Пастка для спонсара

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

Мае суразмоўцы гэтым разам — камп’ютар ды інтэрнэт. Сёе-тое спатрэбілася і з асабістага журналісцкага досведу. Ну, напрыклад, тое, як я здзівіўся гадоў дзесяць таму, што кіраўнік адной з сельскагаспадарчых арганізацый на сяле рэгулярна даплачваў сваім работнікам за актыўны ўдзел у клубнай мастацкай самадзейнасці. І ў іх не ўзнікала ніякіх пытанняў наконт сутачных і камандзіровачных падчас выязных канцэртаў. Сёння пытанне “Як знайсці спонсара?” для работнікаў культуры можна смела перайначыць у пытанне сінанімічнае: “Як выжыць?”

/i/content/pi/cult/624/13866/5-1.jpgПраект днём — грошы ўвечары

Мы шмат пісалі пра фандрайзінг. А колькі яшчэ напішам! Спонсарcтва для маркетынгу як вада для рыбіны. Так, стварэнне і прасоўванне культурнага праекта амаль немагчымае без пэўнага інвеставання збоку. Калі ёсць што ствараць і прасоўваць, можна выйсці на “грантадаўчыя” замежныя фонды. Так працуюць у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама. Можна выкарыстаць магчымасці краўдфандынгавых сацыяльных платформ. Так працуюць, скажам, у Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі для ўвядзення новай выставачнай залы.

Карацей, работнік культуры сёння збольшага ведае, дзе шукаць спонсараў і гранты. Дарэчы, паспрабуйце набраць гэтае пытанне ў любым пошукавіку, і вам адразу прапануюць падборку сайтаў, якія рэкамендуецца пастаянна маніторыць у пошуках прыдатнага для вас адказу. Так, патрэбнае знойдзецца не адразу. Вось што пішуць на форумах спрактыкаваныя “паляўнічыя на спонсараў”: “Пошук крыніц фінансавання займае столькі ж часу, колькі і рэалізацыя вашага праекта”, “Калі ёсць гатовы праект, яго неабходна развіваць і прасоўваць да тых часін, пакуль спонсары не будуць знойдзены”, “Ёсць прафесійныя інвестыцыйныя кансультанты. Але такая паслуга каштуе немалых грошай”.

Вось я ідэаліст і мне бачыцца рубрыка ў нашай газеце: “Міжраённая фандрайзінгавая кансультацыя”, дзе аддзелы ІРКСМ навыперадкі спяшаюцца падзяліцца ўласным досведам у пошуках замежных спонсараў... Згодны — фантастыка! Такія спецыялісты сёння — як агенты пад прыкрыццём: ніколі не выдадуць тайны “залатога ключыка”. Канкурэнцыя! І чаму Інстытут культуры Беларусі не пераўтворыць яе ў дзейснае супрацоўніцтва? Даўно ўжо час стварыць рэспубліканскую фандрайзінгавую раду, дзе кожны аддзел ІРКСМ стане сябрам.

Гэта аддзелы… А калі гаворка пра сельскі дом культуры, сельскую бібліятэку ці іншую вясковую ўстанову культуры? Калі не памыляюся, ініцыятарам атрымання немалога гранта здолеў стаць толькі Дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна. Вельмі спадзяюся, што памыліўся і шчаслівы сельскі ўладальнік, напрыклад, еўрасаюзаўскіх інвестыцый мяне рашуча абвергне і распавядзе на старонках “К” пра свае фандрайзінгавыя поспехі. І расповед гэты будзе не столькі пра здольнасць адшукваць фінансавых партнёраў, колькі пра ўнікальны праект, без якога свет не быў бы такім цікавым.

Я цябе люблю, інвестар!

Калі пытанне тычыцца фінансаў, сельскі работнік культуры павінен быць не толькі мудрым, але і хітрым. Пры такім раскладзе ён цудоўна разумее, што фонды і гранты — далёка за мяжой, а пад бокам — спонсар, так бы мовіць, бліжэйшага кола. І ў большасці выпадкаў гэта — кіраўнік мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Як завабіць яго ў фандрайзінгавую пастку? Што пытанне актуальнае, сумнявацца не выпадае. За апошнія крызісныя гады журналісцкай працы мне надзвычай рэдка даводзілася бачыць, каб дырэктар СВК у фінансавай падтрымцы сваіх устаноў культуры ішоў далей за набыццё навагодніх цукерак ці дробных прызоў для клубных/бібліятэчных конкурсаў. Натуральна, актыўнасць такога роду спонсараў знаходзіцца ў прапарцыйнай залежнасці ад велічыні даходаў іх прадпрыемстваў. Але, мяркуючы па звестках у дзяржаўных СМІ, эканамічны крызіс на Беларусі пакрысе саступае і можна зноў памарыць пра “калгасныя” стыпендыі для клубных спевакоў ды бібліятэчных танцораў. Дык якая яна, навука па прывучэнні вясковага спонсара-інвестара?

Давялося пагартаць кнігі Дэйла Карнэгі “Мова поспеху”, “Як заваяваць сяброў і паўплываць на людзей”, а таксама прыслухацца да дваіх сваіх сыноў, якія не першы год працуюць маркетолагамі (урэшце, надышоў той шчаслівы час, калі яйкі пачалі вучыць пеўня). Дык вось. Вы бачылі ў сельскіх клубах ды бібліятэках з густам аформлены куточак “Нашы спонсары” (няхай і патэнцыйныя) з фотапартрэтамі, біяграфічнымі звесткамі і пералікам вытворчых поспехаў? Я, да прыкладу, з такім хараством пакуль не сустракаўся. А шкада. Гаворка не пра элементарнае заляцанне перад начальствам, а пра згаданую ўжо хітрасць работніка культуры па заваяванні спонсарскай душы. Вы ж адну справу робіце! Гэта першы раз дырэктар СВК і яго намеснікі прыйдуць на канцэрт і той маляўнічы куточак могуць не заўважыць. А ў другі раз заўважаць, спыняцца, здзівяцца і задумаюцца. У трэці ж раз званне пастараюцца апраўдаць на справе. Тут важна своечасова прапанаваць ім варты інвеставання праект, давесці, што без вашых крэатыўных паслуг арганізацыя ніяк не абыдзецца. Не забыцца б і на тое, каб павіншаваць кіраўніка (з дзяржаўным святам ці днём нараджэння) не толькі паштовачкай, але і арыгінальным канцэртным нумарам. У гэтым — праява элементарнай павагі да сацыяльных партнёраў, якімі з’яўляюцца, дарэчы, і калектывы ды кіраўнікі сельсавета, школы, дзіцячага садка, ФАПа… Толькі разам вы — сіла, толькі разам вы здольныя на многае. І напрыканцы — апошняя цытата з фандрайзінгавых сайтаў: “Для таго, каб знайсці спонсара, свайго анёла-захавальніка ў свеце бізнесу, варта апрача павагі прапанаваць яму штосьці ўзамен. Працэс — працаёмкі. Аднак іншых шляхоў няма”.

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"