Ён верыў у сваю пуцяводную Зорку…

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

У яго была рухавая лабільная нервовая сістэма — і інтэлектуальная, і эмацыйная. Усё прымаў блізка да сэрца. Часам давяряў людзям, якія яго жорстка падманвалі, і гэта прыносіла яму пякельны боль. Яго чалавечая прынцыповасць, імкненне дабіцца ва ўсім справядлівасці, нежаданне ісці на кампрамісы, канешне, не ўсім калегам былі па нораве, але ў гэтым плане ён быў нязменны.

/i/content/pi/cult/624/13867/12-1.jpgБывала, станавіўся непрадказальным, і сваімі няўрымслівымі ўчынкамі, якія тычыліся трымання нейкіх этычных і мастацкіх норм, мог іншы раз прывесці суразмоўцу ў збянтэжанасць. Потым, праўда, адходзіў, перажываў. Ён не дазваляў сабе ніякай нават самай дробнай нядбайнасці або фанабэрыстасці ні ў працы, ні ва ўзаемаадносінах з людзьмі. Прыязнасць, прыроджанае пачуццё такту, прыстойнасць, моц утрапёнай душы, рэдкая сумленнасць, непрыманне “агрэсіўнага”, так званага авангарднага жывапісу, — былі адметнымі рысамі яго натуры. Аднак пры любым раскладзе, калі яму спадарожнічаў поспех ці падступала роспач, у глыбіні душы заўсёды верыў у сваю пуцяводную зорку, у сваё прызначэнне на гэтай зямлі. Помню, як Эдуард радаваўся, калі Прэзідэнт краіны ў 2008 годзе, на другі дзень святкавання Вялікадня па каталіцкім календары, падараваў яго карціну “Касцёл у Жупранах” архікафедральнаму касцёлу Прасвятой Дзевы Марыі. І наогул заўсёды атрымліваў задавальненне, калі яго творы зазнавалі прызнанне спецыялістаў і грамадскасці. І сёння, разважаючы пра яго творчую спадчыну, скажу так: за сваё нядоўгае жыццё Эдуард змог выканаць сапраўдны прарыў у сферы выяўленчай культуры сучаснасці. І гэта не толькі мая прыватная думка…

Але дзе шукаць карані, якія парадзілі і ўзрасцілі гэты своеасаблівы талент? Што аказалася вырашальным пры фарміраванні духоўнага арганізму, што дапамагло здабыць сваю стылістыку, сваю пластыку, сваю вобразную мову? Хаця, на мой погляд, адказ на ўсе падобныя пытанні просты: Рымаровіча выгадавала маці-зямля Беларуская са сваёй шматпакутнай, гераічнай і трагічнай гісторыяй. І, канешне, выгадавалі яго бацькі, яго акадэмічныя настаўнікі на чале з маэстра Гаўрылам Вашчанкам, зрабіла ўплыў на яго мастакоўскую натуру і творчае акружэнне, у якое ўваходзілі народныя мастакі Леанід Шчамялёў і Уладзімір Тоўсцік: менавіта ён з імі часта раіўся ў працэсе стварэння сваіх твораў, асабліва манументальных.

Пранізлівыя лірычныя і эпічныя пейзажы, класічныя партрэты выдатных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага для адноўленага калегіума езуітаў у Оршы, роспіс для музея Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, дыярама для Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, вялікі цыкл габеленаў “Старадаўнія гарады Міншчыны” для Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне… Гэта толькі некаторыя “знакавыя” работы мастака. А яшчэ актыўная грамадская дзейнасць у Беларускім саюзе мастакоў на пасадзе старшыні рэвізійнай камісіі, моцнае захапленне паляваннем, памножанае на шчодрую любоў да прыроды… І ўсё гэта ён, Эдуард Рымаровіч, які толькі за апошнія пяць гадоў свайго жыцця паўдзельнічаў у дваццаці рэспубліканскіх і міжнародных выставах, а ў 2010 годзе яго персанальную экспазіцыю, арганізаваную Пятроўскай акадэміяй навук і мастацтваў, пабачылі жыхары горада на Няве.

Хачу падкрэсліць, што беларуская мінуўшчына вабіла мастака асабліва. У яго гістарычных карцінах і партрэтах “ажывае” мноства вобразаў нашых славутых продкаў. Гэта і роспіс на палатне “Выезд”, прысвечаны гістарычнай сустрэчы ў Брэсце польскага караля Ягайлы з вялікім князем літоўскім Вітаўтам напярэдадні бітвы з агульным ворагам — Тэўтонскім ордэнам; гэта і карціны “Усяслаў Чарадзей”, “Леў Сапега”, “Анджэй Казімір Завіша”, “Уладзіслаў ІV”, “Ян Сабескі”, “Грунвальдская бітва 1410 года”. І, дарэчы, адзін з адметных подпісаў унізе на апошняй карціне найбольш яскрава характарызуюць асобу і светапогляд самога аўтара: “Толькі ў таго, хто памятае сваю гісторыю, ёсць будучыня”.

Так, працаваў мастак неверагодна шмат. Аднойчы мы з мужам паспрабавалі падлічыць: колькі ж ён стварыў работ? Атрымалася штосьці каля дзвюх тысяч, уключаючы натурныя эцюды! І заўважце: амаль усе яны — пра родную Беларусь. А што ж тут здзіўляцца: ён працаваў, па магчымасці, кожны дзень з раніцы да позняга вечара. Вельмі не любіў, калі яго адцягвалі бытавыя ці іншыя надзённыя праблемы. Час, не выдаткаваны на творчасць, і на ўсё, што не звязана з работай у майстэрні і на пленэры, лічыў згубленым…

16 лютага 2017 года Эдуард мог бы адзначыць свой 60-гадовы юбілей. Але лёс распарадзіўся інакш і не даў яму магчымасці дажыць да гэтага дня… І сёння хачу згадаць добрым словам гэтага таленавітага творцу, цудоўнага чалавека, майго дарагога мужа і аднадумцу, і сказаць: людзі добрыя, захоўвайце памяць працаўнікоў цудоўнага, хто сваім мастацтвам прыносіў нам невымоўную радасць і пачуцці шчодрай любові да сваёй Бацькаўшчыны…

Галіна ГАЙКОВА, удава мастака