцкай крэпасці, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ”Нясвіж“, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працуюць 2675 бібліятэк, функцыянуюць 506 інтэграваных бібліятэк і 104 бібліёбусы. У параўнанні з 2015 годам колькасць наведванняў бібліятэк павялічылася на 5,8 працэнта.

У цэлым у 2016 годзе па рэспубліцы выкананы 12-працэнтны нарматыў сродкаў на камплектаванне ад выдаткаў на іх утрыманне.

Камп’ютарызаваны 83,3 % агульнай колькасці публічных бібліятэк рэспублікі, што павялічылася на 35,3% у параўнанні з пачаткам мінулай пяцігодкі. Да сеткі інтэрнэт падключаны 71,8 % публічных бібліятэк (больш на 31,6 %). Электронную пошту маюць 71,0 % бібліятэк (больш на 33 %).

Разам з тым у 11 працэнтах раёнаў адсутнічаюць транспартныя сродкі для арганізацыі нестацыянарнага інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва; чвэрць раённых бібліятэк мае састарэлае праграмнае забеспячэнне. Вырашэнне гэтых і іншых пытанняў — задача бягучай пяцігодкі.

У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь функцыянуюць 2 661 клубная арганізацыя. У ходзе аптымізацыі і рэфармавання іх колькасць, у параўнанні з 2015 годам, скарацілася на 111 адзінак, а за апошнія пяць гадоў — на 917 адзінак.

У клубных арганізацыях функцыянуюць больш за 22 тысячы клубных фарміраванняў, якія аб’ядноўваюць больш за 250 тысяч удзельнікаў. За мінулы год 61 калектыву прысвоена найменне “народны”, “узорны”, пяці калектывам — званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Разам з тым назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці клубных фарміраванняў. У параўнанні з 2015 годам скарачэнне іх агульнай колькасці склала больш за 9 %, што вядзе да невыканання паказчыка Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

Клубнымі арганізацыямі праведзена звыш 500 тысяч мерапрыемстваў.

У 2017 годзе неабходна актывізаваць работу па стварэнні арганізацый культуры змешанага тыпу і наданні клубным установам статусу юрыдычных асоб, прыняць вычарпальныя меры па захаванні колькасці існуючых клубных фарміраванняў. Актуальнай задачай застаецца забеспячэнне нестацыянарнага культурнага абслугоўвання жыхароў сельскіх населеных пунктаў. 15,3 % раёнаў рэспублікі не забяспечаны перасоўнымі транспартнымі сродкамі — аўтаклубамі.

У Беларусі дзейнічалі 213 нацыянальных культурных грамадскіх аб’яднанняў, якія прадстаўлялі 27 нацыянальнасцей. У Год культуры аказана падтрымка ў правядзенні 500 тэматычных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел каля 1000 прадстаўнікоў 37 нацыянальнасцей.

Грамадскія аб’яднанні беларускіх суайчыннікаў за мяжой дзейнічаюць больш чым у 25 краінах. Нацыянальным культурным грамадскім аб’яднанням перададзены 144 камплекты нацыянальных касцюмаў, больш за 20 камплектаў кніг, сувенірная прадукцыя. Праведзена творчая стажыроўка для 15 кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларусаў замежжа з 9 краін свету.

У адпаведнасці з кадравымі патрэбамі галіны развівалася сістэма адукацыі ў сферы культуры.

Сетка ўстаноў адукацыі ў сферы культуры ўключае 451 установу, у тым ліку: 424 дзіцячыя школы мастацтваў, 21 установу, якая ажыццяўляе рэалізацыю адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 3 установы вышэйшай адукацыі і 3 установы дадатковай адукацыі дарослых.

Вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях культуры і мастацтва атрымліваюць 12 062 чалавекі, што на 387 чалавек менш, чым у 2015 годзе. Планавыя заданні прыёму на дзённую і завочную бюджэтныя формы атрымання адукацыі ва ўстановы вышэйшай адукацыі выкананы на 100 %, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — на дзённую форму навучання — на 99,8 %, на завочную — на 96 %.

Колькасць дзіцячых школ мастацтваў за год скарацілася на 6 адзінак. З 2011 года скарачэнне склала 99 адзінак. Адначасова кантынгент навучэнцаў школ павялічыўся на 7,5 тыс. і зараз складае 114,6 тыс. чалавек. У 2016 годзе павысілі кваліфікацыю за кошт сродкаў бюджэту 2820 спецыялістаў і кіруючых работнікаў галіны.

Тым не менш у 2016 годзе назіраліся: зніжэнне колькасці выпускнікоў дзіцячых школ мастацтваў, якія паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў сферы культуры для атрымання прафесійнай адукацыі; невыкананне кантрольных лічбаў прыёму асобнымі ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры.

У сферы культуры ажыццяўляюць дзейнасць 5 навуковых арганізацый. У 2016 годзе завершаны 6 навуковых даследаванняў у рамках Тэматычнага плана навуковых даследаванняў і распрацовак, накіраваных на забеспячэнне дзейнасці міністэрства.

У аспірантуры і дактарантуры навучаецца 221 чалавек. На жаль, эфектыўнасць дзейнасці аспірантур, дактарантур нельга назваць высокай. Трэба распрацаваць меры па стымуляванні асоб, якія абаранілі дысертацыйнае даследаванне ў тэрмін навучання, і іх навуковых кіраўнікоў.

Сумесная дзейнасць Міністэрства культуры і творчых саюзаў вядзецца па наступных напрамках: фінансавая падтрымка найбольш важных сумесных мерапрыемстваў; прыцягненне членаў саюзаў да ўдзелу ў рабоце грамадскіх камісій, экспертных саветаў па розных відах мастацтва, удзел у мерапрыемствах творчых саюзаў.

За 2016 год Беларускім саюзам мастакоў праведзены 7 буйных рэспубліканскіх выстаў. Больш за 300 персанальных выставак экспанаваліся ў выставачных цэнтрах Мінска, абласных і раённых гарадах. У 2016 годзе Беларускі саюз дызайнераў стаў арганізатарам 5 творчых праектаў. Беларускі саюз музычных дзеячаў выступіў у якасці сузаснавальніка і арганізатара Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў народнай песні “Жывая крыніца”, садзейнічаў у арганізацыі больш за 200 канцэртаў.

Трэба адзначыць, што з прыняццем Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры здымаюцца многія існуючыя абмежаванні для творчых саюзаў па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці, і гэта можа істотным чынам паўплываць на іх актыўнасць у стварэнні і рэалізацыі камерцыйных творчых праектаў.

Істотнай крыніцай падтрымкі творчых ініцыятыў інтэлігенцыі стала дзейнасць спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагародамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны 169 асоб і 18 калектываў, аказана матэрыяльная дапамога 56 прадстаўнікам творчай моладзі, выдзелены гранты на ажыццяўленне 5 творчых праектаў. На гэтыя мэты са сродкаў фонду выдзелены 598,2 тысячы рублёў.

Па выніках 2016 года прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

У 2016 годзе на фінансаванне творчых праектаў са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелены 511,1 тысячы рублёў. Але, на жаль, арганізацыі культуры не змаглі скарыстаць гэтыя сродкі ў поўным аб’ёме. Незасвоенымі засталіся 339,1 тысячы рублёў.

Гэта ганебная сітуацыя не павінна паўтарыцца больш ніколі. Зноў зацверджанаму складу савета фонда, супрацоўнікам Міністэрства культуры і кіраўнікам арганізацый трэба забяспечыць якасную падрыхтоўку заявак, прынцыповую экспертызу прадстаўленых праектаў і аператыўную падрыхтоўку праектаў распараджэнняў Кіраўніка дзяржавы, каб усе выдзеленыя грошы былі выкарыстаны своечасова і па мэтавым прызначэнні.

У рамках развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва ў 2016 годзе прайшлі Дні беларускай культуры ў Расійскай Федэрацыі, Турэцкай Рэспубліцы, Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы. У Рэспубліцы Беларусь прайшлі Дні культуры Рэспублікі Арменія, Туркменістана; Дні культуры і кіно Эстонскай Рэспублікі, Таджыкістана. Падпісаны мемарандумы и праграмы супрацоўніцтва з 9 краінамі. Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Злучаных Штатаў Амерыкі аб ахове і захаванні некаторых культурных каштоўнасцей, падпісанае ў верасні 2016 года, стала першым за апошнія 20 гадоў пагадненнем паміж нашымі краінамі.

Шаноўныя ўдзельнікі калегіі!

Адметнай рысай Года культуры стала сістэмная работа па стварэнні дзяржавай належных прававых, эканамічных і арганізацыйных умоў для рэалізацыі патэнцыялу творчых работнікаў і спецыялістаў культуры, падтрымкі творчых ініцыятыў.

Праведзена работа па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з Кодэксам і рэалізацыі яго асобных палажэнняў.

Для фінансавага забеспячэння Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады з бюджэтаў запланавана каля 2,5 млрд рублёў. Аб’ём бюджэтных сродкаў (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) у 2016 годзе склаў 386,6 млн рублёў, ці 0,4 % ад валавага ўнутранага прадукту. Усімі абласцямі і горадам Мінскам перавыкананы паказчык дзяржаўнага сацыяльнага стандарта выдаткаў на культуру.

Сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый, склалі 133,9 млн рублёў, што на 8,9 % больш, чым у 2015 годзе. За 2016 год аб’ём экспарту паслуг склаў 4,4 млн долараў ЗША, што на 18% больш, чым у 2015 годзе. Сальда па знешнім гандлі паслугамі прагназуецца станоўчым — каля 3,0 млн долараў ЗША.

Агульная сума спонсарскай дапамогі за 2016 год склала 6,2 млн рублёў, што на 3,3 % больш, чым у мінулым годзе.

Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры склала 440,8 рублёў, што на 5,6 % больш, чым у 2015 годзе. Разам з тым узровень сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры складае толькі 61 працэнт ад агульнарэспубліканскага.

Таму ў 2017 годзе арганізацыі культуры павінны забяспечыць павялічэнне аб’ему пазабюджэтных сродкаў не менш, чым на 9%, накіроўваемых на стымуляванне аплаты працы.

Працягвалася работа па стварэнні аптымальнай структуры арганізацый галіны. Было скарочана 253 клубы, бібліятэкі і іншыя ўстановы, а таксама 702 штатныя адзінкі. Сетка арганізацый культуры ў Брэсцкай вобласці прыведзена ў адпаведнасць з заканадаўствам. Вялікая праца ў гэтым кірунку праведзена ў Гомельскай вобласці і яе варта завяршыць у бягучым годзе. Актывізаваць гэтую працу неабходна ў Мінскай вобласці і таксама яе завяршыць у 2017 годзе.

Зараз у сістэме Мінкультуры налічваецца каля 1200 арганізацый культуры, штатная колькасць якіх складае 55 тыс. адзінак. Зменшылася колькасць вакансій, якая складае каля 1200 штатных адзінак, або 2 %. У 2017 годзе плануецца выпусціць каля 1600 маладых спецыялістаў, якія будуць размеркаваны на вакантныя пасады і замену асоб пенсійнага ўзросту.

Больш плённая і выніковая праца ў сферы кадравай палітыкі стане магчымай пасля прыняцця новай рэдакцыі кваліфікацыйнага даведніка “Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве” і тыпавых штатаў тэатральна-відовішчных і культурна-асветных устаноў, праекты якіх падрыхтаваны Міністэрствам.

Шаноўныя калегі!

Сёння мы падводзім вынікі нашай працы ў асаблівы перыяд — за 2016 год, які быў адметным як Год культуры і першы год рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. Ішла імклівая праца па ўсіх напрамках культурнай дзейнасці, і яна не толькі прынесла свае станоўчыя вынікі, але і выявіла праблемы развіцця галіны.

Лічу, што Вашы выступленні павінны быць засяроджаны вакол абмеркавання гэтых праблем і пошуку шляхоў іх рашэння, шляхоў рэалізацыі новых стратэгічных кірункаў развіцця галіны, асновы якіх былі закладзены ў Год культуры.

 

2016 — Год культуры: лічбы і факты

У 2016 годзе дзейнасць арганізацый культуры была накіравана на рэалізацыю мэт і задач дзяржаўнай культурнай палітыкі, адлюстраваных у дзяржаўных праграмах, даручэннях Кіраўніка дзяржавы і Урада, рэалізацыю Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні Года культуры.

Рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках Года культуры

Рэалізаваны Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры, які ўключаў звыш 120 найбольш буйных мерапрыемстваў.

Адбыўся шэраг спецыяльных мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка дзяржавы: урачыстая цырымонія ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны Алімп” 2015 г.; фінал марафону “Адраджэнне” да 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС; тэатралізаванае прадстаўленне “Па праве памяці жывой…” і ўпершыню праведзены канцэрт тэлепраекта “Плошча Перамогі”, прысвечаныя 71-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Уведзены ў строй шэраг аб’ектаў культуры, у тым ліку аб’ект Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, навучальны корпус № 1 Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Свята-Пакроўскі жаночы манастыр у Талачыне, завершана першая чарга рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, працягваліся будаўнічыя і рамонтныя работы ў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, адзіным комплексе будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (Музейным квартале) і іншыя.

Трыццаці пяці ўнікальным элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (абрадам і тэхналогіям народных рамёстваў) нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, што перавысіла запланаваны паказчык у 7 разоў.

Рэалізаваны новыя культурныя ініцыятывы, разлічаныя на доўгатэрміновую перспектыву: рэспубліканскія конкурсы на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі, “Чалавек Года культуры”, “Горад культуры ў Год культуры”, “Геній-стартап”, “Бела-тон”, Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Праведзена агульнарэспубліканская акцыя “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”, вынікі якой закладуць аснову банка даных культурных ініцыятыў.

Рэалізаваны маштабныя і рэзанансныя новыя сацыяльна-культурныя праекты: свята “Дзень вышыванкі”, міжнародны маладзёжны культуралагічны праект “Беларусь — крыніца натхнення”, шэраг арт-праектаў на адкрытых гарадскіх пляцоўках Мінска.

На высокім узроўні адбыліся традыцыйныя культурныя мерапрыемствы: XXV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, XI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, XI Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне.

Разам з творчымі саюзамі праведзены рэспубліканская акцыя “Беларусь, я люблю цябе”, рэспубліканскі патрыятычны праект “Кветкі Вялікай Перамогі”, рэспубліканскі конкурс творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі” і іншыя.

Адбыліся ўсенародныя святкаванні юбілеяў М. Багдановіча, У. Мулявіна і іншых дзеячаў нацыянальнай культуры.

Прававое рэгуляванне ў сферы культуры

Прыняты дакументы, накіраваныя на стратэгічнае развіццё і фарміраванне нарматыўна-прававой базы сферы культуры: Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. Распрацаваны новая рэдакцыя кваліфікацыйнага даведніка “Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве”, праекты тыпавых штатаў тэатральна-відовішчных і культурна-асветных арганізацый.

Праведзена работа па карэкціроўцы заканадаўства і прывядзенні яго ў адпаведнасць з Кодэксам. Так, падрыхтаваны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прыняты 4 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, шэраг ведамасных актаў Міністэрства культуры і іншых дзяржаўных органаў. Унесены змяненні і дапаўненні ў адміністрацыйныя працэдуры ў сферы культуры, зацверджаны Палажэнне аб парадку выдачы дазволу на эксплуатацыю кіназалаў, іншых спецыяльна абсталяваных памяшканняў (месцаў), якія аснашчаны кінаабсталяваннем, Правілы аказання паслуг па паказе фільмаў, новае Палажэнне аб Міністэрстве культуры, прызнаны страціўшымі сілу больш за 100 нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню.

У мэтах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2015 г. № 485 “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў” Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынята пастанова ад 5 сакавіка 2016 г. № 185 “Аб мерах па рэалiзацыi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 снежня 2015 г. № 485”.

Прыняты 7 пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях культуры і больш за 50 пастаноў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё сферы культуры

На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады з бюджэтаў запланавана выдзеліць каля 2,5 млрд рублёў.

Аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) у 2016 годзе склаў 386,6 млн рублёў, ці 0,4 % ад ВУП (у 2015 г. — 0,39 %).

Выдаткі на культуру за кошт бюджэтнага фінансавання з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы пры ўстаноўленым нарматыве 1,3 базавай велічыні склалі 1,7 базавай велічыні, у тым ліку ў Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях і г.Мінску 1,8 базавай велічыні; у Віцебскай і Мінскай абласцях —1,7; у Брэсцкай вобласці — 1,5 базавай велічыні.

Сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый, склалі 133,9 млн рублёў, што на 8,9 % больш, чым у 2015 годзе (123,0 млн руб.). Найбольшы рост даходаў забяспечаны ў Мінскай (122,3 %), Гомельскай (113,7 %) і Брэсцкай (109,8 %) абласцях. У Гродзенскай вобласці атрыманы даходы амаль на ўзроўні мінулага года (103,1 %). Агульная сума спонсарскай дапамогі за 2016 год склала 6,2 млн рублёў (2015 год — 6,0 млн руб.).

За 2016 г. (па папярэдніх даных) аб’ём экспарту паслуг склаў 4,4 млн долараў ЗША; сальда па знешнім гандлі паслугамі прагназуецца станоўчым — каля 3,0 млн долараў ЗША. Найбольшы аб’ём экспарту паслуг забяспечаны ўстановамі адукацыі. У параўнанні з 2015 годам узрос аб’ём экспартных паслуг у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Гомельскім цырку, музеі “Замкавы комплекс “Мір”, пры гэтым зменшыўся аб’ём экспарту паслуг Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры за студзень — снежань 2016 г. склала 440,8 рублёў. Рост сярэднямесячнай заработнай платы за год склаў 5,6 %.

Кадры культуры

Штатная колькасць арганізацый культуры на 1 студзеня 2017 года складае 55 тысяч адзінак. Скарачэнне ў параўнанні з 2014 годам склала 2,1 %. У 2016 годзе былі скарочаны 253 клубы, бібліятэкі і іншыя ўстановы, а таксама 702,5 штатныя адзінкі.

Доля работнікаў з вышэйшай адукацыяй за 2016 год павялічылася на 1,3 % і складае 43,3 % ад агульнай колькасці работнікаў; сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць 34,6 %; прафесійна-тэхнічную — 7,5 %; агульную сярэднюю — 14,0 % (зменшылася на 1,3 %), агульную базавую — 0,7 %. Такім чынам, доля работнікаў з вышэйшай адукацыяй з 2011 г. павялічылася больш чым на 10,0 %.

Узроставая структура кадравага складу практычна не мяняецца: 23,2 % складаюць работнікі маладога ўзросту, да 31 года. Група 32 — 55 гадоў — 52,1 %, 55 гадоў і старэй — 24,8 %. На 0,5 % адбыўся прырост спецыялістаў маладога ўзросту і на 0,4 % зменшылася доля работнікаў старэйшай узроставай катэгорыі.

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь павялічыўся з 5 532 да 5 552 гісторыка-культурных каштоўнасцей, з якіх 5 352 — матэрыяльныя нерухомыя, 89 — матэрыяльныя рухомыя, 111 — нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека.

У 2016 г. выдадзена 392 заключэнні па навукова-праектнай дакументацыі, прадстаўленай на ўзгадненне Міністэрству культуры (368 — у 2015 г.), 702 дазволы на правядзенне навукова-праектных і рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях (750 — у 2015 г.). Па завершаных рэстаўрацыйна-аднаўленчых работах на аб’ектах спадчыны выдадзена 106 заключэнняў аб уводзе ў эксплуатацыю (107 — у 2015 г.). Для забеспячэння аховы аб’ектаў спадчыны Міністэрствам культуры зацверджаны 35 праектаў зон аховы, што ў 2 разы больш, чым у 2015 годзе.

Міністэрствам культуры праведзены агляд 87 матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, накіраваны 25 прадпісанняў (12 — у 2015 г.), праведзены 2 пазапланавыя праверкі і складзены 17 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

На 11-ю сесію Міжурадавага камітэта нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Беларусь прадставіла элемент “Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)”.

Сумеснай беларуска-літоўскай рабочай групай выконваліся даследаванні і выпрацоўка прапаноў па рэстаўрацыі, прыстасаванні да наведвання крыпты рода Радзівілаў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, вынікі якой падведзены на канферэнцыі ў жніўні і лістападзе 2016 года.

Арганізавана рэстаўрацыя 5 бетонных скульптур павільёна “Рэспубліка Беларусь” на тэрыторыі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў г.Маскве. Якасць выкананых работ была адзначана дыпломам лаўрэата конкурсу “Маскоўская рэстаўрацыя-2016”, якім узнагароджаны Урад Рэспублікі Беларусь за лепшую арганізацыю рэстаўрацыйных работ на аб’екце культурнай спадчыны.

Прафесійнае мастацтва

У 2016 г. тэатральна-відовішчнымі і канцэртнымі арганізацыямі праведзены 15 560 мерапрыемстваў (у 2011 г. — 15 517, у 2012 г. — 15 402, у 2013 г. — 14 658, у 2014 г. — 14 425, у 2015 г. — 16 431).

Колькасць наведванняў тэатральна-відовішчных і канцэртных арганізацый у 2016 г. склала 4 797 863 (у 2011 г. — 3 280 488, у 2012 г. — 3 419 525, у 2013 г. — 3 337 870, у 2014 г. — 3 357 553, у 2015 г. — 4 973 215).

Тэатральнае мастацтва

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў, з іх 27 — сістэмы Міністэрства культуры (2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных) і 1 — сістэмы Міністэрства абароны (Драматычны тэатр Беларускай Арміі). Статус “нацыянальны” маюць 4 тэатры, звання “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” удастоены 10 тэатраў.

У 2016 годзе праведзена 9 598 паказаў спектакляў, што на 296 паказаў больш, чым у 2015 годзе (9 302 паказы): рэспубліканскія тэатры — 1 955, Брэсцкай вобласці — 1 039, Віцебскай вобласці — 663, Гомельскай вобласці — 1 318, Гродзенскай вобласці — 1 331, Мінскай вобласці — 523, Магілёўскай вобласці — 1 486, г. Мінска — 1 283.

Колькасць наведванняў спектакляў склала 1 823 316 чалавек, што на 82 141 чалавека менш, чым у 2015 годзе (1 905 457 чалавек): рэспубліканскія тэатры — 572 620, Брэсцкай вобласці — 160 468, Віцебскай вобласці — 80 422, Гомельскай вобласці — 202 781, Гродзенскай вобласці — 220 500, Мінскай вобласці — 45 328, Магілёўскай вобласці — 223 265, г. Мінска — 317 932.

Прафесійнымі тэатральнымі калектывамі краіны пастаўлена парадка 124 прэм’ерных спектакляў, праведзены міжнародныя тэатральныя фестывалі і форумы: “М@rt-кантакт“, ”Белая Вежа“,”ТэАРТ“.

Адметнай падзеяй у нацыянальным сцэнічным мастацтве стаў ІV Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная тэатральная прэмія”.

У гонар 525-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара Францыска Скарыны і да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ААТ “Беларусбанк” у 2016 годзе праведзены конкурс сучаснай драматургіі “Францыск Скарына і сучаснасць”.

Тэатральныя гастролі адбыліся ў Арменіі, Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Балгарыі, Германіі, Францыі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне і іншых краінах свету.

Па выніках 2016 года спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва адзначаны аўтарскія калектывы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Музычнае, харэаграфічнае і цыркавое мастацтва

Канцэртную дзейнасць ажыццяўляюць 21 дзяржаўная канцэртная арганізацыя (6 — рэспубліканскага падпарадкавання і 15 — мясцовага падпарадкавання). За 2016 г. у канцэртных арганізацыях прайшло каля 250 канцэртных праграм.

У 2016 годзе праведзена 6 990 канцэртных праграм, што на 139 праграм менш, чым у 2015 годзе (7 129,25): рэспубліканскія канцэртныя арганізацыі — 1 760, Брэсцкай вобласці — 864, Віцебскай вобласці — 504, Гомельскай вобласці — 754, Гродзенскай вобласці — 1 209, Мінскай вобласці — 79, Магілёўскай вобласці — 741, г. Мінска — 1 079.

Колькасць наведванняў канцэртных праграм склала 2 974 547 чалавек, што на 93 211 чалавек менш, чым у 2015 годзе (3 067 758 чалавек): рэспубліканскія канцэртныя арганізацыі — 323 644, Брэсцкай вобласці —
110 153, Віцебскай вобласці — 97 109, Гомельскай вобласці — 218 325, Гродзенскай вобласці — 756 800, Мінскай вобласці — 37 856, Магілёўскай вобласці — 168 668, г. Мінска —
1 261 992.

Паводле дзяржаўнага заказу за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту было набыта больш за 140 сачыненняў беларускіх кампазітараў розных жанраў на суму 61 341,0 рублёў (2011 г. — 16,0 тыс. руб.; у 2012 г. — 25,0 тыс. руб., у 2013 г. — 17,0 тыс. руб.; у 2014 г. — 17,0 тыс. руб.; у 2015 г. — 39,5 тыс. руб.).

Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за пастаноўку оперы “Царская нявеста” М.Рымскага-Корсакава. Спектаклі тэатра, вядучыя салісты былі ўдастоены Нацыянальнай тэатральнай прэміі па шэрагу намінацый. У тэатры адбыліся 7 прэм’ер (3 оперы і 4 балеты).

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі створана каля 114 новых канцэртных праграм, праведзены 1 438 канцэртаў (план — 1 403), атрыманы даход у памеры 1 903 240,43 руб. (план — 1 767 977). Канцэртныя праграмы наведалі 145 904 гледачы (план — 108 440), праведзены гастролі ў 15 замежных краінах, за мяжой былі прадстаўлены 74 канцэрты. Прыцягнуты 68 248 рублёў спонсарскіх сродкаў, якія былі выкарыстаны на набыццё музычных інструментаў і абсталявання.

Актыўна і плённа дзейнічаюць найбуйнейшыя творчыя калектывы: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”. Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі прадставіў беларускае харэаграфічнае мастацтва на Міжнародным фестывалі “Залаты Віцязь”. Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры” праведзены канцэрты ў Парыжы і Ліёне (Францыя), у Мінску была прадстаўлена новая канцэртная праграма “Акустычны канцэрт у Верхнім горадзе”.

Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Я.Фінберга пры падтрымцы аблвыканкамаў праведзена больш за 10 фестываляў у рэгіёнах і творчых праектаў у Мінску. Калектывам створаны 4 новыя канцэртныя праграмы і 2 праграмы адноўлены.

У рэспубліцы ажыццяўляюць дзейнасць два цыркі. Дзяржаўным Мінскім цыркам у 2016 г. праведзены 244 цыркавыя прадстаўленні, створаны 4 новыя праграмы, працэнт запаўняльнасці глядзельнай залы — 86,41 %, цырк наведала — 342 633 чалавекі.

Гомельскім дзяржаўным цыркам праведзены 133 цыркавыя прадстаўленні, створана 6 новых праграм, працэнт запаўняльнасці глядзельнай залы — 85,7 %, цырк наведалі — 174 228 чалавек.

Калектыў установы культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Відовішчна-культурны комплекс “Гомельскі дзяржаўны цырк” узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное, манументальнае мастацтва і дызайн

У 2016 годзе вялася работа па падтрымцы і развіцці мастацтва шляхам арганізацыі выставачных экспазіцый, стварэнні новых твораў мастацтва, актывізацыі дзейнасці мастацка-экспертных саветаў і камісій.

Грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз мастакоў” праведзены 6 рэспубліканскіх мастацкіх выстаў, больш за 300 персанальных.

Дзяржаўнай установай змяшанага тыпу “Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь” у 2016 годзе былі праведзены 353 мерапрыемствы.

Для папаўнення фондаў рэспубліканскіх і рэгіянальных музеяў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Міністэрствам культуры набыты творы 49 мастакоў на суму 327,0 тыс. рублёў (у 2015 г. — 312,0 тыс. рублёў), за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і пазабюджэтных сродкаў: у Брэсцкай вобласці — на суму 9,2 тыс. рублёў (у 2015 г. — 9,5 тыс. рублёў), Віцебскай — 15 688,0 рублёў (у 2015 г. — 12,6 тыс. руб.), Гомельскай — 20 345,0 рублёў (у 2015 г. — 23,0 тыс. руб.), Гродзенскай — 20 000,0 рублёў (у 2015 г. — 20,0 тыс руб.), Мінскай — 28 140,0 рублёў (у 2015 г. — 28,8 тыс. руб.), Магілёўскай — 3 572,2 рублёў (у 2015 г. — 12,6 тыс. руб.), г.Мінск — 104 010,0 рублёў (у 2015 г. — 71,5 тыс. руб.), што сумарна складае 200 905,2 рублёў (у 2015 г. — 157,5 тыс. руб.).

У 2016 годзе за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Міністэрствам культуры створаны і ўстаноўлены помнік Анастасіі Слуцкай у г.Слуцку (сумесна з мясцовым бюджэтам), мемарыяльная дошка В.Тураву ў г. Мінску.

Лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2016 г. стаў Вашчанка Канстанцін Гаўрыілавіч, мастак, член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” за мастацкае афармленне факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015 — 2016 гг. прысуджана аўтарскаму калектыву за стварэнне помніка Свяцейшаму Патрыярху Алексію ІІ.

Кінематаграфія

У 2016 годзе аб’ём мэтавых сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на фільмавытворчасць, склаў 6,2 млн рублёў (у 2015 годзе — 5,2 млн руб.). УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” (далей — кінастудыя) для вытворчасці фільмаў па сацыяльна-творчых заказах пералічаны 4,3 млн рублёў, з выкарыстаннем якіх завершана вытворчасць 21 фільма (3 — у ігравой форме, 9 — у неігравой і 9 — у анімацыйнай).

У другой палове 2016 года кінастудыя працавала са станоўчай рэнтабельнасцю, аднак не выканала наступныя паказчыкі бізнес-плана: выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг), страта ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг), рэнтабельнасць продажу, экспарт паслуг. Гэта абумоўлена памылкамі ў рабоце кіраўніцтва кінастудыі, а таксама незавершанасцю яе рэканструкцыі і мадэрнізацыі.

Праведзены 4 адкрытыя рэспубліканскія конкурсы кінапраектаў па актуальных сацыяльных тэмах. Вынікі першага абвешчанага ў 2016 годзе конкурсу будуць падведзены ў 2017 годзе.

З мэтай далейшага развіцця супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі беларускім бокам было ініцыянавана правядзенне сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Дзяржаўная кінасетка складаецца з 94 стацыянарных кінатэатраў (123 экранаў), 722 стацыянарных і мабільных кіна- і відэаўстановак. Абсталяванне для лічбавага паказу ўстаноўлена ў 67 кінатэатрах (91 кіназале). Адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя скарачэння кінасеткі і колькасці наведванняў месцаў кінапаказу. У 2016 г. колькасць наведванняў у дзяржаўнай кінасетцы склала 12,4 млн (на 747,4 тыс. менш, чым у 2015 г.). У параўнанні з 2012 г. колькасць наведванняў месцаў кінапаказу зменшылася на 3,6 млн або на 22,5 % (2012 г. — 16,0 млн; 2013 г. — 16,3 млн; 2014 г. — 14,9 млн; 2015 — 13,3 млн). Скарачэнне колькасці наведванняў адбылося ў г.Мінску і ва ўсіх абласцях, за выключэннем Брэсцкай і Гродзенскай. На зніжэнне паказчыка паўплывала канкурэнцыя з боку недзяржаўнай кінасеткі, недастатковыя тэмпы мадэрнізацыі кінатэатраў і пераходу на сучасныя тэхналогіі кінапаказу, недахопы ў інфармацыйна-рэкламнай рабоце.

Тым не менш, даходы дзяржаўнай кінасеткі штогод павялічваюцца. У 2016 годзе ад кінапаказу і іншых відаў паслуг атрыманы 34,4 млн рублёў, што на 5,8 млн рублёў больш, чым у 2015 годзе.

Адбыліся Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, XXIIІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Беларускія фільмы прынялі ўдзел у 20 замежных кінафестывалях, дзе былі адзначаны 13 узнагародамі.

Музеі, бібліятэкі, клубныя ўстановы, народная творчасць

Бібліятэкі

У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працуюць 2 675 бібліятэк, у тым ліку Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 6 абласных, 2 668 публічных бібліятэк (у Брэсцкай вобласці — 492, Віцебскай — 479, Гомельскай — 497, Гродзенскай — 314, Магілёўскай — 393, Мінскай — 456, Мінску — 43). Функцыянуе 506 інтэграваных (аб’яднаных у сельскай мясцовасці школьных і публічных) бібліятэк. Нестацыянарныя формы інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання аказваюць 104 бібліёбусы.

У параўнанні з 2015 г. колькасць наведванняў бібліятэк у 2016 г. павялічылася на 5,0 % (у параўнанні з 2011 г. — на 8,3 %).

У 2016 годзе зменшаны з 15 % да 12 % нарматыў сродкаў, якія накіроўваюцца на камплектаванне, ад выдаткаў на ўтрыманне бібліятэк. У цэлым у 2016 годзе па рэспубліцы нарматыў выкананы. Аднак у сярэднім па рэспубліцы доля сродкаў, якія накіроўваюцца на падпіску перыядычных выданняў, складае каля 70 %, а ў асобных выпадках больш за 90 % ад сродкаў, выдаткаваных на камплектаванне, што адмоўна адбіваецца на якасці камплектавання.

Камп’ютарызавана 83,3 % агульнай колькасці публічных бібліятэк рэспублікі (+35,3 % у параўнанні з 2011 годам). Да сеткі інтэрнэт падключаны 71,8 % публічных бібліятэк (+31,6 %). Электронную пошту маюць 71,0 % бібліятэк (+33 %).

Праведзены V Міжнародны кангрэс ”Бібліятэка як феномен культуры“ (г.Мінск), ХІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ”Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі“ (г.Мінск), рэспубліканскі конкурс ”Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры“ і іншыя.

Музеі

У сістэме Міністэрства культуры дзейнічае 151 музей, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 19, Віцебскай  — 28, Гомельскай — 26, Гродзенскай — 18, Магілёўскай — 25, Мінскай — 23, г.Мінску — 2 і рэспубліканскага падпарадкавання  — 10.

Асноўны музейны фонд павялічыўся на 9,3 % у параўнанні з 2011 г., на 1,5 % у параўнанні з 2015 г. і склаў 3 251 844 музейных прадметаў.

Колькасць наведванняў музеяў штогод павялічваецца. У 2016 г. колькасць наведванняў музеяў склала 6 236 664 чал., что больш на 1 233 157 (19,8 %) чым у 2011 г. або на 78 539 (1,3 %), чым у 2015 г., у тым ліку музеяў Брэсцкай вобласці — 492 037, Віцебскай — 701 699, Гомельскай — 710 891, Гродзенскай — 494 291, Магілёўскай — 463 857, Мінскай — 574 248, г.Мінска — 99 926, музеяў рэспубліканскага падпарадкавання — 2 699 715.

Наведванне музеяў адбываецца нераўнамерна па краіне. Больш высокім патэнцыялам для наведвальнікаў валодаюць музеі рэспубліканскага падпарадкавання (43,3 % ад агульнай колькасці наведванняў).

Створаны новыя экспазіцыі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча — філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і на мемарыяльнай сядзібе “Альбуць”, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі і музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, у Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання — філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, у Дзяржынскім, Старадарожскім раённых музеях Мінскай вобласці, у Быхаўскім, Дрыбінскім, Краснапольскім раённых музеях Магілёўскай вобласці. Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рэалізаваны праект “Мабільны музей”.

Сярод найбольш буйных выставачных праектаў 2016 года трэба адзначыць выстаўкі “Іканапіс Беларусі XVII — XXI стагоддзяў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” у Музеях Ватыкана і “Беларускія абразы. Таінства часу i духу” ў музеі Эль Грэка (г.Таледа, Іспанія), выставачны праект “Беларусь і беларусы” Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, які шырока экспанаваўся за мяжой.

Значнай падзеяй у музейнай справе рэспублікі стаў ІІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, у якім узялі ўдзел больш за 100 музеяў Беларусі.

Клубы і народная творчасць

У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь функцыянуе 2 661 клубная ўстанова (з іх юрыдычных асоб — 176), у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 496, Віцебскай — 426, Гомельскай — 554, Гродзенскай — 300, Магілёўскай — 379, Мінскай — 506.

За 2016 г. колькасць клубных устаноў скарацілася на 116 адзінак (ці 4,2 %); у параўнанні з 2011 г. гэта менш на 729 адзінак (ці 27 %). З агульнай колькасці скарочаных у 2016 г. клубных устаноў — 62 знаходзяцца ў аграгарадках (у Гродзенскай вобласці — 23, Мінскай — 19, Віцебскай — 11, Магілёўскай — 8, Брэсцкай — 1).

У сувязі з аптымізацыяй сеткі клубных устаноў, значна павялічылася нагрузка на аўтаклубы па культурным абслугоўванні сельскіх населеных пунктаў, колькасць якіх складае 100 адзінак (Брэсцкая вобласць — 15, Віцебская — 18, Гомельская — 20, Гродзенская — 7, Магілёўская — 21, Мінская — 19). З 2013 г. колькасць аўтаклубаў засталася на ранейшым узроўні. 15,3 % раёнаў не забяспечаны перасоўнымі транспартнымі сродкамі.

Пры клубных установах працуе каля 22 тыс. клубных фарміраванняў, якія аб’ядноўваюць больш за 224 тыс. удзельнікаў.

За 2016 г. колькасць клубных фарміраванняў скарацілася на 676 адзінак (-3 %), у параўнанні з 2011 г. гэта менш на 947 (-4 %). Каля 69 % клубных фармаванняў адносяцца да калектываў мастацкай творчасці. Менавіта яны забяспечваюць у значнай меры абслугоўванне насельніцтва канцэртнымі і выставачнымі мерапрыемстамі.

У 2016 годзе клубнымі ўстановамі праведзена звыш 500 тысяч мерапрыемстваў (у тым ліку з удзелам аматарскіх калектываў мастацкай творчасці больш за 120 тысяч канцэртаў і спектакляў, 45 тысяч тэатралізаваных народных святаў і абрадаў, 40 тысяч выставак твораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).

На пачатак 2017 г. у рэспубліцы налічваецца 1 900 “народных”, “узорных” калектываў і 98 заслужаных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці. За мінулы год найменне “народны”, “узорны” прысвоена 61 калектыву, званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” прысвоена 5 калектывам.

У рэспубліцы створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця народных мастацкіх рамёстваў. У галіне культуры працуе каля 100 Дамоў (цэнтраў) рамёстваў; налічваецца 2,5 тысяч гурткоў, курсаў, майстэрняў, лабараторый па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Знакавымі ў 2016 годзе сталі фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна, фестываль нацыянальных культур у Гродне, ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” і мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску. У межах фестывалю традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” праведзены харавая асамблея і конкурс беларускіх народных побытавых танцаў. Прынцыповыя змены ўнесены ў фармат правядзення Міжнароднага пленэру ганчароў у Столінскім раёне і Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” (“Лідскі вянок”). Праведзены Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” ў Магілёве.

У мінулым годзе значна актывізавана работа з грамадскімі аб’яднаннямі інвалідаў. У сярэднім каля 100 мерапрыемстваў з удзелам калектываў і выканаўцаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі прайшлі ў кожным з рэгіёнаў Беларусі.

У мэтах падтрымкі нацыянальна-культурных аб’яднанняў рэспублікі праведзена сумесна каля 500 тэматычных мерапрыемстваў.

Грамадскім аб’яднанням беларусаў замежжа і культурным цэнтрам Беларусі за мяжой перададзена 144 камплекта нацыянальных касцюмаў, больш за 20 камплектаў кніг, сувенірная прадукцыя з беларускай сімволікай. Праведзена творчая стажыроўка для 15 кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларусаў замежжа з дзевяці краін свету.

Адукацыя ў сферы культуры

Сетка ўстаноў адукацыі ў сферы культуры складаецца з 451 установы (424 дзіцячыя школы мастацтваў (далей — ДШМ), 21 установа, што ажыццяўляе рэалізацыю адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі (далей — УССА), 3 установы вышэйшай адукацыі (далей — УВА), 3 установы дадатковай адукацыі дарослых.

У 2016 г. сетка ДШМ скарацілася на 6 адзінак і склала 424 ДШМ (у 2015 г. — 430, у 2011 г. — 523). Кантынгент навучэнцаў ДШМ у 2016 г. склаў
114 614 чалавек, што на 1 456 чалавек больш, чым у 2015 г.

У 2016 г. 11,6 % выпускнікоў ДШМ паступілі ва УССА і УВА ў сферы культуры (у 2015 г. — 12,2 %).

У 2016 г. ва УССА прынята 1 414 чалавек (у 2015 — 1 449 чалавек, у 2011 — 1 893 чалавекі). Кантрольныя лічбы прыёму на бюджэтныя месцы выкананы на 99,8 % (дзённая форма навучання) і 96 % (завочная форма навучання).

Выпуск спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у 2016 г. склаў 1 386 чалавек (у 2015 г. — 1 391 чалавек, у 2011 г. — 1 706 чалавек). 71 % выпускнікоў, якія падлягалі размеркаванню (накіраванню на працу), атрымалі першае працоўнае месца, 29 % прадоўжылі навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

У 2016 годзе ўстановы вышэйшай адукацыі ў сферы культуры на 100 % выканалі кантрольныя лічбы прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

У лік студэнтаў залічаны 1 251 абітурыент (у 2015 годзе — 1 299, у 2011 годзе — 1 871 абітурыент). Па выніках прыёмнай кампаніі ва УВА агульная конкурсная сітуацыя склала 2,3 чалавекі на месца (у 2015 годзе  — 2,1).

Выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у 2016 годзе склаў 1 477 чалавек (у 2015 г. — 1 499). Размеркаваны 100 % выпускнікоў УВА, якія падлягалі размеркаванню.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Інстытут культуры Беларусі” (далей — Інбелкульт) выканала план павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галіны ў 2016 годзе на 103,4 %. План перападрыхтоўкі Інбелкультам выкананы на 92,5 %.

Навуковая дзейнасць

У сферы культуры ажыццяўляюць дзейнасць 5 навуковых арганізацый. У 2016 годзе пацвердзіў статус навуковай арганізацыі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

У 2016 годзе завершаны 6 навуковых даследаванняў у рамках Тэматычнага плана навуковых даследаванняў і распрацовак, накіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (у 2015 годзе — 8). Таксама ў 2015 годзе завершаны 12 навуковых заданняў у рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады).

Праведзены 8 навуковых мерапрыемстваў па развіцці дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі (у 2015 годзе правядзенне навуковых, навукова-практычных мерапрыемстваў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту не фінансавалася).

Ажыццяўлялася падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. У 2016 годзе кантрольныя лічбы прыёму ў аспірантуру і дактарантуру за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту выкананы на 94,6 %. БДА мастацтваў не выкананы кантрольныя лічбы прыёму ў дактарантуру.

Колькасць асоб, якія навучаліся ў 2016 годзе ў аспірантурах і дактарантурах, склала 221 чалавек. Накіравана на работу 100 % выпускнікоў аспірантур і дактарантур, якія падлягалі накіраванню на работу.

У 2016 годзе 1 выпускнік аспірантуры абараніў дысертацыйнае даследаванне ў тэрмін навучання. 19 выпускнікоў — у трохгадовы тэрмін, які ўстаноўлены заканадаўствам.

Грамадскія аб’яднанні і творчыя саюзы

У складзе Канфедэрацыі творчых саюзаў налічваецца 13 грамадскіх аб’яднанняў агульнай колькасцю звыш 9 тыс. чалавек. У 2016 годзе да Канфедэрацыі далучылася грамадская суполка фатографаў.

Сумесная дзейнасць Міністэрства культуры і творчых саюзаў вядзецца па некалькіх асноўных напрамках: фінансаванне найбольш важных сумесных мерапрыемстваў; прыцягненне членаў саюзаў да ўдзелу ў рабоце грамадскіх камісій, саветаў фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, таленавітай моладзі, экспертных саветаў па розных відах мастацтва; адрасная фінансавая падтрымка творчых людзей шляхам вылучэння грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, удзел у культурных мерапрыемствах.

За 2016 год Беларускім саюзам мастакоў праведзены 7 буйных рэспубліканскіх выставак, сярод якіх: Трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Factum est factum”, Біенале “Пастулат”; V Біенале жывапісу, графікі, скульптуры, “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам”. У рэспубліканскай мастацкай галерэі праведзены 25 персанальных выставак мастакоў. Больш за 300 персанальных выставак экспанаваліся ў выставачных цэнтрах Мінска, абласных і раённых гарадах. Арганізаваны Нацыянальны фестываль архітэктуры, у рамках якога была праведзена выстава “Скульптура ў гарадскім асяроддзі”.

У 2016 годзе Беларускі саюз дызайнераў стаў арганізатарам 5 творчых праектаў, сярод якіх III Біенале “Пастулат”. Выдадзены даведнік “Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы”, у які ўвайшлі даныя аб вядучых дызайнерах, а таксама аб аб’ектах матэрыяльнай культуры Беларусі.

Беларускі саюз музычных дзеячаў выступіў у якасці сузаснавальніка і арганізатара Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў народнай песні “Жывая крыніца”, садзейнічаў у арганізацыі больш за 200 канцэртаў на сцэнічных пляцоўках краіны.

У творчыя саюзы ідзе актыўны прыток моладзі. У 2016 годзе ў склад Праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз кампазітараў” увайшлі маладыя кампазітары і музыказнаўцы.

Фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

За 2016 год узнагародамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны 169 прадстаўнікоў таленавітай моладзі і 18 калектываў мастацкай творчасці, аказана матэрыяльная дапамога 56 прадстаўнікам творчай моладзі, выдзелены гранты на ажыццяўленне 5 творчых праектаў. На гэтыя мэты са сродкаў фонду выдзелены 598 215 рублёў. Банк даных таленавітай моладзі ўтрымлівае звесткі аб 669 грамадзянах і 188 калектывах.

За 5 гадоў (2012 — 2016) узнагародамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны 855 прадстаўнікоў таленавітай моладзі і 83 калектывы мастацкай творчасці, у тым ліку ў: 2012 г. — 243 чалавекі і 15 калектываў; 2013 г. — 144 чалавекі і 16 калектываў; 2014 г. — 91 чалавек і 17 калектываў; 2015 г. — 208 чалавек і 17 калектываў; 2016 г. — 169 чалавек і 18 калектываў. Матэрыяльную дапамогу атрымалі 148 прадстаўнікоў творчай моладзі, у тым ліку ў: 2012 г. — 11 чалавек; 2013 г. — 18 чалавек; 2014 г. — 18 чалавек; 2015 г. — 45 чалавек; 2016 г. — 56 чалавек.

Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі выдзелены гранты на ажыццяўленне 40 творчых праектаў на суму 943 045,9 рублёў. Усяго за 5 гадоў на падтрымку таленавітай моладзі са сродкаў фонду выдзелены 1 366 955,4 рублёў, у тым ліку ў: 2012 г. — 137 483,3 рублёў; 2013 г. —
271 273,1 рублёў; 2014 г. — 147 056,0 рублёў; 2015 г. — 212 928,0 рублёў; 2016 г. — 598 215,0 рублёў.

У 2016 годзе са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелены 511 125,5 рублёў на фінансаванне творчых праектаў.

Па выніках 2016 года прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Міжнароднае культурнае супрацоўніцтва

У 2016 годзе актыўна развівалася міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры. Дні беларускай культуры былі праведзены ў Расійскай Федэрацыі, Турэцкай Рэспубліцы, Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы. У Рэспубліцы Беларусь прайшлі Дні культуры Рэспублікі Арменія, Туркменістана, Дні культуры і кіно Эстонскай Рэспублікі, Таджыкістана.

За 2016 год падпісаны 9 міжнародных пагадненняў і праграм узаемадзеяння аб супрацоўніцтве ў сферы культуры з замежнымі краінамі.

Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Злучаных Штатаў Амерыкі аб ахове і захаванні некаторых культурных каштоўнасцей, падпісанае ў верасні 2016 года, стала першым за 20 гадоў пагадненнем паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Вядзецца актыўнае супрацоўніцтва з Кітаем. Адкрыты Цэнтр культуры КНР у г.Мінску. На пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД у г. Астане Рэспубліка Беларусь выбрана старшынёй у Савеце на тры гады.

Міністр культуры зацверджаны кіраўніком беларускай часткі рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Пермскага краю Расійскай Федэрацыі.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сферы культуры

У 2016 годзе працягвалася работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання.

Адпаведна з вылучанымі сродкамі ўстановамі культуры рэспубліканскага падпарадкавання ў 2016 годзе былі набытыя музычныя інструменты, кінатэхналагічнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура на агульную суму 910,3 тыс. рублёў.

Неабходна адзначыць, што з улікам эканамічнай сітуацыі ў 2016 годзе арганізацыі культуры рэспубліканскага падпарадкавання шырэй выкарыстоўвалі практыку закупкі абсталявання і музычных інструментаў за кошт уласных сродкаў. Усяго за кошт уласных сродкаў было набыта абсталявання і музычных інструментаў на агульную суму 948,0 тыс. рублёў, у тым ліку музычных інструментаў — на 539,0 тыс. рублёў.

Арганізацыямі культуры абласнога падпарадкавання былі набыты музычныя інструменты і іншае абсталяванне на агульную суму 6 202,9 тыс. рублёў, у тым ліку за кошт уласных сродкаў — на суму 2 623,5 тыс. рублёў.

Адпаведна з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2016 год Міністэрству культуры выдзелены сродкі ў суме 5 240,3 тыс. рублёў, якія асвоены ў поўным аб’ёме.

Будаўніча-мантажныя і рэстаўрацыйныя работы па праграме вяліся на 10 аб’ектах, з іх 3 аб’екты — рэспубліканскай уласнасці і 7 аб’ектаў — камунальнай уласнасці.

Аб’екты “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела ў г. Нясвіж, у тым ліку першая чарга — рэканструкцыя і рэстаўрацыя кроквеннай сістэмы даху і купалоў” і “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя Свята-Пакроўскага жаночага манастыра ў г.Талачыне, Віцебскай вобласці. Карэкціроўка праекта” ўведзены ў эксплуатацыю ў жніўні і снежні 2016 года адпаведна.

Мясцовым бюджэтам па капітальным укладанням выдзелена 19 448,6 тыс. рублёў, што асвоена цалкам.

Завершана будаўніцтва інтэрната ўстановы адукацыі “Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі”, Бярозаўскага гарадскога Дома культуры, сельскага Дома культуры ў аграгарадку Чарневічы Глыбоцкага раёна, раённага Дома культуры ў г.Чэрыкаў Магілёўскай вобласці.

З рэспубліканскага бюджэту на капітальны рамонт выдзелена 2 284,2 тыс. рублёў, асвоена 2 283,6 тыс. рублёў. Не асвоена 0,6 тыс. рублёў. Работы па капітальным рамонце вяліся на 13 аб’ектах. Завершаны рамонт у будынку Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, музеі архітэктуры і побыту (царква); вяліся работы ў будынках філіяла Музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве, Гомельскім цырку. Уведзена ў эксплуатацыю першая чарга навучальнага корпуса № 1 Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Працягваліся рэстаўрацыйна-рамонтныя работы на Лідскім і Навагрудскім замках, вяліся работы на аб’ектах “Кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурнай каштоўнасці — фрагментаў замка XIV ст. у в.Крэва, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць” і “Кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй і выкарыстаннем руін былога замка Сапегі з фрагментамі абарончых збудаванняў у аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна”.

На капітальны рамонт мясцовым бюджэтам было прадугледжана 6 089,3 тыс. рублёў. Выдзеленыя асігнаванні асвоены ў поўным аб’ёме.

Інфармацыйнае забеспячэнне сферы культуры

У 2016 годзе забяспечана шырокае асвятленне ў СМІ мерапрыемстваў Года культуры і дзяржаўнай культурнай палітыкі.

Ва ўсіх цэнтральных друкаваных СМІ і іх інтэрнэт-версіях былі сфарміраваны тэматычныя рубрыкі, якія адлюстроўвалі асноўныя культурныя падзеі і мерапрыемствы Года культуры. Штодня матэрыялы выходзілі ў рэспубліканскіх СМІ, на сайтах БелТА і “Мінск-Навіны”, у эфіры Беларускага радыё, FM-станцый, у папулярных інтэрнэт-крыніцах, на сайтах Міністэрства культуры, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, устаноў культуры і ў сацыяльных сетках. Тэлеканал “Беларусь-3” з пачатку года ажыццявіў выпуск новых праектаў “Музеі Беларусі”, “Хіт-парад. Сто песень для Беларусі”, “Размаўляем па-беларуску”.

Даведачна: у 2016 г. тэматыцы Года культуры былі прысвечаны 84 публікацыі ў газеце “СБ: Беларусь сегодня”, 99 — у газеце “Звязда”, 59 — у газеце “Рэспубліка”, 106 сюжэтаў на тэлеканале “Беларусь-1”, 180 — на АНТ, 67 — на СТБ, 440 — на стужцы навін “БелТА”, 125 — на сайце інфармагенцтва “Мінск-Навіны”.

З удзелам намеснікаў міністра і спецыялістаў Міністэрства культуры з пачатку года праведзены 14 прэс-канферэнцый у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

З 1 жніўня 2016 г. дзейнічае абноўлены сайт Міністэрства з версіямі на трох мовах, версіяй для мабільных дадаткаў і людзей са слабым зрокам. Праводзіцца работа ў сацыяльных сетках, сфарміравана афіцыйная старонка Міністэрства ў “Twitter”.

Арганізацыі культуры маюць свае сайты, старонкі ў сацыяльных сетках (“ВКонтакте”, “Facebook”, “Twitter”, “Аднакласнікі” і іншыя). На пастаяннай аснове вядзецца маніторынг матэрыялаў аб дзейнасці сферы культуры ў СМІ і сетцы інтэрнэт, ажыццяўляецца рэагаванне на крытычныя і праблемныя матэрыялы.

Па выніках працы за 2016 год падпарадкаваным Міністэрству СМІ (газета “Культура” і часопіс “Мастацтва”) праз Міністэрства інфармацыі не аказвалася дзяржаўная падтрымка з рэспубліканскага бюджэту (як і ў 2013 — 2015 гг.), што сведчыць аб дастаткова эфектыўных фінансава-эканамічных выніках працы рэдакцый.

 

Рэзюмуе віцэ-прэм’ер

 

Эфектыўнасць работы сферы культуры павінна быць павышана. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко на калегіі Міністэрства культуры Беларусі ў Бабруйску, паведамляе БелТА.

“Галіна мае высокі патэнцыял і трэба разумна ім распарадзіцца, а вынік, у першую чаргу, залежыць ад умення кіраўнікоў працаваць. Кіраўнік павінен быць мудрым”, — сказаў Васіль Жарко.

Паводле яго слоў, установы культуры павінны развівацца, каб не толькі не страціць гледача, чытача, але і прыцягваць больш публікі. “Сфера культуры павінна знаходзіць шляхі для зарабляння грошай, прапаноўваць праекты, якія будуць цікавыя вялікаму колу грамадскасці, — лічыць віцэ-прэм’ер. — Прыклады Мірскага і Нясвіжскага замкаў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета паказваюць, што культура можа зарабляць. Вядома, магчымасці гэтых устаноў культуры шырэйшыя, але трэба імкнуцца, шукаць варыянты арганізацыям усіх узроўняў. І для гэтага ва ўстановах культуры на 2017 год павінны быць распрацаваны дакладныя бізнес-планы, зацверджаныя ў вышэйшых інстанцыях”.

Павышэнне эфектыўнасці дзейнасці сферы культуры немагчыма таксама без разумнай аптымізацыі арганізацый на ўсіх узроўнях, дадаў Васіль Жарко. “Размова ідзе не аб тым, каб страціць людзей, а пра неабходнасць выбудаваць сістэму кіравання”, — сказаў віцэ-прэм’ер. Ён даручыў уважліва ацаніць, наколькі апраўдана функцыянаванне на тэрыторыі аднаго раёна дзвюх або трох устаноў з падобнымі функцыямі. Напрыклад, у Гарадку працуюць Дом культуры і Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, дзе працуюць амаль 150 чалавек. Кожная з гэтых устаноў мае штат кіраўнікоў, бухгалтэрыю, у той час як прынцыпова не зменіцца стан спраў, калі дзве структуры аб’яднаць. “Ва ўсім павінна быць разумная дастатковасць. Рашэнне аб закрыцці ўстаноў культуры трэба прымаць толькі пры ўмове згоды мясцовых жыхароў, для якіх бібліятэкі, дамы або цэнтры культуры часам становяцца ўстановамі сацыяльных паслуг”, — падагульніў Васіль Жарко.

Таксама БелТА паведамляе: адзіная сістэма кінапракату павінна быць выбудавана ў Беларусі. Адпаведнае даручэнне дадзена намеснікам прэм’ер-міністра Васілём Жарко на калегіі Міністэрства культуры Беларусі ў Бабруйску.

“У цяперашні час у 16 раёнах ёсць юрыдычныя асобы — унітарныя прадпрыемствы кінавідэапракату, у якіх працуюць па 5 — 6 чалавек, і толькі ў 4 раёнах такія прадпрыемствы ўваходзяць у склад клубных арганізацый”, — канстатаваў віцэ-прэм’ер. Ён прывёў у прыклад вопыт Мінска і Мінскай вобласці, дзе працуюць дзве сфармаваныя кінапракатныя арганізацыі, і рэкамендаваў выкарыстоўваць яго іншым прадпрыемствам.

Васіль Жарко таксама закрануў пытанне рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. “Гэты аб’ект павінен стаць для ўсіх адказных за яго асоб аб’ектам нумар адзін, а рэканструкцыю неабходна завяршыць ва ўстаноўлены тэрмін — да 7 лістапада”, — падкрэсліў ён. Віцэ-прэм’ер раскрытыкаваў падыходы ў арганізацыі рэканструкцыі, калі ў першую чаргу будавалася аўтабаза, а затым вытворчыя карпусы. “Цяпер неабходна ліквідаваць усе недахопы, і затым займацца творчасцю, каб ствараць брэнд краіны — беларускае кіно”, — падсумаваў ён.

 

Працяг публікацыі матэрыялаў выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб выніках правядзення Года культуры ў 2016 годзе і задачах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2017 годзе” -- у № 7.