Панацэя для рэліктавага кутка

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Нягледзячы на тое, што Паўночны завулак знаходзіцца амаль у цэнтры Мінска, многія гараджане — не кажучы ўжо пра турыстаў — нават не здагадваюцца пра яго існаванне. Прыроднае ўзвышша, на якім стаяць гэтыя невялічкія дамкі, адасоблена ад жыцця сучаснага мегаполіса, і таму чалавек можа праязджаць побач з завулкам безліч разоў, але ніколі яго не ўбачыць. Калі ж ён усё ж туды трапляе, дык моцна здзіўляецца — нібыта машына часу пераносіць яго ў стары драўляны Мінск. Сёння цяжка паверыць, што менавіта такім збольшага і быў наш горад гадоў сто таму.

/i/content/pi/cult/623/13856/4-2.jpgАднак ужо ў бліжэйшы час гэты рэліктавы закуток можа знікнуць. Не так даўно быў зацверджаны горадабудаўнічы праект, згодна з якім завулак, а таксама прылеглая да яго тэрыторыя, падаюцца як інвестыцыйная пляцоўка. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць пабудовы шматфункцыянальнага комплекса вышынёй да 30 паверхаў у непасрэднай блізкасці ад драўлянай аднапавярховай забудовы. І хаця самім дамкам, нібыта, знос не пагражае — яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, — непаўторная аўра можа быць знішчана ўшчэнт. Зрэшты, іх лёс таксама пакуль даволі няпэўны, прычым цягам ужо некалькіх дзесяцігоддзяў.

Наўзбоч ад чыгункі

Гісторыя завулка звязана з вельмі важнай для Мінска падзеяй — будаўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі. Уздоўж яе ў горадзе адно за другім узнікаюць прадмесці чыгуначнікаў: Ніжняя і Верхняя Ляхаўка, Уборкі, Добрыя Мыслі, Грушаўка, а затым і Паўночны завулак. У пачатку ХХ стагоддзя ён сфарміраваўся як частка прадмесця Пляшчанка (або Лютэранскага). Апрача гэтых дамкоў, да нашага часу ад яго дайшлі адно ўспаміны.

У пачатку ХХ стагоддзя завулак складаўся з двух кварталаў з 40 гарадскімі сядзібамі, кожная з якіх была арганізавана ў адпаведнасці з нормамі, прадугледжанымі “Будаўнічымі статутамі” таго часу. Паміж дамамі вытрымліваліся дзесяцісажанныя супрацьпажарныя разрывы, усе гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся ў глыбіні плошчаў.

Захаваныя да сённяшняга часу дамы завулка былі пабудаваныя ў розны час — ад 1904 да 1940 гадоў. У некаторых дасюль жывуць нашчадкі іх першых гаспадароў. Уладальнік аднаго з найстарэйшых (№ 14) Георгій Савацьевіч Шаўчэнка распавядае, што будаваў дом яго прадзед, служачы Лібава-Роменскай чыгункі Мікалай Яраш, ды ахвотна паказвае яго партрэт, які збярогся ў сямейнай калекцыі. Дом № 18 у 1910 годзе ўзвёў пры дапамозе свайго бацькі-святара Канстанцін Акімавіч Андрыеўскі. У яго сям’і было чацвёра дзяцей, прычым дзве дачкі пасля смерці бацькі падзялілі яго дом ды засталіся ў ім жыць. Сёння там прапісаны іх дзеці, якія захоўваюць памяць не толькі пра сваіх продкаў, але і пра многія цікавыя старонкі мінскай гісторыі.

Да нашых дзён дайшла далёка не ўся забудова завулка. Першыя значныя пертурбацыі мелі месца ў 1960 — 1970-х, калі ішло пашырэнне вуліцы Клары Цэткін і праспекта Дзяржынскага. Другі этап адбываецца акурат у нашы дні і звязаны з будаўніцтвам трэцяй лініі метро. Не так даўно былі разабраныя два самыя старыя дамы завулка (№№ 10 і 12) — з умовай іх будучага аднаўлення на новым участку ў межах ахоўных зон. Падобны лёс у хуткай будучыні чакае і дом № 5.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў 1990 годзе рашэннем Мінгарвыканкама ўсе дамы завулка былі ўключаны ў пералік аб’ектаў, якія належыць захаваць. Аднак ужо ў хуткім часе некалькі будынкаў былі выкуплены і перавезены на новыя месцы. У 2005 годзе ўзнікла чарговая пагроза: УП “Мінскграда” ўзгадніла размяшчэнне буйнога шматпавярховага фінансава-адміністрацыйнага комплексу. Але праект, на шчасце, не быў рэалізаваны, а ўжо ў 2007 годзе комплекс драўлянай забудовы завулка быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь — што, у прынцыпе, гарантуе яго захаванасць, але само па сабе не можа забяспечыць адэкватнае функцыянальнае выкарыстанне.

Яшчэ на пачатку 1990-х большасць жыхароў завулка нікуды адтуль з’язджаць не хацела, пра што сведчыць іх шматлікая карэспандэнцыя на адрас Мінгарвыканкама. Праз 15 гадоў такіх патрыётаў стала значна менш, і прычыны тут вытлумачальныя. Нават у ХХІ стагоддзі людзі не маюць камфортных умоваў пражывання: скажам, каналізацыі або газа. Ды і сітуацыя няспыннага чакання канчатковага рашэння будучыні завулка таксама стамляе.

Без сумневу, далейшае выкарыстанне гэтых драўляных дамоў паводле іх першаснай функцыі — як звычайнага жытла — выглядае анахранізмам. З рацыянальнага пункту гледжання, жыхароў трэба адсяляць у добраўпарадкаванае сучаснае жытло (за выключэннем хіба тых, хто свядома хацеў бы застацца). А якім чынам выкарыстоўваць самі будынкі? Адказ, які ляжыць на паверхні — гэта музеефікацыя.

Скансен альбо “in situ”?

З міжнароднага досведу мы ведаем некалькі мадэляў захавання драўляных помнікаў спадчыны. Найперш, гэта гарадскія скансены (напрыклад, у дацкім Орхусе): дамы з розных месцаў пераносяцца на спецыяльна вылучаную тэрыторыю. Аднак яшчэ большую павагу спецыялістаў выклікае ідэя захавання гарадской спадчыны непасрэдна на месцы яе гістарычнага існавання — “in situ”. У дачыненні да кварталаў драўлянай забудовы такі прынцып выкарыстоўваецца ў многіх замежных гарадах — ад сібірскага Томска да нарвежскага Тронхейма. Няма вялікіх перашкодаў, каб далучыць да гэтага спісу і Паўночны завулак.

Адзін з найчасцейшых аргументаў супраць гучыць наступным чынам: маўляў, ратаваць гэты ансамбль ужо запозна, бо яго мастацкія асаблівасці незваротна страчаны. Мушу запэўніць, што гэта не так. Праца па стварэнні музея пачалася болей за дваццаць гадоў таму, калі ў музеі народнай архітэктуры і побыту з’явіўся сектар па вывучэнні мінскіх прадмесцяў. Дзякуючы гэтаму, у нашых фондах сёння захоўваюцца мэбля, аксесуары і прадметы побыту з таго самага Паўночнага завулку. Сёе-тое ўсе ахвотныя маглі пабачыць на выставе “У пакоі старасвецкія зазірнуўшы”, што прайшла ў 2015 годзе.

Больш за дваццаць гадоў таму музей пачаў і працу па захаванні некаторых з ацалелых дамоў. Прыкладам, у доме № 26 былі заменены дэструктаваныя і закансерваваны захаваныя элементы ліштваў акон, карнізаў, застрэшкаў, франтонаў, у доме № 22, які непасрэдна належыць музею, рэканструяваны знішчаныя варачныя печы. Цікава чытаць музейныя дакументы тых часоў і радавацца таму, што нашы папярэднікі нават у дробязях стараліся захаваць дух старога дома — пры аднаўленні печаў было прапісана выкарыстоўваць кафлю і металічныя вырабы, аналагічныя аўтэнтычным, пры падборы шпалераў браць за аснову ўзоры пачатку ХХ стагоддзя. А ўжо летась у тым самым доме рамантаваліся грубкі. Але яго тэхнічны стан усё адно далёкі да ідэальнага: рамонту патрабуюць таксама сцены, страха, падлога...

Музеі і бакалея

У музейнай экспазіцыі варта было б адлюстраваць гісторыю ўсіх прадмесцяў Мінска (і ў першую чаргу — Пляшчанкі), а таксама этапы стварэння беларускай чыгункі і, вядома ж, самога Паўночнага завулка. Напрыклад, адзін з фрагментаў можа быць прысвечаны першай санітарна-эпідэміялагічнай станцыі горада, якая з’явілася акурат тут.

Акрамя выставачных залаў, у дамах могуць быць арганізаваныя рамесніцкія майстэрні, сувенірныя, букіністычныя і антыкварныя крамы, а таксама гатэльчыкі з “местачковым” каларытам — па прыкладзе гатэля ў Музеі народнага побыту Літвы. Некаторыя памяшканні трэба выкарыстаць пад кавярні або крамкі з інтэр’ерамі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Адзін з дамоў можна дакладна адвесці пад бакалейную лаўку — балазе, яе прататып сто гадоў размяшчаўся ў тых мясцінах.

Побач з драўлянымі дамамі на Паўночным завулку знаходзяцца карпусы Мінскай шчоткава-шчаціннай фабрыкі, пабудаваныя ў 1920 — 1950-х. Архітэктары “Мінскграда” пры распрацоўцы сучаснага інвестыцыйнага праекта прыйшлі да высновы, што іх больш мэтазгодна знесці, чым выкарыстоўваць. Аднак яны ўжо маюць гістарычнае значэнне. Да ўсяго, назапашаны немалы досвед па крэатыўным выкарыстанні былых заводаў. Карпусы фабрыкі на Паўночным завулку таксама можна пераўтварыць у комплекс гатэляў, кавярняў з інтэр’ерамі ў стылі мадэрн, ар-дэко, пляцовак для культурных мерапрыемстваў.

У выніку мае атрымацца цікавы шматпланавы аб’ект, які трапляе пад вызначэнне “музей-запаведнік”, дзе жылыя памяшканніі будуць спалучацца з музейнымі экспазіцыямі, а тыя, у сваю чаргу — з аб’ектамі інфраструктуры. Такі комплекс, якому можна даць гістарычную назву “Прадмесце Пляшчанка”, павінен мець каардынацыйны (навукова-інфармацыйны) цэнтр — своеасаблівае ядро гістарычнага квартала. Прычым яго супрацоўнікі могуць распрацоўваць і праводзіць экскурсіі не толькі па завулку, але і па іншых гістарычных прадмесцях.

У будучыні Паўночны завулак мае ўсе шансы стаць адзіным ацалелым куточкам драўлянага Мінска — астатнія прадмесці з прыведзенага вышэй спісу захаваліся куды горш, ды і тое, што дажыла да нашых дзён, неўзабаве чакае знос. І таму вельмі важна гэтую магчымасць не згубіць: іншай ужо не будзе.

Наталля ГЕРМАЦКАЯ, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту