Рэстаўрацыя арната: грант у дзеянні

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

31 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя вынікаў рэстаўрацыі арната XVIII — пачатку XIX стагоддзя, праведзенай дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры.

/i/content/pi/cult/623/13852/8-1.jpgМіністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, у прыватнасці, адзначыў, што гэта імпрэза з’яўляецца сведчаннем высокага прафесіяналізму беларускіх рэстаўратараў, здольных працаваць з такімі складанымі аб’ектамі, наяўнасці ў нашай краіне ўласнай школы рэстаўрацыі. Міністр нагадаў, што дзяржава і асабіста Прэзідэнт пастаянна клапоцяцца пра нацыянальную культуру. Аднаўленне арната за грант, па словах міністра, гэта не пачатак аднаўлення нашай гістарычнай спадчыны (шмат зроблена і да гэтага), але і, тым больш, — не завяршэнне гэтага працэсу: гаворка пра чарговы крок у вызначаным кірунку.

Рэстаўратар Вольга Канаплёва засяродзіла ўвагу прысутных на некаторых момантах працэсу рэстаўрацыі. Арнат трапіў да музейшчыкаў у вартым жалю стане. Асноўная частка ягоных фрагментаў складаецца з надзвычай тонкіх ядвабных нітак. Яны амаль спарахнелі, і было вялікай праблемай памыць фрагменты, перш чым распачаць рэстаўрацыю. Гэта, зразумела, не простае бытавое мыццё, знаёмае кожнаму. Складаны тэхналагічны працэс мыцця, аджымання і сушкі пабудаваны такім чынам, што рукі рэстаўратара да аб’екта рэстаўрацыі не датыкаюцца. Так што на працягу цэлага года спадарыня Вольга працавала з фрагментамі арната, не трымаючы іх у руках. Далей была гаворка пра складанасці давядзення да ладу металізаванай каймы, з якой трэба было зняць пазнейшыя напластаванні. “Нітка, нітка, вочы… Год, нават болей. А потым трэба было мантаж зрабіць з ювелірнай дакладнасцю. З першага разу. Бо прадмет бясцэнны, і лішні раз яго кранаць не варта. Рада, што менавіта з першага разу ўсё і атрымалася”, — падзялілася спадарыня Канаплёва. Далей выступаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў. Ён падзякаваў усім, чые намаганні спрыялі таму, каб атрымалася гэта свята — вяртанне да жыцця нацыянальнай каштоўнасці. Усім арганізатарам, непасрэдным выканаўцам і супрацоўнікам СМІ, якія забяспечваюць інфармацыйную падтрымку дзяржаўнай культурнай палітыкі. Дзякуючы гранту рэстаўратар не толькі выканаў гэту работу, але і меў магчымасць падвысіць сваю кваліфікацыю на стажыроўцы ў суседняй Літве. Арнат зойме годнае месца на выставе “Беларусь. Адраджэнне духоўнасці”. Дарэчы, адбудзецца выстава зноў жа дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дырэктар музея папрасіў журналістаў засведчыць у сваіх публікацыях той факт, што нарэшце рэстаўратары Нацыянальнага гістарычнага атрымалі больш-менш спрыяльныя ўмовы для сваёй работы ў новым памяшканні, куды таксама перавезена на захаванне значная частка калекцый музея. Прынамсі, тыя фонды, што захоўваліся ва ўжо не існуючым будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Гэты варыянт размяшчэння музейных структур спадар Рыжкоў назваў прамежкавым, але, па ўсім мяркуючы, на даволі працяглы час. Была выказана падзяка Міністэрству культуры за падтрымку музейных ініцыятыў, прынамсі — падтрымку заявак на атрыманне грантаў. Практыка кропкавага, мэтанакіраванага прыкладання сілы і выдаткоўванне рэсурсаў відавочна мае плён.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"